ТЭЛЕКІРАВА́ННЕ,

кіраванне аб’ектамі на адлегласці з дапамогай спец. тэлемех. сродкаў; састаўная частка тэлемеханікі. Выкарыстоўваецца ў прам-сці, на транспарце, у энергетыцы, ваен. справе і інш.

Найб. пашыраны сістэмы Т. з перадачай дыскрэтных двух- (напр., тыпу «ўключана» — «выключана») і шматпазіцыйных каманд, а таксама з перадачай неперарыўных каманд (тэлерэгуляванне; напр., Т. касм. апаратамі). На дыспетчарскім пункце сістэмы Т. ўстаноўлены органы аўтам. ці ручнога кіравання аб’ектамі, кадзіравальнае і перадавальнае прыстасаванні. На аб’екце кіравання — прыёмнае і дэкадзіравальнае прыстасаванні, выхадны сігнал з якіх праз пераўтваральнік уздзейнічае на адпаведны выхадны ланцуг. Т. суправаджаецца кантролем выканання каманд сродкамі тэлесігналізацыі і тэлевымярэння. Сістэма Т. ў спалучэнні са сродкамі аўтаматыкі дае магчымасць ажыццяўляць аўтам. кіраванне на адлегласці машынамі і ўстаноўкамі без дзяжурнага персаналу і ствараць вытв. комплексы з цэнтралізаваным кіраваннем. Гл. таксама Тэлекантроль.

Я.​Г.​Анацкі, М.​І.​Сарока.

т. 16, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)