Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Со́чыва ‘варэнне’ (Байк. і Некр.), ‘малачко з расцёртых канапель або маку’ (Ласт.), укр. соче́вазерне сачыўкі’, рус. со́чиво ‘сок, малако з льнянога семені’, ст.-рус. сочивозерне сачыўкі’, славен. sočivje ‘стручковыя плады; гародніна’, sočȋvo ‘бабовыя’, серб. со̏чӣво ‘тс’, харв. чак. sȍčivo ‘тс’, балг. со́чиво ‘суп’, макед. дыял. сочиво ‘фасоля’, ст.-слав. сочиво ‘сачыўка’. Прасл. *sočivo, вытворнае ад *sokъ, гл. сок (Фасмер, 3, 731; ЕСУМ, 5, 364). Рэканструкцыя першаснага значэння ‘ежа, яда’ на базе каузатыва *sočiti ‘рабіць мокрым, мачыць’ > ‘гатаваць’ па тыпу варыцьварыва (гл. Фурлан у Бязлай, 3, 282–283) падаецца верагоднай, аднак патрабуе дадатковай аргументацыі, параўн. Куркіна, Этимология–1994–1996, 206. Гл. таксама сачыўка.

Сырамало́т ’малацьба збожжа без папярэдняй сушкі’ (ТСБМ, Касп., Некр., Серб. Вічын), ’зерне, збожжа з абмалоту без прасушкі’ (Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), сырамало́там ’малацьба снапоў спешна шляхам аббівання іх аб калоду, дошку, у выніку снапы застаюцца не да канца вымалачанымі’ (Нік. Очерки). Ад сыры і малаціць.

Сме́цце ‘дробныя адкіды, рэшткі чаго-небудзь; драбяза’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Растарг., Сл. ПЗБ, Сержп., ЛА, 3, Касп., Сцяшк.), сме́цье ‘тс’ (ТС), смяццё ‘тс’ (Нас., Шымк. Собр., Ласт., Растарг., Сл. ПЗБ, Скарбы), сме́цейка ‘самае дрэннае зерне, якое пры веянні кладзецца перад мякінай’ (Шат.), ‘дрэннае, пашкоджанае зерне’ (Сл. Брэс.), сюды ж сме́тнік ‘месца для смецця, звалка’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС, Сл. ПЗБ). Параўн. укр. смі́ття ‘смецце’, рус. сме́тье ‘тс’, ‘мякіна’, польск. śmiecie, в.-луж. smjecie, чэш. smetí, smeť, славац. smet, серб.-харв. сме̑ће, смет, славен. smetjè, smet, балг., макед. смет ‘тс’. Прасл. *sъmetьje, *sъmetь. Ад *sъmesti (гл. месці) з суф. ‑ьjе, ‑ь, першапачаткова nomen actionis; гл. Слаўскі, SP, 1, 85; таксама Фасмер, 3, 687; Махэк₂, 361; Шустар-Шэўц, 1319; Сной₁, 584; Борысь, 618.

Сяўба́ ’пасеў збожжа, час пасеву’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Касп., Стан., Шат., Сл. ПЗБ, Бяльк.), ’матэрыял (насенне, караняплоды, зерне) для пасеву’ (віл., Стан.; Сцяшк., Сл. ПЗБ), сеўба́ ’перыяд пасадкі караняплодаў’ (Арх. Вяр.), сылба́ ’ўсходы’ (зах.-палес., Выг.), ст.-бел. севба ’працэс пасеву і яго плён’: севба моя поспела, бочку севбы (1540 г.; Лінгв. дасл., 69). Дэрыват ад сеяць з суф. -ба, паводак Сцяцко (Афікс. наз., 33), з менай j/b у аснове.

Су́спіца ’адходы пры веянні збожжа (з дробных зярнят і пустазелля)’ (слуц., усх.-палес., Сл. ПЗБ; ЛА, 5, Шымк. Собр.), ’супражка, складчына’ (Касп.), сусьпіца, суспіца ’змешаная жытняя мука’ (Пятк. 1, ЛА, 4). Укр. дыял. су́спиця ’змешанае зерне (напр., жыта з пшаніцай, жыта з ячменем і пад.)’, рус. паўдн. су́спица ’адходы пры веянні збожжа’, старое польск. suspica ’сумесь мукі розных культур’. Паўн.-прасл. *sǫsъpъ, параўн. яшчэ стараж.-рус. сусъпъ ’складчына’, таксама польск. тапонім Sąspów (з XV ст.), аддзеяслоўны дэрыват ад *sъ‑suti ’ссыпаць разам’. Борысь (Prefiks., 107), Фасмер (3, 810), ЕСУМ (5, 484) разглядаюць як дэрыват з прыст. су- < *sǫ‑ ад асновы *sъp‑, якая звязана чаргаваннем з *suti, *sъpǫ ’сыпаць’. Гл. таксама шушпіца.

