Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Скупянда́ (скупінда́) ‘скупы, сквапны чалавек, скнара’ (ТСБМ, Барад.), скупе́нда ‘тс’ (ТСБМ, ТС, Марц.), скупе́ндра ‘тс’ (саліг., Сл. нар. фраз.), скупенджа́, скупя́нджа ‘тс’ (ТС, Пятк. 2, Мат. Гом.), скупяндзя́ (скупіндзя́) ‘тс’ (Ласт., Байк. і Некр., Сцяшк., Касп., Варл., Сл. ПЗБ), скупындя́ ‘тс’ (Сл. Брэс.), скупэ́ндзя ‘тс’ (Гіл.), скупяндзе́й, скупендзя́й ‘тс’ (Ласт., Растарг.); скупярда́ (скупірда́) ‘тс’ (Бяльк.), скупярдзя́ (Байк. і Некр.), скупірдзя́га ‘тс’ (Бяльк., Сержп.), скупярдзя́ка (скупірдзя́ка) ‘тс’ (Байк. і Некр., Касп., Ян., Бяльк., Мат. Гом.), скупердзя́й ‘тс’ (ТС). Параўн. укр. скупе́нда, скупе́ндра, скупи́ндя, скупердя́, скупердя́га, скупердя́ка, скупердя́й ‘тс’, рус. скупиндя́, скупендзя́й, скупердя́й ‘тс’. Утварэнні ад скупы (гл.) з рознымі экспрэсіўнымі суфіксамі ад асноў на ‑н‑ і ‑р‑, якія ўвайшлі ў склад суфіксаў, параўн. балг. дыял. скъ́пен ‘дарагі’ і скъпе́рник ‘хто дорага прадае’, ‘скупердзяй’, скъпинджо́свам се ‘скупіцца і пад. Карскі (2–3, 30) гук д узводзіў да кораня dē‑ ў суфіксе ‑ендзе́й (скупяндзей), а суфікс ‑ірдзя́й (скупірдзяй) лічыў другасным, а яшчэ раней (2–3, 27) выводзіў першы з іх з польскай мовы, што не мае падстаў, перш за ўсё, па лінгвагеаграфічных прычынах.

Скура́т1 ‘акравак скуры’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Касп., Гарэц., Др.-Падб., Янк., Сл. ПЗБ). Польск. skurat, рус. шкура́т ‘тс’. Да скура (гл.) з суф. ‑ат; гл. Карскі 2–3, 30; Фасмер, 4, 45.

Скура́т2 ‘кажан’ (слонім., лід., Арх. Федар.; воран., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.; гродз., докш., івян., воран., ЛА, 1), скура́ч ‘тс’ (свісл., Шатал.), шкура́т ‘тс’ (ганц., глус., мазыр., ЛА, 1). Да папярэдняга слова; відаць, арэальная інавацыя, параўн. літ. šikšnys ‘кажан’ < šikšna ‘скура’, аналагічна да кажан < кожа ‘скура’.

Ску́ра ‘верхняе покрыва цела чалавека і жывёлы’, ‘вырабленая шкура жывёлы’ (Нас., ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Касп., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 3). Ва ўсходнеславянскіх помніках скура з’яўляецца пасля XVI ст., да XV ст. — ст.-бел. скора (Ст.-бел. лексікон). З прычыны наяўнасці ‑у‑ лічыцца запазычаннем з польск. skóra (Карскі, Белорусы, 146; Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 56), таксама як чэш. дыял. skura і рус. шкура (Махэк₂, 547; Фасмер, 4, 451). Польскае слова, як і формы з каранёвым ‑о‑ (гл. скорка) працягваюць прасл. *skora, вытворнае ад і.-е. *(s)ker‑ ‘рэзаць’.

Ску́бці ‘шчыпаць’, ‘ашчыпваць’, ‘тузаць’, ‘дзерці’, ‘вырываць, адрываць’, ‘грызці (траву)’ (ТСБМ, Касп., Шат., Сл. ПЗБ, ЛА, 1, Ян.), дыял. ску́бсці ‘тс’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1; ашм., Стан.), скусць ‘тс’ (Нас., Бяльк.), скуба́ць ‘тс’ (Нас., Гарэц., Шат., Растарг.; ашм., Стан.; Мат. Гом., Сцяшк., ТС, Байк. і Некр., Ласт., Сл. ПЗБ). Укр. скубти́, рус. скубти́, ску́бсти, скуба́ть, польск. skuść, skubać, в.-луж. skobać, skubać, н.-луж. skubąś, чэш. skuhati, ст.-чэш. skústi, славац. škubať, серб.-харв. ску́псти, славен. skúbsti, балг. ску́бя, макед. скубе. Прасл. *skubti ‘скубці пер’е, птушку, воўну’. Роднаснае з літ. skùbti ‘спяшацца’, skubrùs ‘хутка’, гоц. af‑skiuban ‘адхіляць’, ст.-в.-ням. scioban ‘рухаць’, ст.-ісл. skúfa ‘рухаць, штурхаць’ і інш. Гл. Траўтман, 263; Покарны, 955; Скок, 3, 274; Фасмер, 3, 660; БЕР, 6, 806–807. Сной₁ (576) выводзіць ад і.-е. базы *skeu̯bh‑ ‘рабіць кароткія рухі’; гл. таксама Борысь, 556.

