прасі́ць, прашу, просіш, просіць; незак.

1. каго-чаго, аб кім-чым і з інф. Звяртацца з просьбай да каго‑н., дабівацца чаго‑н. у каго‑н. Прасіць дапамогі. Прасіць прабачэння. □ Сёння людзі падраздзялення .. просяць аб прысваенні іхняй заставе імені «Васемнаццаці паўшых герояў». Брыль. — Паночку... паночку міленькі, не чапай мяне! — прасіла-маліла дзяўчына. Бядуля. // Прапаноўваць што‑н. рабіць. Прасіць, каб захоўвалі цішыню. Прашу заняць свае месцы.

2. што. Назначаць цану. Прасіць пяць тысяч за хату.

3. за каго-што. Разм. Клапаціцца аб кім‑н., заступацца за каго‑н. Прасіць за таварыша.

4. каго і без дап. Запрашаць, зваць. Хлеб ды соль вам, — сказаў .. [Пракоп]. — Просім за стол, — адказаў бацька. Сабаленка. — Тады паглядзім зблізку, што гэта за народ, — сказаў гаспадар і загадаў слузе: прасі! Маўр.

5. што і без дап. Разм. Жабраваць. Калі старац аднойчы спыніўся пад акном, пачаў спяваць і прасіць міласціну, гаспадыня сказала рыжаму: «Вынесі яму чаго-небудзь». Кудраўцаў.

•••

Богам прашу — вельмі моцна прашу.

Есці не просіць — пра тое, што набыта, прыгатавана ў запас.

Есці просяць (боты, чаравікі і пад.) — пра дзіравы, паношаны абутак.

Міласці просім — ветлівае запрашэнне зрабіць што‑н.

Прасіць бізуна — сваімі ўчынкамі, паводзінамі заслугоўваць кары.

Прасіць ласкі — прасіць чыёй‑н. дапамогі або міласці.

Прашу прабачэння — прабач(це).

Просам прасіць — вельмі шчыра і настойліва прасіць, маліць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыём, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. прымаць — прыняць (у 3, 4, 5, 6, 7, 10 і 15 знач.).

2. Той або іншы характар сустрэчы, які аказваецца каму‑, чаму‑н. Трудна мне выказаць словамі .. сардэчную падзяку за .. браткі прыём. Купала. Міхал Барысавіч узлаваўся за негасцінны прыём. Кавалёў.

3. Збор, сход запрошаных асоб (звычайна афіцыйных у гонар каго‑, чаго‑н.). Урачысты прыём. Афіцыйны прыём. □ Пасля ўрачыстага пасяджэння адбыўся ўрадавы прыём. Дуброўскі.

4. У спалучэнні з лічэбнікам «адзін» указвае на аднаразовасць якога‑н. дзеяння; у спалучэнні з іншымі колькаснымі лічэбнікамі і няпэўна-колькаснымі займеннікамі ўказвае, што дзеянне праходзіць у столькі этапаў, разоў, колькі ўказана ў лічэбніку; раз. Напісаць артыкул у два прыёмы. □ Пачакаўшы колькі дзён, можна ўбіраць хлеб у адзін прыём. Беразняк. Адбываецца нераст у некалькі прыёмаў з прамежкамі паміж імі ў 7–10 дзён. Матрунёнак.

5. Спосаб дасягнення, ажыццяўлення, выканання чаго‑н. Мастацкія прыёмы. Графічны прыём рашэння задач. □ У трэнера Левандоўскага быў свой прыём. Зялёнаму навічку ён надзяваў рукавіцы і выпускаў на рынг з баксёрам-першаразраднікам. Карпюк. «Ну, сябры, не вельмі я напалохаўся вашых фатаграфій! — падумаў Асташонак. — Стары прыём вярбоўкі, прыдумалі б хоць што навейшае...» Ваданосаў.

6. Спосаб, манера паводзіць, трымаць сябе. Назіраючы, як трапна казыраюць маладыя партызанскія камандзіры,.. як прыгожа паварочваюцца яны, гучна шчоўкнуўшы пры гэтым абцасамі ботаў, Майка наважылася пераняць усе гэтыя прыёмы. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раўня́цца, я́юся, ‑я́ешся, ‑я́ецца; незак.

1. Тое, што і раўнавацца (у 1 знач.). І праўда, Антон, зусім яшчэ юнак, не мог раўняцца з ім: Андрыян — сталы хлопец, прыгожы, статны. Марціновіч. Асіна лапатала нават у бязветраныя дні, пад восень яна рабілася прыгажэйшай ад усіх дрэў, раўняцца з ёй вогненнымі барвамі мог адзін толькі клён, не часты ў нашым лесе. Навуменка.

