энергі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Поўны энергіі (у 2 знач.); дзейны, актыўны. Прафесар глядзеў на студэнтаў і радаваўся, што гэтыя маладыя, шчаслівыя, энергічныя людзі панясуць яго веды ва ўсе канцы Радзімы. Дуброўскі. Сцяпан Фёдаравіч выявіў сябе спрытным камандзірам і энергічным чалавекам. Мележ. // Які выражае актыўнасць, дзейную сілу. Барады ў старшыні няма і вусы выйшлі слаба, але твар энергічны і досыць прыгожы. Колас. // Прасякнуты сілай, энергіяй. Валатовіч энергічным рухам адсунуў ад сябе попельніцу, паперы. Шамякін. Яшчэ да таго, як паступіў у спартыўную школу, не раз, сустрэўшы на вуліцы, я захапляўся .. фігурай [Левандоўскага], даведзенай да дасканалай сіметрыі і прапорцыі. Таксама кідаліся ў вочы яго энергічная хада і добрыя манеры. Карпюк.

2. Рашучы, настойлівы. У адзін міг, відаць, па трапнаму загаду Адамчука, энергічным кідком рушыла наперад першае аддзяленне. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́лаг1 ’пасцель парадзіхі’, ’палок’ (Бяльк.), ’роды’ (Сл. ПЗБ), półah ’хвароба жанчыны ў час нараджэння дзіцяці’ (Варл.). Укр. поло́ги, по́лаг, зло́ги ’роды’, польск. połóg ’роды; час пасля родаў’. Прасл. *pologъ ад *po‑lěgati, гл. лягаць, ляжаць з чаргаваннем у корані, параўн. выраз логма ляжаць ’ляжаць, не маючы сіл падняцца’ (Нар. сл.), по́лог ’палатно над ложкам або калыскай’ (ТС), гл.

По́лаг2 ’завеса над ложкам, шырма’, (Бяльк., Сл. ПЗБ), ’вялікая посцілка, якой апіналі дзіця ў калысцы’ (светлаг., SOr, 39, 356), ’посцілка насіць траву’ (Жд. 3), ’рэдкае палатно’ (Ян.). Укр., рус. по́лог ’полаг’. Прасл. *po‑logъ < *logъ (гл. лог, логава). Відаць, першапачаткова ’месца ляжання, пасцель’, потым ’посцілка’ > ’кавалак тканіны’ > ’заслона’. Значэнне ’рэдкае палатно’, відаць, пад уплывам пологі́слаба спрадзены’ (Уладз.), параўн. антанімічную пару кру́та і полога́ пре́жа (тамсама) і рус. дан. по́лог ’грубая мешкавіна’, што суадносяць з рус. пологий ’плоскі, пакаты’ (Фасмер, 3, 313); гл. палогі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВАСЬМІНО́ГІ

(Octopoda),

атрад галаваногіх малюскаў. Васьміногаў і зрэдку ўсіх буйных галаваногіх малюскаў наз. спрутамі. 11 сям., каля 40 родаў, 200 відаў. Пашыраны ў марскіх водах да глыб. 8000 м ад Арктыкі да Антарктыкі. Донныя, прыдонна-планктонныя і планктонныя жывёлы. Найб. вядомыя васьміног звычайны (Octopus vulgaris, васьміног глыбакаводны блінападобны (Opistoteuthis depressa), васьміног глыбакаводны бязвокі (Cirrothauma murrayi) і інш.

Даўж. тулава 1—60 см, са шчупальцамі («рукамі») — да 3—6 м (зрэдку да 9,6 м), маса да 50—100 кг (зрэдку да 270 кг). Цела авальнае, мяшэчкападобнае, галава слаба адасоблена ад тулава. 8 «рук» часта аб’яднаны паміж сабой тонкай перапонкай з прысоскамі. У мелкаводных васьміногаў ёсць залоза, з якой пры абароне выпускаюць чарнільную вадкасць. Васьміногі глыбакаводныя маюць органы свячэння. Актыўныя драпежнікі. Аб’ект промыслу.

т. 4, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́КВІЦА

(Betonica),

род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 30 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, акрамя Антарктыды і Аўстраліі. На Беларусі трапляецца буквіца лекавая (В. officinalis). Расце ў шыракалістых і мяшаных лясах, у хмызняках і на сухіх закуставаных лугах; у кветкаводстве выкарыстоўваюцца 2 інтрадукаваныя віды: буквіца буйнакветная (В. macrantha) і аблісцелая (В. foliosa).

