ЗЕЛЯЗЕ́Й (Віктар Адамавіч) (8.6.1881, Мінск — пасля 1951),
удзельнік бел.нац. руху пач. 20 ст. З 1903 адзін з кіраўнікоў арг-цыі Бел.сацыяліст. грамады (БСГ) у Мінску (парт.псеўд. Кузьма), на яго кватэры адбыўся 2-і з’езд БСГ (студз. 1906). Працаваў бібліятэкарам б-кі імя Пушкіна. У пач. 1908 арыштаваны, пры вобысках знойдзены нелегальная л-ра, фальшывы пашпарт, пячатка БСГ. У кастр. 1909 засуджаны Віленскай суд. палатай і ў студз. 1910 сасланы ў Кірэенскі пав. Іркуцкай губ. З Сібіры дасылаў лісты ў «Нашу ніву». У 1920-я г. працаваў у Інбелкульце. У 1926 на пасяджэнні секцыі рэв. руху выступіў з дакладам «Утварэнне і праца БСГ». У 1951 жыў у Ратамцы пад Мінскам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМО́ЧВАННЕ,
паверхневая з’ява, якая назіраецца пры кантакце вадкасці з цвёрдым целам. Адбываецца ў прысутнасці трэцяй фазы — газ (пара) ці інш. вадкасць, што не змешваецца з першай вадкасцю (выбіральнае З.). Праяўляецца ў расцяканні вадкасці па цвёрдай паверхні, скрыўленні свабоднай паверхні вадкасці каля сценак капіляра (утварэнне ўвагнутага меніска), прамочванні сітаватых цел і парашкоў.
Абумоўлена міжмалекулярным узаемадзеяннем, а ў некаторых выпадках і інш. працэсамі (напр., утварэннем хім. злучэнняў, дыфузіяй, хемасорбцыяй) у паверхневым слоі змочваемага цела (гл.Ліяфільнасць і ліяфобнасць). Найб. універсальны метад рэгулявання З. — выкарыстанне паверхнева-актыўных рэчываў. Выкарыстоўваецца ў тэхнал. працэсах (напр., металургічных, флатацыйных), тэкст. вытв-сці, пры вырабе і апрацоўцы кінафотаматэрыялаў, нанясенні плёнак і пакрыццяў, пайцы металаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РКАў раслін,
покрыўная тканка, вонкавая частка кары. Штогод нарошчваецца з адмерлых паверхневых слаёў перыдэрмы. Складаецца з корку, фелагену, феладэрмы, парэнхімы кары і інш. адмерлых тканак. Паяўляецца на сцёблах і каранях раслін у розны час (напр., у вінаграднай лазы — на 1-ы год, у яблыні, грушы — на 6—8-ы, у дуба — на 25—30-ы год). Нарастанне шматгадовага сцябла ў таўшчыню прыводзіць да растрэсквання перыферычнай ч. К., злушчванню з паверхні і нарастанню знутры (таму ствалы старых дрэў маюць зрэзаную глыбокімі барознамі К., якая скідваецца). Утварэнне К. выклікаецца таксама грыбамі, лішайнікамі, мех. пашкоджаннямі перыдэрмы. Ахоўвае ствалы і галіны ад выпарэння, перагрэву, вымярзання, сонечных апёкаў, патагенных арганізмаў, аб’ядання жывёлай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ПА (франц. loupe),
сістэма з адной або некалькіх лінзаў з невял. фокуснай адлегласцю (f=0,01÷0,1 м) для разглядвання дробных аб’ектаў, размешчаных на канечнай адлегласці.
Аб’ект размяшчаюць паблізу пярэдняга фокуса Л. (паміж фокусам і Л.) так, каб яго прамы ўяўны відарыс знаходзіўся на адлегласці найлепшага бачання d (для нармальнага вока d = 0,25 м). Пры гэтым павелічэнне Л. вызначаецца формулай Γ = d/x і прымае значэнні ад 2,5 да 25. Вымяральная Л. з размешчанай перад факальнай плоскасцю шкалой выкарыстоўваецца для вызначэння лінейных памераў (адлегласцей паміж блізкімі пунктамі, шырыні і вышыні літар, таўшчыні асобных ліній і інш.). Гл. таксама Відарыс аптычны.
