РАВЕНСБРУ́К (Ravensbrück),
нацысцкі канцэнтрацыйны лагер у Германіі ў 2-ю сусв. вайну. Існаваў у 1939—45 каля г. Фюрстэнберг (цяпер тэр. б. лагера ў межах горада). Напачатку прызначаўся для зняволення ням. жанчын-антыфашыстак, з 1940 міжнар. жаночы канцлагер, у 1941 побач пабудаваны канцлагер для мужчын. Тут адначасова знаходзілася да 35 тыс. вязняў. Іх праца эксплуатавалася на патрэбы ваен. з-даў Сіменса і спец. прадпрыемстваў СС. У 1942—44 нацысты праводзілі над вязнямі злачынныя мед. эксперыменты. У лагеры дзейнічалі антыфаш. групы Супраціўлення. Усяго праз лагер прайшло 132—135 тыс. жанчын і дзяцей 23 нацыянальнасцей; знішчана 92—93 тыс. жанчын і дзяцей, 1617 мужчын. Ацалелыя 23—40 тыс. вязняў вызвалены сав. войскамі 30.4—1.5.1945. У 1959 на тэр. б. лагера створаны мемарыяльны музей і ўстаноўлены манумент ахвярам нацысцкага тэрору.
А.С.Клімовіч.
т. 13, с. 191
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАБІЛІТА́ЦЫЯ (ад позналац. rehabilitatio аднаўленне),
аднаўленне ў правах. Паводле права Рэспублікі Беларусь Р. асобы, якая прыцягвалася ў якасці абвінавачанага ці была прызнана вінаватай паводле прыгавору суда, або прыцягвалася да адм. адказнасці і панесла адм. спагнанне, лічыцца вынясенне апраўдальнага прыгавору пры пераглядзе справы, пастановы (вызначэння) пра спыненне справы за адсутнасцю падзеі злачынства, за адсутнасцю саставу злачынства або за недаказанасцю ўдзелу ва ўчыненні злачынства, а таксама пастанова пра спыненне справы аб адм. правапарушэнні. Суправаджаецца кампенсацыяй шкоды, прычыненай незаконным прыцягненнем да адказнасці. Шэраг асаблівасцей мае Р. ахвяр паліт. рэпрэсій. Паводле заканадаўства рэабілітаваныя асобы аднаўляюцца ў страчаных імі ў сувязі з рэпрэсіямі сац.-паліт. і грамадзянскіх правах, воінскіх і спец. званнях, ім вяртаюцца дзярж. ўзнагароды, даюцца льготы, выплачваюцца кампенсацыі і да т.п. Гл. таксама Рэпрэсіі палітычныя ў СССР.
т. 13, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЮ́Т [франц. salut ад лац. salus (salutis) віншаванне, прывітанне],
1) урачыстая форма прывітання або аддачы пашаны артыл. і ружэйнымі залпамі, а ў ВМФ (ВМС) таксама флагамі, феерверкам і інш. прыёмамі. Праводзіцца ў азнаменаванне ўрачыстых дат, дзярж. (нац.) свят і інш. (урачысты С.), у час афіц. цырымоній сустрэч кіраўнікоў замежных дзяржаў і ўрадаў (С. нацый — 21 артыл. выстрал або залп), у гонар дзярж. і ваен. дзеячаў (асабісты С.), пры пахаванні дзярж. дзеячаў, ваеннаслужачых і асоб, якія маюць пэўныя заслугі (жалобны С.). Аддаюцца таксама С. ваен. караблям (злучэнням караблёў) пры іх прыбыцці ў замежны порт або ваен.-марскую базу з афіц. візітам і інш. Прымяненне, парадак правядзення і сродкі С. прадугледжаны спец. палажэннямі, статутамі, міжнар. канвенцыямі і інш. 2) Прывітанне падняццем рукі ў некат. грамадскіх і паліт. арг-цыях (напр., піянерскі С.).
