КРА́ЙСКІ (Kreisky) Бруна (22.1.1911, Вена — 29.7.1990),

аўстрыйскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Д-р права. Скончыў Венскі ун-т. Член, з 1959 нам. старшыні, з 1967 старшыня, у 1983—87 ганаровы старшыня Сацыяліст. партыі Аўстрыі. За ўдзел у с.-д. руху ў 1935—37 і сак.—жн. 1938 зняволены. У час аншлюсу Аўстрыі (1938—45) у эміграцыі ў Швецыі. З 1945 на дыпламат. службе, у т. л. сакратар аўстр. пасольства ў Стакгольме (1946—51), дзярж. сакратар (1953—59) і міністр замежных спраў Аўстрыі (1959—66). У 19.56—83 дэп. Нац. савета (парламента). У 1970—83 федэральны канцлер Аўстрыі. Праводзіў курс на захаванне нейтралітэту краіны, выступаў за вырашэнне Блізкаўсходняга канфлікту (урад К. ў 1980 першым на Захадзе прызнаў Арганізацыю вызвалення Палесціны) і інш. Аўтар прац «Аспекты дэмакратычнага сацыялізму» (1974), «Час, у які мы жывём» (1978), «Блізкаўсходняя праблема. Прамовы, інтэрв’ю, каментарыі» (1985), «У струмені палітыкі. Вопыт еўрапейца» (1988) і інш.

Б.Крайскі.

т. 8, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́МЕР (Kramer) Тэадор (1.1.1897, Корнайбург, Аўстрыя — 3.4.1958),

аўстрыйскі паэт. Удзельнік 1-й сусв. вайны. Вучыўся ў Венскім ун-це. З 1937 на нелегальным становішчы, у 1939—57 у Англіі. Друкаваўся з канца 1920-х г. Зб-кі вершаў «На дне» (1928), «Каляндар» (1930), «З гармонікам» (1936), «У шынку» (1946) сац.-крытычнай праблематыкі, у іх адлюстравана гаротнае жыццё абяздоленых, батракоў, беспрацоўных, бадзяг. Аўтар зб-каў вершаў антываен. («Мы ляжалі на Валыні ў балоце», 1931) і антыфаш. («Высланы з Аўстрыі», 1943; «Вена 1938. Зялёныя Кадры», 1946) накіраванасці. У зб-ках «Хвала роспачы», «Аб чорным віне» (абодва 1956) рэаліст. змест песенных мелодый афарбаваны матывамі смутку і адчаю. Асобныя вершы К. пераклаў на бел. мову В.​Сёмуха.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Прыйдзі, стваральны дух: З ням., аўстр., польск., латыш. лірыкі. Мн., 1986;

Рус. пер. — у кн.: Золотое сечение: Австрийская поэзия XIX—XX вв. в рус. переводах. М., 1988.

У.​Л.​Сакалоўскі.

т. 8, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ТЭРНІХ, Метэрніх-Вінебург (Metternich-Winneburg) Клеменс Венцэль фон (15.5.1773, г. Кобленц, Германія — 11.6.1859), аўстрыйскі дзярж. дзеяч, дыпламат. Князь (1803). Са стараж. дваранскага роду. З 1801 аўстр. пасланнік у Саксоніі, з 1803 — у Прусіі, з 1806 — у Францыі. У 1809—21 міністр замежных спраў і фактычна кіраўнік аўстр. ўрада, у 1821—48 прыдворны і дзярж. канцлер. Напачатку праводзіў курс на збліжэнне з Францыяй. Пасля разгрому войск Напалеона I у Расіі заключыў у 1813 з Расіяй і Прусіяй Райхенбахскую канвенцыю аб саюзе. У час Венскага кангрэса 1814—15 дамогся стварэння Герм. саюза на чале з Аўстрыяй; падпісаў у снеж. 1815 сакрэтны дагавор з прадстаўнікамі Вялікабрытаніі і Францыі супраць Расіі і Прусіі. М. — адзін з арганізатараў Свяшчэннага саюза 1815—33. Пасля рэвалюцыі 1848—49 у Аўстрыі эмігрыраваў у Вялікабрытанію, з 1849 у Бельгіі. У 1851 вярнуўся ў Аўстрыю. Еўрап. гісторыкі лічаць М. міратворцам, стваральнікам канцэпцыі дзярж. ладу Еўропы пасля напалеонаўскіх войнаў і сістэмы еўрап. раўнавагі (сістэма М.).

