УСМО́КТВАННЕ, рэзорбцыя,

пераход рэчываў праз клетачныя элементы жывёльных тканак у кроў і лімфу. Адбываецца пераважна ў стрававальным тракце, таксама з поласці лёгкіх, плеўры, маткі, мачавога пузыра, з паверхні скуры, слізістых абалонак і інш. Найб. спецыялізаванае — У. ў кішэчніку пазваночных праз варсінкі або мікраварсінкі эпітэліяльных клетак.

Большасць высокамалекулярных пажыўных рэчываў перад У. ферментатыўна гідралізуецца і ператвараецца ў простыя злучэнні (напр., бялкі — у амінакіслоты, вугляводы — у монацукрыды). Праз клетачныя мембраны рэчывы пранікаюць пасіўна (дыфузія, фільтрацыя, электраосмас і інш.) і актыўна — з удзелам спец. пераносчыкаў і з затратай энергіі. У працэсе У. ўдзельнічаюць клетачныя арганоіды — мітахондрыі, комплекс Гольджы, эндаплазматычная сетка. Парушэнне У. прыводзіць да знясілення арганізма. Адваротнае У. адбываецца ў сакраторных і экскрэторных органах (напр., у ныркавых канальцах пры мочаўтварэнні). Гл. таксама Біялагічныя мембраны, Транспарт рэчываў.

Літ.:

Физиология всасывания. Л., 1977.

А.​С.​Леанцюк.

т. 16, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФА́РБЫ,

аднародныя суспензіі мінер. або арган. пігментаў ці іх сумесей з напаўняльнікамі ў сувязных — плёнкаўтваральных рэчывах; від лакафарбавых матэрыялаў. Многія Ф. маюць таксама растваральнікі, сікатывы, пластыфікатары, стабілізатары і інш. Пасля высыхання Ф. ўтвараюць трывалыя непразрыстыя пакрыцці (гл. Лакафарбавыя пакрыцці).

Паводле віду сувязнага адрозніваюць алейныя фарбы (сувязнае — пакосты), эмалевыя фарбы (лакі), сілікатныя фарбы (вадкае шкло), клеявыя фарбы (водныя растворы расл. і жывёльных кляёў), эмульсійныя фарбы (водныя эмульсіі высыхальных алеяў або алкідных смол, водныя дысперсіі сінт. палімераў). Асобны від Ф. — парашковыя фарбы (аэрадысперсіі). Падзяляюць таксама паводле галін выкарыстання, напр., Ф. аўтамаб., буд., паліграф., маст. (гл. Фарбы мастацкія). Выкарыстоўваюць для ахоўнай і дэкаратыўнай афарбоўкі металу, дрэва, бетону, пластмас і інш. матэрыялаў, а таксама Ф. спец. прызначэння — люмінесцэнтныя, тэрмаадчувальныя, антыкаразійныя і інш. Гл. таксама Лакафарбавая прамысловасць.

А.​І.​Валожын.

т. 16, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕРАСПЛА́ВЫ (ад фера... + сплавы),

сплавы жалеза з крэмніем, марганцам, хромам, тытанам і інш. элементамі. Да Ф. адносяць таксама некаторыя сплавы, у якіх ёсць жалеза ў выглядзе дамешкаў (напр., сілікаалюміній, сілікакальцый) і некаторыя металы і неметалы ў тэхнічна чыстым стане (метал. марганец, метал. хром, крышт. крэмній).

Ф. атрымліваюць з руд або рудных канцэнтратаў плаўленнем у эл. печах або ў плавільных шахтах (горнах) з флюсам і ўзнаўляльнікам (звычайна вуглярод, крэмній або алюміній). Невял. колькасці Ф. атрымліваюць у доменных печах. Ф. з паніжанай колькасцю дамешкаў (рафінаваныя Ф.) атрымліваюць выдаленнем са сплаваў-паўпрадуктаў вугляроду і крэмнію рафінаваннем у эл. печах, рэактарах, канвертарах або спец. вакуумных устаноўках. Найважнейшыя з Ф.: ферасіліцый, ферахром, ферамарганец, феравальфрам, ферамалібдэн, фераванадый, фератытан, ферасілікацырконій, фераніобій, ферабор, ферафосфар. Выкарыстоўваюцца пераважна для раскіслення металаў і легіравання сталей.

А.​П.​Ласкаўнёў.

