ВЯЛІ́КАЯ ВАЙНА́ 1409—11,

вайна ВКЛ і Польскага каралеўства супраць Тэўтонскага ордэна. ВКЛ імкнулася вярнуць захопленую ордэнам Жамойцію, Польскае каралеўства — Памор’е і маркграфства Новую Марку, пакінуць за сабой Добжынскую зямлю; абедзве дзяржавы хацелі разграміць узбр. сілы крыжакоў. Ваенныя дзеянні пачаліся 16.8.1409 нападам войск ордэна на Добжынскую зямлю. У час ваен. кампаніі 1409 крыжакі захапілі яе, разбілі польск. войскі ў Новай Марцы, войскі ВКЛ выгналі крыжакоў з Жамойціі палякі вярнулі Быдгашч. 8.10.1409 Польшча заключыла з ордэнам перамір’е да 24.6.1410. У канцы 1409 у Бярэсці адбылася Берасцейская сустрэча 1409 вял. кн. ВКЛ Вітаўта і польск. караля Ягайлы, на якой была ўзгоднена летняя кампанія 1410. У маі 1410 ордэн заключыў перамір’е з ВКЛ да 24 чэрвеня. Летам 1410 войскі Ягайлы і Вітаўта рушылі на сталіцу ордэна Мальбарк, прымусілі крыжакоў даць генеральную бітву, у выніку якой армія Ордэна пацярпела поўнае паражэнне (гл. Грунвальдская бітва 1410). Аблога Мальбарка (25.7—19.9.1410) не мела поспеху. Вайна скончылася Тарунскім мірам 1411, паводле якога захопленыя ў час вайны гарады і замкі вернуты ўладальнікам, Жамойція навечна перададзена ВКЛ. Добжынская зямля пакінута за Польшчай. Вялікая вайна 1409-11 падарвала магутнасць Тэўтонскага ордэна і спыніла яго агрэсію на ўсход.

А.​К.​Крывальцэвіч.

т. 4, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАДА́ННЕ,

стан арганізма, выкліканы поўнай адсутнасцю або недастатковасцю паступлення пажыўных рэчываў у арганізм, а таксама парушэннем іх засваення. Як нармальная фізіял. з’ява сустракаецца ў некаторых млекакормячых у перыяд спячкі, пры халадовым здранцвенні ў амфібій, рэптылій, рыб, насякомых. Такое галаданне звязана з рэзкім зніжэннем працэсаў абмену рэчываў у арганізме, што дазваляе жывёлам доўга падтрымліваць жыццё пры нязначных затратах энергіі ў неспрыяльныя перыяды. Адрозніваюць: поўнае (пры поўнай адсутнасці ежы, але з прыёмам вады); няпоўнае, недаяданне (пры жыўленні, недастатковым для пакрыцця энергет. і пластычных патрэб арганізма); абсалютнае (пры поўнай адсутнасці ежы і вады); частковае (якаснае) галаданне — недастатковае атрыманне з ежай аднаго або некалькіх пажыўных рэчываў (бялковае, тлушчавае, вугляводнае, мінер., воднае, вітаміннае). Пры поўным галаданні дробныя і маладыя жывёлы, чалавек гінуць хутчэй, напр., дробныя птушкі без корму жывуць 1—2 сутак, куры 15—25, трусы 30, сабакі 45—60, коні, вярблюды да 80, дарослы чалавек 65—70 сутак. Гібель жывёл звычайна настае пры страце каля 50% зыходнай масы цела, без вады — хутчэй. Галаданне выкарыстоўваецца пры лячэнні атлусцення, асобных нервова-псіхічных захворванняў, парушэння абмену рэчываў (рэўматызм, падагра, цукр. дыябет, гіпертанічная хвароба, атэрасклероз, язвавая хвароба, бранхіяльная астма і інш.). Лячэнне поўным галаданнем праводзіцца ў стацыянары.

Л.​В.​Кірыленка.