Са́жа ’прадукт няпоўнага згарання паліва, які чорным налётам асядае ў комінах, дымаходах і пад.’, ’хвароба хлебных злакаў’ (ТСБМ, Нас., Шат., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), са́джа ’тс’ (Касп., Сл. ПЗБ), ’спарыння, чорнае зерне ў пшаніцы, просе’ (Шатал., Выг.). Рус., укр. са́жа, ст.-слав. сажда, польск. sadza, каш. saʒ, в.-луж. sazy мн. л., н.-луж. дыял. saze мн. л., чэш. sáze, славац. sadza, славен. sája, балг. са́жда, са́жди мн. ’сажа’, макед. са́жда. Прасл. *sadja, дэрыват з суф. ‑ja ад *sěsti, *sędǫ ’сесці’ (SP, 1, 82), г. зн. ’тое, што насела, асадак’. Роднасныя літ. súodžiai ’сажа, копаць’, англ.-сакс., ст.-ісл. sót, англ. soot, ірл. suide (*sōdi̯ā). Гл. Траўтман, 273; Зубаты, BB 18, 257, Фасмер, 3, 544; Борысь, 537; Махэк₂, 738; Шустар-Шэўц, 2, 1270–1271; Сной₁, 551.

Со́ваць ‘перамяшчаць, ставіць, устаўляць’, безасабова таксама пра рэзкі боль (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), ‘піхаць, утыкаць, утыркаць’ (Некр. і Байк.), сува́ць ‘тс’ (Нас., Ласт.), со́вацца ‘ўсоўвацца’, ‘хадзіць з месца на месца’ (ТСБМ), ‘павольна рухацца’ (Сл. ПЗБ), со́вацца, со́ўвацца ‘соўгацца’ (ТС), сува́цца ‘хістацца, піхацца’ (Нас., Ласт.). Укр. сова́ти, рус. сова́ть, стараж.-рус. совати ‘кідаць кап’ё’, польск. suwać, в.-луж. suwać, н.-луж. suwaś, ст.-чэш. sovati, славац. zasúvať ‘засоўваць, перасоўваць’, серб. дыял. со́вам се, су́вам се ‘працягваць руку за чым-небудзь’, славен. sováti, балг. со́вам, ст.-слав. совати ‘кідаць’. Прасл. *sovati роднаснае літ. šáuti ‘соваць; саджаць (хлеб у печ)’, ‘страляць’, лат. šaũt ‘страляць; хутка соваць; штурхаць’, далей гоц. skewjan ‘ісці’, алб. heth ‘кідаю; вею зерне’, ст.-в.-ням. scioʒan, ст.-ісл. skjóta ‘страляць, рухаць, штурхаць’; параўноўваюць яшчэ з ст.-інд. suvati ‘прыводзіць у рух’, хец. šuu̯āi‑ ‘штурхаць, рухаць’. Гл. Траўтман, 300; Мюленбах-Эндзелін, 4, 9–10; Фасмер, 3, 705; Махэк₂, 592–593; Шустар-Шэўц, 1380–1381. Борысь (588) форму *sovati лічыць другаснай ад *suti, *sovǫ па аналогіі з *davati ‘даваць’; і.-е. корань *(s)keu̯‑ ‘кідаць, пасоўваць, ціснуць’. Гл. таксама сунуць.

Стрына́тка, страна́тка ‘пліска’ (маладз., барыс., Сл. ПЗБ), ‘аўсянка’ (Песні сямі вёсак), струна́тка ‘дробная птушка’ (мядз., Жыв. сл.), струна́тачка ‘нейкая птушка, можа быць, сініца або аўсянка’ (Тур.), стрына́тка, стрыгна́тка ‘невялічкая шэрая птушка, якая адлятае на зіму’ (Мядзв.), ‘стрыж; птушка з жоўтым апярэннем’ (Сцяшк.), стрыгна́тка ‘аўсянка’ (Мат. Маг.), странадка ‘птушка Tringa clareola’ (Меер Крыч.), старнатка ‘аўсянка, Emberiza, citrinella’ (там жа), сцернадка (стернадка) ‘аўсянка’ (Шымк. Собр.), стрина́дка, стригна́дка, стрегно́тка ‘нейкая птушка’ (Шн. 1, 525, 526), стырна́тка ‘пліска’ (беш., Нар. сл.), старына́тка ‘тс’ (Бяльк.). Укр. стре́надка ‘аўсянка’, рус. стрена́тка ‘тс’, польск. strznadl, trznadel, trzynadl, strdnal, styrnadl, sternal, в.-луж. stnadź, sknadź, knadź, н.-луж. tśnarl, tšnarl, чэш. strnad, strnádka, славац. strnádka, серб.-харв. стрна̀дица, славен. strnȃd, strnȃda, балг. сарна́тка ‘маленькая, падобная на вераб’я птушка з карычневай плямкай на шыі, што зімуе ў Балгарыі’. Прасл. *strьnadь (або *strnadь — Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, 7, 105 і наст.) параўноўвалі з літ. stárta, дыял. stérta, лат. stā́ste, stā́rsta ‘стрынатка’ і звязвалі з прасл. *(s)tьrnъ ‘іржышча’ (Міклашыч, 322; Махэк₂, 582; Скок, 3, 347), супраць чаго па фанетычных прычынах Бязлай, 3, 330. Меркавалі таксама аб гукапераймальным паходжанні ад крыку птушкі; гл. Фасмер, 3, 776; Брукнер, 582; Шустар-Шэўц, 1290. Сной (у Бязлай, 3, 330) разглядае слова як кампазіт з першай часткай ад і.-е. *kʼri‑m(e)n, параўн. грэч. κριμνον ‘грубая ячная мука’, з іншым суфіксам ‑λριυή ‘ячмень’, алб. dríthë ‘пшаніца’ і інш. з першасным значэннем ‘якая есць жыта, зерне’, параўн. стрынатка гуменная ‘птушка Emberiza milliaria’ (Ласт.), рус. овсянка, просянка ‘тс’ і інш. Гл. яшчэ Антропаў, Назв. птиц, 365–367.

