-на́ццаць, частка складаных лічэбнікаў: адзіна́ццаць, двана́ццаць і пад., часам выступае ў форме ‑на́нцаць: адзіна́нцаць, петна́нцаць (ДАБМ), двана́нцаць (ТС) і інш. Паводле Карскага (2–3, 95), у ст.-бел. мове ужывалася самастойна ў спалучэнні з парадкавымі лічэбнікамі, якія абазначалі адзінкі: первый надцать (Статут 1529 г.), четверътое надъцать (Статут 1588 г.) побач з дванадъцатоє, шеснадъцатоє і г. д. Сустракаюцца і больш архаічныя формы: четверѕтого надесѧть (Тайна тайных XVI ст.), якія адлюстроўваюць зыходнае спалучэнне на десѧте (прасл. na desęte, параўн. dъva na desęte ’20’), гл. дзесяць. Формы з ‑нанцаць тлумачацца па-рознаму. Карскі (2–3, 93) лічыць, што н перад ц з’явілася пад уплывам «узмоцненага вымаўлення» н у ‑на‑ з ‑нна‑ ў лічэбніку адзінаццаць і па аналогіі ў іншых лічэбніках. Сабалеўскі супастаўляе беларускія формы з балгарскімі тыпу пендесет, девендесет і дапускае, што ў гэтых выпадках мела месца дысіміляцыя зубнога зычнага т (д) (ЖМНП, 314, 10, 64). Такой жа думкі прытрымліваліся Эндзелін (РФВ, 13, 113), Чарнышоў (Сб. Милетич. София, 1933, 196–198), адносна балгарскага матэрыялу Мірчаў (Неврокопският говор. София, 1936, 13–14). Іншыя версіі і меркаванні гл. Будэ, Изв. ОРЯС, 3, 3–4, 930–932; Чабярук, Лічэбнік, 37–38.
-не́будзь, часціца ў складзе неазначальных займеннікаў і прыслоўяў што‑небудзь, хто‑небудзь, куды‑небудзь і пад. (Гарэц., Некр. і Байк., БРС, ТСБМ, Бяльк.), таксама дыял. ‑нібу́дзь ’тс’ (Цых.), укр. ‑не́будь ’тс’, рус. ‑нибу́дь ’тс’. У выніку кантамінацыі выразаў тыпу хто б ні быў і *хто‑будзь, гл. укр. хто‑будь (часцей будь‑хто) ’тс’, польск. kto bądź ’тс’, параўн. яшчэ ст.-бел. лечатсѧ в кого нибѫди (XVI ст.), дзе выступае форма загаднага ладу 3‑й ас. адз. л. ад быць (Карскі 2-3, 269); адмоўе ў складзе гэтых выразаў мае ўзмацняльны (афектыўны) характар (ESSJ SG, 2, 323, насуперак Фасмеру, 3, 72, які бачыць тут параўнальную функцыю).
-нь, пастпазіцыйная партыкула, якая далучаецца да займеннікаў тыпу штонь ’што-небудзь’, хтонь ’хто-небудзь’, прыслоўяў тыпу калінь ’калі-небудзь’ і пад., вядома яшчэ ст.-бел. штонь (1387), какійньколи (якія калі) (1432). Паводле Карскага (1, 323), можа выводзіцца з займенніка *(j)ь (ст.-слав. иже, параўн. він. скл. *нь) або з’яўляецца вынікам скарачэння не ці ні, параўн. ст.-бел. штонь есть дохода; паводле Копечнага (ESSJ SG, 1, 323), звязана з займеннікам *onъ (гл. ён).