Шматгадовыя травяністыя расліны з апушаным прамастойным простым або слаба разгалінаваным сцяблом выш. 20—100 см і кароткім карэнішчам. Ніжняе лісце доўгачаранковае, звычайна ў прыкаранёвай разетцы, верхняе амаль сядзячае супраціўнае, падоўжана-яйцападобнае, па краі пілавата-гародчатае. Кветкі ліловыя або ружовыя і жоўтыя, у канцавых коласападобных суквеццях. Плод — чатырохарэшак. Лек. (вяжучы, жаўцягонны, адхарквальны, кроваспыняльны, ранагаючы сродак), дэкар. і меданосныя расліны, маюць розныя алкалоіды, эфірны алей, горкія і дубільныя рэчывы.

т. 3, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГРО́ФІЛА

(Hygrophila),

род кветкавых раслін сям. акантавых. Каля 90 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках Афрыкі і паўд.-ўсх. Азіі ў вадаёмах, на балотах і інш. вільготных месцах; некаторыя віды трапляюцца як пустазелле на рысавых палях. На Беларусі ў акварыумах культывуюць найчасцей гігрофілу шматнасенную (Н. polysperma), зрэдку азёрную (Н. lacustris) і гвіянскую (Н. guianensis).

Шмат- або аднагадовыя водныя травяністыя расліны з прамым або ўзыходным сцяблом. Кветкі сабраны невял. групамі, рэдка адзіночныя, у пазухах лісця або ў канцавых суквеццях, гермафрадытныя. Плод — каробачка. У гігрофілы шматнасеннай каранёвая сістэма развіта слаба, сцябло доўгае, тоўстае; паветранае лісце простае, вузкае, доўгае, размешчанае супраціўна парамі, апушчанае ў ваду. Лепш расце ў мяккай, слабакіслай вадзе пры т-ры 22—24 °C. Размнажаецца чаранкамі і грунтавымі парасткамі.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАФІ́ЛЬНАСЦЬ І ГІДРАФО́БНАСЦЬ,

характарыстыкі розных тыпаў узаемадзеяння рэчываў з вадой; прыватны выпадак ліяфільнасці і ліяфобнасці. Гідрафільнымі ці гідрафобнымі могуць быць розныя рэчывы, а таксама паверхні цвёрдых цел і тонкія слаі на мяжы падзелу фаз.

Гідрафільнасць уласцівая рэчывам, малекулы якіх утвараюць трывалыя каардынацыйныя і вадародныя сувязі з малекуламі вады. Асабліва выражана ў мінералаў з іоннай крышт. рашоткай (напр., карбанатаў, сілікатаў, глін). Гідрафобныя рэчывы (металы, парафіны, тлушчы, воскі і інш.) слаба ўзаемадзейнічаюць з вадой. Гідрафобнасць — прычына моцнага прыцяжэння ў вадзе паміж непалярнымі часціцамі, якое наз. гідрафобным узаемадзеяннем. Гідрафобным узаемадзеяннем абумоўлены: адсорбцыя паверхнева-актыўных рэчываў з водных раствораў на мяжы з паветрам, непалярнымі вадкімі ці цвёрдымі фазамі; экстракцыя непалярных рэчываў з вады і водна-арган. сумесей; міцэлаўтварэнне ў водных растворах многіх арган. рэчываў.

С.М.Ляшчоў, Я.М.Рахманько.

