АРЦЕ́М’ЕЎ Уладзімір Андрэевіч (6.7.1885, С.-Пецярбург, Расія — 11.9.1962),
расійскі канструктар у галіне ракетнай тэхнікі; адзін са стваральнікаў рэактыўнай артылерыі. Скончыў Аляксееўскае ваен. вучылішча ў Маскве (1911). З 1921 у спец. НДІ Масквы і Ленінграда, з 1945 канструктар шэрагу н.-д. і праектных ін-таў, распрацоўшчык новых узораў ракетных снарадаў. Прапанаваў новы састаў бяздымнага пораху для рухавікоў ракет (1924), ажыццявіў запуск першай сав. ракеты на бяздымным пораху (1928). Прымаў удзел у распрацоўцы ракетных снарадаў для мінамётаў «Кацюша», самалётных пускавых установак, глыбінных бомбаў для барацьбы з падводнымі лодкамі. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943. Яго імем названы кратэр на адваротным баку Месяца.
Літ.:
Экономов Л.А. Повелители огненных стрел. М., 1964;
Голованов Я. Дорога на космодром. М., 1982;
Глушко В.П. Развитие ракетостроения и космонавтики в СССР. 3 изд. М., 1987.
М.М.Касцюковіч.
т. 18, кн. 1, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)