2. Набліжацца да каго‑, чаго‑н., апынацца нароўні, побач з кім‑н. Клава выйшла наперад, стала раўняцца з Верай. Дуброўскі. Дзяўчына раўняецца, суцішае крок. Кулакоўскі.

3. Станавіцца роўнай, прамой лініяй; выраўноўваць строй. Байцы палка ўдарнага, Раўняйцеся ў стра[і]! Крапіва. Хлеб прывозілі ў чырвонай скрыні на возе. Ён цёпла і свежа пах. Чарга тады раўнялася, расцягвалася яшчэ далей. Адамчык. // заг. раўня́йся! Ужываецца як ваенная, спартыўная і пад. каманда: выраўнаваць рад (рады).

4. перан.; па кім і на каго-што. Імкнуцца стаць такім жа, як той, хто прызнаецца ў якіх‑н. адносінах узорам. Тут цяпер поплеч з намі ідуць старэйшыя таварышы, камуністы, на якіх нам вельмі добра раўняцца, у якіх нам трэба вучыцца, як жыць. Брыль. А калі плакаты заклікалі раўняцца на перадавікоў, дык толькі на тых, аб якіх пісалася ў цэнтральных газетах. Гаўрылкін. На яго [Віктара] паказчыкі раўняліся таварышы. Данілевіч.

5. Зал. да раўняць (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

салёны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўтрымлівае ў сабе соль, насычаны соллю (пра вадаёмы) і проціл. прэсны. Салёнае мора. Салёнае возера. □ Увесь час пытай зямлю, чаго яна хоча: кіслага ці салёнага? Кулакоўскі. // Якому ўласцівы спецыфічны смак солі (пра вільгаць). Салёныя пырскі. □ У салёнай белай пене Шэпты галькі навакол, Бы Манахава маленне Ціха падае на дол. Крапіва. Хвалі салёныя — чыстыя слёзы, Мо ў твае рэчкі плакалі лозы? Кавалюк. / Пра паветра, вецер. Салёны вільготны вецер дзьмуў.. [хлопчыкам] у твар, свістаў ля вушэй, упіраўся ў грудзі. Бяганская.

2. Прыпраўлены соллю, занадта пасолены. Салёная страва. Салёная зацірка. □ Навечна будзь благаславёны, Запрацаваны ў поце хлеб — Не квашаны і не салёны, Для важных спечаны патрэб! Глебка. / Пра смак крыві, слёз, поту. Салёны пот. □ Мірошкін адчуў салёны смак у роце і зразумеў, што гэта слёзы Галі — апошняе адчуванне, звязанае з гэтай прыгожай, каханай дзяўчынай. Пятніцкі. / у перан. ужыв. Развітаўся з салёнаю службай марской, Месцам вахты працоўнай Стаў ціхі пакой. Жычка.

3. Прыгатаваны ў запас з соллю, у салёным растворы (пра харчовыя прадукты). Салёная рыба. Салёныя агуркі. □ Грыбную ікру можна прыгатаваць з сушаных або салёных грыбоў. «Звязда».

4. перан. Разм. Дасціпны да рэзкасці, непрыстойнасці. Салёнае слоўца. Салёны анекдот. □ Пры рабоце адпускалася многа жартаў, салёных і смешных. Лужанін. Размаўлялі .. [рыбакі] паміж сабой вольна, нярэдка перасыпаючы гаворку салёнымі слоўцамі. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спрыт, ‑у, М спрыце, м.

1. Дасканаласць, умельства. [Хлопцы] абсядалі дзядзьку Алеся з усіх бакоў і сачылі за спрытам яго рук, уменнем не траціць дарэмна ніводнага руху. Кулакоўскі.

