Сухазе́мны ’сухапутны, характэрны для сушы’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.), сухазе́мʼе ’цвёрдая зямля, суша’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). З суха‑ (гл. сухі) і зем‑ (гл. зямля), аналагічна да чарназемны, чарназемʼе.
Сухашча́вы ’сухарлявы, хударлявы’ (Некр. і Байк., Ласт., Бяльк.). Параўн. укр. дыял. сухоща́вий ’тс’, рус. сухоща́вый ’тс’. Ад сухасць, рус. дыял. сухощь (Фасмер, 3, 814); меркаванні пра магчымае паходжанне ад *съчав‑, параўн. чэш. šťáva ’сок’, гл. Трубачоў, дополн. у Фасмер, 4, 283.
Сухажы́лле ’злучэнне мышцаў з касцямі’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), сухажы́льля ’тс’ (Ласт.). Да сухі і жыла (гл.), параўн. польск. sucha żyła, старое suchożyła ’нерв’, ’сухажылле’, в.-луж. sucha żił(k)a ’сухажылле’, у якасці анатамічнага тэрміна, магчыма, запазычана з рус. сухожи́лие ’тс’.
Сухандэ́ль ’надта худы, хударлявы’ (Сл. ПЗБ). Да сухі ’худы’, утвораны пры дапамозе экспрэсіўнага словаўтваральнага комплексу ан‑д‑эль, параўн. уласнае імя Сухан (Бірыла, антр., 2), суханя́вы ’сухі і высокі’ (Ласт.), suxanʼʒá ’тс’ (беласт., Саевіч, Derywacja, 357), suxalʼ ’тс’ (там жа, 382), пра варыянтнасць ‑аль/‑эль гл. Сцяцко, Афікс. наз., 38.
Сухо́тнік ’сушаніца, Gnaphalium L.’ (Ласт., Кіс., Сцяшк., Сл. Брэс.), ’кмен, Helichrysum L.’ (Расл. св., Сл. ПЗБ), сухо́тнік лесавы ’крынічнік лекавы, Veronica officinalis L.’ (Ласт., Кіс.), сухо́тнік ’старасцень якава, Senecio jakobaea L.’ (Кіс.), ’агаткі, Antennaria dioica L.’ (паўн.-зах., ЛА, 1), сухо́тнык ’старасцень’ (Сл. Брэс.), сухо́тнік ’цыкорыя звычайная, Cichorium inthybus L.’ (Бейл.), сахо́тнік ’старасцень вясенні, Senecio vernalis W. et K.’ (Кіс.). Параўн. укр. сухі́тник ’расліна для лячэння ад сухотаў’, ’сушаніца, крынічнік і інш. расліны’, польск. suchotnik ’кмен’. Вытворныя ад сухота, сухоты (гл.) у розных значэннях, якія наклаліся адно на адно, параўн. амонім сухо́тнік ’хворы на сухоты’ (Некр. і Байк., Бяльк., Сл. ПЗБ), у сувязі з чым спробы размежаваць назвы раслін лекавых і нялекавых (параўн. ЕСУМ, 5, 488) не пераконваюць. Параўн. сухоткі, гл.
Сухме́нь ’сухое гарачае надвор’е’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Нас., Гарэц., Мат. Гом., Растарг.), ’сухое месца’ (Нас.; слаўг., Яшк.), ’сухое месца паміж балотамі’ (ц.-палес., Талстой, Геогр., 128), сукмеɣннік ’грудок на балоце; падсохлая глеба ў берага’ (< сухменнік) (зах.-палес., Талстой, там жа), сухмі́нь ’сухое месца’ (слаўг., Яшк.). Укр., рус. сухме́нь ’сухое месца’ і да т. п.; дакладную паралель бачыць у літ. sausmenà ’сухое месца’ Аткупшчыкоў (Этимология–1984, 193). Дэрываты ад сухі (Фасмер, 3, 813) з фармантам ‑мень/‑мінь; да суфіксацыі гл. Сцяцко, Афікс. наз., 76. З іншым суф. ‑ель‑ сухме́ль ’цеплата, суш’ (круп., Сл. ПЗБ), сюды ж сухмельня ’ёўня’ (Мат. Маг.). Паводле Карскага (2–3, 29), у выніку змены ранейшага суф. ‑ман‑ пад уздзеяннем суф. *‑men‑, які ўтвараў асновы на зычны, параўн. сухмя́ны ’сухі’ (Ласт.), сухме́ць ’засуха’ (Касп.).
