ГІМЕНАМІЦЭ́ТЫ
(Hymenomycetidae),
група парадкаў (афілафаральныя і агарыкальныя) базідыяльных грыбоў. Вядома больш за 12 тыс. відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах, пераважна ў лясных біяцэнозах. На Беларусі больш за 2 тыс. відаў. Большасць сапратрофы, многія паразіты. Ёсць ядомыя, лек., ядавітыя. Мікарызаўтваральнікі або мінералізатары адмерлых раслінных рэшткаў.
Пладовыя целы адна- і шматклетачныя разнастайныя па форме, памерах (ад 0,2 да 72 см), кансістэнцыі і афарбоўцы. Характэрная прыкмета гіменаміцэтаў — утварэнне на паверхні пладовага цела гіменія — шчыльнага слоя з базідый і стэрыльных элементаў, якія выконваюць ахоўную функцыю. Гіменафор (вырасты пладовага цела, што нясуць гіменій) пласціністы, трубчасты, складкаваты і інш. Афарбоўка спораў разнаколерная, ад яе залежыць колер гіменафора.
т. 5, с. 247
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)