АФАНА́СЬЕЎ Аляксандр Мікалаевіч

(23.7.1826, г. Багучар Варонежскай вобл., Расія — 5.10.1871),

рускі фалькларыст, этнограф, гісторык, літаратуразнавец. Скончыў Маскоўскі ун-т (1848). Служыў у Гал. архіве Мін-ва замежных спраў (1849—62). Выключнае значэнне мае яго зб. «Народныя рускія казкі» (вып. 1—8, 1855—63; т. 1—3, 7-е поўнае выд. 1985—86). У ім змешчаны таксама бел. (11) і ўкр. тэксты. Бел. тэксты надрукаваны і ў яго зб. «Народныя рускія легенды» (М., 1859; Лондан, 1860), канфіскаваным па даносе духавенства. Ананімна ім выдадзены ў Швейцарыі зб. «Рускія запаветныя казкі» (1872 і 1878), накіраваны супраць духавенства і памешчыкаў. У рукапісе зб. Афанасьева «Народныя рускія казкі не для друку. 1857—1862» (Ін-т рус. л-ры, Спб.) таксама ёсць бел. і ўкр. тэксты. Праца Афанасьева «Паэтычныя погляды славян на прыроду» (т. 1—3, 1865—69) упершыню на матэрыяле фальклору і этнаграфіі раскрыла некаторыя асаблівасці стараж. светапогляду славян, спрыяла станаўленню міфалагічнай школы ў рус. фалькларыстыцы, мела ўплыў на працы некат. бел. фалькларыстаў.

Літ.:

Азадовский М.К. История русской фольклористики. Т. 2. М., 1963;

Савченко С.В. Русская народная сказка. Киев, 1914.

І.У.Саламевіч.

т. 2, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)