т. 16, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОТАТЫ́ПІЯ (ад фота... + грэч. typos адбітак, форма),

спосаб бязрастравага плоскага друку, заснаваны на зменах фізіка-хім. уласцівасцей святлоадчувальнага слоя: таксама адбітак, атрыманы гэтым спосабам. Дае найб. дакладнае ўзнаўленне адна- і шматколерных паўтонавых арыгіналаў (акварэлей, карцін алейнага жывапісу, алоўкавых малюнкаў). Распрацаваны франц. хімікам А.​Пуатвенам (1855).

Робіцца з дапамогай спец. друкарскіх форм. на шкляныя або метал. пласціны якіх нанесены роўназярністы святлоадчувальны слой з жэлаціну, дыхрамату калію ці амонію. Светлавым патокам на гэты слой капіруюць відарыс з негатыва, у выніку асобныя ўчасткі слоя задубліваюцца ў рознай ступені. Прамыванне пласцін вадой выяўляе негатыўны відарыс. паглыбленні паміж рэльефнымі месцамі якога служаць друкавальнымі элементамі формы. Для друкавання выкарыстоўваюцца плоскадрукавальныя і ратацыйныя (кантактныя і афсетныя) машыны. Распрацаваны таксама спосаб афсетнай Ф. (на алюмініевых пласцінах).

Літ.:

Полянский Н.Н. Основы полиграфического производства. 2 изд. М., 1991.

У.​М.​Сацута.

т. 16, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНЫШО́ВА ТЭА́ТРЫ,

1) бел. тэатральная трупа ў 18—1-й пал. 19 ст. Існавала ў рэзідэнцыі графа З.​Р.​Чарнышова ў г. Чачэрск Гомельскай вобл. да 1802, аркестр да 1828. Складалася з прыгонных спевакоў, хору, аркестра, мела спец. тэатр. памяшканне. Часам у спектаклях разам з прыгоннымі акцёрамі выступалі аматары-дваране (опера «Новая сям’я» Фрэйліха на лібрэта С.​Вязміцінава, 1787).

2) Тэатральны будынак (арх. Брыгонзі) у г. Магілёў, узведзены паводле загаду Чарнышова ў 1780 каля ген.-губернатарскага палаца на Гандлёвай плошчы. Паказы ў тэатры пачалі італьян. опера («Фальшывы астраном», «Фраскатанка», «Апошняя палюбоўніца» Дж.​Паізіела) і прыдворная капэла з Пецярбурга. Прыгонны аркестр Чарнышова (паводле складу малы сімфанічны) суправаджаў спектаклі, іграў на балях, прыдворных святах. Паводле некат. звестак, у 1789 была паказана камедыя Буасі «Французы ў Лондане».

т. 17, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫГУ́НАЧНЫ ПУЦЬ,

комплекс інжынерных збудаванняў і ўладкаванняў у паласе адводу, якія ўтвараюць дарогу з накіравальнай чыгуначнай каляёй для руху цягнікоў. Бываюць галоўныя, бакавыя, станцыйныя і інш. Выкарыстоўваецца на чыгунках, метрапалітэне, прамысл. прадпрыемствах і інш.

Асн. элементы Ч.п.: верхняя будова, якая ўспрымае нагрузку ад трансп. сродкаў і перадае яе на земляное палатно і грунтавую аснову (уключае чыг. рэйкі і іх мацаванні, стрэлачныя пераводы, шпалы, пераводныя і маставыя брусы, баластавы слой, проціўгоны і інш.); земляное палатно і штучныя збудаванні (чыгуначныя масты, тунэлі, цягавыя падстанцыі, водапрапускныя трубы, дзюкеры, дамбы, фільтравальныя насыпы і інш.). Ч.п. мае спец. ахоўныя збудаванні, сігнальныя і пуцявыя знакі. Для злучэння і развіцця Ч.п. робяцца стрэлачныя вуліцы, з’езды, паваротныя трохвугольнікі, сартавальныя горкі і інш.

І.​І.​Леановіч.

Чыгуначны пуць: 1 — земляное палатно; 2 — баластны слой; 3 — шпалы; 4 — рэйкі.

