СЕ́НЕ́КА (Луцый Аней) (Lucius Annaeus Seneca; каля 4 да н.э., г. Кордава, Іспанія — 65 н.э.),
старажытнарымскі філосаф, пісьменнік і дзярж. дзеяч. У 49—54 выхоўваў Нерона, пасля ўзыходу якога на прастол у 54 аказваў уплыў на праўленне імперыяй. Абвінавачаны Неронам у змове супраць імператара і па яго загадзе скончыў жыццё самагубствам. Філасофія С. эклектычная: заснавана на сінтэзе стаіцызму і вучэнняў Эпікура, кінікаў і інш. У асн.філас. працах «Маральныя лісты да Луцылія», «Аб дабрадзействах», «Аб міласэрнасці» прапанаваў праграму маральнага самаўдасканалення асобы, дасягнення стану незалежнасці ад знешніх абставін. Лічыў, што для дасягнення асабістага шчасця неабходна валодаць маральнай мудрасцю і такімі якасцямі, як пагарда да смерці і ўстрыманне. Прызнаваў наяўнасць дабратворнай божай волі і лічыў пакуты чалавека пры жыцці выпрабаваннямі Бога. Адстойваў ідэю роўнасці ўсіх людзей, у т. л. і рабоў. Верыў у бязмежны прагрэс чалавечых ведаў. У аснове натурфілас. поглядаў С. вучэнні стоікаў пра цялеснасць усяго існага і сусв. пажар як пакаранне за зямное зло. Яго светапогляд адлюстраваны ў 9 трагедыях («Медэя», «Эдып», «Фіест», «Федра», «Геркулес Вар’яцкі», «Агамемнан», «Траянкі», «Фінікіянкі», «Геркулес Этэйскі») на міфалагічныя сюжэты, дзе праводзіў думкі аб згубнасці моцных пачуццяў, вар’яцкім свавольстве дэспатыі, смерці як сродку выратавання ад зямнога зла. Трагедыі С. паўплывалі на далейшае развіццё драматургіі (У.Шэкспір, франц. класіцызм). На Беларусі ідэі С. развівалі Ф.Скарына, М.Гусоўскі, С.Будны, Сімяон Полацкі і інш. Сугучныя С. ідэі выказвалі Г.Каніскі, які прызнаваў магчымасць дасягнення шчаслівага жыцця на зямлі, М.К.Сарбеўскі, С.Лаўксмін, Т.Брылевіч, якія гал. задачу філасофіі бачылі ў фарміраванні высокамаральнай асобы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЬЧЫЦКІ БАРЫСАГЛЕ́БСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 12 — 1-й пал. 20 ст. на месцы рэзідэнцыі полацкіх князёў у б. прадмесці Полацка Бельчыцы, за км ад Верхняга замка, на левым беразе р.Зах. Дзвіна пры ўпадзенні ў яе р. Бельчанка. Унікальны культавы комплекс 12 ст., выключная з’ява ў дойлідстве і манум. жывапісе Стараж. Русі. Уключаў 4 мураваныя храмы (захаваліся фундаменты 3 цэркваў), пабудаваныя ў 12 ст. ў тэхніцы муроўкі сцен з плінфы са схаваным радам, характэрнай для Полацкай школы дойлідства.
Вялікі сабор (пабудаваны ў 1120—30-я г., назва невядома) — крыжова-купальны 3-апсідны храм, падзелены 6 стаўпамі на 3 нефы, меў 3 прытворы. Вынесеная ў асобную зону алтарная частка, далучаная да асн. аб’ёму, надавала храму ўзнёслы цэнтрычны выгляд. Фасады дэкарыраваны плоскімі лапаткамі. Падлога была выкладзена паліванымі пліткамі, сцены размаляваны фрэскамі (зберагліся фрагменты). Барысаглебская царква — 3-нефавы 1-апсідны храм. Да невял. квадратнага ў плане 4-стаўповага асн. аб’ёму з З далучаўся нартэкс, які з хорамі ўтвараў паніжаны адносна ўсёй кампазіцыі аб’ём. Сцены ўнутры былі ўпрыгожаны фрэскамі з выявамі святых, арнаментам. Пятніцкая царква — падоўжаная ў плане вузкая пабудова, паніжаная зах. частка якой (магчыма, 18 ст.) стаяла на месцы першапач. прамавугольнай апсіды. Мела таксама прытвор і крыпту (верагодна, пахавальня кн. Барыса Усяславіча). Сцены былі размаляваны фрэскамі. Храм-трыконх паводле малюнка канца 18 ст. — падоўжаны па восі У—З прамавугольнік з паўкруглай апсідай, дзе быў прастол. Бакавыя апсіды ўтваралі своеасаблівы трансепт, на 4 слупы якога абапіраўся барабан з купалам. Падобную планіроўку маюць храмы Афона, Балгарыі і Сербіі.
У 1928 напаўразбураныя Барысаглебскую і Пятніцкую цэрквы даследаваў І.М.Хозераў. Вялікі сабор даследавалі ў 1965 М.К.Каргер, у 1970-я г. П.А.Рапапорт, у 1990 А.А.Трусаў.
Літ.:
Селицкий А.А. Живопись Полоцкой земли XI—XII вв. Мн., 1992.
Г.А.Лаўрэцкі.
Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр. Барысаглебская царква. З гравюры. 19 ст.Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр. Акварэль І.Трутнева. 1866.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ВЕЛ I (1.10.1754, С.-Пецярбург — 24.3.1801),
расійскі імператар [1796—1801]. З дынастыі Раманавых. Сын Пятра III і Кацярыны II, бацька імператараў Аляксандра I і Мікалая I. У пачатку царавання амнісціраваў зняволеных пры Кацярыне II М.І.Навікова, А.М.Радзішчава, Т.Касцюшку і інш. Цэнтралізаваў кіраванне, скараціў колькасць губерняў з 50 да 41. У бел.-літ. губернях пацвердзіў дзеянне Статута Вялікага княства Літоўскага 1588, спыніў перавод уніятаў у праваслаўе. Праводзіў курс на ўзмацненне асабістай ўлады. Запалоханы Французскай рэвалюцыяй 1789—99, устанавіў у краіне жорсткі ваен.-паліцэйскі рэжым, увёў цэнзуру друку, закрыў прыватныя друкарні (1797), забараніў увоз кніг з-за мяжы (1800). Пазбавіў дваран свабоды ад цялесных пакаранняў (1797), забараніў дваранскія губ. сходы і калект. звароты, прымусіў дваран-афіцэраў і чыноўнікаў выконваць службовыя абавязкі, а не толькі лічыцца на службе. Раздаў дваранам 600 тыс. душ дзярж. сялян, запрыгоніў сялян паўд. Украіны і Дона (1796). Указамі 1797 забараніў продаж без зямлі дваровых і беззямельных сялян, прымус сялян да працы на памешчыкаў па нядзелях, раіў памешчыкам скараціць паншчыну да 3 дзён у тыдзень, у 1798 забараніў прадаваць без зямлі ўкр. сялян. Імкнуўся палепшыць фін. становішча дзяржавы, у 2 разы павялічыў падушны падатак. Рэфармаваў армію на аснове прускіх ваен. статутаў, увёў жорсткую муштру і палачную дысцыпліну. Прыняў удзел у кааліцыйных войнах супраць Францыі (гл.Італьянскі паход Суворава 1799, Швейцарскі паход Суворава 1799, Міжземнаморскі паход Ушакова 1798—1800), аднак пасля разладу з саюзнікамі ў 1800 пачаў збліжэнне з Н.Банапартам (гл.Напалеон I), што прывяло Расію да стану вайны з Вялікабрытаніяй і стварыла пагрозу рас. гандлю і прам-сці. Палітыка П. I, неўраўнаважанасць яго характару выклікалі незадавальненне прыдворных колаў і гвардыі. У выніку дварцовага перавароту П. I забіты, прастол перайшоў да Аляксандра I.
Літ.:
Эйдельман Н.Я. Грань веков: Полит. борьба в России. М., 1986;
Песков А.М. Павел I. М., 1999;
Хайкина Л.В. Михайловский замок и некоторые аспекты религиозно-философских воззрений Павла I // Отечеств. история. 2000. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НРЫХ (Henri),
імя правіцеляў сярэдневяковай Германіі і «Свяшчэннай Рымскай імперыі».
Генрых I Птушкалоў (каля 875—2.7.936), герцаг Саксоніі (Генрых; з 912) і герм. кароль (у 919—936), заснавальнік Саксонскай дынастыі. Выбраны каралём пасля смерці Конрада I. Шляхам кампрамісаў ліквідаваў мяцяжы герцагаў Швабіі (919) і Баварыі (921). Стабілізаваў каралеўскую ўладу, пабудаваў мноства крэпасцей (бургаў), стварыў моцнае коннае войска. Далучыў Латарынгію (925), перамог венграў каля Рыядзе на р. Унструт (933), намагаўся абкласці данінай палабскіх славян, заснаваў марку (пагран. вобласць) у Шлезвігу (935). Яго пераемнікам стаў старэйшы сын (гл.Атон I).
Генрых II Святы (6.5.973, г. Бад-Абах, Германія — 13.7.1024), герцаг Баварыі (Генрых IV; з 995), герм. кароль (з 1002), імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» (у 1014—24). З Саксонскай дынастыі. У 1007 заснаваў епіскапства Бамберг. Умацаваў панаванне імперыі ў Паўн. (1004) і Паўд. (1021/22) Італіі. Праз падтрымку царквы клапаціўся пра ўмацаванне сваёй улады. У 1146 кананізаваны царквой.