т. 14, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМЯРО́ТНАСЦЬ,
змяншэнне насельніцтва ў выніку смерці. Залежыць ад матэрыяльнага і культ. ўзроўню насельніцтва, ладу жыцця, харчавання і інш. С. сярод мужчын усіх узростаў больш высокая, чым сярод жанчын. Ацэньваецца па агульным паказчыку (колькасць памерлых за 1 год на 1 тыс. сярэднегадавой колькасці насельніцтва) і спец. каэфіцыентах (С. дзіцячая, мацярынская, у залежнасці ад сямейнага становішча і інш.). Паводле крытэрыяў Сусв. арг-цыі аховы здароўя узровень агульнай С. да 9‰ (9 выпадкаў на 1 тыс. нас.) — нізкі, 9—15‰ — сярэдні, больш за 15‰ — высокі. Найб. частыя прычыны агульнай С. — хваробы кровазвароту (каля 50‰), злаякасныя новаўтварэнні (15—18‰), старасць, няшчасныя выпадкі, атручэнні, хваробы органаў дыхання і інш. На Беларусі агульная С. складала 25,5‰. У 1913, 6,6‰ у 1960-я г., 13,5‰ у 1998, 11,3‰ у 1998.
І.М.Семяненя.
т. 15, с. 65
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́ШНАЕ ПІСЬМО́,
апісанне зямельных уладанняў у гарадах і сельскіх мясцовасцях для пазямельнага абкладання ў Расіі 15—17 ст. Прадугледжвала вымярэнне зямельных плошчаў (у гарадах — забудаваных дварамі), перавод атрыманых звестак ва ўмоўныя падатковыя адзінкі — сохі (гл. Саха) і вызначэнне на гэтай аснове памеру прамых падаткаў — т.зв. пасошнага. Тэхніка С.п. (ажыццяўлялася спец. пісцом з падначаленымі яму пад’ячымі) змянялася ў адпаведнасці са зменай паняцця «саха» і набыла ўстойлівыя формы ў 16—17 ст. у кнігах сошнага пісьма. Поўныя апісанні гарадоў і паветаў з іх насельніцтвам, дварамі і катэгорыямі землеўладання складалі пісцовыя кнігі. У 1646 адзінкай для вылічэння пасошнага стаў двор і замест пісцовых кніг пачалі складаць перапісныя кнігі, якія ўтрымлівалі толькі перапіс двароў і іх насельніцтва, а ў 1679 двор стаў і адзінкай падаткаабкладання (гл. Падворнае абкладанне).
т. 15, с. 92
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАБІЛІЗА́ЦЫЯ ПАЛІМЕ́РАЎ,
сукупнасць метадаў, што выкарыстоўваюць для захавання комплексу ўласцівасцей палімераў і палімерных матэрыялаў пры іх перапрацоўцы, працяглым захоўванні і эксплуатацыі. Асн. спосаб С.п. — увядзенне стабілізатараў.
Паводле механізму дзеяння стабілізатараў адрозніваюць ланцуговую (гл. Ланцуговыя хімічныя рэакцыі) і неланцуговую стабілізацыю. Ланцуговая С.п. (ланцуговае інгібіраванне) звязана з дэзактывацыяй актыўных цэнтраў ланцуговага працэсу; назіраецца пры тэрмаакісляльнай дэструкцыі палімераў пры 250—300 °C, калі стабілізатары (напр., фенолы, аміны, нафтолы) абрываюць ланцугі акіслення. Неланцуговая С.п. скіравана на дэзактывацыю рэчываў, што прымаюць удзел у любых рэакцыях, якія прыводзяць да старэння палімераў. Часам С.п. дасягаецца змяненнем надмалекулярнай структуры палімера (т.зв. структурная стабілізацыя) з дапамогай спец. дабавак, тэрмічнай апрацоўкі матэрыялу і шляхам мех. ўздзеяння (арыентацыі).
Літ.:
Грасси Н., Скотт Дж. Деструкция и стабилизация полимеров: Пер. с англ. М., 1988.
М.Р.Пракапчук.
т. 15, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАЎРО́Ў Васіль Пятровіч (н. 1.9.1940, г. Кушва Свярдлоўскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне механікі кампазіцыйных матэрыялаў. Д-р тэхн. н. (1981), праф. (1984). Скончыў Чэлябінскі політэхн. ін-т (1962). З 1970 у Гомельскім ун-це (заг. кафедры), з 1981 рэктар Гомельскага політэхн. ін-та. У 1985—91 першы нам. міністра вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі, у 1994—96 — міністра адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь і старшыня К-та па навуцы і тэхналогіях. У 1991—94 і з 1997 у Бел. тэхнал. ун-це (заг. кафедры). Навук. працы па статыст. механіцы кампазіцыйных матэрыялаў, тэорыі пултрузійнай тэхналогіі (метад працяжкі) вытв-сці палімерных валакністых кампазітаў, распрацоўцы метадаў кіравання працэсамі формаўтварэння вырабаў з іх.