2. Фізічная лоўкасць, паваротлівасць; хуткасць у рухах. Салому цяпер скідвалі проста на ток, рабіць было лёгка і зручна, усе трое [Хоня, Міканор і Алёша] як бы хвалілася спрытам адзін перад адным. Мележ. Ведай — лесаруба цяжкая работа. Трэба спрыт і дужасць смольны лес валіць. Хведаровіч. [Станіслаў] паставіў чамаданы і, са спрытам юнака пераскочыўшы плот, падбег да грушы. Скрыпка. // Уменне, майстэрства (у якой‑н. галіне). Так майстар, вопытам багаты, І спрыт і веды ўсе свае У школе хлопцам і дзяўчатам Для славы іх перадае. Астрэйка. Раённыя кіраўнікі заўважылі гаспадарскі спрыт Пракопа Касянка, і райком партыі вырашыў пусціць яго на павышэнне. Сабаленка. [Язэп] заўважыў, што Іван Мацвеевіч мае вялікі спрыт у гутарцы. Бядуля. // Здатнасць, схільнасць да чаго‑н. На рыбу .. [дзядзька] меў нейкі асаблівы спрыт. С. Александровіч. [Падлоўчы] ўспамінаў .. свае маладыя кавалерскія гады, свой жывы і гарачы нораў, свой спрыт да паненак. Колас.

3. Абаротлівасць, уменне ўладжваць справы; здольнасць знаходзіць выхад з любога становішча. Там, дзе не хапае ведаў, выратоўвае спрыт напалам з нахабствам. Лобан. — Ну хто б падумаў, што столькі здагадлівасці і спрыту можа быць у школьніка, — пазіраючы на Косціка, гаварыла Наста. Пальчэўскі. Патрэбна шмат поту і спрыту, Каб цэнты на хлеб наскрабці. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спя́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. незал. цяпер. ад спаць.

2. у знач. наз. спя́чы, ‑ага, м.; спя́чая, ‑ай, ж. Той (тая), хто спіць, знаходзіцца ў стане сну. Ходзіць май па свеце, Сонцамі ірдзіцца, Закаваных, спячых Кліча ўстаць, збудзіцца. Купала.

спячы́, спяку́, спячэ́ш, спячэ́; спячо́м, спечаце́, спяку́ць; пр. спёк, спякла́, ‑ло́; зак., каго-што.

1. і чаго. Прыгатаваць вырабы з мукі выпяканнем; выпечы. Спячы хлеб. Спячы пірагоў. □ [Зоя:] — Ведаеце, што зробім? Адну маленькую булку спячом на гэтым лісціку. Няхай клёнам пахне. Даніленка. // Прыгатаваць яду смажаннем; сасмажыць. Спячы яечню. □ Наклалі .. [Іван і ваўчыха] агню, спяклі гуску. Якімовіч.

2. Пашкодзіць агнём або чым‑н. гарачым скуру чаго‑н. Спячы руку прасам. // Апячы (пра адчуванне, выкліканае чым‑н. пякучым). — Ліха матары тваёй! — падумаў Халуста. — Увесь рот спёк ды яшчэ грошы табе плаціць! Чарнышэвіч. // Спаліць скуру на сонцы, загараючы. Спячы спіну.

3. Разм. Спаліць, знішчыць агнём. Так усю вайну і была ў Лонве малатарня, аж пакуль, ужо ў блакаду, немцы з самалёта, калі агонь лілі на вёску, не спяклі Міхалаву пуньку з прыводам. Пташнікаў. [Сцяпан:] — Каўпак пайшоў далей, а тыя гітлераўцы, што ўчора спяклі нас, сягоння спалілі наша раённае мястэчка. Пестрак.

4. перан. Разм. Зрабіць што‑н. паспешліва, на скорую руку. [Тарас:] — Ты што там пішаш? Вершы, можа?.. [Лоўгач:] — Ат, вершы! Паэму пра зелянгас. Газета загадала артыкул. Пачытай вось. Спёк. Чаго дзівуешся? Праўду кажу! Пачытай... Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цвет 1, ‑у, М цвеце, м.

1. зб. Кветкі на раслінах і дрэвах у перыяд цвіцення. Зноў наш двор пацярушаны пялёсткамі белага цвету, што асыпаецца з вішань. Брыль. Прыемна пахне агурочным цветам. Мыслівец. / у перан. ужыв. Так, будзе дождж, і снег, і іней — Ніколі ж цвет жыцця не згіне. Чарнушэвіч.

2. Цвіценне; час цвіцення. Верас у самым цвеце. Заліты бледна-ліловым полымем дол, і як залатыя ўспышкі па ім — бярозкі. Навуменка. Пакідай хлеб на бабовы цвет. Прыказка.

3. перан.; чаго. Лепшая частка якога‑н. грамадства, асяроддзя. Цвет навукі. □ Ідзе эпохі новай цвет — То піянеры, акцябраты. Хведаровіч. Мы — цвет чалавецтва, мы — сілы ўздым. Дудар.

4. перан. Гады маладосці, росквіт сіл. Пытаю: хто тут пачывае? Дзяўчына можа маладая У поўным цвеце красы-сілы Сыйшла без часу да магілы? Колас. От і жыццё праходзіць, і ў самым, можна сказаць, цвеце яго .. [Агата] асталася адна. Сабаленка.

