МІ́НКУС (Minkus) Людвіг Фёдаравіч
(сапр. імя Алаізій Людвіг; 23.3.1826, Вена — 7.12.1917),
аўстрыйскі скрыпач, кампазітар, педагог. Па нацыянальнасці чэх (паводле інш. звестак — паляк). Муз. адукацыю атрымаў у Вене. Працаваў пераважна ў Расіі. У 1853—55 капельмайстар хатняга аркестра кн. М.Б.Юсупава ў Пецярбургу, у 1861—72 саліст аркестра Вял. т-ра ў Маскве, з 1862 адначасова інспектар балетнай музыкі маскоўскіх т-раў, у 1872—90 кампазітар балетнай музыкі пры Дырэкцыі імператарскіх т-раў у Пецярбургу. У 1866—72 праф. Маскоўскай кансерваторыі. Пасля 1890 жыў у Вене. Аўтар каля 20 балетаў, у т.л. «Фіямета, або Перамога кахання» (паст. 1864), «Пахіта» (паст. 1864, разам з Э.Дэльдэвезам), «Ручай» (паст. 1866, з Л.Дэлібам), «Дон Кіхот» (паст. 1869), «Камарго» (паст. 1872), «Баядэрка» (паст. 1877), «Млада» і «Дачка снягоў» (паст. абодва 1879), «12 эцюдаў» і інш. п’ес для скрыпкі. Яго лепшыя балеты вызначаюцца меладычнай, яскрава танцавальнай, рытмічнай музыкай. «Вялікае класічнае па» з «Пахіты», «Дон Кіхот», «Баядэрка» і класічны акт «Цені» з яе неаднаразова ставіліся ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі.
т. 10, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)