Тв.:
Механика композиционных материалов. Мн., 1996;
Конструирование и расчет изделий из композиционных материалов. Мн., 1999.
М.П.Савік.
т. 15, с. 180
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУКМА́НАЎ Вадзім Мікалаевіч (17.11.1938, с. Ваздзвіжанка Усурыйскага р-на Прыморскага краю, Расія — 28.9.1995),
бел. кінарэжысёр. Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1961). З 1961 на Мінскай студыі навук.-папулярных і хранік.-дакумент. фільмаў, з 1968 на кінастудыі «Беларусьфільм». Творчасць адметная арган. спалучэннем публіцыстычнай завостранасці і вобразнай выразнасці, разнастайнасцю тэматыкі. Сярод работ: «Дачка партыі» (1961, пра В.Харужую), «Праз дзесяць гадоў, або Надзеі і трывогі 10 «А» (1973, з Р.Ясінскім; прэмія Ленінскага камсамола Беларусі; спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Ньёне, Швейцарыя; усе 1974), «Вялікая дыяганаль» [1976, прызы міжнар. кінафестываляў спарт. фільмаў, Блетчлэй (Англія), Будапешт, абодва 1977], «Дзядзька Якуб» (1981), «Астравы капітана Маўра» (1983), «Вяртанне ў першы снег» (1985) «Леў Сапега, канцлер» (з Ясінскім), «Пад знакам Пагоні» (абодва 1992), «Вечны выгнаннік» (1993), «Віленскі зборнік» (1994) і інш.
т. 15, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕКІРАВА́ННЕ,
кіраванне аб’ектамі на адлегласці з дапамогай спец. тэлемех. сродкаў; састаўная частка тэлемеханікі. Выкарыстоўваецца ў прам-сці, на транспарце, у энергетыцы, ваен. справе і інш.
Найб. пашыраны сістэмы Т. з перадачай дыскрэтных двух- (напр., тыпу «ўключана» — «выключана») і шматпазіцыйных каманд, а таксама з перадачай неперарыўных каманд (тэлерэгуляванне; напр., Т. касм. апаратамі). На дыспетчарскім пункце сістэмы Т. ўстаноўлены органы аўтам. ці ручнога кіравання аб’ектамі, кадзіравальнае і перадавальнае прыстасаванні. На аб’екце кіравання — прыёмнае і дэкадзіравальнае прыстасаванні, выхадны сігнал з якіх праз пераўтваральнік уздзейнічае на адпаведны выхадны ланцуг. Т. суправаджаецца кантролем выканання каманд сродкамі тэлесігналізацыі і тэлевымярэння. Сістэма Т. ў спалучэнні са сродкамі аўтаматыкі дае магчымасць ажыццяўляць аўтам. кіраванне на адлегласці машынамі і ўстаноўкамі без дзяжурнага персаналу і ствараць вытв. комплексы з цэнтралізаваным кіраваннем. Гл. таксама Тэлекантроль.
Я.Г.Анацкі, М.І.Сарока.
т. 16, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УВА́ГА,
засяроджанасць псіхічнай дзейнасці суб’екта ў пэўны момант часу на якім-небудзь рэальным або ідэальным аб’екце (прадмеце, падзеі, вобразе, разважанні і інш.). Вылучаюць 3 віды У. Мімавольная У. (найб. простая і генет. першапачатковая) мае пасіўны характар, бо навязваецца суб’екту знешнімі падзеямі. Фізіялагічнае праяўленне гэтага віду У. — арыенціровачная рэакцыя. Пры адвольнай У. дзейнасць кіруецца свядомымі намерамі суб’екта і патрабуе з яго боку валявых намаганняў. Яна мае актыўны характар, складаную структуру, апасродкаваную сацыяльна выпрацаванымі спосабамі арганізацыі паводзін і камунікацыі; звязана з прац. дзейнасцю. Пры постадвольнай У. захоўваецца адпаведнасць накіраванасці дзейнасці свядома прынятым мэтам, аднак яе выкананне не патрабуе спец. разумовых намаганняў і абмежавана ў часе толькі стомленасцю ці знясіленнем рэсурсаў арганізма. Да характарыстык У., вызначаных шляхам эксперым. даследаванняў, належаць выбіральнасць, аб’ём, устойлівасць, магчымасць размеркавання і пераключальнасць.
т. 16, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)