ФОТАТЫ́ПІЯ (ад фота... + грэч. typos адбітак, форма),

спосаб бязрастравага плоскага друку, заснаваны на зменах фізіка-хім. уласцівасцей святлоадчувальнага слоя: таксама адбітак, атрыманы гэтым спосабам. Дае найб. дакладнае ўзнаўленне адна- і шматколерных паўтонавых арыгіналаў (акварэлей, карцін алейнага жывапісу, алоўкавых малюнкаў). Распрацаваны франц. хімікам А.​Пуатвенам (1855).

Робіцца з дапамогай спец. друкарскіх форм. на шкляныя або метал. пласціны якіх нанесены роўназярністы святлоадчувальны слой з жэлаціну, дыхрамату калію ці амонію. Светлавым патокам на гэты слой капіруюць відарыс з негатыва, у выніку асобныя ўчасткі слоя задубліваюцца ў рознай ступені. Прамыванне пласцін вадой выяўляе негатыўны відарыс. паглыбленні паміж рэльефнымі месцамі якога служаць друкавальнымі элементамі формы. Для друкавання выкарыстоўваюцца плоскадрукавальныя і ратацыйныя (кантактныя і афсетныя) машыны. Распрацаваны таксама спосаб афсетнай Ф. (на алюмініевых пласцінах).

Літ.:

Полянский Н.Н. Основы полиграфического производства. 2 изд. М., 1991.

У.​М.​Сацута.

т. 16, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)