ШПА́НКІ (Meloidae),

сямейства насякомых атр. жукоў, ці цвердакрылых. Больш за 4 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў субтропіках і тропіках. На Беларусі 8 відаў, 5 з іх з роду майка (1 — у Чырв. кнізе).

Даўж. 8—42 мм. Афарбоўка яркая, часта з метал. бляскам. Галава апушчаная, шыепадобна перацягнутая. Надкрылы шырэй за пярэдняспінку, не прылягаюць да бакоў брушка. Вусікі 8—11-членікавыя, шнура- або ніткападобныя, на канцах патоўшчаныя. Ператварэнне поўнае, ускладненае. Лічынкі маюць 3 стадыі, кормяцца яйцамі саранчовых, мёдам, паразітуюць у гнёздах пчол, знішчаюць іх патомства. Дарослыя жукі аб’ядаюць кветкі і лісце раслін. Характэрная асаблівасць Ш. — наяўнасць у целе (асабліва ў крыві) яду кантарыдзіну, які надае жукам непрыемны пах і смак, таму большасць насякомаедных іх не паядаюць (акрамя курэй, ластавак, вожыкаў). Іл. гл. таксама да арт. Майкі.

Шпанкі: 1 — майка зменлівая, ці стракатая; 2 — майка чорная; 3 — нарыўнік малы; 4 — нарыўнік чырвонагаловы; 5 — нарыўнік Шэфера; 6 — шпанская, ці ясянёвая мушка.

т. 17, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)