т. 4, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАПРЫВО́Д,

сукупнасць крыніцы энергіі і прыстасаванняў для яе ператварэння і транспарціроўкі пры дапамозе вадкасці да прывадной машыны. Мэта ўжывання гідрапрывода — атрыманне патрэбнай залежнасці скорасці прывадной машыны ад нагрузкі, больш поўнае выкарыстанне магутнасці рухавіка, змяншэнне ўдарных нагрузак і інш. Як крыніца энергіі выкарыстоўваюцца эл. або цеплавы рухавікі, вадкасць пад ціскам і інш. У залежнасці ад віду гідраперадачы адрозніваюць гідрапрывод гідрастатычны (аб’ёмны), гідрадынамічны і змешаны (гл. Гідрастатычная перадача, Гідрадынамічная перадача).

Аб’ёмны гідрапрывод дазваляе з высокай дакладнасцю падтрымліваць або змяняць скорасць машыны пры адвольным нагружанні, дакладна ўзнаўляць зададзеныя рэжымы вярчальнага або зваротна-паступальнага руху. Выкарыстоўваецца ў металарэзных станках, прэсах, сістэмах кіравання лятальных апаратаў, суднаў, цяжкіх аўтамабіляў, цеплавых рухавікоў, гідратурбін, часам — як гал. прывод на аўтамабілях, кранах. Дынамічны гідрапрывод дазваляе ажыццяўляць толькі вярчальны рух, частата вярчэння яго вядучага вала аўтаматычна мяняецца са зменай нагрузкі. Выкарыстоўваецца для прывода грабных вінтоў, сілкавальных помпаў ЦЭС, шахтавых пад’ёмных машын, вентылятараў і інш. Змешаны гідрапрывод выкарыстоўваюць у штамповачных прэсах (цэнтрабежная помпа падае вадкасць у гідрацыліндр, які прыводзіць у рух рабочы інструмент прэса), машынах для запуску газавых турбін і інш.

І.​У.​Качанаў.

Схема аб’ёмнага гідрапрывода зваротна-паступальнага руху: 1 — рэзервуар; 2 — помпа; 3 — адваротны клапан; 4 — размеркавальнік; 5 — гідрацыліндр; 6 — поршань; 7 — засцерагальны клапан.

т. 5, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРБА́РЫЙ (лац. herbarium ад herba трава, расліна),

1) калекцыя раслін, сабраных, засушаных, адпаведна дакументаваных і зманціраваных на лістах паперы. З’яўляецца асновай для навук. даследаванняў па сістэматыцы і марфалогіі раслін, а таксама дае звесткі аб складзе і змяненні флоры тэрыторыі, пра пашырэнне відаў і ўмовы іх росту.

2) Установа, дзе зберагаюцца, папаўняюцца і навукова апрацоўваюцца калекцыі засушаных раслін (гербарый).

Упершыню метад гербарызацыі раслін ужыў італьянец Л.​Гіні (16 ст.). У далейшым гербарыі ствараліся пераважна пры ун-тах і бат. садах. Найб. поўнае развіццё атрымалі з 1930—40-х г. У свеце больш за 20 буйных гербарыяў. У Парыжы (каля 6 млн. лістоў), Жэневе (гербарый Дэкандоля і Буасье — каля 5 млн. лістоў), Лондане (гербарый Брытанскага музея прыроднай гісторыі, у т. л. гербарый Лінея — 4,5 млн. лістоў), у Санкт-Пецярбургу (больш за 5 млн. лістоў).

На Беларусі найб. гербарый у Ін-це эксперым. батанікі імя В.​Ф.​Купрэвіча АН (Мінск), дзе захоўваецца больш за 50 тыс. лістоў вышэйшых сасудзістых раслін, 5 тыс. лістоў мохападобных, 17 тыс. лістоў лішайнікаў, больш за 1 тыс. ўзораў грыбоў-макраміцэтаў. Ёсць гербарыі ў БДУ і інш. ВНУ, бат. садах і запаведніках.

