МІЛЬ Міхаіл Лявонавіч (22.11.1909, г. Іркуцк, Расія — 31.1.1970),

расійскі вучоны і канструктар верталётаў. Д-р тэхн. н. (1945), праф. (1967). Герой Сац. Працы (1966). Скончыў Новачаркаскі авіяц. ін-т (1931). Працаваў у Цэнтр. аэрагідрадынамічным ін-це (ЦАГІ) імя М.​Я.​Жукоўскага. У 1936 інжынер КБ па вінтакрылых апаратах, потым нам. гал. канструктара М.І.Камава. У 1943—47 навук. супрацоўнік, нач. лабараторыі ў ЦАГІ. Са снеж. 1947 гал. канструктар КБ верталётабудаўніцтва, з 1964 ген. канструктар. Пад яго кіраўніцтвам у 1951 створаны першы сав. серыйны 3-месны верталёт Мі-1; у далейшым верталёты Мі-2, -4, -6, -8, -10, -10К, В-12 і інш. На верталётах канструкцыі М. ўстаноўлена 60 афіц. сусв. рэкордаў. Ленінская прэмія 1958, Дзярж. прэмія СССР 1968.

Літ.:

Пономарев А.Н. Советские авиационные конструкторы. 2 изд. М., 1980.

М.Л.Міль.

т. 10, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́РВІ (Nervi) П’ер Луіджы (21.6.1891, г. Сондрыо, Італія — 9.1.1979),

італьянскі інжынер і архітэктар; стваральнік жалезабетонных канструкцый. Вучыўся ва ун-це Балонні (1908—13). З 1946 выкладаў ва ун-це ў Рыме. Для яго творчасці характэрны эксперыменты з буд. матэрыяламі і канструкцыямі, пошукі спецыфічнай для іх маст. выразнасці. У структуры збудаванняў дамагаўся выразнасці прасторавай кампазіцыі (стадыён у Фларэнцыі, 1929—32), распрацоўваў канстр. сістэму зборных вялікапралётных скляпенняў з ромбападобных жалезабетонных звёнаў (ангары для самалётаў у Арвіета, Арбетэла, 1935—40). Сярод лепшых работ Н.: будынак ЮНЕСКА у Парыжы (1957, з М.​Броерам і Б.​Зерфюсам), 32-павярховы будынак фірмы «Пірэлі» ў Мілане (1956—60, з Дж.​Понці), Палац працы ў Турыне (1961, з А.​Нерві).

Літ.:

Иванова Е.К., Кацнельсон Р.А. П.​Л.​Нерви. М., 1968.

П.Л.Нерві. Выставачная зала Палаца працы ў Турыне. 1961.

т. 11, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІПА́ЦЬЕЎ Уладзімір Мікалаевіч (21.11.1867, Масква — 29.11.1952),

рускі хімік, ваен. інжынер, арганізатар хім. прам-сці ў СССР. Акад. АН СССР (1925), ген.-лейт. (1914). Скончыў Міхайлаўскую артыл. акадэмію ў Пецярбургу (1892), дзе і працаваў да 1918 (з 1899 праф.). З 1930 у ЗША. Навук. працы па каталітычным арган. сінтэзе, па неарган. хіміі і нафтахіміі. Атрымаў сінт. ізапрэн (1897). Даследаваў тэрмакаталітычныя рэакцыі пераўтварэння спіртоў, на аснове якіх распрацаваў новыя метады сінтэзу альдэгідаў, эфіраў, алефінаў (1901—05). Выкарыстаў высокі ціск у гетэрагенным каталізе і для правядзення неарган. рэакцый. Сканструяваў прыбор — «бомба І.» (1904), які стаў правобразам аўтаклаваў і рэактараў, што выкарыстоўваюць у хім. практыцы. Аўтар манаграфіі «Каталітычныя рэакцыі пры высокіх тэмпературах і ціску» (1936). Прэмія імя У.​І.​Леніна 1927.

Літ.:

Локтев С.М. Академик Ипатьев — химик нового века. М., 1991.

У.М.Іпацьеў.

т. 7, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧУ́КІН Аляксандр Мікалаевіч (22.7.1900, С.-Пецярбург — 11.6.1990),

расійскі вучоны ў галіне радыётэхнікі і радыёфізікі. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1946). Ген.-лейтэнант-інжынер (1971). Двойчы Герой Сац. Працы (1956, 1975). Скончыў Ленінградскі электратэхн. ін-т (1927), дзе выкладаў у 1929—41 (з 1939 праф.), адначасова ў Ваенна-марской акадэміі імя Крылова і інш. ВНУ. Працаваў у Цэнтр. радыёлабараторыі трэста з-даў слабага току, Ленінградскім электрафіз. ін-це і інш. Навук. працы па метадах радыёсувязі, тэорыі ваганняў, радыёлакацыі, выкарыстанні тэорыі імавернасцей, тэорыі аўтам. рэгулявання і кіравання. З 1969 старшыня Навук. савета АН СССР па комплекснай праблеме «Распаўсюджванне радыёхваль». Ленінская прэмія 1957. Дзярж. прэмія СССР 1952.

