РАВЕНСБРУ́К (Ravensbrück),

нацысцкі канцэнтрацыйны лагер у Германіі ў 2-ю сусв. вайну. Існаваў у 1939—45 каля г. Фюрстэнберг (цяпер тэр. б. лагера ў межах горада). Напачатку прызначаўся для зняволення ням. жанчын-антыфашыстак, з 1940 міжнар. жаночы канцлагер, у 1941 побач пабудаваны канцлагер для мужчын. Тут адначасова знаходзілася да 35 тыс. вязняў. Іх праца эксплуатавалася на патрэбы ваен. з-даў Сіменса і спец. прадпрыемстваў СС. У 1942—44 нацысты праводзілі над вязнямі злачынныя мед. эксперыменты. У лагеры дзейнічалі антыфаш. групы Супраціўлення. Усяго праз лагер прайшло 132—135 тыс. жанчын і дзяцей 23 нацыянальнасцей; знішчана 92—93 тыс. жанчын і дзяцей, 1617 мужчын. Ацалелыя 23—40 тыс. вязняў вызвалены сав. войскамі 30.4—1.5.1945. У 1959 на тэр. б. лагера створаны мемарыяльны музей і ўстаноўлены манумент ахвярам нацысцкага тэрору.

А.​С.​Клімовіч.

т. 13, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)