МАРЭ́ (Marais) Жан (сапр.Вілен-Марэ; Villain-Marais; 11.12.1913, г. Шэрбур, Францыя — 9.11.1998),
французскі акцёр. Працаваў у тэатры, з 1941 у кіно. Вядомасць атрымаў пасля фільма «Вечнае вяртанне» (1943). Талент М. раскрыўся ў фільмах рэж. Ж.Както («Прыгажуня і пачвара», 1946; «Двухгаловы арол», 1947; «Арфей», 1949, і інш.). Выконваў ролі ад герояў-палюбоўнікаў да рамант., загадкавых, фантаст. персанажаў: фільмы «Руі Блаз» (1947, у сав. пракаце «Небяспечнае падабенства»), «Граф Монтэ-Крыста» (1953), «Паўночныя палюбоўнікі» (1955, у сав. пракаце «Разбітыя мары»), «Белыя ночы» (1957), «Капітан Фракас» (1961), «Жалезная маска» і «Парыжскія тайны» (абодва 1962), серыя пра Фантамаса (1964—66), «Асліная шкура» (1971), «Самы блізкі сваяк» (1986). Аўтар кніг «Мае простыя ісціны» (1957), «Гісторыя майго жыцця» (1975), «Апавяданні» (1978).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАПРЭ́ЕНКА Уладзімір Пятровіч (н. 3.1.1944, в. Антонаўка Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. мастак, прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі. Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1970). Творчасць вызначаецца пошукам новых сродкаў выразнасці, вобразным сімвалізмам каларыту. Тэматычныя кампазіцыі «У цэнтры зборкі касмічных караблёў» (1976), «Армагедон XX стагоддзя» (1992); паліпціхі «Праабражэнне», «Вяртанне майстра» (абодва 1993), трыпціх «Мой горад» (1994); пейзажы «Куточак старога Віцебска» (1968), «Адліга», «Вячэрні Віцебск» (абодва 1973), «Браслаўскі матыў» (1978), «У гарах Паміра» (1979), «Світанак», «Туман над возерам» (абодва 1983), «Моцны вецер» (1985), «Сонечны дзень у лесе» (1989), «Ціхі вечар» (1993), «Хмурая раніца» (1994), нацюрморты «Нацюрморт з рыбамі» (1968), «Сланечнік» (1980), «Макі» (1987), «Нацюрморт з рамонкамі» (1988), «Бэз», «Нацюрморт з ружамі» (абодва 1989), «Дары лесу» (1994), «Нацюрморт з ягадамі» (1995) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТАПЧЫНА́ Еўдакія Пятроўна (4.1.1812, Масква — 15.12.1858),
руская пісьменніца. Графіня. Друкавалася з 1831. Першы зб. — «Вершы» (1841). Яе паэзіі ўласцівы тонкае спалучэнне пачуццяў і разважанняў, шчырае раскрыццё свету жаночай душы. У сатыр. паэме «Дом вар’ятаў у Маскве ў 1858 г.» (апубл. 1885 як «працяг» паэмы А.Ваейкава «Дом вар’ятаў») крытычная ацэнка тагачаснага грамадскага жыцця. Аўтар драм. паэм, рамана ў вершах «Дзённік дзяўчыны» (1850), камедыі ў вершах «Вяртанне Чацкага ў Маскву, ці Сустрэча знаёмых асоб пасля дваццаціпяцігадовай разлукі» (1856, апубл. 1865), «свецкіх» аповесцей «Чыны і грошы», «Паядынак» (абедзве 1838), аўтабіягр. раманаў «Шчаслівая жанчына» (1852), «Ля прыстані. Раман у лістах» (1857) і інш. Многія вершы Р. пакладзены на музыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМІРНО́ВА Лідзія Мікалаеўна (н. 13.2.1915, г. Мензелінск, Татарстан),