Тв.:

Динамические и флюктуационные ошибки управляемых объектов. М., 1961;

Теория вероятностей и ее применение в инженерно-технических расчетах. М., 1974.

А.М.Шчукін.

т. 17, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛГАЛЁЎ Васіль Барысавіч (н. 25.5.1951, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),

дзяржаўны дзеяч Рэспублікі Беларусь. Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1974), Бел. дзярж. эканам. ун-т (1994). З 1974 ст. інжынер магілёўскіх аб’яднанняў «Сельгастэхніка», «Хімвалакно», нам. нач. аддзела з-да «Электрарухавік», нам. дырэктара Рагачоўскага з-да «Дыяпраектар». У 1992—95 нам. старшыні Кантрольнай палаты, нач. Службы кантролю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У 1995—97 нам. Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь. 3 ліп. 1997 паўнамоцны прадстаўнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у органах Саюза Беларусі і Расіі, упраўлення інтэграцыяй Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Казахстан, Кыргызскай Рэспублікі і Рас. Федэрацыі, СНД і ўрадзе Рас. Федэрацыі — нам. Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь. З’яўляецца нам. Старшыні Выканкома Саюза Беларусі і Расіі, старшынёй Савета Белбізнесбанка. Дэп. Вярх. Савета БССР (з 1991 Рэспублікі Беларусь) у 1990—95, Вярх. Савета СССР у 1991. Чл. Прэзідыума Вярх. Савета СССР у 1991.

т. 6, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́БЕЛЬ (Nobel) Альфрэд Бернхард (21.10.1833, Стакгольм — 10.12.1896),

шведскі інжынер-хімік, вынаходнік і прамысловец, заснавальнік Нобелеўскіх прэмій. Замежны чл. Каралеўскай швед. АН (1884). З 1842 жыў у Расіі. У 1850—52 вывучаў хімію ў Германіі, Францыі і ЗША. У 1859 вярнуўся ў Швецыю. З 1865 дырэктар першага ў свеце завода па вытв-сці нітрагліцэрыны фірмы «Нобель». Арганізатар і саўладальнік 93 прадпрыемстваў і лабараторый у больш чым 20 краінах свету. З 1891 у сваёй лабараторыі (Сан-Рэма, Італія) праводзіў даследаванні па электрахіміі, оптыцы, біялогіі. Вынаходствы Н. звязаны з вытв-сцю выбуховых рэчываў. Прапанаваў парахавы дэтанатар (1863) і грымучартутны капсуль (1865) для дэтанацыі вадкай нітрагліцэрыны. Вынайшаў дынаміт (1867), прапанаваў састаў бяздымнага пораху — балістыту (1888). У яго гонар названы хім. элемент — набелій.

Літ.:

Руддер О. де. Альфред Нобель: Пер. с фр. Ростов н/Д., 1997.

М.​М.​Касцюковіч.

А.Нобель.

т. 11, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКА (Ruska) Эрнст Аўгуст Фрыдрых (25.12.1906, г. Гайдэльберг, Германія — 27.5.1988),

нямецкі фізік і інжынер, заснавальнік электроннай мікраскапіі. Чл. Ням. акадэміі прыродазнаўцаў «Леапальдзіна» (1966). Скончыў Берлінскі тэхн. ун-т (1931). У 1937—55 у фірме «Сіменс». У 1957—74 дырэктар Ін-та электроннай мікраскапіі т-ва імя М.​Планка. Адначасова ў 1949—71 у Берлінскім тэхн. ун-це (з 1959 праф.). Навук. працы па электроннай оптыцы і мікраскапіі. Адкрыў, што саленоід можа служыць лінзай для электронаў (1928—29), і пабудаваў караткафокусныя магн. лінзы. Стварыў першы электронны мікраскоп (1931; разам з М.​Кнолем). Паводле яго распрацовак у 1939 фірма «Сіменс» пачала выпуск электронных мікраскопаў з раздзяляльнай здольнасцю ў 10 нм. Нобелеўская прэмія 1986.

Тв.:

Рус. пер. — Развитие электронного микроскопа и электронной микроскопии // Успехи физ. наук. 1988. Т. 154, вып. 2.

М.​М.​Касцюковіч.

Э.Руска.