Утварэнне аптычнага відарыса ў лупе: F і F′ — фокусы лупы; A — аб’ект; B — уяўны відарыс аб’екта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІЭМБРЫЯНІ́Я (ад полі... + эмбрыён),
у раслін — утварэнне некалькіх зародкаў у адным семені; у жывёл — развіццё некалькіх зародкаў (блізнят) з адной зіготы. Аднаяйцавыя блізняты заўсёды аднаго полу. Адрозніваюць П. спецыфічную (уласцівую пэўнаму віду) і спарадычную (выпадковую). Спецыфічная П. ўласціва некат. імшанкам, паразітычным перапончатакрылым насякомым, з млекакормячых — браняносцам. Напр., у некат. наезнікаў з адной зіготы ўтвараецца да 3 тыс. лічынак; у браняносца з адной яйцаклеткі развіваецца да 9 зародкаў, кожны ў асобным амніёне, якія размешчаны ў агульным харыёне. Спарадычная П. трапляецца ва ўсіх жывёл, асабліва ў гідроідных паліпаў, дажджавых чарвей. У эксперыменце П. атрымана ў многіх відаў жывёл. У чалавека ў выніку спарадычнай П. нараджаецца некалькі генетычна аднародных блізнят аднаго полу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСНЯКО́Ў (Аляксандр Яўгенавіч) (3.5.1870, г. Адэса, Украіна —30.9.1929),
расійскі гісторык. Праф. (1918), чл.-кар.Рас.АН (1920). Скончыў Пецярбургскі ун-т. Даследаваў пытанні паліт. гісторыі Расіі, рус. летапісанне 16 ст. («Княжацкае права ў Старажытнай Русі», 1909; «Утварэнне Велікарускай дзяржавы», «Маскоўскае царства», абодва 1918), рух дзекабрыстаў і народнікаў («14 снежня 1825 г.», 1926). У «Лекцыях па рускай гісторыі» (т. 1—2; выд. 1938—39) даследаваў гісторыю ВКЛ. Лічыў, што пасля распаду Кіеўскай Русі найб. значэнне адыгралі Полацкае княства, Суздальская, Наўгародска-Пскоўская і Галіцкая землі, падкрэсліваў, што Навагрудак быў першым цэнтрам ВКЛ.
Літ.:
Шапиро А.Л. Русская историография с древнейших времен до 1917 г. 2 изд. М., 1993. С. 636—647.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕГЕТАТЫ́ЎНАЕ РАЗМНАЖЭ́ННЕ,
утварэнне новага арганізма з часткі мацярынскага, адзін са спосабаў бясполага размнажэння. У жывёльных арганізмаў ажыццяўляецца пачкаваннем (губкі, кішачнаполасцевыя, некат. чэрві, імшанкі, абалоннікі) або дзяленнем (прасцейшыя, плоскія і кольчатыя чэрві), у ніжэйшых раслін (напр., у водарасцей) — часцей дзяленнем, радзей пачкаваннем (некат. сумчатыя грыбы, напр., дрожджы, некат. базідыяльныя грыбы), у ніжэйшых шматклетачных раслін — распаданнем цела на часткі, здольныя да рэгенерацыі. Вышэйшыя расліны могуць размнажацца карэнішчамі (шматгадовыя травы), чаранкамі (сцябловымі — агрэст, вярба, ружа, таполя; лісцевымі — бягонія, седум; каранёвымі — ажына, вішня, маліна, сліва), адводкамі (яблыня, груша, ягадныя культуры), цыбулінамі (цыбуля, часнок), клубнямі (бульба, тапінамбур) і інш. Вегетатыўнае размнажэнне мае шэраг пераваг перад палавым: лёгкасць размнажэння, хуткае развіццё і ранні пачатак плоданашэння, захаванне ў патомстве прыкмет і ўласцівасцей мацярынскай расліны. Выкарыстоўваецца ў пладаводстве, агародніцтве, лесаводстве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́РЫ ЖАЛЯЗНЯ́К,