т. 5, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАНЯ́ТАСЦЬ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,

удзел насельніцтва ў прац. дзейнасці. З.н. прынята лічыць грамадска карыснай дзейнасцю грамадзян, якая прыносіць, як правіла, заробак. Да занятых належаць тыя, хто працуе па найме, асобы, якія самастойна забяспечваюць сябе працай (прадпрымальнікі, фермеры), ваеннаслужачыя, а таксама тыя, хто вучыцца, служыць у арміі, вядзе хатнюю гаспадарку, даглядае дзяцей і састарэлых. Узровень З.н. залежыць ад суадносін паміж колькасцю працаздольнага насельніцтва і рабочых месцаў, а таксама наколькі рабочыя месцы могуць быць выкарыстаны работнікамі ў адпаведнасці з набытымі імі прафесіямі, спецыялізацыяй, прац. вопытам, ведамі і ўмельствам. Поўная З.н. азначае практычна поўнае забеспячэнне працаздольнага насельніцтва рабочымі месцамі. Частковая З.н. мае на ўвазе магчымасць уладкавацца на працу на няпоўны рабочы дзень. Няпоўная занятасць з’яўляецца крыніцай беспрацоўя.

У Рэспубліцы Беларусь права на працу гарантавана Канстытуцыяй. Адносіны, звязаныя з З.н., рэгулююцца заканадаўствам. Дзяржава садзейнічае беспрацоўным у пачатку або аднаўленні прац. дзейнасці і дае ім паводле заканадаўства пэўныя гарантыі і кампенсацыі, прадугледжаныя нормамі КЗаП і інш. прававымі актамі. Для рэалізацыі палітыкі З.н. ў краіне дзейнічае спец. дзярж. служба (гл. Цэнтр занятасці) і створаны Дзярж. фонд садзеяння занятасці з мэтай страхавання па беспрацоўі і фінансавання мерапрыемстваў у галіне занятасці.

Ю.​Я.​Савельеў.

т. 6, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́МА ЗАКО́Н,

адзін з асн. законаў электрычнага току. Устаноўлены Г.С.Омам (1826). Паводле О.з. сіла пастаяннага току I у правадніку прама прапарцыянальная напружанню электрычнаму U на канцах гэтага правадніка: I = U/R. Каэфіцыент R, залежны ад матэрыялу правадніка, яго геам. памераў і т-ры, наз. амічным супраціўленнем дадзенага правадніка. Для разгалінаваных эл. ланцугоў абагульненнем О.з. з’яўляецца 2-е Кірхгофа правіла.

У дыферэнцыяльнай форме О.з. запісваецца: j = σE , дзе j — шчыльнасць току, σ — электраправоднасць правадніка, E — выніковая напружанасць эл.-статычнага поля і эл. поля пабочных сіл. У агульным выпадку залежнасць паміж I і U нелінейная, аднак на практыцы для пэўнага інтэрвалу напружанняў карыстаюцца О.з. (для металаў і іх сплаваў гэты інтэрвал практычна неабмежаваны). Пры наяўнасці крыніц току (акумулятара, тэрмапары, генератара ці інш.) на дадзеным участку ланцуга О.з. вызначаецца формулай: I = (U + ε)/R, дзе ε — эрс крыніц току, уключаных у дадзены ўчастак. Для замкнутага ланцуга О.з. мае выгляд: I = ε/(R + r), дзе r — унутранае супраціўленне крыніцы току. Для сінусаідальных квазістацыянарных токаў выконваецца О.з. у камплекснай форме: I = U/Z, дзе Ζпоўнае электрычнае супраціўленне, I і U — амплітудныя ці дзейныя значэнні сілы току і напружання.

т. 11, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗЗБРАЕ́ННЕ,

сукупнасць мерапрыемстваў па спыненні гонкі ўзбраенняў, абмежаванні, скарачэнні і ліквідацыі ракетна-ядзернай зброі і інш. сродкаў вядзення войнаў.