5. Абл. Кветка. Малы махаў ручкамі, цягнуўся, каб сарваць цвет, але бацька яго стрымліваў. Гурскі.

•••

Ліпавы цвет — высушаныя кветкі ліпы, якія ўжываюцца ў якасці патагоннага лякарства.

цвет 2, ‑у, М цвеце, м.

Разм. Колер. Мы прасілі саломы — у ёй цвет сонца і раздолле неабсяжных палёў, якім родны былі нашы сэрцы і думкі, нашы казачныя пераходы. Лынькоў. Зімой і летам адным цветам. З нар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Како́ра1 ’старая каржакаватая бяроза’ (полац., Суднік, вусн. паведамл.), ’сухая крываватая палка’ (полац., Садоўскі, вусн. паведамл.), закакорына ’закавыка’ (слаўг., Яшкін, вусн. паведамл.). Параўн. какора2 (гл.).

Како́ра2 ’частка каркаса лодкі’ (жытк., Жыв. сл.; Маслен.; стол., Нар. сл.; ТСБМ), ’частка пабудовы’ (Сержп. Грам.), кокора ’будан з загнутых і звязаных парамі галін вербалозу’, ’нізкі разгалісты дуб на балоце, на які клалі стажок сена’ (стол., Нар. сл.). Да палес. лексікі польск. kokóra; як тлумачыць Слаўскі, 2, 336, такога польскага слова няма, прыведзеная форма адзначана толькі ў Слоўніку Казлоўскага і датычыцца Палесся. Як здаецца, наяўная інфармацыя не вельмі адэкватна адлюстроўвае бел. матэрыял за межамі палескай тэрыторыі, на гэта ўказвае, магчыма, сведчанне Сержпутоўскага і паўн.-бел. лексіка. Вельмі шырока прадстаўлены адпаведнікі да разглядаемага слова ў рускай мове. Найбольш дакладныя: кокора ’дзерава (звычайна хваёвае) з выгнутым коранем; ідзе на астовы, шпангоўты і да т. п. лодак, барак’, «Какоры идут на поделку предметов, которые должны иметь па конце крючок или загиб, например прялки, кичиги, курицы (при постройке дома)» (СРНГ, 14, 93), ’бервяно з крывым загнутым канцом, якое ўжываецца пры пабудове хаты’ і інш. Падобныя значэнні добра вядомы на моўнай тэрыторыі (СРНГ, там жа форма кочёра, кочера ў блізкіх значэннях і інш.). Этымалогія слова не вельмі пэўная, не выключаецца і іншамоўны ўплыў (гл. Фасмер, 2, 283) і працэс кантамінацыі, які вельмі зацямніў першапачатковую форму. Звычайна лічыцца праславянскім (Слаўскі, 2, 337). (БЕР, 2, 537). БЕР (там жа) мяркуе, што да рус. кокора адносіцца і балг. дыял. кокор ’грабавы куст’, ’ссохлы грабавы куст, які выкарыстоўваецца для асвятлення’, ’куст, які расце на камяністых месцах і з якога вяжуць венікі’, ’камяністае месца, зарослае кустамі і цярноўнікам’, кокоряевам (аб дрэве) ’пашкаджацца ў росце’. Параўн. серб.-харв. кокара ’галіна’. Скок (2, 120) параўноўвае гэту лексему з балг. чекор ’галіна’, лат. ceceris, cecers ’пень’, ’пень з каранямі’ і лічыць, што калі гэтыя супастаўленні правільныя, серб.-харв. слова суадносіцца з рус. кокора. Паўтараецца, па сутнасці, даўняя этымалогія для гэтай групы лексікі, якую даў ужо Бернекер (1, 540). Розніца ў семантыцы слова на поўдні і поўначы і, апрача таго, вельмі няясная этымалогія назваў раслін, якія звычайна лічацца роднаснымі вышэй прыведзеным лексемам (гл. спец. какарнак). Па сутнасці, паўдн.