расійская кінаактрыса. Нар.арт.СССР (1974). Скончыла Маскоўскае гар.тэатр. вучылішча (1938). З 1945 у Т-ры-студыі кінаакцёра ў Маскве. Стварыла характарныя і камед. вобразы ў кіно, сярод іх: Вара («Хлопец з нашага горада», 1942), Феня («Яна абараняе Радзіму», 1943), Смайда («У іх ёсць Радзіма», 1950), Марыя («Крутыя ўзгоркі», 1956), Свацця («Жаніцьба Бальзамінава», 1965), Марыя Аляксандраўна(«Дзядзечкаў сон», 1967), Дуська («Вясковы дэтэктыў», 1969), Еўдакія («Вяртанне сына», 1979) і інш. Знялася ў фільмах — «Прыгожа жыць не забароніш» (1982), «Веру ў каханне» (1986), «Шапка» (1990), «Дом» (1995), «Наследніцы» (2000) і інш. Сярод роляў у бел. фільмах: Шура («Маё каханне», 1940, кінадэбют), Марыя Сцяпанаўна («Новы дом»), Насця («Пагаворым, брат»), Алімпіяда (тэлефільм «Факір на час»). Дзярж. прэмія СССР 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУКМА́НАЎ Вадзім Мікалаевіч (17.11.1938, с. Ваздзвіжанка Усурыйскага р-на Прыморскага краю, Расія — 28.9.1995),
бел. кінарэжысёр. Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1961). З 1961 на Мінскай студыі навук.-папулярных і хранік.-дакумент. фільмаў, з 1968 на кінастудыі «Беларусьфільм». Творчасць адметная арган. спалучэннем публіцыстычнай завостранасці і вобразнай выразнасці, разнастайнасцю тэматыкі. Сярод работ: «Дачка партыі» (1961, пра В.Харужую), «Праз дзесяць гадоў, або Надзеі і трывогі 10 «А» (1973, з Р.Ясінскім; прэмія Ленінскага камсамола Беларусі; спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Ньёне, Швейцарыя; усе 1974), «Вялікая дыяганаль» [1976, прызы міжнар. кінафестываляў спарт. фільмаў, Блетчлэй (Англія), Будапешт, абодва 1977], «Дзядзька Якуб» (1981), «Астравы капітана Маўра» (1983), «Вяртанне ў першы снег» (1985) «Леў Сапега, канцлер» (з Ясінскім), «Пад знакам Пагоні» (абодва 1992), «Вечны выгнаннік» (1993), «Віленскі зборнік» (1994) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́ЎБІН Юлі (Юдаль Абрамавіч; 15.9.1911, г. Астрагожск Варонежскай вобл., Расія — 30.10.1937),
бел.паэт. У 1921 з бацькамі пераехаў у г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Вучыўся ў БДУ (1931—33). У 1933 рэпрэсіраваны, высланы ў Цюмень, у 1937 зноў арыштаваны. Расстраляны ў Мінску. Рэабілітаваны ў 1956 і 1957. Друкаваўся з 1926. Аўтар зб-каў паэзіі «Агні» (1930), «Каб жыць, спяваць і не старэць...», «Тры паэмы» (абодва 1931), «Мая другая кніга» (1932). Матывы сяброўства, прызначэння паэта і паэзіі ў творах 1920-х г. Рамантычна апяваў сучаснасць (паэма «Таўрыда», 1932). Пераклаў на бел. мову творы Г.Гейнэ, У.Маякоўскага, А.Чэхава і інш.
Тв.:
Выбр. вершы. Мн., 1957;
Вершы. Мн., 1969.
