Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

*Паласаза́р, полосозир ’сузор’е Плеяды’ (ТС). Відаць, з Валасажар ’тс’, якое было збліжана і кантамінавана з паласа і зорка.

Пламе́та1 ’вельмі многа’ (Жд. 2). Відаць, з планета (гл.) ’нябеснае цела’, як у польск. planeta (а ў X–VII стст. і planeta) — ’сонца і месяц’, з далейшым абагульненнем, — ’зорка, зоркі’, шматлікасць якіх на небе і вызначыла значэнне лексемы. Параўн. таксама рус. планида ’вялікая шматдзетная сям’я’.

Пламе́та2 ’лёс, прадвызначэнне’ (ТС). Да планета (гл.). Значэнне ’лёс’ развілося з меркавання, што планеты ўгшываюць на жыццё і дзеянні людзей.

Пламе́та3 ’хмара, хмарнасць’ (?): нейка така пламета набягае, што по усім дзерэўням дождж (ТС), укр. зах.-валын. планета ’вялікая навальнічная хмара’. Да планета (гл.). Параўн. польск. plametnik ’чорная хмара, якая пасоўваецца па небе’, дыял. planeta ’пералётная хмара’, planetnica ’белая хмара, якая праплывае па небе’. Паводле Гарачавай (Этимология–1994–1996, 28), не выключана развіццё значэнняў ’лёс’ — ’воблака’, паколькі ў старажытнасці маглі гадаць па форме воблакаў, прадказваць лёс.

Пляса́ць ’мігцець, ззяць, зіхацець (пра зоркі)’: пля́шуць, бле́шуть, бля́шуть (зоры) (ЛА, 2), небо зорка, зоры аж пляшуць (ТС), сюды ж плясава́ць ’скакаць (у танцы)’ (Жд. 2), ’танцаваць’ (Касп.). Рус. пляса́ть ’радавацца, танцаваць’, польск. pląsać ’танцаваць’, палаб. ǫ́săt, чэш. plesati, славац. plešať, славен. plé̥sati ’танцаваць, весяліцца’, серб.-харв. плѐсати ’тс’, ’трыумфаваць’, балг. дыял. пле́ша. Прасл. *plęsati, роднаснае літ. plẽšti ’танцаваць, весяліцца, трыумфаваць’, plęšti ’шумець, бушаваць’, ст.-літ. pląšti ’шумець, шалясцець’ (Фасмер, 3, 291–292), аднак балтаславянскае паходжанне слова застаецца няясным (Бязлай, 3, 54). Скок (2, 681) выводзіць слав. лексему з прэтэрыта plęsā < і.-е. *plet‑ ’таптаць, працаваць нагамі’, гл. пляскаць, плоскі. Мяркуецца, што зыходнай магла быць аснова, прадстаўленая ў *pleskati, гл. пляскаць, у назалізаванай форме (Брукнер, 417; ESJSt, 11, 659), што адлюстроўвае старажытныя абрадавыя дзеянні (Куркіна, Славяноведение, 1996, 1, 7–14). Беларускія формы ў значэнні ’мігцець’ дэманструюць блізкасць да бліскаць (гл.), а ў значэнні ’танцаваць, скакаць’ — уплыў рус. плясать (Булахаў, Развіццё, 10). Сюды ж: плясу́н ’танцор’, плясу́ньня ’танцорка’ (Бяльк.), плясуха ’тс’ (Нар. Гом.) і ’сыракваша’ (рэч., Мат. Гом.), апошняе, магчыма, звязана з семантыкай балтыйскіх дзеясловаў.