-слав. семантыка ’кучаравы’, ’натапыраны’ і да т. п., якая паслядоўна характарызуе валасы чалавека, пер’е птушак і г. д., паўтараецца на поўначы толькі ў лат. мове, дзе значэнні ’брыдкі, падступны і да т. п. чалавек’, ’кучаравая галава’ успрымаюцца як пераносныя, з ’пень з выдранымі з зямлі каранямі’, гл. Мюленбах-Эндзелін, 1, 367. На думку Эндзеліна, як і cencers ’стары пень’ (семантыка, засведчаная для рус. кокора), лат. ceceris з’яўляецца рэдуплікацыяй cers ’шышкаваты, слойны корань дзерава’. Семантыка лат. слова вельмі разнастайная: cers ’куст, кустарник’, ’расліна, якая кусціцца з аднаго кораня’ (напрыклад, жыта), ’шышкаваты, сукаваты корань дрэва’, ’група кустарнікаў’, ’букет кветак’, ’месца, якое зарасло чаротам і трыснягом’, ’зарослае месца на балоце’, ’атожылак, парастак’, ’нарасць’. Далей сюды ж адносіцца літ. kēras ’куст’, ’пень’, ’выкарчаваны пень’ і інш., якія суадносяцца з слав. korenь. Пры гэтым лат. cera ’ускудлачаныя, натапыраныя валасы’ неабходна лічыць другасным. Асноўныя значэнні, якія даволі лёгка выводзяцца з літ. і лат., магчыма, і ў прус. мовах (параўн. kerberse ’кустарнікавая, куставая бяроза’, гл. падрабязна аб рэканструкцыі і этымалогіі Тапароў J–K, 313–315) ’кусцісты, нізкарослы’ засведчаны і ў слав. мовах: рус. корь ’корань’ (толькі разан., фіксацыі пачатку і сярэдзіны мінулага стагоддзя), польск. kierz ’куст’, kierzek, н.-луж. keŕ, в.-луж. keŕ, чэш. keř, славац. ker ’тс’. Паводле Слаўскага, 2, 157, можна рэканструяваць паўн.-слав. *kъrjь, які апафанічна суадносіцца ’з прасл. korenь (у Тапарова, там жа, рэканструкцыя *kъrь). Вытворныя ад кораня з нулявой ступенню аблаўта пруск. kirno ’куст’, літ. kìrna ’карчага’, ’кусцістае, балоцістае месца’, ’буралом’, ’ражны, якія застаюцца пасля ссячэння кустоў’ і інш. Адзначым значэнне літ. слова ’скнара’ (LKŽ, 5, 848). З усх.-слав. фактаў звяртаюць на сябе ўвагу такія лексемы, як тульск. карёк ’кустоўе’, якое Даль (2, 227) тлумачыў: «Вероятно, коряжник криворослый», рус. разан., тульск., валаг. ’кустоўе’, (тульск.) ’дробне кустоўе’ (СРНГ), валаг., разан., тульск., пенз. ’куст, які расце ад пня дрэва’, н.-сіб. ’балоцістае месца, якое зарасло кустоўем’, калуж., маск. (Даль), разан. ’група дрэў пасярэдзіне поля на нізкім месцы’, маск. ’лес на востраве’ і інш. Адзначым, што апошняе можна разглядаць як вытворнае ад корь, якое, відаць, да кора. Важна, што, апрача супадзення семантыкі, дакладных фармальных адпаведнікаў у балт. мовах няма. Буга (Rinkt, 2, 216) меркаваў аб сувязі рус. кокора, кочера, кочерга з лат. kakalis, kakaža, літ. kakar̃lis. Што датычыцца літ. kakar̃lis, то, паводле LKŽ, 5, 88, яно сустракаецца толькі на паўн. усходзе (р‑ны: Купішк., Уцен., Ракішк.), асноўнае значэнне ’мяшалка’ (з доўгай ручкай і крывым канцом, зробленая з дрэўца з загнутым коранем або з галінай, мяшаць страву, месіць хлеб: качарга). Шустэр–Шэўц (8, 588) прапанаваў версію, паводле якой прасл. *kokor‑ суадносіцца з коранем *kok‑. Пры гэтым суфіксацыя ‑or тлумачыцца як адпаведная чэш., славац. sochor, в.-луж. capor, capr, sochor, больш падрабязна ў таго ж аўтара ZfSI, XIX, 6, 586–587.