Скупы́ ‘празмерна ашчадны (пра чалавека)’, ‘няпоўны (пра памер)’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Варл., Сл. ПЗБ), скупу́ ‘тс’ (ТС), скупэ́й ‘тс’ (кам., Сл. ПЗБ), скупы́й ‘тс’ (Бяльк.). Укр. скупи́й, рус. скупо́й, ст.-рус. скупъ, польск. skąpy, в.-луж. skupje ‘скупа, недастаткова’, н.-луж. skupé ‘тс’, чэш. skoupý, славац. skúpy, серб.-харв. ску̑п ‘дарагі; скупы’, славен. skọ̑p ‘скупы’, балг. скъп ‘дарагі, скупы’, макед. скап, ст.-слав. скѫпъ. Прасл. *skǫpъ не мае агульнапрынятай этымалогіі. Пашыраная гіпотэза — ад і.-е. *skom‑, якое ў аскома, шчымець (гл.) з фармантам ‑p; гл. Брукнер, 493; Голуб-Копечны, 334; Скок, 3, 273; Шустар-Шэўц, 1299. Ад і.-е. каранёў са значэннем ‘рэзаць’ утвараюць Младэнаў (588) (< *sek‑) і Сной₁ (574) (< *skap‑ < *skep‑). Іншыя супастаўленні, напрыклад, з літ. kum̃pas ‘крывы’, kum̃pti, kumpstú ‘выгінацца’, грэч. καμπή ‘выгін’ (Цупіца, Gutturale, 108), або Махэка₂ (548) з рус. гоно́бить, гоноши́ть ‘капіць, збіраць’ лічацца сумніўнымі; гл. Фасмер, 3, 662. Агляд этымалагічных версій гл. яшчэ БЕР, 6, 817–818.

Скула́ ‘гнойны нарыў, фурункул’ (Нас., Шымк. Собр., Байк. і Некр., Касп., Бяльк., Сцяшк., Сержп., ЛА, 3), ‘нарыў, фурункул’, ‘залатуха’ (Сл. ПЗБ), ‘нарыў’, ‘нарасць на дрэве’ (ТС), скула ‘гнойны нарыў, фурункул’ (ТСБМ, Ласт., Растарг.; ашм., Стан.; Варл., ЛА, 3, Клім.), ‘рожа (хвароба)’ (Бес.), ‘нарыў’, ‘залатуха’, ‘трахома’, ‘прыступ эпілепсіі’ (Сл. ПЗБ), ‘выступ на твары, ягадка’ (ТСБМ, Сцяшк.). Укр. ску́ла ‘скула, шышка на целе’, рус. скула́ ‘косць чэрапа’, дыял. ‘пухліна, фурункул’, польск. skuła ‘скула, нарыў, хвароба горла’, дыял. ‘хвароба капыт у кароў і свіней’, чэш. skula, skulina, škulina ‘шчыліна, адтуліна’, славен. skȗla ‘нарыў, хвароба капыт’, серб.-харв. skȕla ‘нарыў, кароста, хвароба капыт’, балг. скула ‘рана, язва’, ску́ли ‘прышчы, нарывы, струпы’ і ‘косці чэрапа’, макед. скула ‘сківіца, ягадка’. Этымалагічныя версіі спрэчныя. Параўноўвалі з прасл. *skala, *skelina (гл. скала́1, шчыліна); гл. Праабражэнскі, 2, 315; Махэк₁, 450; Голуб-Копечны, 335, што Фасмер (3, 661) і Куркіна (Этимология–1971, 69–70) лічаць сумніўным па фанетычных прычынах. Няпэўная роднасць з літ. káulas ‘косць’ (Брукнер, ZfslPh, 4, 213). Паводле Куркінай (там жа), аднаго паходжання з *kyla ‘кіла’; ад і.-е. *(s)kōulā ‘гнуць, згінаць, быць выпуклым’, адкуль ‘пухліна, уздуцце, выпукласць’, але гэта не тлумачыць значэння ‘адтуліна; шчыліна’. Бярнар (Бълг. изсл., 272–273) лічыць, што значэнне балг. скула ‘рана, язва’ семантычна аб’ядноўвае значэнні ‘скула’ і ‘шчыліна’. Ільінскі (РФВ, 78, 200) і Скок (3, 272) мяркуюць аб роднасці са с.-в.-ням. schiel ‘трэска, адломак’, што таксама спрэчна. Следам за Ільінскім Коген (Запіскі 2, 1, 237) узводзіць слова да і.-е. *skoul‑ як варыянта *skeu̯el‑, прыводзячы ў якасці паралелі рус. выль ‘гуля, шышка’ < і.-е. *ūl‑, параўн. лац. ulcus ‘балячка’.