Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Сыраква́ша ’густое кіслае малако’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Касп., Ласт., Бяльк., Сцяшк.; віц., Шн.; Мат. Гом.; усх.-бел., ЛА, 4), сараква́ша (в.-дзв., паст., шчуч., віл., глыб., Сл. ПЗБ), сыро́кваш ’тс’ (кліч., Жыв. сл.). Укр. палес. сираква́ша ’тс’. Да сыры і квасіць (гл.); адносна семантыкі параўн. сырадой, гл.

Сы́рнік1 ’ежа з тварагу, падобная з выгляду на аладку’ (ТСБМ, Касп., Нік. Очерки), ’блін з тварагом’ (Ласт., Вешт.), рус. сы́рник ’тс’. Да сырны < сыр, гл.

Сы́рнік2 ’клінковы мяшочак, клінок (для прыгатавання сыру)’ (Сл. ПЗБ, Жд. 2, Сцяшк., Ян., Мат. Гом., Скарбы, Шатал.). Да сырны < сыр, гл.

Сы́рнік3 ’садавіна’ (Барад.). Да сыры́ ў спецыфічным значэнні ’зялёны, няспелы’.

Сы́равадка ’вадкая частка кіслага ці адтопленага малака’ (Нас., Шымк. Собр.), сы́раватка ’тс’ (Касп.; докш., Гіл.; Сл. ПЗБ), сыра́вадка ’тс’ (Растарг.), сы́рва́тка ’тс’ (Ласт., Сл. ПЗБ), сы́ўрадка ’тс’ (Юрч. Вытв.), сы́ўрытка ’тс’ (Бяльк.). Апошнія формы, паводле Дабрадомава (Бел.-рус. ізал., 41), блізкія да рэканструяванага булг. *surat > *śu͡arat > *śuvarat, якое адпавядае цюркскім назвам кіслага малака: кірг. джуурат, якуц. суорат і інш., што малаверагодна. Гл. сыроватка.

Сырадо́й ’толькі што надоенае, яшчэ не астылае малако’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Касп., Бяльк., Сцяшк., Растарг., Маш., Пятк. 1, ЛА, 4), сырадо́й, сарадо́й ’тс’ (Сл. ПЗБ), сыродо́й ’тс’ (ТС), сурадо́й ’тс’ (Мат. Маг.). Укр. палес. сироди́й, сиродо́й, рус. смал. сыродо́й. З сыры́ і даі́ць. Вештарт (Лекс. Палесся, 104) у сыр‑ (параўн. яшчэ сыракваша, сыра/оватка) бачыць агульны элемент са значэннем ’малако’, роднаснае прасл. *syrъ: *sьrъ‑ (гл. cepa): *sъrь‑, які быў выцеснены пранікненнем з германскіх моў *melzivo (гл. малозіва), што падтрымлівае Мартынаў (Этимология–1968, 20–22); супраць Трубачоў (там жа, 39). Аднак слав. *syrъ мае значэнне не толькі ’сыры’, але і ’свежы’, ’неапрацаваны’, параўн. таксама заўвагу Пяткевіча: “mleko prosto od krowy (syradoj) nie używają” (Пятк. 1, 131).