З часоў старажытнасці мэтай чалавецтва з’яўляўся мір без узбр. насілля; у больш позні час — усеагульнае і поўнае Р., якое прадугледжвала б роспуск усімі дзяржавамі свету ўзбр. сіл, скасаванне вайск. устаноў, спыненне вытв-сці і ліквідацыю ўсіх відаў узбраенняў і інш.

У наш час Р. — адна з найб. глабальных праблем чалавецтва. Асаблівую небяспеку выклікае ўзмацненне мілітарызму, вытв-сць, накапленне і распаўсюджанне зброі масавага знішчэння: тэрмаядзернай, біялагічнай, хім., а таксама зброі, заснаванай на новых фізічных прынцыпах (напр., прамянёвая зброя, пучковая зброя, нейтронныя боепрыпасы і інш.). Праблема Р. дэкларуецца ў Статуце ААН, разглядаецца ў шэрагу міжнар. дакументаў: Дагавор аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі (1968), Канвенцыя аб забароне бактэрыялагічнай (біялагічнай) зброі (1972), Дагавор аб абмежаванні сістэм проціракетнай абароны (1972); Выніковы акт Хельсінкскага пагаднення (1992) і інш. Іх выкананне значна памяншае патэнцыял мілітарызму ў шэрагу краін. Рэспубліка Беларусь у ліку першых ажыццявіла ракетна-ядзернае Р., скараціла значную ч. сучаснай ваен. тэхнікі і ўзбраенняў, выступіла з ініцыятывай стварэння ва Усх. і Цэнтр. Еўропе зоны, свабоднай ад ядзернай зброі (1996).

В.​І.​Боўш.

т. 13, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМАГНІ́ЧВАННЕ,

памяншэнне намагнічанасці магн. матэрыялаў. Часткова адбываецца ўжо пры зніжэнні напружанасці намагнічвальнага поля да нуля, пасля чаго матэрыял захоўвае намагнічанасць астаткавую Jr.

Поўнае Р. ( Jr = 0 ) дасягаецца рознымі спосабамі. Найб. пашыраны — цыклічнае перамагнічванне знакапераменным магн. полем з амплітудай, якая памяншаецца ад значэння, у 1,5—2 разы большага за каэрцытыўную сілу, да нуля; для Р. патрэбна каля 30—60 цыклаў перамагнічвання. Р. мае месца і пры ўздзеянні на матэрыял пастаяннага магн. поля, антыпаралельнага астаткавай намагнічанасці, якая пры гэтым зніжаецца і пры значэнні напружанасці гэтага поля, роўнай каэрцытыўнай сіле, становіцца роўнай нулю. Пасля выключэння поля намагнічанасць цела часткова аднаўляецца да некаторага значэння ( Jr = 0 ). Значэнне напружанасці поля, пасля выключэння якога астаткавая намагнічанасць роўная нулю, наз. рэлаксацыйнай каэрцытыўнай сілай. Да найб. поўнага Р. прыводзіць награванне цела вышэй за Кюры пункт з далейшым ахаладжэннем пры адсутнасці магн. поля. Гэтыя спосабы Р. прыводзяць нулявога значэння намагнічанасці, але характар магн. даменнай структуры пасля кожнага з іх розны.

Выкарыстоўваецца ў тэхніцы для ліквідацыі ўплыву астаткавых магн. палёў дэталей на вымяральныя прылады, для памяншэння нестабільнасці пастаянных магнітаў і інш.

Р.​М.​Шахлевіч.

Размагнічванне пастаянным магнітным полем Н: J — намагнічанасць цела; Jr — астаткавая намагнічанасць; Hc — каэрцытыўная сіла; Hr — рэлаксацыйная каэрцытыўная сіла.

