ІМПЛАНТА́ЦЫЯ [ад лац. im (in) у, унутр + plantatio саджанне, перасадка],
у эмбрыялогіі, прымацаванне і заглыбленне зародка ў слізістую абалонку маткі ў млекакормячых з унутрывантробным развіццём (сумчатых і плацэнтарных). І. ў чалавека бывае праз 6—7 дзён пасля апладнення зародка. Адрозніваюць І.: паверхневую (у слізістую абалонку маткі апускаюцца толькі варсінкі харыёну), заглыбляльную (заглыбляецца зародак з абалонкамі), абдамінальную (поласцевую; яйцаклетка пасля апладнення застаецца ў брушной поласці; развіваецца пазаматачная цяжарнасць). І. ў хірургіі — аперацыя ўжыўлення матэрыялаў (біялагічна неактыўных металаў, пластмас і інш.), ці агульная назва пластычных аперацый перасадка храстка, косці, утварэнне некат. анастамозаў (мачаточніка, семявыноснай пратокі).
т. 7, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)