Генрых III (28.10.1017—5.10.1056), герцаг Баварыі (з 1027), герм. кароль (з 1028), герцаг Швабіі, Карынтыі і кароль Бургундыі (з 1038), імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» (у 1046 — 56). З Франконскай (Салічаскай) дынастыі. Сын Конрада II. Самастойна правіў з 1039. У час паходу ў Італію (1046—47) скінуў рым. пап, якія сапернічалі паміж сабой; пазней неаднаразова прызначаў кандыдатаў на папскі прастол. Дамогся прызнання залежнасці ад імперыі Венгрыі і Багеміі (Чэхіі).
Генрых IV (11.11.1050, г. Гослар, Германія — 7.8.1106), кароль з 1056, імператар у 1084—1106 (каранаваны як імператар у Рыме антыпапам Кліментам III). З Франконскай (Салічаскай) дынастыі. Сын Генрыха III. Самастойна правіў з 1065. Задушыў Саксонскае паўстанне 1073—75. З 1076 на працягу больш як 20 гадоў вёў з рым. папамі (Грыгорыем VII і інш.) барацьбу за інвестытуру, адным з эпізодаў якой было т.зв. «хаджэнне ў Каносу».
Генрых V (11.8.1086 — 23.5.1125), кароль з 1106, імператар у 1111—25 (нашчадак прастола з 1098). Апошні з Франконскай (Салічаскай) дынастыі. Сын Генрыха IV. Пры жыцці бацькі зблізіўся з яго праціўнікамі — рымскім папам і часткай ням. курфюрстаў. Стаўшы правіцелем, аднавіў барацьбу з папствам за інвестытуру, якая завяршылася Вормскім канкардатам (1122).
Генрых VI (1165, г. Німвеген, цяпер г. Неймеген, Нідэрланды — 28.9.1197), германскі кароль (з 1190) і імператар (у 1191—97), кароль Сіцыліі (з 1194). З дынастыі Гогенштаўфенаў (гл.Штаўфены). Сын Фрыдрыха I Барбаросы. У 1186 ажаніўся са спадчынніцай сіцылійскага прастола Канстанцыяй. Падтрымаў франц. караля Філіпа II у яго барацьбе супраць англ. караля Рычарда I Львінае Сэрца (восенню 1192 паланіў Рычарда і пратрымаў яго ў палоне каля 2 гадоў). У 1194 захапіў Сіцылію. Апантаны ідэяй стварэння «сусв. манархіі» Гогенштаўфенаў, пачаў падрыхтоўку да вайны супраць Візантыі; у час прыгатаванняў і памёр.
Генрых VII (1274 ці 1275—24.8.1313), кароль з 1308, імператар у 1312—13 (каранаваны як імператар у Рыме). З дынастыі Люксембургаў. Сын Генрыха III Люксембургскага. Выбраны каралём большасцю курфюрстаў. У 1310 праз дынастычны шлюб дамогся перадачы чэш. прастола свайму сыну Іагану (Ян Люксембургскі). Пазней, намагаючыся зноў падпарадкаваць імперыі Італію, здзейсніў туды паход.
Да арт.Генрых (германскія правіцелі). Генрых II Святы (злева) і Генрых VI.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НІНЫ,
расійскія дзярж. і ваен. дзеячы. Мікіта Іванавіч П. (29.9.1718, г. Гданьск, Польшча — 11.4.1783). Служыў у коннай гвардыі. У 1747 пасланнік у Даніі, у 1748—60 — у Швецыі. У 1760—73 выхавальнік вял.кн. Паўла Пятровіча (гл.Павел I). Удзельнічаў у звяржэнні Пятра III і ўзвядзенні на прастолКацярыны II. Старэйшы чл. (фактычна кіраўнік) Калегіі замежных спраў у 1763—81, саветнік імператрыцы па пытаннях знешняй палітыкі. Распрацоўваў і праводзіў у жыццё план «Паўн. акорда» — саюзу Расіі, Прусіі, Даніі, Швецыі, Вялікабрытаніі і Рэчы Паспалітай супраць Францыі, Аўстрыі і італьян. дзяржаў. Напачатку прыхільнік захавання цэласнасці Рэчы Паспалітай. Склаў праект стварэння дысідэнцкіх канфедэрацый: пратэстанцкай Тарунскай і пратэстанцка-правасл.Слуцкай канфедэрацыі. Пасля акупацыі Аўстрыяй ч. Польшчы (1769) удзельнічаў у падрыхтоўцы першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772), за што атрымаў ва ўласнасць сялян і землі ў Полацкай прав. Знаходзіўся ў тайнай, але пастаяннай апазіцыі да Кацярыны II і яе фаварытаў (Р.Р.Арлова і інш.). У пач. 1770-х г. узначальваў змову (брат Пётр Іванавіч П., драматург Дз.І.Фанвізін, які ў 1773 склаў праект канстытуцыйнага абмежавання манархіі, інспірыраваны П. і інш.) на карысць Паўла Пятровіча. Быў пазбаўлены ўсіх пасад і ў 1781 пад націскам царадворцаў падаў у адстаўку. Пётр Іванавіч П. (1721, с. Вязоўка Калужскай вобл. — 26.4.1789), ген.-аншэф (1762), граф (1767). Брат Мікіты Іванавіча П. На ваен. службе з 1735. Удзельнік рас.-тур. вайны 1735—39. У Сямігадовую вайну 1756—63 ген.-маёр, з 1759 ген.-паручнік; вызначыўся ў бітвах супраць прускіх войск пры Грос-Егерсдорфе (1757), Цорндорфе (1758) і Кунерсдорфе (1759), удзельнічаў ва ўзяцці Берліна (1760). З 1762 рас. ген.-губернатар Усх. Прусіі, камандуючы рас. войскамі ў Памераніі і Гольштэйне. У рас.-тур. вайну 1768—74 камандуючы 2-й арміяй, узяў штурмам крэпасць Бендэры (1770), але пры гэтым меў значныя страты і дапусціў шэраг стратэг. пралікаў, за што звольнены ў адстаўку. Разам з братам Мікітам Іванавічам П. адзін з лідэраў апазіцыі ўраду Кацярыны II. У чэрв. 1774 — жн. 1775 галоўнакамандуючы войскамі пры задушэнні сял. вайны пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова. З 1775 зноў у адстаўцы. Разам з П.А.Румянцавым адзін са стваральнікаў лёгкай пяхоты (егераў) у рас. арміі. Мікіта Пятровіч П. (28.4.1770, г. Харкаў, Украіна — 13.3.1837), сын Пятра Іванавіча. З 1791 на ваен. і прыдворнай службе. У 1796 (пасля падзелу Рэчы Паспалітай) гал. камісар рас. боку па ўстанаўленні мяжы паміж Расіяй і Прусіяй. Са снеж. 1796 чл. Калегіі замежных спраў. З ліп. 1797 надзвычайны паўнамоцны міністр Расіі ў Прусіі. З 1799 віцэ-канцлер. Выступаў супраць лініі Паўла I на збліжэнне з Францыяй, першы прапанаваў вял.кн. Аляксандру Паўлавічу (гл.Аляксандр I) план адхілення Паўла I ад улады. У 1800 звольнены і сасланы ў Маскоўскую губ. Пры Аляксандру I чл. Калегіі замежных спраў, фактычны кіраўнік рас. знешняй палітыкі, у 1801 з прычыны рознагалоссяў з царом зноў звольнены. З 1804 да канца жыцця ў афіц. апале з забаронай наведваць сталіцы. Жыў у маёнтку Дугіна Смаленскай губ., дзе займаўся музыкай (напісаў оперы «Гарбуны» і «Модная крама»).
Літ.:
Гаврюшкин А.В. Граф Никита Панин: Из истории рус. дипломатии XVIII в. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГЛІ́ЙСКІЯ РЭВАЛЮ́ЦЫІ 17 СТАГО́ДДЗЯ,
раннія бурж. Рэвалюцыі 1640—53 і 1688—89, выкліканыя паліт., рэліг. і сац.-эканам. супярэчнасцямі англ. грамадства. Звязаны паміж сабой перыядамі пратэктарату О.Кромвеля (1653—58) і рэжыму рэстаўрацыі (1660—88), у час якога склаліся перадумовы для 2-й рэвалюцыі.