т. 5, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Сквярці́ся ‘верашчаць, трашчаць, стракатаць, сквірчэць’, ‘нудна плакаць, вішчаць, пішчаць’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр., Шн. 3, Сл. ПЗБ): скверыцца як рапуха, чого ён там скверыцца? (Сержп. Прык.), сквярэцца жывое мясо (Сержп. Прымхі); скверці́са, шкве́рціса ‘тс’ (ТС), сквірчэ́ць ‘тс’ (ТСБМ, Ласт.); saróka skwirczýč (Пятк. 2), сквірэ́ць, сквірчэ́ць ‘аб сале і марозе’ (Шат.), скве́рыцца ‘плакаць і капрызіць’ (Шат.), ‘слаба гарэць’: не гарыць, а скверэцца (Сержп. Прык.), скве́рсца ‘скварыцца (пра сала)’, ‘утвараць рэзкія гукі (пра жаб)’, ‘плакаць, хныкаць’ (Юрч.), жаба сквярэ́цца (полац., ДАБМ, камент., 895), скве́рцца ‘гаварыць рыпучым голасам’ (Юрч. Вытв.), скве́рцісі ‘капрызіць, плакаць’ (кліч., Жыв. сл.). Укр. дыял. сквири́тися ‘плакаць, пішчаць’, сквирча́ти ‘трашчаць, сычэць’, рус. бранск. скве́рться ‘плакаць пранізлівым голасам (аб дзіцяці)’, смал. ‘пранізліва пішчаць (пра птушак)’, польск. skwierczeć ‘трашчаць, стракатаць, пішчаць’, славац. skvrkať ‘бурчаць (у жываце)’, серб.-харв. сквр́чати. Іншая ступень чаргавання ў скварэц (гл.). Гукапераймальны корань skvьr‑ (Праабражэнскі, 2, 296; Фасмер, 3, 637), варыянт *skverk‑ (Скок, 1, 284). Параўн. скварыць і скверашчаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тыне́ць ‘тлець, прэць’ (Юрч.), ‘гніць ад сырасці’ (Юрч. Сін.), тыне́нне ‘гніенне, прэласць’ (Юрч. СНЛ), параўн. серб. тѝњати ‘тлець, гарэць’, славен. tínjati ‘тлець’. Беларуска-паўднёваславянская ізалекса, што дае падставы для рэканструкцыі праславянскага дыялектызма *tinʼatiслаба гарэць’, звязанага з прасл. *tajati (Куркіна, Этимология–1986–1987, 76; Диал. структура, 153), гл. таяць. Запрудскі далучае сюды сціняці́цца ‘пакрывацца тонкім лядком, замярзаць’, сціняце́ць ‘зрабіцца кволым, змарнець (пра гародніну)’, якія праз стадыю ‘сціскацца’ ўзводзіяцца да *tęti ‘біць, сячы’ (БЛ, 36, 58), параўн. сцінаць, сцяць (ЭСБМ, 13, 99, 112), што, дарэчы, можа быць звязана з *tinati ‘падразаць’ як тэрмінам падсечна-агнявога земляробства, гл. Куркіна, Культура, 67. Верагодна, да названага праславянскага дыялектызма прымыкае па форме балг. дыял. тиня́е ‘прапускае ваду (пра гляняны збанок)’, што ўзводзіцца да *tęti ‘цягнуць’ (Рачава, Этимология-2003–2005, 192). Адносіны паміж названымі паралелямі застаюцца да канца не высветленымі, параўн. сумненні Сноя (Бязлай, 4, 181). Для беларускага дзеяслова не выключана сувязь з тыня, тыніна ‘зараснік, забалочанае месца’, тынь1 ‘ціна, плесень’, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

змро́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Слаба асветлены; цёмны. Змрочнае памяшканне. □ Змрочны яловы лес перайшоў паступова ў светлы і сухі сасновы бор. В. Вольскі. Змрочная, непрытульная ноч напаткала ўцекачоў у .. цясніне. Быкаў. // перан. Які выклікае цяжкае ўражанне сваёй паныласцю, непрыгляднасцю; шэры, нудны. Змрочны пейзаж.

2. Пануры, хмуры, насуплены. Бацька змрочны, як хмара, хадзіў па хаце. Чарнышэвіч. // Які выражае панурасць, заклапочанасць. На змрочным твары Фаміча То прамільгне прамень надзеі, То наплыве, як цень, адчай. Бачыла. // Поўны цяжкіх пачуццяў; бязрадасны. Змрочны настрой. □ У галаве круцяцца думкі, неспакойныя, змрочныя. Асіпенка.

3. перан. Цяжкі, беспрасветны. Змрочныя гады зняволення. □ І не лёгка верыць успамінам Пра цяжкія, змрочныя часы. Лойка.

4. перан. Накіраваны супраць прагрэсу, чалавечнасці; жорсткі, рэакцыйны. Яркае ўяўленне аб самаахвярнай барацьбе рэвалюцыйнай моладзі супраць змрочных сіл рэакцыі стварае сцэна ў адным з віленскіх рэстаранаў. Хромчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цьмець, ‑ее; незак.

Разм.

1. Цьмяна гарэць; ледзь свяціцца. Толькі каля вакзальчыка цьмеў ліхтарык. Пестрак. Там-сям у лесе цьмелі чырвоныя вогнішчы, .. цямнеліся фурманкі, кухні. Гарэцкі. // перан. Скрыта існаваць, тлець. У ягонай [Турковай] душы цьмела ўсё тая капітанава абяцанка наконт разведкі. Быкаў.

2. Станавіцца цьмяным, цямнейшым. Неба на ўсходзе пачынала шарэць і зоры цьмелі. Чорны. // перан. Станавіцца менш выразным, менш яскравым, нязначным. Цьмеў воблік малой, паціху, непрыкметна, але адыходзіў у нябыт. Мележ. Тое, што .. [Марына] цяпер не адна, а з бацькам, вярнула да яе многа дзіцячага, што ў адзіноце пачало ўжо цьмець і губіцца. Чорны.

3. Вылучацца сваім цьмяным колерам; цямнецца. Наперадзе, метраў за дзвесце ад хаты, чарнелі сцены старой пуні, за ёй слаба цьмеў лясок. Хадкевіч. [Рыбак] павярнуў па цаліку да знаёмага гуменца, касабокія будынкі якога цьмелі непадалёк у змроку. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)