Суха́р ’высушаны кавалак хлеба, булкі’ (ТСБМ, Ласт., Сл. ПЗБ, Сцяшк., Бяльк., Мат. Гом., Сцяц. Сл.), ’вельмі худы чалавек’ (полац., Нар. лекс.; слонім., ЖНС), сухаро́к ’падгарэлая бульбіна’ (Мат. Маг.), ’стрыжань дрэва, зеляніны’ (Мат. Гом.), суха́рка ’булачка з салодкага цеста’ (Сцяшк.), суха́рык ’коржык’ (Сл. Брэс., Сцяц. Сл., Вешт.), ’сухія вырасты па краях бохана’ (Вешт.), суха́рына ’вельмі худы чалавек’ (пруж., Сл. ПЗБ). Укр. суха́р ’сухая галінка’, суха́рик ’сухар, сухое месца і г. д.’, рус. суха́рь ’сухар’, польск. suchar ’сухар; сухастой’, чэш., славац. suchar ’сухар; сухая галінка’, серб.-харв. суха́рак ’сухая галінка’. Прасл. *sucharъ ’нешта сухое, напр., сухар, сухая галінка і г. д.’, дэрыват ад *suchъ з суф. ‑arъ; гл. Слаўскі, SP, 2, 21.
Сухадо́л ’бязводная лагчына, схіл, луг, якія атрымліваюць вільгаць толькі ад дажджавой або снегавой вады’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Ласт., Яруш., Бяльк., Касп.), ’сенажаць на нізкім, але сухім месцы’ (БРС), ’роў з крутымі берагамі, які ўтварыўся ад веснавых вод’ (слаўг., шчуч., Яшк.), ’нізкае месца, якое заліваецца вясной; у іншую пару года звычайна сухое’ (усх.-палес., Талстой, Геогр.), ст.-бел. суходо́лъ ’сухая даліна, сухое нізкае месца’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. суходо́л, суході́л, рус. суходо́л ’тс’. Да сухі і дол (гл.). Талстой (там жа, 129) адзначае нехарактэрнасць складаных слоў з першым элементам сух‑ для сучасных заходніх і паўднёвых славянскіх моў, параўн. славен. suhi dol, suha struga, але дадзеныя тапанімікі сведчаць аб існаванні аналагічнай словаўтваральнай мадэлі, параўн. славен. Suhodol, Suhodolnik.
Сухо́ты ’туберкулёз’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Ласт., Касп., Шат.; ашм., Стан.; ЛА, 3; Варл., Сержп. Прымхі, Сцяшк., ТС), ’клопат, непрыемнасць’ (ТСБМ), сухо́та ’ліха, гора’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), ’сухоты’ (Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.), сухата́ ’тс’ (Пятк. 2), сухо́тка ’тс’ (Касп., Пятк. 2), ’хвароба скуры ў дзяцей, сухі лішай’ (Цых.), сюды ж сухо́ты ’схуднелая асоба’ (Юрч. Вытв.), але хутчэй прым.: сухо́ты етый маліц (там жа), параўн. сухо́ткі ’вельмі сухі, высахлы’: гавёс стаў сухоткі (Цых.). Укр. сухо́ти, рус. сухо́ты, польск. suchoty, в.-луж. suchoćina, чэш. souchotiny ’туберкулёз’. Да сухі, першапачаткова nomen abstractum сухо́та, потым мн. л. для спецыялізацыі назвы, што паводле Карскага (2–3, 331), тлумачыцца “множественностью признаков” хваробы. Тая ж матывацыя ў балг. радоп. су́ва бо́лес ’тс’. Меркаванні Цвяткова (Запіскі, 2, 1, 84) пра польскі ўплыў на змену націску не пераконваюць. Гл. сухата.
Сухі́ ’не мокры, пазбаўлены вільгаці’, ’сухарлявы, хударлявы’, ’незабалочаны’, ’засохлы (пра дрэва)’ (Сл. ПЗБ, ТС), ’нішчымны’ (Сл. Брэс.), ’посны; без тлушчу, без прыпраў’ (Вешт.); сюды ж су́хлы ’невільготны, сухаваты’ (Ласт.). Укр. сухи́й ’сухі; хударлявы; нішчымны, без тлушчу’, рус. сухо́й ’сухі; хударлявы’, стараж.-рус. сухъ, польск. suchy, в.-луж. suchi, н.-луж. suchy, чэш., славац. suchý, серб.-харв. сух, славен. sȗh, балг. сух, макед. сув, ст.-слав. соухъ ’сухі’. Прасл. *suchъ роднаснае літ. saũsas ’сухі’, лат. sàuss, ст.-прус. sausai прысл. ’суха’, грэч. αυος ’сухі’, с.-н.-ням. sôr ’сухі’, ст.-інд. çoṣos ’сухасць’ і г. д.; гл. Траўтман, 250 і наст.; Мюленбах-Эндзелін, 3, 776–777; Покарны, 880–881; Фасмер, 3, 813; Махэк₂, 591–592; Скок, 3, 357–358; Шустар-Шэўц, 1376–1377; узводзяць да і.-е. *sau̯so‑ ’сухі’, гл. Бязлай, 3, 339; Борысь, 586; ЕСУМ, 5, 486–487. Гл. таксама сохнуць.