РЭАБІЛІТА́ЦЫЯ (ад позналац. rehabilitatio аднаўленне),

аднаўленне ў правах. Паводле права Рэспублікі Беларусь Р. асобы, якая прыцягвалася ў якасці абвінавачанага ці была прызнана вінаватай паводле прыгавору суда, або прыцягвалася да адм. адказнасці і панесла адм. спагнанне, лічыцца вынясенне апраўдальнага прыгавору пры пераглядзе справы, пастановы (вызначэння) пра спыненне справы за адсутнасцю падзеі злачынства, за адсутнасцю саставу злачынства або за недаказанасцю ўдзелу ва ўчыненні злачынства, а таксама пастанова пра спыненне справы аб адм. правапарушэнні. Суправаджаецца кампенсацыяй шкоды, прычыненай незаконным прыцягненнем да адказнасці. Шэраг асаблівасцей мае Р. ахвяр паліт. рэпрэсій. Паводле заканадаўства рэабілітаваныя асобы аднаўляюцца ў страчаных імі ў сувязі з рэпрэсіямі сац.-паліт. і грамадзянскіх правах, воінскіх і спец. званнях, ім вяртаюцца дзярж. ўзнагароды, даюцца льготы, выплачваюцца кампенсацыі і да т.п. Гл. таксама Рэпрэсіі палітычныя ў СССР.

т. 13, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)