Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Малянчу́к ’чорны арэх’ (ганц., люб.), ’спарыння’, малянчуковае зе́рне ’тс’ (ганц., Сл. ПЗБ). Да мала́нка 1 (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 178.

Малоць, моло́тэ, муло́ты ’раздрабняць, размолваць зерне ці што-небудзь іншае’, ’церці, раздрабняць мак, мяса’, ’балбатаць’, ’ілгаць’ (ТСБМ, Шат., Бяльк., Яруш., Сцяшк., Сл. ПЗБ; Совещ. ОЛА (Гомель, 270)), міёр. ’хутка есці’ (Нар. лекс.). Укр. моло́ти, рус. моло́ть, польск. mleć, н.-луж. mlaś, в.-луж. mlěć, чэш. mlíti, славац. mlieť, славен. mléti, серб.-харв. мле̏ти ’размінаць, давіць’, ’пэцкаць’, ’малоць’, макед. меле, балг. ме́ля, ст.-слав. млѣти. Прасл. melti ’расціраць зерне рукамі на камені’ роднаснае да літ. málti, лат. mal̃t, літ. malū̃nas, ст.-прус. malunis ’млын’, літ. mìltai, лат. milti, ст.-прус. meltan ’мука’; лац. molere, гоц., ст.-в.-ням., ст.-н.-ням. malan, ст.-ірл. meltim ’мялю’, ст.-грэч. μυλών ’млын’, μύλλω, арм. malem ’таўку, расціраю’, хецк. malanzi ’раздрабняюць’, алб. mieli ’мука’ (Міклашыч, 186; Бернекер, 2, 35; Траўтман, 168; Фасмер, 2, 597; Фрэнкель, 403; Махэк₂, 368–369; Скок, 2, 444; Бязлай, 2, 189).

Малаці́ць, мылаці́ць, малоці́ць, молотэ́тэ ’выбіваць зерне з каласоў, струкоў цапамі, малатарняй ці камбайнам’, ’удараць, стукаць’, ’збіваць, біць, разбіваць, ламаць’, ’лапатаць’ (ТСБМ, Шат., Бяльк., ТС). Укр. молотити ’тс’, рус. молотить, польск. młócić, н.-луж. młośiś, в.-луж. młócić, чэш. mlátiti, славац. mlátiť, славен. mlátiti, серб.-харв. мла́тити, балг. млатя, ц.-слав. млатити. Прасл. moltiti, якое ўзыходзіць да moltъ > молат (гл.). Сюды ж малаце́нне, малаце́ня, малаце́нё, молоце́нье ’малацьба’ (Сцяц., ТС; навагр., Сл. ПЗБ).

Мала́нка 1, маля́нка ’разрад атмасфернай электрычнасці ў паветры ў выглядзе яркай звілістай лініі, бліскавіца’ (ТСБМ, Мал., Маш., Федар., Сцяшк., Нас., Яруш., Шат., Касп., Бяльк.; ДАБМ, к. 311); мала́ння, мала́нья, маланя́, мылыня́ (віц., ДАБМ, к. 311; Касп., Сл. ПЗБ, Растарг.), мсцісл. мылыньня́ (Нар. сл.), чачэр. мала́йня, карм. мала́ння ’тс’ (Мат. Гом.). Укр. молоння́, рус. молонья́, мо́лонье, молоньё, мола́нья, пск. мола́нка, ст.-рус. мълния, млънии, мълънии, молния, молиня, палаб. mā́uńa, каш. måłńå, чэш. mlna, mlno, mluno, славен. mółnja, серб.-харв. му́ња, макед., балг. молна, молня, мълния, ст.-слав. млънии. Прасл. mъlni ’маланка’ мае і.-е. адпаведнікі ў ст.-прус. mealde ’тс’, літ. mulna, лат. milna ’молат Пяркуна’, літ. milinỹs ’жорны’, ст.-ісл. muln ’агонь’, Mjǫllnir ’маланка, молат Тора’, уэльск. mellt ’маланка’, хецк. malatt ’від зброі’. Лексема мае міфалагічны характар. Параўн. бел. казкі, дзе Малання, Маладня — імя царыцы-маланкі, а маланка ў бел. вераваннях (як і ў ведыйскіх) — гэта зброя Перуна, подобная да двух камянёў жорнаў, у выніку трэння якіх узнікае гром-маланка (Іванаў, Тапароў, Бел. лекс., 59). Гл. маладня́.

Мала́нка 2 ’вясёлка’ (петрык., Талстой, АЛА–1974, 58) у выразе: маланка воду бярэ. У выніку семантычнага пераносу.

Мала́нка 3 ’мыльнік, Saponaria officinalis L.’ (Сцяшк. Сл.), мыльня́нка ’тс’ пад уплывам маланка 1 (перанос значэння паводле падабенства: мыльнік цвіце чырвонымі кветкамі). Гл. мыльнік 1.

Маланка́ ’пусты чорны арэх’ (Маш.), маланчу́к, маланкавы арэх ’тс’ (маст., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.), палес., беласт. маланчу́к ’спарыння, Claviceps purpurea L.’ (Выгонная, Бел.-укр. ізал., 21). Да мала́нка 1 (гл.). Назвы ўзніклі ў сувязі з вераваннем, згодна з якім маланка спальвала арэхі, зерне ў коласе. Аналагічна каш. måłńå апрача ’маланка’, ’туман’ яшчэ і ’зараза’, г. зн. ’шкоднікі-вусеніцы на дрэвах’, ’чорныя плямы на бульбе’, з’яўленне якіх звязваецца са шкодным уплывам маланкі на ўраджаі (Папоўска–Таборска, Бел.-польск. ізал., 103).