Како́ра3 (паўн., КЭС), какор ’бохан хлеба’ (КЭС), какорыхлеб з мукі без дабавак’, ’булачкі’ (Анім.), кокора (Нік. Очерки, 95): «название пирога, позже ставшего «пытлюваным, солиным» хлебом», какоркі, какоры ’перапечкі з бульбы, мукі, з прэснага або кіслага цеста’ (зах., Сл. паўн.-зах.), какорына ’тоўсты блін з цёртай бульбы’ (Сл. паўн.-зах.; рас., Шатал.), ’блін з мукі’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. пск., наўг. кокора ’аладка’, пск. ’тоўсты блін’, ’ватрушка (з тварагом, бульбай, морквай і да т. п.)’ (пск., тое ж і ў Сл. паўн.-зах. у шэрагу ілюстрацый), ’ватрушка з бульбай, абавязкова з кіслага цеста’ (валд., наўг.), ’круглы хлеб, вагой у 2–3 фунты, прыгатаваны з лепшай мукі хатняга памолу’. Дэрываты кокорина наўг., пск. у розных значэннях: ’тоўсты блін (адзін)’, ’ватрушка з аржаной мукі з тварагом’, ’пірог’ (пушк., пск.). Аналагічныя лексемы адзначаны і ў рус. гаворках на тэрыторыі прыбалтыйскіх рэспублік. На больш шырокай рус. тэрыторыі наўг., вялікал., калін. і інш. сустракаецца кокорка, кокорока, звычайна ў тых жа значэннях. Звяртае на сябе ўвагу валаг., ярасл., перм., урал. і інш. кокорки ’тварог’, ’дробныя камячкі, камякі ў малацэ (с.-урал.), (перм., с.-урал. і інш.), ’камякі бруду і інш.’, тут, магчыма, пазнейшая ад’ідэацыя да іншага слова. Далей па рус. моўнай тэрыторыі сустракаецца вельмі часта кокура, кокурка ’аладка’, калач, абаранак, пірог і інш.’ Не вельмі яснае слова. З аднаго боку, рус. кокора запазычана з фін. kakkara ’клёцка; від хлеба’, аднак гэтаму пярэчыць другі арэал (форма кокура) у глыбіні рус. гаворак. Вельмі спакусліва разглядаць рус. словы (кокора і какура) асобна, аднак шэраг супадзенняў у пабочных значэннях сведчыць аб іх цеснай суаднесенасці і пярэчыць такой магчымасці. Фасмер (там жа) лічыў, што ўтворана слова какора хутчэй за ўсё ад кока ’курынае яйка ў дзіцячай мове’, ’пшанічны хлеб, пірог’ (арханг.) і быў супраць Калімы, што тут уплыў фін. kukko ’нейкі пірог; певень’. Пацвярджае думку Фасмера, магчыма, толькі рус. раз., сарат. і інш. кокура ’страва з цеста ў выглядзе круглай буханачкі з запечаным у сярэдзіне цэлым яйкам (маск., уладз., кастрам., казан., перм. і інш.), кокурка ’тс’, аднак гэта значэнне толькі пабочнае. Прыняць думку Фасмера нельга па шэрагу прычын (семантыка, форма, лінгвагеаграфічны крытэрый). Цікава, што для паўн.-рус. кокач ’пірог з кіслага жытняга цеста з начынкай з талакна, проса, гароху, рыжыкаў’. Фасмер прыняў прапанаванне Калімы алан. kokoiхлеб з ячменя або аўса’ ў якасці крыніцы запазычання, у той час як для іншых, верагодна, суаднесеных з фін. лексікай рус. слоў шукаў этымалогію на рус. глебе. Цікава пры гэтым звярнуць увагу на літ. kakarokas ’пірог, ляпёшка’, зафіксаванае ў Ракішскім і Кунішскім раёнах. Лексема не вельмі ясная, аднак фармальна яна як быццам пацвярджае магчымы архаічны характар слав. лексікі.