т. 17, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭК (англ. check),

грашовы дакумент устаноўленай формы; адзін з відаў каштоўных папер. Друкуецца на спец. паперы са ступенямі аховы. З’яўляецца распараджэннем чэкадаўца (асобы, якая выпісала Ч.) банку або інш. крэдытнай установе аб выплаце ўказанай у Ч. сумы грошай трымальніку Ч. (асобе, якой выдадзены Ч.). Гэта сума здымаецца з чэкавага рахунку чэкадаўца ў банку і пераводзіцца або выдаецца банкам чэкатрымальніку; банк можа аплаціць Ч. і за кошт крэдыту чэкадаўца. Ч. бываюць імянныя (на пэўную асобу), ордэрныя (на карысць якой-н. асобы), прад’яўнічыя (на прад’яўніка). Ч. сапраўдны на працягу пэўнага тэрміну. Для разлікаў паміж банкамі выкарыстоўваюцца Ч. банкаўскія. Таксама Ч. наз. квітанцыю касы аб прыёме грошай ад пакупніка ў рознічным гандлі, якая сведчыць пра аплату і дае магчымасць атрымаць пакупку. Дзейнічае ў межах крамы, дзе ён аплачаны.

т. 17, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛАДЭ́Я (Elodea),

род кветкавых раслін сям. жабнікавых. 18 відаў. Пашыраны ва ўмераным і трапічным паясах Амерыкі. У сярэдзіне 19 ст. Э. канадская (E. canadensis) трапіла ў Еўропу, дзе хутка пашырылася (адсюль назвы «вадзяная чума», «вадзяная зараза»), пранікла ў Азію і Аўстралію. На Беларусі трапляецца ў рэках, азёрах, сажалках, канавах, утварае зараснікі.

Э. канадская — шматгадовая травяністая, апушчаная ў ваду расліна. Сцёблы галінастыя. Празрыстае лісце падоўжанае, вострае, дробназубчастае, пераважна кальчаковае. Кветкі дробныя, адзіночныя, на доўгіх кветаножках, ва ўмовах Беларусі — толькі песцікавыя, якія не даюць насення. Размнажэнне вегетатыўнае. Да зімы расліна на спец. парастках утварае пупышкі і маладое дробнае лісце і апускаецца на дно вадаёма, дзе зімуе. Масавае развіццё Э. перашкаджае рыбнай лоўлі, суднаходству. Зялёную масу выкарыстоўваюць на корм і зялёнае ўгнаенне. Некат. віды вырошчваюць у акварыумах.

т. 18, кн. 1, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЦЕ́М’ЕЎ Уладзімір Андрэевіч (6.7.1885, С.-Пецярбург, Расія — 11.9.1962),

расійскі канструктар у галіне ракетнай тэхнікі; адзін са стваральнікаў рэактыўнай артылерыі. Скончыў Аляксееўскае ваен. вучылішча ў Маскве (1911). З 1921 у спец. НДІ Масквы і Ленінграда, з 1945 канструктар шэрагу н.-д. і праектных ін-таў, распрацоўшчык новых узораў ракетных снарадаў. Прапанаваў новы састаў бяздымнага пораху для рухавікоў ракет (1924), ажыццявіў запуск першай сав. ракеты на бяздымным пораху (1928). Прымаў удзел у распрацоўцы ракетных снарадаў для мінамётаў «Кацюша», самалётных пускавых установак, глыбінных бомбаў для барацьбы з падводнымі лодкамі. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943. Яго імем названы кратэр на адваротным баку Месяца.

Літ.:

Экономов Л.А. Повелители огненных стрел. М., 1964;

Голованов Я. Дорога на космодром. М., 1982;

Глушко В.П. Развитие ракетостроения и космонавтики в СССР. 3 изд. М., 1987.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 18, кн. 1, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НАЎ Раальд Леанідавіч (н. 28.12.1933, г. Барысаў Мінскай вобл.),

расійскі інжынер-будаўнік і вынаходнік. Д-р тэхн. н. (2001). Скончыў Горкаўскі інж.-буд. ін-т (1964). З 1967 на кіруючых пасадах буд. і н.-д. арг-цый Беларусі. Латвіі, Масквы. З 1985 нач. Цэнтр. эксперым.-вытв. базы пры Дзяржбудзе СССР. У 1993—98 старшыня к-та буд. тэхналогій пры Дзяржбудзе Расіі, гал. інжынер праектаў па аднаўленні помнікаў архітэктуры. Навук.-тэхн. распрацоўкі і вынаходніцтвы ў галіне эканам. арміравання жал.-бетонных канструкцый, спец. дарожных пакрыццяў, распрацоўкі і рэалізацыі тыпавых праектаў мадэрнізацыі жылых будынкаў. Удзельнічае ў аднаўленні помнікаў бел. архітэктуры, у т. л. Міхайлаўскай царквы (17 ст.) у в. Чарэя Чашніцкага р-на Віцебскай вобл. (з 2000). Аўтар артыкулаў па гісторыі бел. архітэктуры. Прэмія СМ Латвіі 1973.

т. 18, кн. 1, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)