ЛАФАЕ́Т (La Fayette, Lafayette) Мары Жазеф Мацье (Motier) дэ (6.9.1757, замак Шаваньяк, Францыя — 20.5.1834), французскі паліт. дзеяч, военачальнік. Ген.-маёр арміі ЗША (1780). На вайск. службе з 1771. З 1777 удзельнік вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83, вызначыўся ў вырашальных баях каля Йорктаўна (1781). З 1789 дэп. Генеральных штатаў ад дваран. У час Французскай рэвалюцыі 1789—99 да 1792 адзін з яе лідэраў, адзін з ініцыятараў і аўтараў Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна, з 14.7.1789 камандзір Нац. гвардыі. Выступаў за канстытуцыйную манархію, супраць радыкалізму якабінцаў. Пасля няўдалай спробы захаваць франц. манархію ў жн. 1792 намагаўся эмігрыраваць у Нідэрланды, аднак трапіў у аўстр. і прускі палон. Вызвалены ў 1797, вярнуўся ў Францыю ў 1800. Пасля 1815 адзін з лідэраў ліберальнай апазіцыі, чл. палаты дэпутатаў (з 1818). У час рэвалюцыі 1830 зноў камандаваў парыжскай Нац. гвардыяй, садзейнічаў узвядзенню на прастол Луі Філіпа. Падтрымліваў польск. эмігрантаў і польскі нац.-вызв. рух, адзін з заснавальнікаў Амерыканска-польскага к-та па аказанні дапамогі паўстанню 1830—31.

т. 9, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)