жалезная руда; мінер. ўтварэнні з тонкадысперснай сумесі гідраксідаў жалеза, аксідаў і гідраксідаў крэмнію і алюмінію. Гал. мінералы: гётыт, гідрагётыт, гематыт, гідрагематыт і інш. Трапляецца ў выглядзе зямлістых скрытакрышт. масаў, нацёкаў, канкрэцый, жэодаў, аалітаў, сталактытаў, псеўдамарфозаў на інш. мінералах і выкапнёвых арган. рэштках. Колер ад цёмна-карычневага да светла-жоўтага. Утварэнне звязана з працэсамі акіслення ў паверхневай зоне зямной кары. Асн. радовішчы асадкавыя (марскія, рачныя, азёрныя, балотныя) і кары выветрывання ультраасноўных парод. Адна з самых пашыраных жал. руд, якія маюць прамысл. значэнне пры колькасці жалеза больш за 30% і малой колькасці шкодных прымесяў (серы, фосфару, мыш’яку). Найб. радовішчы ў Расіі, Казахстане, ЗША, Францыі, на Кубе, у Новай Каледоніі. У Беларусі трапляецца ў складзе балотнай руды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГЛАМЕРА́ЦЫЯ,
1 у металургіі, тэрмахімічны працэс спякання дробназярністых ці пылападобных матэрыялаў руднай шыхты ў вял. кавалкі (агламераты). Уключае падрыхтоўку шыхты, спяканне яе, апрацоўку гарачага пеку, ахаладжэнне да 100 °C і сартаванне. Шыхта складаецца з дробнай сырой руды і яе канцэнтрату, паліва (дробны кокс ці антрацыт), флюсу (здробненая вапна і вапняк). Агламерацыя адбываецца пры прадзіманні паветра цераз слой шыхты на каласніковых рашотках агламерацыйнай машыны і згаранні паліва (1500 °C); у выпадку сульфідных рудаў — пры акісленні (працякае з выдзяленнем цеплаты). Агламерат выкарыстоўваецца ў чорнай металургіі, у каляровай — для вытв-сці алюмінію, нікелю і свінцу.
2) У мікрабіялогіі, утварэнне мікраарганізмамі намнажэнняў у вадкасцях або тканках у выніку змены фіз. і хім. уласцівасцяў мікробных клетак (пад уздзеяннем імунных целаў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. ablatio адніманне),
у гляцыялогіі — памяншэнне масы лёду і фірну ледавікоў у выніку раставання, выпарэння ці мех. выдалення (знос снегу ветрам, утварэнне айсбергаў і г.д.). Адрозніваюць падледавіковую (донную), унутраную і паверхневую абляцыю. Асн. фактары: кліматычныя, унутранае цяпло Зямлі, цёплыя крыніцы, цеплыня ад трэння ледавіка аб ложа ці састаўныя яго часткі і інш. На Беларусі абляцыя адбывалася ў антрапагенавым перыядзе на працягу зледзяненняў.
2) У тэхніцы — вынас рэчываў з паверхні цвёрдага цела патокам гарачага газу. З’яўляецца вынікам фіз.-хім. працэсаў, што адбываюцца ў цвёрдым целе пад дзеяннем аплаўлення, выпарэння, раскладання і хім. эрозіі металаў. На абляцыі заснавана абляцыйнае ахаладжэнне (цеплавая ахова) касм. лятальных апаратаў, частак ракет-носьбітаў, ракетных рухавікоў і інш., якія падвяргаюцца аэрадынамічнаму награванню пры ўваходзе ў атмасферу.