Рэвалюцыя 1640—53, якая вызначалася жорсткай паліт., узбр. і рэліг. барацьбой, пачалася са склікання каралём Карлам I Сцюартам т.зв.Доўгага парламента (1640—53) для зацвярджэння падаткаў і субсідый, неабходных для фінансавання ваен. аперацый супраць паўстання ў Шатландыі. Парламент ператварыўся ў арганізац. цэнтр новага дваранства і буржуазіі, якіх падтрымлівала б.ч. сялян, рамеснікі і рабочыя. Парламенцкая апазіцыя патрабавала спыніць злоўжыванні з боку каралеўскай улады, кіраваць краінай разам з парламентам, даць свабоду прадпрымальніцтву, правесці пурытанскую рэфармацыю царквы. Кароль, які абапіраўся гал. чынам на феад. дваранства і англіканскую царкву, 22.8.1642 аб’явіў парламенту вайну. Лепш арганізаваная каралеўская армія на працягу года авалодала б.ч. Англіі. Ва ўмовах грамадз. вайны парламент заключыў саюз з Шатландыяй і правёў ваен. рэформу. Новая армія, створаная з сялян, дробных гандляроў і рамеснікаў, 14.6.1645 у бітве пры Нейзбі нанесла рашаючае паражэнне каралеўскаму войску. Кароль апынуўся ў палоне. Ахвярамі грамадз. вайны, якая цягнулася да 1646, сталі тысячы жыхароў Англіі. Паміж паліт.-рэліг. групоўкамі прэсвітэрыян (кансерватыўнай буржуазіі), індэпендэнтаў і левелераў пачалася складаная барацьба па пытаннях дзярж ўладкавання Англіі. Калі ў канцы 1647 Карл I уцёк з-пад арышту, пачалася 2-я грамадз. вайна, у якой кароль пацярпеў канчатковае паражэнне і 30.1.1649 пакараны смерцю. 19.5.1649 Англія абвешчана рэспублікай. Аднак англ. рэспубліка не мела моцнай сац.-паліт. апоры, у грамадстве не было рэсп. традыцый. Новая ўлада з дапамогай арміі лёгка расправілася са сваімі левымі ворагамі — левелерамі і дыгерамі («сапраўдныя» левелеры, заклікалі да маёмаснай роўнасці і калектывізму, іх праграма выкладзена ў т.зв. «Дэкларацыі беднага прыгнечанага народа Англіі»), але не змагла ліквідаваць пагрозу дыктатуры. Доўгі парламент, які к гэтаму часу страціў давер народа, быў гвалтоўна разагнаны лідэрам індэпендэнтаў Кромвелем. 16.12.1653 Кромвель абвешчаны лордам-пратэктарам Англіі, Ірландыі і Шатландыі, устанавіў ваенна-паліцэйскую дыктатуру. Пратэктарат, як і рэспубліка, не меў дастаткова моцнай падтрымкі. Пасля смерці Кромвеля (3.9.1658), кароткачасовага праўлення яго сына Рычарда (вер. 1658 — май 1659), праўлення парламента т.зв. другой рэспублікі (май 1659 — май 1660) адбылася рэстаўрацыя Сцюартаў. На англ. трон запрошаны сын Карла I, абвешчаны каралём Карлам II [1660—85]. Намер яго пераемніка Якава II [1685—88] устанавіць абсалютысцка-каталіцкі рэжым выклікаў незадаволенасць амаль усяго насельніцтва Англіі і новую рэвалюцыю 1688—89 (т.зв. «слаўную рэвалюцыю»), якая прайшла хутка, у форме бяскроўнага дзярж. перавароту. У 1688 лідэры буржуазіі і дваранства запрасілі на англ.прастол штатгальтэра Галандскай рэспублікі Вільгельма Аранскага, які ў студз. 1689 абвешчаны каралём Вільгельмам III. У кастр. 1689 выдадзены «Біль аб правах». Ён юрыдычна аформіў узаемаадносіны паміж каралём і парламентам: кароль пазбаўляўся права прыпыняць выкананне законаў, збіраць падаткі і набіраць войска без згоды парламента.
Англійскія рэвалюцыі 17 ст. завяршыліся кампрамісам паміж бурж. сіламі і арыстакратыяй. У Англіі былі закладзены трывалыя асновы канстытуцыйна-манархічнай дзяржаўнасці, дэмакратыі і лібералізму; прызнаваліся правы пратэстантаў, пашыралася свабода прадпрымальніцтва, дваранскія зямельныя ўладанні сталі ўласнасцю іх трымальнікаў.
Літ.:
Барг М.А. Великая английская революция в портретах ее деятелей. М., 1991;
Английская буржуазная революция XVII века.Т. 1—2. М., 1954.
В.І.Сініца.
Да арт.Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя. Тытульны ліст «Дэкларацыі беднага прыгнечанага народа Англіі», напісанай дыгерамі ў 1649.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАПАЛЕО́НАЎСКІЯ ВО́ЙНЫ,
войны Францыі ў перыяд праўлення Напалеона I [1799—1814, 1815]. На момант усталявання ў ліст. 1799 ваен. дыктатуры Напалеона I Францыя ваявала з 2-й антыфранц. кааліцыяй (Вялікабрытанія, Аўстрыя, Расія, Турцыя, Неапалітанскае каралеўства). Няўдалая Егіпецкая экспедыцыя 1798—1801, Італьянскі паход Суворава 1799 пазбавілі Францыю б.ч. заваяванняў часоў Французскай рэвалюцыі 1789—99. У чэрв. 1800 франц. армія на чале з Напалеонам I разбіла аўстр. войскі ў Італіі пры Марэнга. Другая франц. армія на чале з ген. Ж.Маро разбіла 3.12.1800 аўстрыйцаў у Германіі пад Гогенліндэнам. У 1801 падпісаны мірныя дагаворы з Аўстрыяй, Турцыяй і Расіяй; Ам’енскі мірны дагавор 1802 з Вялікабрытаніяй. Але ў маі 1803 вайна аднавілася. Паражэнне аб’яднанага франка-ісп. флота ў Трафальгарскай бітве 1805 сарвала планы Напалеона I уварвацца ў Англію. У жн.—вер. 1805 створана 3-я антыфранц. кааліцыя (Вялікабрытанія, Расія, Аўстрыя і Швецыя). У кастр. 1805 франц. армія на чале з Напалеонам I разбіла аўстрыйцаў пры Ульме, а 2.12.1805 — руска-аўстр. войскі ў Аўстэрліцкай бітве. 26.12.1805 Аўстрыя падпісала Прэсбургскі мірны дагавор, паводле якога прызнавала ўсе франц. захопы ў Італіі, у зах. і паўд. Германіі. У вер. 1806 склалася 4-я антыфранц. кааліцыя (Вялікабрытанія, Расія, Прусія, Швецыя). У Іена-Аўэрштэцкай бітве 1806франц. армія разграміла прускае войска. 14.6.1807 рус. войскі пацярпелі паражэнне пры Фрыдландзе, што прымусіла рас. імператара Аляксандра I падпісаць Тыльзіцкі мір 1807, паводле якога Расія далучалася да кантынентальнай блакады Вялікабрытаніі і пагаджалася на стварэнне Варшаўскага герцагства. У 1807—11 была акупіравана Партугалія. Вясной 1808 Напалеон I акупіраваў Іспанію, арыштаваў ісп. караля Карла IV і яго сына Фердынанда і пасадзіў на ісп.прастол свайго брата Жазефа, што прывяло да нар. паўстання ў Іспаніі. Напалеон I ажыццявіў паход у Іспанію, але не здолеў задушыць паўстанне. У крас. 1809 Аўстрыя і Вялікабрытанія стварылі 5-ю антыфранц. кааліцыю. 5—6.7.1809 у бітве пры Ваграме аўстрыйцы былі разбіты і падпісалі ў кастр. 1809 Шонбрунскі мірны дагавор, які замацоўваў залежнасць Аўстрыі ад Францыі і пазбаўляў яе многіх уладанняў. У выніку Н.в. склалася вялізная імперыя Напалеона I; шэраг краін знаходзіўся ў васальнай залежнасці ад Францыі. Але яму прыйшлося сутыкнуцца з моцным супраціўленнем у падуладных краінах, у т. л. з партыз. вайной (герылья) у Іспаніі, якую падтрымлівалі брыт. войскі. У выніку абвастрэння рус.-франц. супярэчнасцей 24.6.1812 Напалеон I з «Вялікай арміяй» уварваўся ў Расію. У ходзе вайны 1812 Напалеон I стварыў на акупіраванай тэр. Літвы і Беларусі Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага і сфарміраваў шэраг ваен. часцей (гл.Літоўскія войскі 1812). Паражэнне «Вялікай арміі» ў Расіі, у т. л. ў шэрагу аперацый на тэр. Беларусі (гл., напр., Бярэзінская аперацыя 1812), прывяло да ўздыму антыфранц. руху ў Еўропе. Да створанай у ліп. 1812 6-й антыфранц. кааліцыі (Расія, Вялікабрытанія, Швецыя, Каралеўства абедзвюх Сіцылій) у 1813 далучыліся Прусія і Аўстрыя. Пасля перамогі саюзнікаў у Лейпцыгскай бітве 1813франц. войскі адступілі на тэр. Францыі. 31.3.1814 саюзнікі занялі Парыж. Пасля адрачэння 6.4.1814 Напалеона I саюзнікі і Францыя падпісалі Парыжскі мірны дагавор 1814, паводле якога Францыя пазбаўлялася ўсіх заваяванняў пасля 1792, а на франц. троне адноўлена дынастыя Бурбонаў. У вер. 1814 пачаў працу Венскі кангрэс 1814—15, каб вырашыць усе пытанні мірнага ўрэгулявання ў Еўропе. Але ў сак. 1815 Напалеон I аднавіў сваю ўладу ў Францыі (гл.«Сто дзён»), Удзельнікі Венскага кангрэса стварылі 7-ю антыфранц. кааліцыю. Франц. войскі былі разбіты 18.6.1815 пры Ватэрлоо. 22.6.1815 Напалеон I зноў адрокся ад трона. У ліп. 1815 войскі саюзнікаў уступілі ў Парыж і аднавілі на франц. троне Людовіка XVIII, з якім падпісалі Парыжскі мірны дагавор 1815, чым і завершаны Н.в.
Літ.:
Зак Л.А. Англия и германская проблема: (Из дипломат. истории наполеоновских войн). М., 1963;
Освободительная война 1813 г. против наполеоновского господства. М., 1965;
Вандаль А. [Сочинения]: Пер. с фр.Т. 1—4. Ростов н/Д, 1995;
Исдейл Ч.Дж. Наполеоновские войны: Пер. с англ. Ростов н/Д, 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАТЫКА́Н (Vaticano),
Дзяржава-горад Ватыкан (Stato della Città del Vaticano), папская суверэнная дзяржава, цэнтр каталіцкай царквы, рэзідэнцыя яе кіраўніка — папы рымскага. Размешчана ў Рыме — сталіцы Італіі, на ўзгорку Монтэ-Ватыкана, на зах. беразе р. Тыбр. Пл. 0,44 км². Нас. 811 чал. (1992), у т. л. 402 чал. маюць ватыканскае грамадзянства. Ватыкану належаць асобныя тэрыторыі з 13 будынкамі ў Рыме па-за дзярж. межамі агульнай пл. 0,7 км²: 3 саборы, шэраг палацаў і вілаў. Каля Рыма ў замку Кастэль-Гандольфа летняя рэзідэнцыя папы. Афіц. мовы лац. і італьянская. Нац. свята — дзень узвядзення на прастол рымскага папы Іаана Паўла II (22 кастр.).
Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1929, Ватыкан — абсалютная тэакратычная манархія. Кіраўнік дзяржавы — папа рымскі, які выбіраецца пажыццёва на канклаве — спец. сходзе выбаршчыкаў (удзельнічаюць кардыналы не старэй за 80 гадоў). Яму належыць вярхоўная заканад., выканаўчая і суд. ўлада. Папа прадстаўляе Ватыкан у міжнар. справах, заключае, ратыфікуе і дэнансуе міжнар. дагаворы і канкардаты, прымае дыпламат. прадстаўнікоў і прызначае паслоў (нунцыяў) у інш. краінах. Кіраўніцтва рэліг., паліт. і эканам. дзейнасцю Ватыкана належыць Рымскай курыі (урад Ватыкана). У яе ўваходзяць статс-сакратарыят, 9 кангрэгацый (дэпартаментаў), 3 трыбуналы, 3 сакратарыяты і інш. Статс-сакратарыят узначальвае звычайна кардынал, які выконвае функцыі прэм’ер-міністра і міністра замежных спраў. Асн. дэпартаменты ўзначальваюць кардынальскія камісіі на чале з прэфектам або прэзідэнтам. У склад Рымскай курыі ўваходзяць таксама кардынальская калегія і сінод каталіцкай царквы. Ахова Ватыкана і цырыманіяльныя функцыі ўскладзены на швейц. гвардыю і папскую жандармерыю.
Гісторыя. Назва Ватыкан паходзіць ад назвы аднайм. ўзгорка на беразе р. Тыбр, дзе ў раннім сярэднявеччы быў пабудаваны палац, які з канца 14 ст. стаў пастаяннай рэзідэнцыяй кіраўніка каталіцкай царквы (гл.Каталіцызм, Папская вобласць, Папства). Пасля аб’яднання Італіі і далучэння да яе Рыма (1870) была ліквідавана свецкая ўлада папы рымскага. Папа не прызнаў аб’яднанай італьян. дзяржавы і абвясціў сябе «ватыканскім вязнем». Канфлікт паміж Апостальскай сталіцай і ўрадам Італіі быў ліквідаваны ў 1929 Латэранскімі пагадненнямі, паводле якіх была ўтворана дзяржава Ватыкан і вызначаны яе сучасныя межы. Ватыкан падтрымлівае дыпламат. адносіны з больш як 125 краінамі свету, з ліст. 1992 — з Рэспублікай Беларусь. Прадстаўлены ў ААН.
Гаспадарка. Эканам. асновай дзяржавы з’яўляюцца даходы ад капіталаўкладанняў і ахвяраванняў. Ватыкан — адзін з буйнейшых у свеце акцыянераў і капіталаўласнікаў. Кошт акцый і інш. каштоўнасцей Ватыкана, уключаючы залатыя запасы, неафіцыйна ацэньваецца больш як у 13 млрд.дол. ЗША. Ватыкан валодае буйной нерухомасцю ў Італіі, Іспаніі, ФРГ, лацінаамер. краінах. Пастаянны даход прыносіць продаж паштовых марак, турысцкіх сувеніраў, рэліг. л-ры, плата за наведванне музеяў. У Ватыкан сцякаюцца таксама значныя сродкі ў выглядзе паступленняў ад вернікаў, збораў ад падаткаў і інш.Сусв. цэнтр рэліг. паломніцтва і турызму. Выраб мазаік і уніформы для персаналу. Чыг. станцыя. Грашовая адзінка — ватыканская ліра.
Друк, радыё, тэлебачанне. Афіц. ўрадавы орган — бюлетэнь «Acta Apostolicae Sedis» (з 1909). Выходзіць штодзённая газ. «L’Osservatore Romano» («Рымскі аглядальнік», з 1861). Сярод інш.перыяд. выданняў: «Ecclesia», «Latinitas». Інфармац. агенцтва — Аджэнцыя Інтэрнацыянале Фідэс (АІФ). Працуе шматмоўны выдавецкі цэнтр. «Радыё Ватыкана» (з 1931) вядзе перадачы на 35 мовах. Тэлевіз. праграмы рыхтуе і трансліруе Тэлевізійны цэнтр Ватыкана (з 1983).
Навуковыя і культурна-асветныя ўстановы. Гал. папскія навук. ўстановы: Папская акадэмія навук (засн. ў 1603, адноўлена ў 1936), Рымская каталіцкая акадэмія св. Фамы Аквінскага (з 1879), Папскі біблейскі ін-т (з 1909). Ун-ты: Папскі Грыгарыянскі універсітэт (з 1553), Папскі ун-тсв. Фамы Аквінскага (з 1580), Папскі Урбаніянскі універсітэт (з 1627), Папскі Латэранскі ун-т (з 1824). Ватыканская астр. абсерваторыя (з 1576) старэйшая ў Еўропе.
У музейны комплекс Ватыкана ўваходзяць: Пінакатэка (італьян. жывапіс 11—18 ст. — творы Фра Анджэліка, Леанарда да Вінчы, Тыцыяна, М.Караваджа, Зала Рафаэля), музеі Егіпецкі, Этрускі (каштоўны збор керамікі), Піо-Клеменціна і К’ярамонці (зборы ант. скульптуры), галерэя сучаснага мастацтва, Сіксцінская капэла, Станцы і Лоджыі Рафаэля, галерэя габеленаў, Ватыканская Апостальская бібліятэка разам з Хрысціянскім (каштоўныя зборы дэкар.-прыкладнога мастацтва) і інш. музеямі.
Архітэктура. Арх. комплекс Ватыкана ўключае культавыя, палацавыя і крапасныя збудаванні, якія спалучаюцца з творамі садова-паркавага мастацтва. Уваходам у Ватыкан служыць авальная плошча св. Пятра з каланадамі (1657—63, арх. Л.Берніні), што вядуць да буйнейшага каталіцкага храма — сабора св. Пятра (1506—1614, арх. Д.Брамантэ, Мікеланджэла, Дж.Віньёла, Дж. дэла Порта, К.Мадэрна і інш.). У інтэр’еры сабора — мармуровае «Аплакванне Хрыста» Мікеланджэла (каля 1497—98), бронзавы балдахін (1624—33), кафедра (1657—66) і надмагіллі работы Берніні, «Брама смерці» (1947—64, скульптар Дж.Манцу). На Пн ад сабора размешчаны палацавы комплекс. У яго ўваходзяць капэлы Мікалая V (1440-я г., фрэскі Фра Анджэліка), Сіксцінская (1473—84, фрэскі Мікеланджэла, П.Перуджына, С.Батычэлі, Д.Гірландайо) і Пааліна (1540, арх. А. да Сангала Старэйшы, фрэскі Мікеланджэла, 1542—50), апартаменты Борджа (фрэскі Пінтурык’ё, 1493—94); Лоджыі і Станцы (залы), размаляваныя Рафаэлем і яго вучнямі; двары Сан-Дамаза і Бельведэр (паміж 1503—45, праект Брамантэ); парадны ўваход у палац — Каралеўская лесвіца (Скала Рэджа, 1663—66, Берніні). У садах Ватыкана — Казіно Пія IV (1558, арх. П.Лігорыо), Пінакатэка. Уласнасцю Ватыкана з’яўляюцца раннехрысц. базілікі Сан-Джавані ін Латэрана, Санта-Марыя Маджорэ і Сан-Паала фуоры ле Мура (усе — 4 ст.), Латэранскі палац (16 ст.) і інш. будынкі ў Рыме. Помнікі архітэктуры Ватыкана ўключаны ЮНЕСКА у спіс сусветнай спадчыны.
Літ.:
Музеи Ватикана. Рим: Альбом. М., 1974;
Bonaventura M.A. La Città del Vaticano. Roma, [1971].
Н.К.Мазоўка (дзяржаўны лад, гісторыя, друк, радыё, тэлебачанне, навуковыя і культурна-асветныя ўстановы).
Герб і сцяг Ватыкана.Да арт.Ватыкан. Плошча св. Пятра.Да арт.Ватыкан. Папа рымскі Іаан Павел II бласлаўляе дзяцей-чарнобыльцаў з Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНА́КА (Monaco),
Княства Манака (Principauté de Monaco), дзяржава ў Паўд. Еўропе, на беразе Міжземнага м., на сушы абкружана тэр. Францыі. Пл. 1,95 км². Нас. 32 тыс.чал. (1998). Афіц. мова — французская. Сталіца — г.Манака. Падзяляецца на 4 адм.гар. акругі. Нац. свята — Нацыянальны дзень (19 ліст. — дзень нараджэння правячага князя Рэнье III).
Дзяржаўны лад. М. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1911, абноўленая ў 1962. Кіраўнік дзяржавы — наследны князь. Заканад. ўлада належыць Нац. савету, у які ўваходзяць кіраўнік дзяржавы і 18 членаў, выбраных на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Урадавы савет з удзелам прадстаўніка Францыі, які прапануецца на пасаду франц. урадам і зацвярджаецца князем. Існуе таксама дарадчы орган — Каронны савет.
