Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Се́ўка1 ‘плеценае з лазы і саломы начынне для сяўбы, сявенька’ (Скарбы; беласт., Сл. ПЗБ). Да сеяць (гл.).

Се́ўка2 ‘птушка Charadrius pluvialis L.’ (Ласт.). Гл. сіўка, сявец2.

Сеча старое ‘бой, бітва’ (ТСБМ, Ласт.), ‘разаніна’ (Некр. і Байк.), ст.-бел. сѣча: вчинили бой и сѣчу великую ‘бой ваенных атрадаў, узброеных мячамі’ (Праблемы філал., 135). Ад *sekti, гл. сячы.

Се́сці ‘апусціцца сагнуўшыся, прысесці’, ‘асесці’, ‘выскачыць на скуры (пра скулу і інш.)’, ‘паменшыцца ад вільгаці, збегчыся (пра тканіны і пад.)’ (ТСБМ, Ласт., Стан., Некр. і Байк., Варл., Сл. ПЗБ, ТС), сесць ‘тс’ (Ласт., Касп., Бяльк.), се́гці ‘тс’ (гродз., Сл. ПЗБ), сёхці ‘тс’ (Сцяшк. Сл.), сехч, се́хчы ‘тс’ (Сл. ПЗБ, Скарбы). Працяг прасл. *sěsti (< *sēd‑ti), якое адлюстраваў ва ўкр. сі́сти, рус. сесть, стараж.-рус. сѣсти, польск. siąść, чэш. sěsti, славац. дыял. säsť, sasci, серб.-харв. сје̏сти, славен. sẹ́sti, балг. ся́дам, ст.-слав. сѣсти. Роднасныя літ. seti, sė́du ‘сядаць’, ст.-прус. sīdons ‘той, які сядзіць’; гл. Траўтман, 258; Фасмер, 3, 615; Махэк₂, 538; Борысь, 544; Сной₁, 564; ESJSt, 13, 808–809. Далей гл. садзіць, сядзець.

Се́йбіт ‘сявец’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Др.-Падб., Растарг., Бяльк., Сцяшк.; гом., ЛА, 3). Дэрыват ад сеяць (гл.) з суф. ‑іт праз прамежкавую ступень назоўніка *сейба, параўн. польск. śiejba ‘сяўба’ (аб суф. гл. Сцяцко, Афікс. наз., 157), або ў выніку прыпадабнення складоў ад се́ўбіт ‘сявец’ (Ян., Мат. Маг.), што да сяўба́, гл. таксама сяўбі́т.

Селязёнка ‘каса, кроватворны орган жывёл і чалавека’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Пятк. 1), дыял. сало́зіца, сало́заўка ‘тс’: салозаўка грае (пра гук у жываце каня) (Ласт.). Укр. селезі́нка, рус. селезёнка, серб.-ц.-слав. слѣзена, польск. śledziona, в.-луж., н.-луж. słozyna, чэш., славац. slezina, серб.-харв. слезѝна, славен. slezȇn, slezȇna, балг. слез, сле́зен, макед. слезенка, слезина, ст.-слав. слѣзена ‘тс’. Праславянская форма ўзнаўляецца па-рознаму: *selezenь, *selzenь (Фасмер, 3, 594), *selzena (Брукнер, 531; Махэк₂, 554), *s(p)elzen‑ (Голуб-Копечны, 337). Ваян (ВЯ, 1960, 6, 66–67) прапаноўвае *sьlezena, паколькі *selzena ва ўсходнеславянскіх мовах дало б *солоз‑, што якраз і мае месца ў беларускіх дыялектных формах. Роднасныя ст.-ірл. sela ‘селязёнка’, авест. spərəzan‑, лац. lien, ст.-інд. plīhán‑, грэч. σπλήν, Р. скл. σπληνός ‘селязёнка’, літ. blužnìs, ст.-прус. blusne ‘тс’ (Траўтман, 256; Мее, 169 і наст.; Фасмер, там жа). Адзіная індаеўрапейская праформа не аднаўляецца з прычыны вялікага разыходжання паміж формамі ў розных мовах. Мяркуецца і.-е. *sp(h)elĝh‑ (en, ā), *splenĝh‑, *splēgh‑ (Покарны, 987); Борысь (615) праславянскую форму выводзіць з і.-е. *spelģh‑en‑ā. Прычына разыходжанняў — моўнае табу, або марфалагічнае спрашчэнне. Параўн. селязень. Падрабязны агляд праблематыкі гл. Бязлай, 3, 260; БЕР, 6, 615.

Се́рнік1 ‘запалка’ (ТСБМ; Гарэц., Байк. і Некр., Сцяшк.), се́рнікі ‘запалкі’ (ТС, ПСл, Сл. ПЗБ), се́ркі ‘тс’ (Касп.), сернічо́к ‘запалка’ (Нас.), се́рніцы ‘запалкі’ (Сл. ПЗБ), сярні́чка ‘запалка’ (Бяльк.), сірня́кі ‘тс’ (Бяльк.), се́рчыкі ‘тс’ (Сл. ПЗБ). Да се́рны, серка, сера (гл.) з розным суфіксальным афармленнем.

Сернік2 (серпикъ): “серникъ, или чернинькая, надъ деревьями и по полямъ летающая птичка” (Меер Крыч.). Няясна, магчыма, се́ўка, сі́ўка ‘Charadrius pluvialis L.’ (Ласт.), параўн. укр. си́вка ‘Charadrius morinellus L.’, тады да серы ‘шэры’ (гл.), параўн. укр. сірий кінь ‘тс’ (ЕСУМ, 5, 256).