Літ.:
Бярозкін Р. Постаці. Мн., 1971. С. 165—193;
Шушкевіч С. Вяртанне ў маладосць. Мн., 1968. С. 126—137.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРО́ІЦКАЯ Марына Дзмітрыеўна (22.12.1913, Мінск — 1990),
бел. рэжысёр радыё. Засл. дз. культ. Беларусі (1971). Скончыла драм. курсы ў Мінску (1931). З 1931 актрыса Вандроўнага т-ра імя Дзяржынскага, з 1932 Бел.т-ра імя Я.Купалы, у 1949—74 на Рэсп. радыё (з 1964 гал. рэжысёр). Аўтар літ. і муз. кампазіцый, запісаў майстроў бел. сцэны. віктарын, больш за 30 радыёпастановак, у т. л. па творах бел. пісьменнікаў: «Зорка Венера» Б.Бур’яна і І.Нісневіча (1960), «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча (1963), «Навальніца над полем» («Людзі на балоце») І.Мележа і «Бацькаўшчына» К.Чорнага (1966), «Сэрца на далоні» І.Шамякіна (1967), «Вяртанне ў маладосць» («Гарадок Устронь», «На парозе будучыні») М.Лобана (1968), «Круты бераг ракі» В.Быкава (1973), «Новая зямля» Я.Коласа (1976) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРУСЕ́ЎСКІ Сяргей Паўлавіч (23.12.1908, С.-Пецярбург — 12.11.1974),
расійскі кінааператар і рэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1951). Скончыў Ленінградскі ін-твыяўл. мастацтваў (1935). У кіно з 1935, з 1950 на кінастудыі «Масфільм». Працаваў з рэжысёрамі У.Пудоўкіным, Ю.Райзманам, Р.Чухраем, М.Калатозавым і інш. Зняў фільмы: «Як пасварыліся Іван Іванавіч з Іванам Нічыпаравічам» (1941), «Сельская настаўніца» (1947), «Кавалер Залатой Зоркі» (1951), «Вяртанне Васіля Бортнікава» (1953), «Сорак першы» (1956), «Ляцяць жураўлі» (1957, Гран-пры на 11-м Міжнар. кінафестывалі ў Канах), «Неадпраўленае пісьмо» (1960), «Я — Куба» (1964). Для яго работ характэрны жывапісная трактоўка вобразаў, асваенне новых сродкаў кампазіцыі і колеру, стварэнне псіхалагічна завостраных зрокавых вобразаў, паэт. танальнасць. Паставіў фільмы: «Бег інаходца» (1970; і аператар), «Спявай песню, паэт!» (1973; і аператар, і сааўт. сцэнарыя). Дзярж. прэміі СССР 1948, 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́НЕВАЛЬД (Grünewald) Матыяс [сапр.Готгарт Нітгарт (Найтгарт); Gothart Nithart (Neithart); 1460—80, г. Вюрцбург, Германія — 1.9.1528],
нямецкі жывапісец эпохі Адраджэння. У 1508—1526 (?) прыдворны жывапісец майнцкіх архіепіскапаў і курфюрстаў. Творчасць звязана з ідэалогіяй нар. нізоў і містычнымі ерасямі. У гал. творы — 9 частках Ізенгаймскага алтара (1512—15) — трагічныя сцэны страсцей Хрыстовых («Распяцце») змяняюцца карцінамі радасці, пантэістычным успрыманнем прыроды («Раство»). Містычны вобраз Хрыста, які нібыта растае ў час успышкі яркага святла («Уваскрэсенне»),
саступае месца вобразам унутрана прасветленым, прасякнутым гуманістычным пачаткам («Святы Себасцьян»). У творах пач. 1520 г. відавочнае ўздзеянне мастацтва італьян. Адраджэння («Сустрэчы св. Эразма і Маўрыкія», 1520—24), у больш позніх зноў вяртанне да тэмы Хрыста і экспрэсіўнай драм. мовы познагатычнага жывапісу («Аплакванне Хрыста», 1524—25).
Літ.:
Немилов А.Н. Грюневвальд. М., 1972.
М.Груневальд. Распяцце Галава Хрыста. Фрагмент.М.Груневальд. Распяцце. Цэнтральная частка Ізенгаймскага алтара. 1512—15.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМА́ДУ (Amado) Жоржы (н. 10.8.1912, г. Ільеус, штат Баія, Бразілія),
бразільскі пісьменнік. Чл. Бразільскай акадэміі (1961). Вучыўся ў езуіцкім каледжы (1922—24), ун-це ў Рыо-дэ-Жанейра. Першы раман «Краіна карнавалу» (1932). Аўтар сац.-рэв. твораў «Какава» (1933), «Мёртвае мора» (1936), «Бяскрайнія землі» (1943), «Сан-Жоржы дос Ільеус» (1944), «Падполле свабоды» (1952). Вядомасць прынеслі раманы «Незвычайная смерць Кінкаса Згінь Вада» (1961), «Дона Флор і яе два мужы» (1966), «Крама цудаў» (1969), «Тэрэза Батыста, якая стамілася ваяваць» (1972), «Вяртанне блуднай дачкі» (1976), «Знікненне святой» (1988). Творчасць Амаду звязана з развіццём магічнага рэалізму — спецыфічнай лац.-амер.літ. з’явы; яго творам уласцівыя зварот да фальклору, гратэскавае адлюстраванне рэчаіснасці, карнавалізацыя, змяшэнне камічнага і трагічнага. Многія з іх экранізаваны. Чл.Сусв. Савета Міру.