БУ́КВІЦА

(Betonica),

род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 30 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, акрамя Антарктыды і Аўстраліі. На Беларусі трапляецца буквіца лекавая (В. officinalis). Расце ў шыракалістых і мяшаных лясах, у хмызняках і на сухіх закуставаных лугах; у кветкаводстве выкарыстоўваюцца 2 інтрадукаваныя віды: буквіца буйнакветная (В. macrantha) і аблісцелая (В. foliosa).

Шматгадовыя травяністыя расліны з апушаным прамастойным простым або слаба разгалінаваным сцяблом выш. 20—100 см і кароткім карэнішчам. Ніжняе лісце доўгачаранковае, звычайна ў прыкаранёвай разетцы, верхняе амаль сядзячае супраціўнае, падоўжана-яйцападобнае, па краі пілавата-гародчатае. Кветкі ліловыя або ружовыя і жоўтыя, у канцавых коласападобных суквеццях. Плод — чатырохарэшак. Лек. (вяжучы, жаўцягонны, адхарквальны, кроваспыняльны, ранагаючы сродак), дэкар. і меданосныя расліны, маюць розныя алкалоіды, эфірны алей, горкія і дубільныя рэчывы.

т. 3, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)