Како́ра4 ’гультай’ (Мат. Гом.). Рус. паўн. ’пра нязграбнага, непаваротлівага чалавека’, кокора сицкая, у Даля і ў акадэмічным слоўніку 1911 г.: «(В местностях около реки Сити) есть привычка говорить о том, кто не ловок в обращении, не развязен, не умеет щегольно одеться.., кокора сицкая!» (ярасл., СРНГ, 14, 94), перм. ’пра лянівага чалавека, гультая’, магчыма, і больш падыходзячыя па геаграфіі пск., цвяр., асташ. ’пра скупога, прагнага чалавека’, пск. какора ’пра непадступнага, цвёрдага, як крэмень, чалавека’, ярасл. ’пра неразумнага чалавека, дурня’. Звернем увагу на тое, што звычайная паралель да рус. кокора ’корань, пень і інш.’ у этымалагічных слоўніках (Фасмер, 2, 282) кокористый з’яўляецца толькі рэгіянальным вытворным ад рус. кокора ’непадступны, цвёрды’. Параўн. рус. пск., асташ., цвяр. кокористый ’натурысты, упарты’, ’незгаворлівы’, ’скупы’ і вышэй прыведзеныя дэфініцыі і геаграфію для кокора. Фармальнае супадзенне дазваляе суаднесці гэта слова з какора2 і какора3. Сувязь з другім словам уяўляецца малаверагоднай, хоць семема ’тоўсты’ ў какора3 магла перайсці ў ’непаваротлівы’, і такое развіццё семантыкі можна было б прыняць. Аднак гэтай версіі пярэчыць лінгвагеаграфія бел. слова (какора4паўд., а какора3паўн.) і адсутнасць прыкладаў ужывання слова какора3 для адмоўнай характарыстыкі чалавека. Між тым сувязь разглядаемых слоў з какора3 даводзіцца значна лягчэй, а магчымасць ужывання семем ’калода’, ’пень’, ’дубіна’ пераносна для характарыстыкі чалавека каментарыяў не патрабуе. Цяжэй вытлумачыць значэнне ’непадступны, цвёрды’ (’скупы’ і ’хцівы’ — на базе менавіта гэтай семемы). Магчыма, неабходна суадносіць яго з такімі значэннямі рус. слова кокора, як ’галінасты, сукаваты; абрубак дрэва’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БРО́ЎКА Пятрусь

(Пётр Усцінавіч; 25.6.1905, в. Пуцілкавічы Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 24.3.1980),

бел. паэт і грамадскі дзеяч. Нар. паэт Беларусі (1962). Акад. АН Беларусі (1966, чл.-кар. з 1953). Засл. дз. нав. Беларусі (1975). Герой Сац. Працы (1972). Скончыў БДУ (1931). З 1918 працаваў перапісчыкам у Велікадолецкім ваен. камісарыяце, справаводам у валвыканкоме, рахункаводам у саўгасе, старшынёй Маладолецкага сельсавета. У 1925 накіраваны на працу ў Полацкі акр. к-т ЛКСМБ. У 1927—28 адказны сакратар газ. «Чырвоная Полаччына». З 1940 рэдактар час. «Полымя». У 1941—42 працаваў у франтавой газ. «За Савецкую Беларусь», супрацоўнічаў у партыз. друку. З 1943 адказны сакратар СП БССР, з 1945 рэдактар час. «Полымя». У 1948—67 старшыня праўлення СП БССР, у 1967—80 гал. рэдактар выд-ва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя».