Прырода. Княства займае частку Блакітнага берага на ўзбярэжжы Міжземнага м. і паўд. схілы Прыморскіх Альпаў. Рэльеф перадгорны і горны. Выш. да 145 м. Клімат міжземнаморскі, з сухім летам і мяккай зімой. Сярэдняя т-растудз. 8 °C, ліп. 23 °C. Ападкаў за год каля 800 мм. Амаль уся тэрыторыя занята гар. забудовай. На стромкіх схілах гор вечназялёныя зараснікі каменнага дубу, калючага дроку, карлікавай пальмы, хмызнякі маквісу з ладаннікам, дзікай фісташкай, размарынам. На схілах прыбярэжных скал — Экзатычны сад з сусв. вядомай калекцыяй субтрапічных раслін: пальмаў, магнолій, алеандраў і кактусаў.
Насельніцтва. Карэнныя жыхары — манегаскі (16%), французы (47%), італьянцы (16%); жывуць таксама грэкі, немцы, англічане, амерыканцы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі — 95%. Сярэднегадавы прырост 0,4%. Сярэдняя шчыльнасць найб. ў свеце — 16 410 чал. на 1 км². Усё насельніцтва засяроджана ў 4 гарадах: Манака, Монтэ-Карла, Ла-Кандамін і Фанв’ей. Каля 75% эканамічна актыўнага насельніцтва занята ў абслуговых галінах, каля 25% — у прам-сці. У М. працуе каля 10 тыс.чал. з суседніх раёнаў Францыі і Італіі.
Гісторыя. У 10—9 ст. да н.э. на тэр. М. (назва, верагодна, ад праіндаеўрап. кораня mon — высокае месца, скала) існавала фінікійская калонія (гандл. прыстань, крэпасць), з 8—6 ст. да н.э. — грэчаская (пабудаваны храм Геракла). З 2 ст. да н.э.тэр. М. належала Стараж. Рыму, пазней — арабам, з 11 ст.н.э. — генуэзцам, якія ў 1215 пабудавалі тут крэпасць. У 1346 утворана асобнае княства пад пратэктаратам Генуі. У 1419 у М. замацавалася правячая дынастыя знатнага генуэзскага роду Грымальдзі. З 1524 княства М. пад уладай Іспаніі пры фармальным захаванні аўтаноміі. У 1641 у выніку нар. паўстання перайшло пад пратэктарат Францыі. У 1731 М. па жан. лініі перайшло да Дж.Ф.Л.Гаён-Маціньёна, які прыняў прозвішча Грымальдзі і ўступіў на прастол пад імем Анарэ III [1731—93]. У 1793 княства анексіравана Францыяй. Адноўлена паводле Парыжскага мірнага дагавора 1814. Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 перададзена пад пратэктарат Сардзінскага каралеўства. Рэвалюцыя 1848 знішчыла ў М. княжацкую ўладу, ад княства аддзяліліся і фактычна далучаны да Францыі гарады Ментона і Ракбрун. У 1849 сардзінскія войскі аднавілі манархію, але сардзінскі пратэктарат спынены. У 1860 пасля пераходу Ніцы ва ўладанне Францыі кн Карл III [1856—89] пагадзіўся на франц. пратэктарат над М., у 1861 за 4 млн. франкаў фармальна ўступіў Францыі свае правы на Ментону і Ракбрун. Паводле манака-франц. дагавора 2.2.1861 Францыя прызнала незалежнасць М. У 1865 устаноўлены мытны саюз паміж М. і Францыяй. У 1861—1910 у г. Монтэ-Карла пабудаваны комплекс казіно, які пасля буд-ва чыгункі паміж М. і Францыяй (1868) стаў адной з гал. крыніц папаўнення бюджэту княства. У 1899 у г. Манака заснаваны Акіянаграфічны музей — цяпер міжнар. цэнтр акіянаграфічных даследаванняў.
У 1911 пры кн. Альберце I [1889—1922] уведзена ў дзеянне канстытуцыя, паводле якой М. абвешчана канстытуцыйнай манархіяй і ўтвораны выбарны парламент — Нац. савет. У выніку дагавора 1918 Францыя атрымала права трымаць на тэр. М. войскі і зацвярджаць заключаныя М. міжнар. пагадненні. У 2-ю сусв. вайну М. акупіравалі ням. фашысты (1942—44). З 1949 правіць кн. Рэнье III. У 1962 прынята новая канстытуцыя, якая пашырыла правы Нац. савета, перадала выканаўчую ўладу Урадаваму савету, стварыла Каронны савет. Апошнія выбары ў Нац. савет адбыліся ў студз. 1998. Асн.паліт.арг-цыя — Нац.дэмакр. саюз (з 1963 дамінуе ў Нац. савеце), асн. прафсаюзная арг-цыя — Аб’яднанне прафсаюзаў М. М. — чл.ААН (з 1993), Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Інтэрпола і інш.міжнар. арг-цый.
Гаспадарка. М. — эканамічна развітая краіна з высокім узроўнем даходаў. Штогадовы даход на 1 чал. 25 тыс.дол. (1996). Аснова эканомікі — гандл.-фін. дзейнасць, турызм і курортная справа, ігральныя дамы, некаторыя галіны прам-сці. Ільготны падатковы рэжым дазваляе буйным міжнар. банкам шырока выкарыстоўваць М. для фін. аперацый (дзейнічае каля 800 міжнар. кампаній і 50 банкаў). Замежныя прамысл., гандл. і фін. прадпрыемствы, у якіх доля капіталу М. перавышае 25%, цалкам вызваляюцца ад падаткаў. Падаткі ў М. намнога меншыя, чым у інш. краінах. Развіты страхавая справа, афшорныя паслугі, гандаль нерухомасцю. М. — сусветна вядомы курорт з басейнамі, купальнямі, водалячэбніцай. Асн.дзярж. даходы прыпадаюць на падаткі з банкаў, атэляў і інш. (55%), ад турызму 25% (М. штогод наведвае каля 700 тыс. замежных турыстаў). Турыстаў прываблівае ў М. сонечнае надвор’е, марскія купанні, арх. і гіст. помнікі, казіно, ігральныя дамы, Акіянаграфічны музей і марскі акварыум з унікальнымі экспанатамі, буйныя міжнар. тэнісныя турніры, аўтамаб. ралі Монтэ-Карла, міжнар. спаборніцтвы па стэндавай стральбе і гольфе, муз. і цыркавыя фестывалі і інш. З-за нізкіх падаткаў у М. жывуць многія багатыя людзі, у т. л. сусветна вядомыя артысты і спартсмены, што з’яўляецца дадатковым фактарам прыцягнення турыстаў. Склалася сучасная індустр. база з экалагічна чыстых прадпрыемстваў лёгкай і перапрацоўчай прам-сці. Найб. развіты эл.-тэхн. і радыёэлектронная (электронныя вузлы і прылады, электрычныя рэле і пераключальнікі, электрабыт. прылады), дакладнае машынабудаванне, хім., фармацэўтычная, швейная, харч., паліграф., суднарамонтная, буд. матэрыялаў прам-сць; выпуск паштовых марак, малая металургія, вытв-сць пластмас, фаянсу, маёлікі, ювелірных вырабаў, сувеніраў. Электраэнергію М. атрымлівае з Францыі. Працуе магутная радыёстанцыя «Монтэ-Карла». Ёсць невял. вінаграднікі і аліўкавыя гаі. Рыбалоўства. Транспарт пераважна аўтамабільны. У М. 1,7 км чыгункі і 50 км асфальтаваных дарог і вуліц. Праз М. праходзяць чыгунка і шаша Ніца (Францыя) — Генуя (Італія). У М. ёсць пляцоўкі для верталётаў, якія перавозяць пасажыраў у міжнар. аэрапорт у г. Ніца (Францыя). Марскі порт прымае невял. гандл. судны і яхты. М. ўтварае адзіную мытную прастору з Францыяй. У экспарце пераважаюць прамысл. вырабы, у імпарце — харч. і спажывецкія тавары. Грашовая адзінка — франц. франк. Манегаскія франкі выпускаюцца для продажу нумізматам.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́КА, Каралеўства Марока (араб. Аль-Мамляка аль-Магрыбія або Магрыб аль-Акса, літар. далёкі захад) дзяржава ў Паўн.-Зах. Афрыцы. Мяжуе на У і ПдУ з Алжырам, на Пд — з Заходняй Сахарай. На Пн абмываецца Міжземным м. (на ўзбярэжжы гарады Сеута і Мелілья належаць Іспаніі), на З — Атлантычным ак.Пл. 446,6 тыс.км². Нас. 29,3 млн.чал. (1998). Дзярж. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г.Рабат. Падзяляецца на 31 правінцыю і 2 прэфектуры. Нац. свята — Дзень трона (3 сак. — дата ўступлення на прастол караля Хасана II у 1961).
Дзяржаўны лад. М. — канстытуцыйная спадчынная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1972. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — кароль. Вышэйшы орган заканад. улады — аднапалатны парламент — Палата прадстаўнікоў, 306 членаў якога выбіраюцца на 6 гадоў (2/3 з іх выбіраюцца на ўсеагульных выбарах, 1/3 — калегіяй выбаршчыкаў, што складаецца з дэпутатаў камунальных, правінцыяльных і прэфектурных саветаў і інш. арг-цый). Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае кароль. Кіраванне ў правінцыях ажыццяўляюць губернатары, у прэфектурах — мэры, у абшчынах — каіды (усіх гэтых асоб назначае кароль). У абшчынах ёсць выбарныя органы мясц. самакіравання (камунальныя і муніцыпальныя саветы). Суд. сістэма ўключае Вярх. суд, апеляцыйныя суды і т.зв. суды садада, або міравыя трыбуналы.
