ЭЛАДЭ́Я (Elodea),
род кветкавых раслін сям. жабнікавых. 18 відаў. Пашыраны ва ўмераным і трапічным паясах Амерыкі. У сярэдзіне 19 ст. Э. канадская (E. canadensis) трапіла ў Еўропу, дзе хутка пашырылася (адсюль назвы «вадзяная чума», «вадзяная зараза»), пранікла ў Азію і Аўстралію. На Беларусі трапляецца ў рэках, азёрах, сажалках, канавах, утварае зараснікі.
Э. канадская — шматгадовая травяністая, апушчаная ў ваду расліна. Сцёблы галінастыя. Празрыстае лісце падоўжанае, вострае, дробназубчастае, пераважна кальчаковае. Кветкі дробныя, адзіночныя, на доўгіх кветаножках, ва ўмовах Беларусі — толькі песцікавыя, якія не даюць насення. Размнажэнне вегетатыўнае. Да зімы расліна на спец. парастках утварае пупышкі і маладое дробнае лісце і апускаецца на дно вадаёма, дзе зімуе. Масавае развіццё Э. перашкаджае рыбнай лоўлі, суднаходству. Зялёную масу выкарыстоўваюць на корм і зялёнае ўгнаенне. Некат. віды вырошчваюць у акварыумах.
т. 18, кн. 1, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)