Се́лішча ‘зямельны ўчастак, заняты будынкамі, садамі’ (ТСБМ; люб., Сл. ПЗБ, Янк. 2, Шушк., Яшк.), ‘сяло або месца, дзе яно было’ (Касп., Гарэц., Ласт., Др.-Падб., Ян.), ‘будоўля’ (Сцяшк.), ‘невялікі лужок каля сотак’ (шчуч., З нар. сл.), ‘месца, дзе стаяла хата’ (палес., ЛА, 4; чэрв., ст.-дар., Сл. ПЗБ), ст.-бел. селище ‘тс’. Укр. се́лище, рус. се́лище, ст.-рус. селище, чэш. sídliště, серб.-харв. се̏лиште, славен. selišče, балг. се́лиште, макед. селиште ‘пасяленне’. Прасл. *sědlišče, *selišče ад прасл. *sědlo (гл. сяло) з суф. nomina loci ‑išče. Гл. БЕР, 6, 602.

Сенажа́ць ‘травастой; месца, дзе расце трава на сена; луг’, ‘пара касьбы сена’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ), санажа́ць ‘тс’ (Сл. ПЗБ), сено́жаць ‘месца сенакосу, луг’ (ТС), ст.-бел. сеножать ‘тс’ (Скарына). Укр. сіножа́ть ‘луг’, палес. синожа́ть ‘час касьбы’, ‘луг’, рус. старое сеножа́ть ‘луг’, стараж.-рус. (1150 г.) сѣножать ‘тс’, польск. sianożeć ‘тс’, харв. Senožet (тапонім), славен. senožȇt ‘тс’, ст.-слав. сеножѧть ‘лугавіна’ (ESJSt, 13, 805). Прасл. *senožętь ‘касьба сена; сенакос; луг, прызначаны для касьбы’. Паводле Слаўскага (SP, 2, 47), архаічнае складанае слова ад *seno ‘сена’ і žęti ‘жаць’. Гл. таксама Сной₁, 562.

Серабро ‘срэбра’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.), сірабро́ ‘тс’ (Шымк. Собр.), сры́бра ‘тс’ (Ласт.), се́рабра ‘тс’ (Касп., Др.-Падб.), жыво́е серабро́ ‘ртуць’ (Шымк. Собр.; Яшк. Мясц.), ст.-бел. серебро, сребро (Альтбаўэр), серебра (Летапіс Аўрамкі XV ст., гл. Карскі, 1, 248); сюды ж серэбра́нка ‘мядзянка’ (брасл., Сл. ПЗБ), серабрыць ваду ‘класці сярэбраную манету пры купанні нованароджанага’ (Нік. Бабы). Параўн. укр. серебро́, срібро́, рус. серебро́, ст.-рус. сьребро, серебро, польск. srebro, в.-луж. slěbro, н.-луж. slobro, slabro, чэш. stříbro, славац. striebro, серб.-харв. сре́бро, славен. srebrọ̑, балг. сребро́, макед. сребро, ст.-слав. сьрекро, съребро. Прасл. *sьrebro ‘срэбра’. Слова мае балтыйскія і германскія паралелі, параўн. літ. sidãbras ‘серабро’, лат. sidrabs, гоц. silubr, с.-в.-ням., нов.-в.-ням. Silber ‘тс’, якія аднак узыходзяць да розных архетыпаў: усх.-балт. *sudrab‑/*sidarb‑, герм. *silubr‑/*silabr‑, слав. *sirabr‑, у аснове якіх нейкая назва, запазычаная разам з рэаліяй з Усходу. Трубачоў (Этногенез₂, 122) прапануе ў якасці зыходнай *śúb(h)‑riapa ‘светлая вада’, што атаясамліваецца з тапонімам Σιβριάπα, які Пталемей лакалізуе на Кубані. Махэк₂ (587) прапаноўвае сувязь з асір. sarrupum ‘тс’; Будзімір (Слав. филология, 2, 1958, 113) узводзіць да анаталійскага архетыпу *subau‑ro ‘бліскучы’. Гл. таксама Мюленбах-Эндзелін, 3, 835; Торп, 441; Фрэнкель, 780 і наст.; Фасмер, 3, 606; Борысь, 573; Сной₁, 601. Формы з псеўдапоўнагалоссем у выніку прыпадабнення зыходнага ь да наступнага е (Векслер, Гіст., 119).

Сенако́с ‘нарыхтоўка сена і час, калі косяць сена’, ‘луг, прызначаны для касьбы’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Касп., Сл. ПЗБ), сенако́с ‘тс’ (ТС), сынока́с ‘тс’ (кам., Жыв. НС). Параўн. укр. сінокі́с ‘луг, сенажаць’, рус. сеноко́с ‘сенажаць; нарыхтоўка сена’, польск. sianokos ‘нарыхтоўка сена’, харв. sjenòkos ‘тс’, senokȍša ‘луг’, славен. senokȍs ‘касец сена’, макед. сенокосач ‘тс’. Адносна новае ўтварэнне, характэрнае для асобных славянскіх моў, паколькі, як сцвярджае Брукнер (259), “w średniowieczu nikt trawy nie kosił, tylko siekł”, параўн. старое славен. senosȅk ‘касец’ (Фурлан у Бязлай, 3, 228; гл. сячы): ад сена і касіць (гл.) па мадэлі сенажаць (гл.). Бязлай (Eseji, 140) мяркуе пра этнакультурны падзел славянства ў залежнасці ад ужывання аграрных тэрмінаў *požьnь (гл. пожня), *sěnožętъ і *pokosъ (гл. пакоша), *sěnokosъ у арэальным плане, што патрабуе далейшага вывучэння экспансіі інавацыйных утварэнняў на славянскіх тэрыторыях.