Прырода. У рэльефе пераважаюць горы (больш за 1/3 тэрыторыі) і высокія раўніны (месеты). На Пн горы Эр-Рыф. Праз цэнтр.ч. з ПдЗ на ПнУ цягнуцца хрыбты Атласа — Сярэдні Атлас, Высокі Атлас (г. Тубкаль, 4165 м), Антыатлас. Горы акаймоўваюцца высокімі раўнінамі, на ПнЗ — Мараканскай Месетай, на ПдУ — Перадсахарскай Месетай. Раўніны на марскіх узбярэжжах. Характэрна высокая сейсмічнасць. Карысныя выкапні: фасфарыты (адно з першых месцаў у свеце, разведаныя запасы 10,6 млрд.т), руды кобальту, вальфраму, ванадыю, хрому, тытану, жалеза, медзі, поліметалаў, невял. запасы вугалю і нафты. Клімат пераважна субтрапічны міжземнаморскі. На ўзбярэжжы сярэднія т-ры студз. 10—12 °C, ліп. 24—28 °C. Ападкаў ад 1700—1000 мм на зах. схілах гор да 200—100 мм на Пд і ПдУ. У гарах кліматычная вышынная пояснасць. Рэк з пастаянным цячэннем мала; галоўныя — Ум-эр-Рбія, Мулуя, Себу. На Пд і У шмат вадзі. У гарах на ПнЗ субтрапічныя лясы (12 % тэр.), гаі коркавага дуба і атласкага кедра. У паўпустынях — разрэджаная расліннасць (трава альфа, палыны і інш.). Аазісы з фінікавымі пальмамі. Для жывёльнага свету характэрны драпежнікі (шакал, гіена, рысь, пантэра), шмат грызуноў (зайцы, тушканчыкі, мышы), паўзуноў і птушак. З насякомых найб. небяспечная саранча. У краіне 2 нац. паркі (Тубкаль, Тазека) і каля 100 запаведнікаў.
Насельніцтва. 99,1% складаюць мараканцы, у т. л. арабы — 74,1%, берберы — 25%; еўрапейцаў 0,7% (французы, іспанцы і інш.), яўрэяў 0,2%. 98,7% насельніцтва — мусульмане-суніты. Сярэднегадавы прырост 1,9%. Сярэдняя шчыльн. 65,6 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 200—300 чал. на 1 км²) заселены раўнінныя ўчасткі на ПнЗ. У гарадах жыве 53% насельніцтва. Найб. гарады (млн.ж., з прыгарадамі, 1998): Касабланка — 3,4, Рабат — 1,6, Маракеш — 1,6, Фес — 1,2, Танжэр —0,65, Кенітра — 0,43. Каля 1,5 млн.чал. — качэўнікі. У сельскай гаспадарцы занята 50% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 15%, у абслуговых галінах — 26%, у інш. галінах — 9%. У сувязі з няпоўнай занятасцю многія жыхары М. выязджаюць за мяжу, дзе пражывае каля 0,5 млн. мараканцаў (пераважна ў Францыі).
Гісторыя. Стараж. насельніцтва М. — плямёны бербераў. У 12 ст. да н.э. міжземнаморскае ўзбярэжжа М. каланізавана фінікійцамі, з 3 ст. да н.э. падпарадкоўвалася Карфагену. Пасля яго разбурэння рымлянамі (146 да н.э.) М. знаходзілася пад іх уплывам, каля 42 н.э.паўн.ч. краіны ўвайшла ў склад Рым. імперыі як прав. Маўрэтанія Тынгітана. У 429 узбярэжжа М. заваявалі вандалы, у 533 — Візантыя. У 682 М. заваявалі арабы, якія зрабілі вял. ўплыў на жыццё насельніцтва краіны: усё яно, за выключэннем яўрэяў, перайшло ў іслам, араб. мова стала дзяржаўнай. У канцы 8 ст. М. аддзялілася ад Арабскага халіфата, тут замацавалася араб. дынастыя Ідрысідаў (789—926). Пазней правілі розныя дынастыі араб. і берберскага паходжання, з якіх найб. магутныя Альмаравіды (1050—1147) і Альмахады (1147—1269). Пры Альмахадах М. было цэнтрам вял. дзяржавы, якая ўключала тэр. сучасных Алжыра, Туніса, Лівіі, значныя ч. Іспаніі і Партугаліі. Пасля яе распаду пачаўся доўгі перыяд міжусобіц і войнаў паміж берберамі і арабамі. Адначасова разгарнулася еўрап. экспансія. У 1415 Партугалія захапіла г. Сеута. Паступова Партугалія і Іспанія ўстанавілі кантроль над узбярэжжам М. Адраджэнне М. пачалося пры 1-й дынастыі Саадзідаў (1554—1660). У 1578 мараканцы нанеслі паражэнне партугальцам і да канца 17 ст. аднавілі сваю ўладу над б.ч. прыбярэжных гарадоў. Кіраванне Ахмеда аль-Мансура [1579—1603] лічыцца «залатым векам» у гісторыі М. У 1660 да ўлады прыйшла 2-я дынастыя Саадзідаў, якая дасягнула найб. магутнасці пры Ісмаіле [1672—1727]. Пасля яго смерці М. перажыло працяглыя міжусобіцы і грамадз. войны. У 18 — пач. 19 ст. піраты М. і інш. «варварскіх дзяржаў» Паўн. Афрыкі стваралі вял. небяспеку марскому гандлю ў Міжземнамор’і. Гэта прыцягнула да М. ўвагу вял.еўрап. дзяржаў (Іспаніі, Вялікабрытаніі і Францыі). У 1859—60 Іспанія захапіла г. Тэтуан. У 1904 Вялікабрытанія прызнала М. сферай франц. інтарэсаў, а Францыя і Іспанія дамовіліся пра падзел М. на сферы ўплыву, што выклікала процідзеянне Германіі і прывяло да Мараканскіх крызісаў 1906—11. У сак. 1912 Францыя ўстанавіла пратэктарат над М., невял. тэр. на Пн краіны паводле франка-ісп. пагаднення (ліст. 1912) адышла пад ісп. кантроль. У 1920 правадыр рыфскіх плямён Абд аль-Керым узняў паўстанне супраць іспанцаў і да 1924 вызваліў б. частку ісп. М. Паўстанне задушана ў 1926 франц. арміяй (200 тыс.чал.) на чале з маршалам А.Ф.Петэнам. Пасля паражэння Францыі ў пач. 2-й сусв. вайны (1940) Франц. М. перайшло пад уладу калабарацыянісцкага ўрада «Вішы» і фактычна ператварылася ў сыравінную базу і стратэг. плацдарм Германіі і яе саюзнікаў па «восі». У ліст. 1942 у Паўн. Афрыцы высадзіліся англа-амер. войскі, якія выгналі з М. ням. і італьян. акупантаў. Адначасова ў краіне ўзмацніўся нац.-вызв. рух, у 1943 узніклі партыя «Ісцікляль» («Незалежнасць») і камуніст. партыя М., якія адыгрывалі важную ролю ў барацьбе за незалежнасць. У канцы 1950 султан М. Сідзі Мухамед бен Юсуф запатрабаваў ад Францыі даць яго краіне поўны суверэнітэт, але атрымаў адмову і ў жн. 1953 быў пазбаўлены прастола (зноў атрымаў яго ад франц. улад у кастр. 1955 пад уплывам шырокага паўстанцкага руху).
2.3.1956 Францыя прызнала незалежнасць Франц. М. У крас. 1956 Іспанія перадала М. сваю ч. краіны, але захавала за сабой гарады Мелілья і Сеута. У 1957 у склад М. вернуты г. Танжэр (дагэтуль міжнар. зона), у 1958 — тэр. Тарфая. У жн. 1957 Сідзі Мухамед бен Юсуф абвясціў сябе каралём М. пад імем Мухамеда V. Пасля яго смерці (лют. 1961) каралеўскі прастол заняў яго сын Хасан II [1961—99], які ў снеж. 1962 выдаў першую канстытуцыю М. і абвясціў краіну канстытуцыйнай манархіяй. Тады ж адбыліся першыя ўсеагульныя выбары. У 1972 прынята новая канстытуцыя. На эканам. становішча М. негатыўна паўплываў ваен. канфлікт з фронтам ПОЛІСАРЫО у Зах. Сахары ў 1976—89. На ўсеагульным рэферэндуме ў вер. 1997 ухвалены папраўкі да канстытуцыі, паводле якіх створаны 2-палатны парламент, вызначаны функцыі губернатараў, замацаваны палажэнні аб прыхільнасці М. да дэмакр. каштоўнасцей. На выбарах у канцы 1997 дасягнула поспеху дэмакр. апазіцыя на чале з Сацыяліст. саюзам нар. сіл, лідэр якога А.Юсуфі стаў у лют. 1998 прэм’ер-міністрам. Пасля смерці ў жн. 1999 Хасана II каралём М. стаў Мухамед VI. М. — чл.ААН (з 1956), Арг-цыі афр. адзінства (з 1963), Лігі араб. краін (з 1956). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Сацыяліст. саюз нар. сіл, Канстытуцыйны саюз, Нац. аб’яднанне незалежных, Народны рух, Ісцікляль і інш.Найб.прафс. аб’яднанні — Мараканскі саюз працы, Усеагульны прафсаюз працоўных М., Дэмакр. канфедэрацыя працы.
