ФЕРАСПЛА́ВЫ (ад фера... + сплавы),
сплавы жалеза з крэмніем, марганцам, хромам, тытанам і інш. элементамі. Да Ф. адносяць таксама некаторыя сплавы, у якіх ёсць жалеза ў выглядзе дамешкаў (напр., сілікаалюміній, сілікакальцый) і некаторыя металы і неметалы ў тэхнічна чыстым стане (метал. марганец, метал. хром, крышт. крэмній).
Ф. атрымліваюць з руд або рудных канцэнтратаў плаўленнем у эл. печах або ў плавільных шахтах (горнах) з флюсам і ўзнаўляльнікам (звычайна вуглярод, крэмній або алюміній). Невял. колькасці Ф. атрымліваюць у доменных печах. Ф. з паніжанай колькасцю дамешкаў (рафінаваныя Ф.) атрымліваюць выдаленнем са сплаваў-паўпрадуктаў вугляроду і крэмнію рафінаваннем у эл. печах, рэактарах, канвертарах або спец. вакуумных устаноўках. Найважнейшыя з Ф.: ферасіліцый, ферахром, ферамарганец, феравальфрам, ферамалібдэн, фераванадый, фератытан, ферасілікацырконій, фераніобій, ферабор, ферафосфар. Выкарыстоўваюцца пераважна для раскіслення металаў і легіравання сталей.
А.П.Ласкаўнёў.
т. 16, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)