Друкаваўся з 1926. Першыя зб-кі «Гады як шторм» і «Прамова фактамі» (1930), «Цэхавыя будні» і аповесць «Каландры» (1931). Ранняя лірыка прасякнута матывамі ўслаўлення рэвалюцыі, новай рэчаіснасці. Пераадольваючы пэўную рытарычнасць і рамант. схематызм, паэт авалодваў прынцыпамі канкрэтна-рэаліст. адлюстравання жыцця (зб. «Прыход героя», 1935). У героіка-рамант. паэме «Праз горы і стэп» (1932), прысвечанай падзеям грамадз. вайны, і рэаліст.-быт. Паэме «1914» (1935) канкрэтнасць лірычнага перажывання, праўдзівасць у раскрыцці чалавечых характараў. У зб-ках «Вясна Радзімы» (1937) і «Шляхамі баравымі» (1940) побач з грамадскімі праблемамі значнае месца займае інтымная і пейзажная лірыка. Паэт плённа вучыцца ў Я.Купалы, арганічна засвойвае асаблівасці нар.-паэт. мыслення, часцей звяртаецца да лірыка-песенных формаў. У гады Вял. Айч. вайны паглыбляецца эмацыянальны і рэаліст. змест паэзіі Броўкі, узмацняецца яе патрыят. гучанне. Подзвіг народа, тэма вернасці Радзіме, пераемнасці гераічных традыцый атрымалі глыбокае лірычнае і шырокае эпічнае ўвасабленне ў «Паэме пра Смалячкова» (1943), паэмах «Беларусь» (1943) і «Ясны кут» (1944), вершах «Кастусь Каліноўскі», «Надзя-Надзейка», «Рана», «Магіла байца», «Будзем сеяць, беларусы!». Многія творы Броўкі пасляваен. часу (паэма «Паланянка», 1945; вершы «Парк Перамогі», «Смерць героя») яшчэ звязаны з яго франтавой лірыкай, але пафас творчасці паэта вызначае тэма мірнай працы (паэма «Хлеб», 1946). Працоўны подзвіг народа, барацьба за мір адлюстраваны ў зб-ках «У роднай хаце» (1946), «Дарога жыцця» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Сонечнымі днямі» (1950), «Цвёрдымі крокамі» (1954), рамане «Калі зліваюцца рэкі» (1956, Літ. прэмія імя Я.Коласа 1959; па матывах рамана балет Г.Вагнера «Святло і цені», паст. 1963). У некаторых творах гэтага часу ілюстрацыйнасць, святочная параднасць, ідэалізацыя дасягненняў. За паэму «Хлеб», вершы «Думы пра Маскву», «Брат і сястра», «Народнае дзякуй», «Каб мне стаць...», «Спатканне» прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1947. У 1960—70-я г. ўзмацнілася ўвага паэта да маральна-этычных, агульначалавечых праблем, шырокае гучанне набыла інтэрнац. тэма. У паэзіі дасягнуў цэласнасці лірычнага характару, гарманічнасці ў выяўленні асабістага і грамадскага. Творчасць Броўкі напоўнілася матывамі, звязанымі з асабістай біяграфіяй, з камсамольскім юнацтвам, маладосцю, авеянымі героікай рэв. барацьбы. Вяршынным дасягненнем творчасці Броўкі сталі зб-кі «Пахне чабор» (1959), «А дні ідуць» (1961, Ленінская прэмія 1962), «Заўсёды з Леніным» (1967), «Між чырвоных рабін» (1969, Дзярж. прэмія БССР імя Я. Купалы 1970), «Калі ласка» (1972), «І ўдзень і ўночы...» і кніга прозы «Разам з камісарам» (1974). У паэме «Голас сэрца» (1960) пранікнёна адгукнулася памяць пра маці, закатаваную ў фаш. канцлагеры. Броўка — паэт высокага грамадз. пафасу, мастак з ярка выяўленай рамант. патэтыкай і песенна-лірычнай накіраванасцю. Яго паэзіі ўласціва адкрытая публіцыстычнасць, маштабнасць, народнасць маст. мыслення, прастата рэаліст. светаадчування. Напісаў лібрэта опер «Міхась Падгорны», «Алеся» (з Я.Рамановічам). На бел. мову перакладаў творы Т.Шаўчэнкі, У.Маякоўскага, П.Тычыны, М.Бажана, А.Твардоўскага, М.Ісакоўскага, А.Пракоф’ева, У.Бранеўскага, Дж.Байрана і інш. Дзярж. прэмія БССР 1976 за ўдзел у выданні Бел. Сав. Энцыклапедыі.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—7. Мн., 1975—78;

Зб. тв. Т. 1—9. Мн., 1987—92.

Літ.:

Ярош М. Пятрусь Броўка: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1981;

Васілеўскі М.С., Каваленка М.А. Пятрусь Броўка: Бібліягр. паказ. 2 выд. Мн., 1976.

В.У.Івашын.

т. 3, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

се́сці сов.

1. в разн. знач. сесть; (по местам — ещё) усе́сться, рассе́сться;

с. на ла́ўку — сесть на скаме́йку;

с. ў трамва́й — сесть в трамва́й;

с. за кні́гу — сесть за кни́гу;

с. ў турму́ — сесть в тюрьму́;

со́нца то́лькі што се́ла — со́лнце то́лько что се́ло;

самалёт сеў на аэрадро́м — самолёт сел на аэродро́м;

ву́гал ха́ты сеўу́гол до́ма сел;

матэ́рыя се́ла — мате́рия се́ла;

2. разг. (о болячке) вскочи́ть;

с. на галаву́ — сесть на́ голову;

с. вярхо́м — (на каго) сесть верхо́м (на кого);

с. ма́кам — стать (зайти́) в тупи́к;

с. ў лу́жынупрост. сесть в лу́жу;

с. ў гало́ш — сесть в кало́шу (лу́жу);

с. на мель — сесть на мель;

ні се́ла ні па́ла — ни с того́ ни с сего́; с бу́хты-бара́хты;

на тым жа суку́ с. — оста́ться ни с чем, оста́ться при пи́ковом интере́се;

ні стаць ні с. — ни стать ни сесть;

с. на свайго́ (любі́мага) ко́ніка — сесть на своего́ (люби́мого) конька́;

с. на хлеб і (на) ваду́ — сесть на хлеб и (на) во́ду;

с. за адзі́н стол — сесть за оди́н стол;

як старо́й ба́бе с. — (обычно о земельном участке) клочо́к, пятачо́к;

як сеў, дык і прыкіпе́ўпогов. сел и — ни с ме́ста

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)