Гаспадарка. М. — індустр.-аграрная краіна, належыць да найб. развітых краін Афрыкі. Прам-сць дае 32,2% валавога нац. прадукту, сельская гаспадарка — 14,3%, абслуговыя галіны — 53,5%. Штогадовы даход на 1 чал. — 1140 дол. (1996). Найб. развіта горназдабыўная прам-сць. Яе аснова — здабыча фасфарытаў (18,3 млн.т, 1995); гал. радовішчы — Хурыбга, Юсуфія, Бен-Герыр. Здабываюць таксама жал., свінцова-цынкавую, марганцавую, кобальтавую. медную руды, плавікавы шпат і інш. Чорная металургія прадстаўлена з-дам у Надоры (арматурная сталь, катанка), невял. з-дамі па вытв-сці акатышаў, стальных і чыгунных труб. Ёсць прадпрыемствы каляровай металургіі. Машынабудаванне развіта пераважна на імпартаваных вузлах і дэталях. Працуе 6 аўтазборачных (легкавыя і грузавыя аўтамабілі) і трактаразборачны з-ды. Вытв-сцьчыг. вагонаў, горнашахтавага абсталявання. Электратэхн. прам-сць (больш за 60 прадпрыемстваў) вырабляе халадзільнікі, швейныя і пральныя машыны, газавыя і эл. пліты. Наладжаны выпуск электронных кампанентаў і камп’ютэраў. Хім.прам-сць выпускае фосфарныя (926 тыс.т, 1997) і азотныя (280 тыс.т) угнаенні, саляную і фосфарную кіслоты і інш. Фармацэўтычная прам-сць задавальняе патрэбы краіны на 85%. Вытв-сць цэменту склала 6,4 млн.т. Лёгкая прам-сць выпускае тканіны (баваўняныя, шаўковыя, суконныя), габелены, дываны. Шмат прадпрыемстваў гарбарна-абутковай прам-сці. З галін харч. прам-сці вылучаюцца цукровая (13 заводаў), кансервавая (1-е месца ў свеце па выпуску кансерваў з сардзіны), алейная, вінаробчая, мукамольная; з-ды па вытв-сці фруктовых сокаў. Ёсць прадпрыемствы дрэваапр. прам-сці (выпуск ДСП, тары, буд. элементаў, апрацоўка кары коркавага дубу). Паліўна-энергет. комплекс уключае нафтаперапр. з-ды ў Сіды-Касеме і Махамедыі, здабычу каменнага вугалю (603,8 тыс.т, 1995), цеплавыя электрастанцыі. На рэках працуюць 17 ГЭС. Ёсць геліяўстаноўкі. Штогод атрымліваюць больш за 10 млрд.кВт ∙ гадз электраэнергіі. Амаль усе прамысл. прадпрыемствы — у гарадах на Пн краіны, у т. л. палавіна — у Касабланцы. Шырока развіты саматужныя промыслы — выраб скураных, медных, плеценых вырабаў, дываноў, прадметаў хатняга ўжытку, сувеніраў і інш. Сельская гаспадарка — традыцыйны занятак б.ч. насельніцтва. Землі, прыдатныя для апрацоўкі, складаюць каля 20,7% тэр. краіны, апрацоўваецца каля 7,6 млн.га, пад пашай 20 млн.га. 6% апрацаваных зямель займаюць шматгадовыя насаджэнні, 13,6% — арашаецца. Каля палавіны с.-г. зямель належыць буйным землеўладальнікам. Раслінаводства — гал. галіна сельскай гаспадаркі. Найб. развіта на Пн і ў сярэдняй ч. краіны. Вырошчваюць пшаніцу (валавы збор 1,2—1,6 млн.т), ячмень (608 тыс.т), кукурузу, авёс, жыта, сорга, проса, на арашальных землях — рыс. Агародніну і фрукты вырошчваюць часткова на экспарт. Збор (тыс.т, 1995): памідораў — 624, морквы — 224, дынь — 415, ранняй бульбы — 770, алівак — 436, вінаграду — 128, апельсінаў — 676, мандарынаў — 304, яблыкаў — 270. Вырошчваюць цукр. буракі (2,7 млн.т, 1995) і цукр. трыснёг (1 млн.т), бавоўнік, лён, сізаль, тытунь. Збор травы альфа. Жывёлагадоўля малапрадукцыйная, асн. занятак насельніцтва ў горных і паўпустынных раёнах. Гадуюць (1995, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — 2500, авечак — 16 600, коз — 4400, аслоў — 880, мулаў — 351, коней — 156, вярблюдаў — 36. Каля буйных гарадоў прамысл. птушкагадоўля. У рыбалоўстве занята больш за 100 тыс.чал. Штогод ловяць 0,5—0,8 млн.т сардзіны, тунца, макрэлі. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Даўж. аўтадарог 53,2 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 28,2 тыс.км, чыгунак 1562 км. Гал. парты Касабланка, Сафі, Танжэр, Кенітра, Агадыр. У краіне 27 аэрапортаў, у т. л.міжнар. ў Касабланцы і Рабаце. У 1996 экспарт склаў 7,7 млрд.дол., імпарт — 9,8 млрд. долараў. Гал. тавары экспарту: фасфарыты, фосфарныя ўгнаенні, фосфарная кіслата (больш за 40% па кошце), канцэнтраты руд каляровых металаў, цытрусавыя, агародніна, ранняя бульба, сардзіны, тэкстыль. У імпарце пераважна нафта і нафтапрадукты, машыны і абсталяванне, харч. прадукты.
Вядучыя краіны па экспарце — Францыя, Іспанія, Японія, па імпарце — Францыя, Іспанія, ЗША. М. — краіна развітога турызму. Па колькасці замежных турыстаў (3115 тыс.чал. у 1997) займае 4-е месца сярод афр. краін. Даходы ад турызму склалі ў 1997 1,2 млрд. долараў. Асн. цэнтры замежнага турызму — Атлантычнае ўзбярэжжа і гарады Агадыр, Фес, Маракеш, Танжэр, Тэтуан. Знешняя запазычанасць — 21 млрд. долараў. Асн. крэдыторы — Францыя, ЗША, Германія, некат. арабскія краіны, міжнар. банкі і кансорцыумы. Грашовая адзінка — дырхем.
Узброеныя сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць каля 200 тыс.чал. (1998). Галоўнакамандуючы — кароль. У сухап. войсках 175 тыс.чал., больш за 600 танкаў, 780 бронетранспарцёраў, каля 800 гармат, у т. л. 420 зенітных, 1,1 тыс. мінамётаў, больш за 100 зенітных ракетных комплексаў. У ВПС 13,5 тыс.чал., 89 баявых самалётаў і 24 баявыя верталёты. У ВМС 7,8 тыс.чал., у т. л. 1,5 тыс. у марской пяхоце, 7 баявых караблёў, 24 катэры.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1998 у М. каля 120 перыяд. выданняў. Найб. масавыя газеты на араб. — «Аль-Анба» («Весці», з 1971), «Аль-Місак аль-Ватані» («Нацыянальная хартыя», з 1977), «Аль-Ітыхад аль-Іштыракі» («Сацыялістычны саюз», з 1983), «Аль-Алям» («Сцяг», з 1946), на франц. — «Le Matin du Sahara et du Maghreb» («Раніца Сахары і Магрыба», з 1971), «L’Opinion» («Думка», з 1965), на араб. і франц. мовах — «Аль-Баян» («Заява», з 1972), «Аль-Дэмакраці» («Дэмакратыя», з 1982). Урадавае інфарм. агенцтва — Магрыб Араб Прэс (МАП, засн. ў 1959). Радыёвяшчанне з 1962, перадачы вядуцца на араб., франц., ісп., англ., берберскай мовах. Тэлебачанне з 1962, на араб. і франц. мовах.