т. 10, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́КЛАШЫЧ (Miklošič, Miklosich) Франьё (Франц; 20.11.1813, Радамершчак, каля г. Лютамер, Славенія — 7.3.1891), славенскі і аўстрыйскі мовазнавец. Заснавальнік слав. параўнальна-гіст. мовазнаўства. Акад. Венскай (з 1851), чл.-кар. Пецярбургскай (з 1856) АН. Скончыў ун-т у Грацы (Аўстрыя). У 1850—86 праф. Венскага ун-та. Даследаваў лексіку і граматыку слав. моў, узаемадзеянне слав. моў з алб., венг., рум. і інш., вывучаў слав. анамастыку і тапаніміку, л-ру і эпас. Аўтар прац «Параўнальная граматыка славянскіх моў» (т. 1—4, 1852—75), «Утварэнне славянскіх імён» (1860), «Цюркскія элементы ў паўднёва-ўсходніх і ўсходнееўрапейскіх мовах» (1884—90). Склаў «Слоўнік стараславянскай мовы», 1850; 2-е выд. 1862—65), «Этымалагічны слоўнік славянскіх моў» (1886). Выдаў стараж.-слав. пісьмовыя помнікі, у т. л. «Супрасльскі рукапіс», «Шышатаўскі апостал» (1853), «Хроніку Нестара» (1860), крыніцы па гісторыі славян («Monumenta serbica», 1858). У працах паслядоўна ўключаў бел. моўны матэрыял, хоць памылкова аб’ядноўваў бел. і ўкр. мовы як дыялекты адной мовы.

т. 10, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ЗІЛЬ (Musil) Роберт (6.11.1880, г. Клагенфурт, Аўстрыя — 15.4.1942),

аўстрыйскі пісьменнік. Вучыўся ў ваен. акадэміі ў Вене, скончыў вышэйшую тэхн. школу (1901), Берлінскі ун-т (1908). З 1938 у эміграцыі (Швейцарыя). Як пісьменнік фарміраваўся пад уплывам рамантызму, рус. рэалізму, імпрэсіянізму, ням. мадэрну, філасофіі Ніцшэ. Самы значны яго твор — філас.-сатыр. раман «Чалавек без уласцівасцей» (кн. 1—3, 1930—43) — вострая сатыра на Аўстра-Венгрыю напярэдадні 1-й сусв. вайны. Аўтар рамана «Душэўныя пакуты выхаванца Цёрлеса» (1906, экранізацыя 1965), зб-каў навел «Злучэнні» (1911), «Тры жанчыны» (1924), драмы «Летуценнікі» (1921), кн. эсэ і мініяцюр «Прыжыццёвая спадчына» (1936) і інш. Яго творы адметныя глыбокім псіхалагізмам і стылявой дасканаласцю.

Тв.:

Рус. пер. — Человек без свойств: Роман. Кн. 1—2. М., 1984;

Малая проза: Избр. произв.: В 2 т. Т. 1. М., 1999.

Літ.:

Адмони В.Г. «Человек без свойств» Р.​Музиля // Адмони В.Г. Поэтика и действительность. Л., 1975;

Белобратов А.В. Роберт Музиль: Метод и роман. Л., 1990.

Е.​А.​Лявонава.