т. 13, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАНІМІ́Я (ад грэч. homōnymia аднайменнасць),

гукавое супадзенне адзінак (марфем, слоў, словазлучэнняў), якія адрозніваюцца паміж сабой значэннем. Усе амонімы-словы падзяляюцца на тыпы: лексічныя (маюць поўнае гукавое супадзенне ва ўсіх формах і адносяцца да адной часціны мовы, напр., «нота» — ‘дыпламатычны дакумент’ і «нота» — ‘муз. знак’), фанетычныяамафоны, марфалагічныяамаформы. Адрозніваюць поўную і частковую аманімію.

Поўныя лексічныя амонімы супадаюць ва ўсіх граматычных формах («заранка» — ‘зорка’ і «заранка» — ‘птушка’), пры частковай аманіміі адно са слоў цалкам (ва ўсіх формах) супадае па гучанні з часткай формаў інш. слова ці з адной яго формай («вечарам» — прыслоўе і «вечарам» — назоўнік мужч. роду адз. л. творнага склону). Да частковай адносяць прыставачную аманімію («дапісаць» — ‘поўнасцю скончыць пісаць’ і «дапісаць» — ‘запоўніць старонку’), супадзенне формаў аднаго з трыванняў розных дзеясловаў («прамакаць» ад «прамакнуць» і ад «прамокнуць») і г.д. Амонімы ўзнікаюць у мове ў выніку страты сэнсавай сувязі паміж асобнымі значэннямі (у т. л. пераноснымі) мнагазначных слоў («каса» — ‘прылада працы’, «каса» — ‘заплеценыя валасы’, «каса» — ‘вузкая пясчаная паласа’), у выніку дзеяння фанет. законаў мовы (аглушэння зычных на канцы слова: «мох» — ‘расліна’ і «мог» — ад дзеяслова «магчы»), гукавога супадзення розных слоў («міна» — ‘выраз твару’ і «міна» — ‘снарад з выбуховым рэчывам’) і інш. Ад амонімаў трэба адрозніваць амографы.

Л.​П.​Кунцэвіч, А.​Я.​Міхневіч.

т. 1, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРЭ́ЗКА РАСЛІ́Н,

частковае ці поўнае выдаленне парасткаў і галін; прыём догляду пладова-ягадных і дэкар. раслін. Дапамагае сфарміраваць крону, павялічвае прадукцыйны перыяд плоданашэння, стымулюе штогадовае ўзнікненне вял. колькасці парасткаў і маладых пладовых утварэнняў.

Фарміравальную абрэзку робяць у маладым садзе, пры абрэзцы загушчаных крон і ўтварэнні новых галін з ваўчкоў, а таксама пасля перапрышчэплівання дрэў. Абрэзку, якая рэгулюе плоданашэнне, робяць у дарослых пладаносных дрэў, каб стварыць умовы для абнаўлення пладовай драўніны, павысіць ураджайнасць. Амаладжальную абрэзку старых дрэў і кустоў робяць, каб аднавіць рост і збалансаваць плоданашэнне. Звычайна ўсе віды абрэзкі раслін праводзяць адначасова ў розных спалучэннях. Асн. прыёмы — пакарочванне (падрэзка) і выразка галін (прарэджванне). Абрэзка раслін дзеля стварэння «жывых агароджаў» і аб’ёмных кампазіцый наз. стрыжкай.

Літ.:

Апанасенка І.П. Ваш прысядзібны ўчастак. Мн., 1993;

Кудрявец Р.П. Формирование и обрезка плодовых деревьев: [Альбом]. М., 1976.

Да арт. Абрэзка раслін. А. Асноўныя прыёмы абрэзкі пладовых дрэў: 1 — пакарочванне; 2 — прарэджванне. Б. Абрэзка з мэтай змены напрамку росту галін: 7 — на галіну, якая расце ўверх; 2 — на галіну, якая расце да перыферыі кроны; 3 — на вонкавую галіну ў наступным годзе; 4 — тая самая галіна на трэці год. В. Абрэзка пры фарміраванні разрэджана-яруснай кроны: 1—4 — гады пасля пасадкі; злева — да абрэзкі, справа — пасля абрэзкі.

т. 1, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)