Літаратура. Развіваецца на араб., берберскай і франц. мовах. Першы пісьмовы помнік берберскай славеснасці — Каран Баргуаты (8 ст., страчаны). Араб.л-ра М. класічнага перыяду прадстаўлена асн. жанрамі класічнай араб. л-ры (гл. ў арт.Арабская культура). У 11—12 ст. у паэзіі вядучае месца займалі лірыка і панегірык (Ібн Хабус, Ібн Рушэйд). У прозе 12—14 ст. пераважалі гіст. летапісы (Абд аль-Вахід аль-Маракушы, Ібн аль-Катан) і геагр. творы (Ідрысі, Ібн Батута). У 15—16 ст. узнікла біягр. і жыційная л-ра. З 16 ст. культываваліся традыцыі андалускай паэзіі. Нар.л-ра на араб. і берберскай мовах вядома з 14—15 ст.: вусныя фалькл. і аўтарскія вершаваныя і празаічныя жанры — эпічныя паэмы і жывёльны эпас (казкі). У 1930-я г. вядомасць набыла берберская нар. паэтэса Н.А.Мрырыда. Росквіту дасягнула паэзія мальхун, якая на літ.араб. мове прадоўжыла асн. матывы класічнай араб. паэзіі. З 17 ст. развіваліся традыцыі нар. паэзіі Андалусіі. Сучасная л-ра на араб. і франц. мовах атрымала развіццё пасля 2-й сусв. вайны ў сувязі з уздымам нац.-вызв. руху. На мяжы 1940—50-х г. складвалася апавядальная проза на араб. і франц. мовах (А. аль-Фасі, А.Бенджэлун, А.Сефрыўі). У 1950-я г. вядучае месца заняў франкамоўны раман (Д.Шрайбі), атрымала вядомасць паэзія на франц. мове М.А.Лахбабі. Тэмы нац.-вызв. барацьбы і станаўлення новага ўкладу жыцця пераважалі ў творчасці арабамоўных паэтаў М.Маадаўі, Б.Ламтуні, М. ат-Танжаўі. У 1960-я г. ўзніклі гіст. п’есы Х.Саіха на літ.араб. мове, драматургія на франц. мове (Фарыс Фарыд) і на мараканскім дыялекце араб. мовы (А. аль-Алажы). Бурна развівалася арабамоўная проза: творы публіцыста А.Галаба, раманы Лахбабі, навелы і раманы пісьменнікаў новага пакалення — М.Сабага, М.Буалу, М.Знібера, А. аль-Бакалі, А.Ларуі, А.Схімі, Д. аль-Хуры, М.Шагмума, М.Барады і інш. З наватарскімі пошукамі ў паэзіі выступілі М.Хайрэддзін, Т.Бенджэлун. Захоўвае папулярнасць і франкамоўная л-ра (Шрайбі, А.Хатыбі). У 1960 засн. Саюз пісьменнікаў М.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У паўд. раёнах М. захаваліся наскальныя выявы сланоў, антылоп, птушак часоў неаліту. Ад 1-га тыс. да н.э. захаваліся кальцавыя каменныя могільнікі (шушы) мясц. качавых плямён, рэшткі фінікійскіх калоній (Тынгіс, сучасны Танжэр), руіны рым. гарадоў (Валюбіліс, Тамуд) з рэшткамі арх. ансамбляў, мазаікамі, скульптурай. У 11—15 ст. у М. развівалася адна са школ маўрытанскага мастацтва. Сярэдневяковыя гарады, якія будаваліся з каменю, бетону, гліны і цэглы, уключалі касбу (цытадэль) і медыну (гар. ядро), абкружаныя сценамі з прамавугольнымі ў плане вежамі (Мекнес, Рабат, Фес). У культавай архітэктуры склаўся тып шматстаўповай мячэці са сталактытавымі ці ячэістымі купаламі, з драўлянай наборнай столлю-артэсанада з кесонамі: мячэці Караўін у Фесе (859—1135), Кутубія ў г.Маракеш (1153, 17 нефаў; мінарэт 1184—99, выш. 67,5 м, разны каменны дэкор), Хасана ў Рабаце (1195, не завершана). Высокага ўзроўню дасягнула фартыфікацыйнае буд-ва: крэпасці Амаргу каля Феса (11 ст.), Тасгімут (12 ст.), гар. ўмацаванні з брамамі, аздобленымі разьбой па камені (Баб-Агвенау ў Маракешы, 12 ст.). Помнікі 13—14 ст. дэкарыраваны драўлянай і стукавай разьбой, паліванай кафляй, керамічнай і шкляной мазаікай, вітражамі (Вял. мячэць у г. Таза, медрэсэ Атарын у Фесе). Пабудовы 16—17 ст. адметныя празмернай пышнасцю (ансамбль маўзалеяў у Маракешы, Вял. мячэці ў Танжэры і Тэтуане). Са збудаванняў 18—19 ст. вылучаюцца вароты Баб-эль-Мансур у Мекнесе, палацы Феса (Дар-Бата), Мекнеса і інш. У сярэднія вякі склаліся тыпы нар. жылля мараканцаў: 2-павярховыя дамы з унутр. дваром, горныя жытлы-замкі бербераў (касба, ксар), круглыя ў плане хаціны (нуала) з конусападобным саламяным дахам, жытлы з 2-схільным дахам з чароту. У мастацтве сярэднявечча росквіту дасягнулі ткацтва (шоўк, парча, дыванаткацтва; Рабат і Маракеш), цісненне па скуры, выраб керамікі са штампаванымі і размаляванымі ўзорамі, маст. апрацоўка бронзы (шмат’ярусныя ажурныя люстры для мячэцей). У перыяд франц. пратэктарату ў гарадах з’явіліся раёны еўрап. забудовы (франц.арх. А.Прост). У 1-й пал. 20 ст. пашыраны стыль «марэск» — эклектычнае выкарыстанне дэкар. элементаў маўрытанскай архітэктуры. У 1950—80-я г. будавалі ў сучасных стылях з выкарыстаннем новых канструкцый і матэрыялаў (Касабланка, Рабат і інш.). Развіваецца новае для М. выяўл. мастацтва (жывапісцы МА.Ідрысі, М.Мушбаа, скульпт. Х. бен Салах, графік М.Амар). Пашыраны гар. кааператывы прыкладнога мастацтва. Развіваюцца выраб дываноў, цісненне і вышыўка па скуры, чаканка і інкрустацыя па медзі, ювелірная справа. Помнікі медын у Маракешы і Фесе, жытлы-замкі ў в. Аіф-бен-Хадоу ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Музыка. У музыцы М. вылучаюцца 2 асн. галіны: берберская (найб.стараж.) і арабская. Мастацтва берберамоўных народаў сінкрэтычнае: непарыўная сувязь музыкі, паэзіі і танца. Найб. пашыраныя жанры — аферды (распеў загадак), ташэрафт (пастухоўскія песні без інстр. суправаджэння), атэмшы, або ізлі (невял. песні-паэмы). Музыка бербераў засн. пераважна на 7-ступенных дыятанічных ладах, сустракаецца і пентатоніка. Характэрныя рэспансорныя спевы ў суправаджэнні інстр. ансамбляў (духавыя і ўдарныя інструменты — зурны і табл; касабы і бендыры); часам для акампанементу выкарыстоўваецца гуінбры — 2—3-струнная лютня. З 7 ст. замацаваліся стылі і жанры араб.муз. мастацтва, у т. л. звязаныя з мусульм.рэліг. культам, у 12—13 ст. — рытуальныя містычныя цырымоніі. Сярод інструментаў: стр. шчыпковыя рэбаб, уд, 72-струнная цытра канун; най (падоўжная флейта), мембранафоны — дарабука, рык, табл і інш. Свецкія жанры фарміраваліся ў рэчышчы т.зв. андалускай школы (9—15 ст., заснавальнік Зір’яб), асн. жанр — нуба (вак.-інстр. кампазіцыя), сярод інш. жанраў — касыда, мувашах, заджаль, мауэль (вак.), таксім (інструментальны). У сярэднявеччы сфарміраваліся асновы муз. тэорыі, склалася ладавая сістэма макамаў. У 16 ст. ўзніклі гар. песенныя стылі, у т. л. грыха, для якіх характэрна куплетная форма з прыпевам. З сярэдзіны 16 ст. музыка М. зазнала тур. ўплыў. У 2-й пал. 19 ст. — пач. 20 ст. яна трапіла пад уплыў франц.муз. мастацтва. З 1950-х г. узмацнілася тэндэнцыя да захавання і развіцця нац. музыкі. Сярод муз. дзеячаў кампазітары М.Беніс, А.Аўатыф, М.Шэкруні, інструменталісты Х. бен Брахім, О.Тантаўі, выканаўца на кануне і музыказнавец С.Шаркі. Працуюць ансамблі андалускай музыкі, кансерваторыі, праводзяцца міжнар. фестывалі нар. мастацтва (з 1960, г. Маракеш), кангрэсы араб. музыкі.
Кіно. Першыя дакумент. фільмы зняты франц. аператарамі ў 1897. У 1944 арганізаваны Мараканскі кінацэнтр і кінастудыя «Сусі». Рэгулярны выпуск кінахронікі ў М. пачаўся з 1958 (рэж. Л.Беншэкрун, М.Афіфі, А.Рамдані, М.Тазі). У 1968—70 створана студыя «Айн-Шок», пачалася вытв-сць паўнаметражных фільмаў, пераважна прыгодніцкіх, сумесна з Францыяй, Італіяй, Іспаніяй, Егіптам, Румыніяй і інш. Першыя стужкі — перайманні егіп. меладрам і галівудскіх фільмаў 1940-х г. Пошукі сучасных сродкаў выразнасці выявіліся ў фільмах «Веснавое сонца» (рэж. Л.Лахлу), «Сляды» (рэж. Х.Бенані; абодва 1970), «Аш-Шэргі, або Лютае маўчанне» (1975, рэж. М.Сміхі), «Аль Канфудзі» (1978, рэж. Лахлу), прысвечаных гісторыі краіны. Сац.-крытычная тэндэнцыя прадстаўлена творчасцю А.Маануні («Дні... дні», 1979), С.Бен Баркі («Тысяча і адна рука», 1972, з Італіяй). Сярод фільмаў 1980-х г. «Трансы» (1981, рэж. Маануні), «Цырульнік беднага квартала» (рэж. М.Рэгаб) і «Амок» (рэж. Бен Барка, сумесна з Гвінеяй і Сенегалам; абодва 1982), «Наканаванне» (1983, рэж. Ф.Буркія).
Літ.:
Луцкая Н.С. Очерки новейшей истории Марокко. М., 1973;
Аяш Ж. Очерки марокканской истории: Пер. с фр.М., 1982;
Гура В.К. Особенности социально-экономического развития Туниса и Марокко, 50—70-е гг. Киев, 1982;
Ментешашвили З.А. Социальное развитие независимого Марокко: Традиции и современность. М., 1988;
Кушке И.Г. Писатели Марокко, пишущие на французском языке, 1940—1980 гг.М., 1981;
Дербисалиев А.Б. Арабоязычная литература Марокко: Осн. этапы развития. Алма-Ата, 1983;
Каптерева Т.П. Искусство стран Магриба: Древний период. М., 1980;
Шоттен А. Обзор марокканской музыки: Пер. с фр.М., 1967.
Герб і сцяг Марока.Да арт.Марока. Атласкія горы.Да арт.Марока. Узбярэжжа Атлантычнага акіяна каля Танжэра.Да арт.Марока. Старая французская крэпасць у Эль-Арапшы.Да арт.Марока. Руіны старажытнарымскага горада Валюбіліс.Да арт.Марока. Унутраны двор мячэці Караўін у г. Фес. 859—1135.Да арт.Марока. Фрагмент сцяны медрэсэ Атарын у г. Фес. 14 ст.Да арт.Марока. Жытлы-замкі ў вёсцы Аіф-бен-Хадоу.