т. 11, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́ШЭР ФОН Э́РЛАХ (Fischer von Erlach) Іаган Бернхард (20.7.1656, г. Грац, Аўстрыя — 5.4.1723),

аўстрыйскі архітэктар; адзін з гал. прадстаўнікоў аўстр. позняга барока. У 1670—86 жыў у Італіі, вучыўся ў К.​Фантаны. Як архітэктар працаваў пераважна ў Зальцбургу і Вене. У Зальцбургу пабудаваў касцёлы св. Тройцы (1694—1702), калегіяльны (1696—1707), шпітальны св. Іаана (1699—1705). У Вене ўзвёў палацы прынца Яўгена Савойскага (1695—97), чэшскай прыдворнай канцылярыі (1708—14), гал. свой твор — манум. касцёл св. Карла Барамея (з 1716, завершаны яго сынам Іозефам Эмануэлем); удзельнічаў у буд-ве палаца Шонбрун (1696—1711). Сярод інш. пабудоў: палац Клам-Галас (1707—12) у Празе, Электарская капліца пры кафедральным саборы (з 1716) у Вроцлаве (Польшча). Аўтар праекта разбудовы імператарскага замка Гофбург у Вене (рэалізаваны часткова; прыдворная б-ка, 1723, цяпер Нац. б-ка), першай параўнальнай гісторыі архітэктуры — «Нарыс гістарычнай архітэктуры» (1721).

Літ.:

Sedlmayr H. Johann Bemhard Fischer von Erlach. 2 Aufl. Wien. 1976.

Н.​К.​Мазоўка.

І.Б.Фішэр фон Эрлах. Палац Шонбрун у Вене.

т. 16, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШРО́ДЫНГЕР (Schördinger) Эрвін (12.8.1887, Вена — 4.1.1961),

аўстрыйскі фізік-тэарэтык, адзін са стваральнікаў квантавай механікі. Замежны ганаровы чл. АН СССР (1934). Скончыў Венскі ун-т (1910). У 1920—38 працаваў у розных ун-тах Еўропы. З 1941 дырэктар Ін-та вышэйшых даследаванняў у Дубліне, з 1956 праф. Венскага ун-та. Навук. працы па квантавай механіцы, матэм. фізіцы, тэорыі адноснасці, атамнай фізіцы і біяфізіцы. Распрацаваў хвалевую механіку, сфармуляваў яе асн. ўраўненне (гл. Шродынгера ўраўненне), увёў паняцце хвалевай функцыі. Даказаў эквівалентнасць хвалевай механікі і матрычнай квантавай механікі В.К.Гайзенберга. Нобелеўская прэмія 1933 (з П.А.М.Дзіракам).

Тв.:

Рус. пер. — Новые пути в физике: Статьи и речи. М., 1971;

Что такое жизнь. 2 изд. М., 1972;

Избранные труды по квантовой механике. М., 1976.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 401—403;

Клайн Б.В. поисках: Физики и квантовая теория: Пер. с англ. М., 1971. С. 192—216.

А.​І.​Болсун.

Э.Шродынгер.

т. 17, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ЙРАЙТЭР (Neureiter) Фердынанд (н. 15.6.1928, Рыга),

аўстрыйскі перакладчык, папулярызатар бел. культуры. З 1937 жыве ў Аўстрыі. Скончыў класічную гімназію (1946). Вывучаў англ. і раманскія мовы, у канцы 1950-х г. бел., укр., польскую, кашубскую. У 1959—69 у Зальцбургскім нар. вячэрнім ун-це (чытаў курс лекцый па гісторыі Беларусі). Пераклаў на ням. мову асобныя вершы Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча і інш. Апублікаваў артыкулы пра Беларусь і бел. культуру: «Янка Купала — паэт з Беларусі», «Беларусь — папялушка Еўропы». Выдаў дапаможнік для нямецкамоўных студэнтаў «Беларуская анталогія: Хрэстаматыя па беларускай літаратуры» (1983). Пераклаў з бел. на ням. мову раман Ю Попкі «Свеціць у тумане» (1985), працу Р.​Астроўскага «Беларусь з X па XVI стагоддзе» (1986), прадмову Я.​Белавежскага да ням.-бел. выдання «Слова аб паходзе Ігаравым» (1987), зб. артыкулаў «Вытокі беларускай нацыі і культуры» (1988).