Спор1 ‘удача, поспех у чым-небудзь’ (ТСБМ), ‘карысць, пажытак’ (Ласт.), ‘прыбытак; поспех’ (Нас., Гарэц.), спор (спорь) ‘ураджай’ (Пятк. 2), параўн.: “wiedźmy… łopatą do pieczenia chleba biorą spór z żyta” (Маш., 221), спор, спара́ ‘памнажэнне, павелічэнне’: “Спор табе ў дзяжу! Спор вам на хлеб” — прыгаваруюць, каб не мінаўся хлеб” (мін., чэрв., рагач., Сл. ПЗБ), ‘дастатак’: въ гумнѣ спора ‘пажаданне пры ўлазінах’ (мазыр., Яшк. Мясц.), ‘пажаданне ў рабоце’ (ЛА, 5), спо́рны ‘выніковы, паспяховы’, ‘эканомны, шчодры’, ‘густы (пра дождж, снег)’ (Нас., ТСБМ, Шат., Гарэц., Сл. ПЗБ, ТС). Параўн. укр. спо́рий ‘выніковы, паспяховы’, спориня́ ‘поспех, прыбытак, рост’, рус. спо́рый ‘тс’, спорынья́, спорина́ ‘прыбытак, рост’, стараж.-рус. споръ ‘багаты’, польск. spory ‘не малы, дастаткова вялікі’, в.-луж., н.-луж. spóry ‘багаты, шчодры’, чэш. sporý ‘выніковы, моцны’, славац. sporý, серб.-харв. спо̏р ‘павольны, працяглы’, славен. spòr ‘багаты, пажыўны’, балг., макед. спор ‘прыбытак; ураджай’. Прасл. *sporъ ‘выдатны; багаты; пажыўны’ з’яўляецца прыметнікам ад прасл. *spěti ‘спець’ (гл.) з суф. ‑r‑. Мае адпаведнікі ў ст.-інд. sphirás ‘сыты; багаты’, лац. prosper (*prosparos) ‘шчаслівы; спрыяльны’, ст.-ісл. sparr ‘ашчадны; пашкадаваны’. Іншая апафанічная ступень у прасл. *spěti (гл. спець). Гл. Фасмер, 3, 737 з іншай літ-рай; Скок, 3, 313; Махэк₂, 570–571. Шустар-Шэўц (1343–1344) узнаўляе прасл. наз. *sporъ ‘прыбытак, ураджай’ і прым. *sporъ‑jь ‘спорны, паспяховы’. Гл. яшчэ Варбат, Этимология–1965, 120; Тапароў, Этимология–1980, 652; ЕСУМ, 5, 380.

Спор2 ‘сварка, спрэчка’ (Бяльк.), спор, спо́рка ‘супраціўленне’ (Нас.), спор, спо́рка ‘сварка, спрэчка’ (ТС), спо́рыць ‘спрачацца’ (паст., смарг., Сл. ПЗБ; ТС), спо́раць ‘ісці ў заклад’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), спо́рыцца ‘спрачацца’ (Шат.; віц., Сл. ПЗБ; Бяльк.), спо́роваць ‘тс’ (Нас.), спо́рываць ‘тс’ (Касп.). Укр. спір, спо́ритися ‘спрачацца’, рус. спор, спо́рить, стараж.-рус. съпоръ, польск. spór, чэш., славац. spor, серб.-харв. спо́р ‘спор; судовы працэс’, славен. spór ‘спрэчка’. Прасл. *sъporъ аддзеяслоўны назоўнік ад прасл. прэфіксальнага дзеяслова *sъ‑perti sę < прасл. *perti (гл. перці) (Борысь, 570–571; Фасмер, 3, 737). Параўн. спіраць, гл.

Спор3 ‘чорнае зерне ў коласе’ (ТС, Выг., ЛА, 5). Этымалагічна тое ж, што і спор1. Параўн. спарыння, спарыш3.