т. 13, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУ́ЛЕР (Fuller) Рычард Бакмінстэр (12.7.1895, г. Мілтан, ЗША — 1.7.1983),

амерыканскі архітэктар, дызайнер, інжынер. Вучыўся ў Гарвардскім ун-це (1913—15). Працаваў у буд. кампаніі ў Чыкага, з 1959 ва ун-це Паўд. Ілінойса. Распрацаваў праект зборнага алюмініевага дома, падвешанага да мачты, т.зв. машыну для жылля (1927); 3-колавы аўтамабіль (1933). Вынайшаў новую картаграфічную праекцыю свету (1942, складаецца з 6 прамавугольнікаў і 8 трохвугольнікаў, мае шэраг пераваг у параўнанні з глобусам). Распрацоўваў прасторавую канструкцыю «геадэзічнага купала» (паўсферы, што збіраліся з тэтраэдраў): «Залаты купал» для Амер. выстаўкі ў Маскве (1959), павільён ЗША на Сусв. выстаўцы ў Манрэалі (1967) і інш., у 1966—67 распрацаваў праект горада, які плавае, для 300 тыс. жыхароў. Аўтар кніг «Тэхнічнае настаўленне для касмічнага карабля «Зямля» (1969), «Сінергетыка: даследаванні геаметрыі мыслення» (1974), аўтабіяграфіі «Ідэі і цэласнасць» (1963). Імем Ф. названа адна з форм вугляроду — фулерэны.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 16, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДА́НАЎ (сапр. Маліноўскі) Аляксандр Аляксандравіч

(22.8.1873, г. Саколка Беластоцкага ваяв., Польшча — 7.4.1928),

расійскі філосаф, сацыёлаг, эканаміст, паліт. дзеяч. Скончыў мед. ф-т Харкаўскага ун-та (1899). Чл. РСДРП у 1896—1909. Адзін з лідэраў адзавістаў. З 1917 выкладаў эканоміку ў Маскоўскім ун-це, з 1918 ідэолаг Пралеткульта. Дырэктар (з 1926) заснаванага ім першага ў свеце Ін-та пералівання крыві. Стварыў суб’ектыўна-ідэалаг. філас. сістэму эмпірыяманізму. Распрацоўваў навуку аб агульных прынцыпах арганізацыі — тэкталогію, у якой выказаў шэраг ідэй, што пазней развіты ў агульнай тэорыі сістэм, кібернетыцы і канцэпцыях навук. арганізацыі працы. Аўтар утапічных раманаў «Чырвоная зорка» (1908) і «Інжынер Мэні» (1912). Памёр у выніку пастаўленага на сабе доследу.

Тв.:

Эмпириомонизм. Кн. 1—3. М.; СПб., 1904—06;

Революция и философия. СПб., 1905;

Философия живого опыта. СПб., 1913;

Всеобшая организационная наука: (Тектология). Ч. 1—2. М., 1913—17;

Ч. 3. Берлин;

Пг.;

М., 1922;

Введентие в политическую экономию. М., 1917;

Борьба за жизнеспособность. М., 1927.

А.А.Багданаў.

т. 2, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́БЕЛІ (Nobel),

шведскія вынаходнікі, прадпрымальнікі і прамыслоўцы. Паходзілі са стараж. швед. роду Рудбекаў, адзін з прадстаўнікоў якога ў 1682 змяніў прозвішча на Нобеліус (пазней трансфарміравалася ў Нобель) па назве мяст. Нёбёлеў, дзе жыў род. Эмануэль (24.3.1801—3.9.1872), вынаходнік падводных мін. Бацька Людвіга, Роберта, Эміля і А.Б.Нобеля. У 1842—59 жыў з сям’ёй у С.-Пецярбургу, дзе заснаваў мех. з-д. У час Крымскай вайны 1853—56 пастаўляў рас. войскам узбраенне і міны. Людвіг (27.7.1831, Стакгольм — 12.4.1888), канструктар станкоў, нафтапрамысловец, інжынер-тэхнолаг. Ператварыў заснаваны бацькам з-д у буйны маш.-буд. з-д «Людвіг Н.» (цяпер «Рускі дызель» у С.-Пецярбургу). У 1876 разам з братамі Робертам і Альфрэдам заснаваў нафтапрамысловае прадпрыемства ў Баку (з 1879 «Т-ва братоў Нобель»), якое стала найбуйнейшай нафтафірмай у Рас. імперыі. Увёў транспарціроўку нафты па трубаправодах, упершыню ў свеце выкарыстаў марскія і рачныя нафтаналіўныя судны. Эмануэль (22.6.1859—31.5.1932), сын Людвіга. У 1888—1917 узначальваў прадпрыемствы сям’і Н. у Расіі. З 1918 у Швецыі.

т. 11, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)