Літ.:

Соколовский В. Золушка Европы? Белорусская культура в Австрии и Швейцарии // Неман. 1996. № 10.

У.​Л.​Сакалоўскі.

т. 18, кн. 1, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НКУС (Minkus) Людвіг Фёдаравіч (сапр. імя Алаізій Людвіг; 23.3.1826, Вена — 7.12.1917),

аўстрыйскі скрыпач, кампазітар, педагог. Па нацыянальнасці чэх (паводле інш. звестак — паляк). Муз. адукацыю атрымаў у Вене. Працаваў пераважна ў Расіі. У 1853—55 капельмайстар хатняга аркестра кн. М.​Б.​Юсупава ў Пецярбургу, у 1861—72 саліст аркестра Вял. т-ра ў Маскве, з 1862 адначасова інспектар балетнай музыкі маскоўскіх т-раў, у 1872—90 кампазітар балетнай музыкі пры Дырэкцыі імператарскіх т-раў у Пецярбургу. У 1866—72 праф. Маскоўскай кансерваторыі. Пасля 1890 жыў у Вене. Аўтар каля 20 балетаў, у т. л. «Фіямета, або Перамога кахання» (паст. 1864), «Пахіта» (паст. 1864, разам з Э.​Дэльдэвезам), «Ручай» (паст. 1866, з Л.​Дэлібам), «Дон Кіхот» (паст. 1869), «Камарго» (паст. 1872), «Баядэрка» (паст. 1877), «Млада» і «Дачка снягоў» (паст. абодва 1879), «12 эцюдаў» і інш. п’ес для скрыпкі. Яго лепшыя балеты вызначаюцца меладычнай, яскрава танцавальнай, рытмічнай музыкай. «Вялікае класічнае па» з «Пахіты», «Дон Кіхот», «Баядэрка» і класічны акт «Цені» з яе неаднаразова ставіліся ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі.

т. 10, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАКЛЬ (Trakl) Георг (3.2.1887, г. Зальцбург, Аўстрыя — 3.11.1914),

аўстрыйскі паэт; найбуйнейшы прадстаўнік экспрэсіянізму. Як паэт фарміраваўся пад уплывам класічнай традыцыі і паэзіі 2-й пал. 19 ст. Аўтар паэт. зб-каў «Вершы» (1913), «Себасцьян у сне» (1915), аднаактовых п’ес «Скокі смерці» і «Фата Маргана» (паст. ў 1916, лічацца згубленымі), у якіх адчуванні крызіснасці і непазбежнасці скону. Т. спалучаў рэаліі сучаснасці з умоўнасцю, жывапіснасць з музычнасцю, раскрываў патаемны сэнс будзённа-звыклага. У яго паэтыцы пераважае верлібр са свабоднымі сінтакс. канструкцыямі, выкарыстанне гратэску, складанай метафорыкі, шматзначнай сімволікі, міфалагічных матываў і вобразаў. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў В.​Сёмуха.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Прыйдзі, стваральны дух. Мн., 1986;

Рус. пер. — Избранное. М., 1994;

Стихотворения. Проза. Письма. СПб., 2000.

Літ.:

Фюман Ф. Над огненной пучиной: Опыт с поэзией Г.​Тракля // Магический кристалл. М., 1988;

Дудова Л.В. Современники о творчестве Г.​Тракля // Дудова Л.В., Михальская Н.П., Трыков В.П. Модернизм в зарубежной литературе. М., 1998;

Гугнин А.А. Георг Тракль // Гугнин А.А. Австрийская литература XX в. Новополоцк;

М., 2000.

Е.​А.​Лявонава.

Тракененская парода коней.

т. 15, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)