ЧЭК (англ. check),
грашовы дакумент устаноўленай формы; адзін з відаў каштоўных папер. Друкуецца на спец. паперы са ступенямі аховы. З’яўляецца распараджэннем чэкадаўца (асобы, якая выпісала Ч.) банку або інш. крэдытнай установе аб выплаце ўказанай у Ч. сумы грошай трымальніку Ч. (асобе, якой выдадзены Ч.). Гэта сума здымаецца з чэкавага рахунку чэкадаўца ў банку і пераводзіцца або выдаецца банкам чэкатрымальніку; банк можа аплаціць Ч. і за кошт крэдыту чэкадаўца. Ч. бываюць імянныя (на пэўную асобу), ордэрныя (на карысць якой-н. асобы), прад’яўнічыя (на прад’яўніка). Ч. сапраўдны на працягу пэўнага тэрміну. Для разлікаў паміж банкамі выкарыстоўваюцца Ч. банкаўскія. Таксама Ч. наз. квітанцыю касы аб прыёме грошай ад пакупніка ў рознічным гандлі, якая сведчыць пра аплату і дае магчымасць атрымаць пакупку. Дзейнічае ў межах крамы, дзе ён аплачаны.
т. 17, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)