Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Каба́сь-кабаська (З нар. сл.). Утворана ад ласк. назвы кабана кабаська, якое, відаць, утворана ад кабась ’ласкальная назва кабана’, параўн. рус. кабась ’парася’ і ’ласкальны зварот да кабана’.

Каба́т ’жаночая цёплая камізэлька; безрукаўка’ (БРС, Бяльк., Гарэц., Грыг., Інстр. I, Касп., Малч., Мат. АС, Мат. Гом., Мядзв., Нас., Некр., Рам., Серб., Сержп. Грам., Шн. 3, Ян., Янк. 3., Яруш.), ’рознае адзенне’ (Жыв. сл.), ’сукенка’ (Касп.), ’безрукаўка’ (капыл., КЭС), ’дзіцячая кофтачка на падбіўцы’ (Шатал.). Укр. кабат ’куртка, кафтан’, рус. кабат ’куртка, кофта’, рус. зах.-бран. кабат ’ліф, верхняя частка сарафана’, польск. kabat ’кафтан’, в.-луж. kabat ’кафтан’, чэш. kabát ’паліто’, славац. kabat (у розных значэннях, напр. ’спадніца’ (Kalal)). У паўдн.-слав. мовах запазычана іншым шляхам, пра што сведчыць фанетыка слова: балг. кавад, кават, кавак, серб.-харв. ка̏ва̄д, якія з перс. kabā ’кафтан’ пры пасрэдніцтве с.-грэч., н.-грэч. моў, гл. БЕР, 2, 119. Відаць, перс. форма з’яўляецца крыніцай і для зах.-еўрап. слоў, аднак няясным застаецца шлях запазычання. Для бел. слова таксама існуе праблема непасрэднай мовы-крыніцы. Рус. кабат вядома на поўначы і на сумежжы з беларускай тэрыторыяй. Яно можа разглядацца як пранікненне з бел. гаворак. Некаторыя значэнні польскага слова (’верхняя вопратка’ і, напрыклад, паводле WIEP-ill. kabat ’кафтан, пераважна жаночы’), а таксама распаўсюджанае слова на беларускай тэрыторыі дазваляюць меркаваць, што крыніцай запазычання быў польскі перыферыйны дыялект. На карысць гэтага наяўнасць слова ў сумежных літоўскіх гаворках са значэннямі ’сукенка без рукавоў’ (kabãčius) і ’жаночы кафтанны (kóbotas).

Кабачо́к ’расліна Cucurbita melo pepo; плод гэтай расліны’ (БРС, КТС, ТСБМ). З рус., дзе кабак да цюрк., параўн. тур., там., чагат. кабак ’тс’, гл. Фасмер, 2, 148.

*Кабе́лец, кобелец ’дыван’ (Нас.). Наяўнасць фанетычнай адзнакі (‑б‑ на месцы ‑в‑, параўн. рус. ковер) і супадзенне з польск. kobielec ’тс’ сведчаць пра запазычанне. Паводле лінгвагеаграфічнага крытэрыю, найбольш верагоднай крыніцай запазычання мог быць польскі перыферыйны дыялект. Параўн. каберац (гл.).

Кабе́ль ’вялікі хлопец’ (З нар. сл.), рус. кобель ’тс’, да кобель ’сабака’ (Фасмер, 2, 267; Трубачоў, Происх., 28–29; Шанскі, ЭИРЯ, 7, 210).

Кабе́рац ’дыванок’ (Нас. Сб., КТС, БРС, ТСБМ) ’дыванок, на якім вянчаюць маладых’ (Жд. 2, Касп., Нар. сл., Нас.). Геаграфія слова і фанетычная адзнака сведчыць аб (‑б‑ замест ‑в‑, параўн. укр. коверець, рус. ковер і польск. kobierzec, чэш. kobeřec, славац. koberec) запазычанні з польск. (Слаўскі, 2, 299).

Кабе́та ’сталая жанчына, звычайна замужняя’ (БРС, ТСБМ). У гаворках вядома на значнай тэрыторыі: ’маладзіца, сталая жанчына, замужняя жанчына і г. д.’ (Касп.; КЭС, лаг.; слуц., КЭС; Мядзв., Нас., Шат., Яруш.). Запазычанне з польск. мовы, гл. Слаўскі, 2, 301. У польск. мове слова вядома па тэкстах з XVI ст., аднак выключна з пейаратыўным значэннем. Што датычыць этымалогіі, то прымальнай версіі пакуль што няма. Падрабязны агляд версій пра магчымае запазычанне ў польск. мову і спробы вытлумачыць яго мясцовае паходжанне гл. у Слаўскага, 2, 300–303.

Кабе́ц ’хвасцец, Falko vespertinus L.’ (Касп.). Укр. дыял. кобець, кібець, рус. дыял. кобец, ст.-польск. kobiec, славац. kobec, серб.-харв. kòbac, славен. kóbec, scobec, мак. kобец, балг. кобец, кобъц. У слав. мовах гэтым словам называюць розных драпежных птушак: Falko, Pernis, Accipiter і інш. Прасл. kobьcь ’драпежная птушка сокал, ястраб’ утворана або гукапераймальным спосабам на слав. моўнай глебе, або, як мяркуюць некаторыя аўтары, больш старажытнае, з і.-е. сувязямі. Слаўскі (2, 295–296) прымае найбольш верагодную этымалогію, паводле якой kobьcь < kobiti ’варажыць, асабліва па лёту птушкі’, там жа абгрунтаванне гэтай версіі. Адносна іншых этымалогій гл. Фасмер, 2, 267–268; БЕР, 2, 501; Слаўскі, 2, 295–297 (там і літ-ра).

Кабза́ ’кашалёк, торбачка для грошай’ (Др.-Падб.; глус., КЭС). Укр. кабза ’тс’. Даль таксама з пам. «зап.» прыводзіць формы кабза, кобза, гамза ’тс’. Запазычана з польск. kabza, дзе значэнне ’кашалёк’ адносна новае, гл. Слаўскі, 2, 11. Польск. kabza заходзіць да лак. capsa ’сховішча, скрыня’.

Каблу́к1 ’абцас’ (БРС, ТСБМ, КТС; кап., КЭС). Козыраў (Цюркізмы, 22) адзначае, што ў паўн.-бел. гаворках звычайна ўжываецца слова каблук. У бел. літар. мове — запазычаннез рус. каблук ’тс’, што датычыць паўн.-бел. слова, то Козыраў (там жа) адзначае, што калі гэта цюркізм, то запазычаны ў волжскіх татар, адкуль праз гаворкі трапіла ў Беларусь. Для рус. каблук, якое аднойчы адзначана ў рускіх граматах (пачатку XVI ст.), прапанавалася як уласна славянская этымалогія, так і запазычанне з усходу. Апошняя версія падтрымлівалася, напрыклад, Вахрасам, Наим. об., 48. Прыхільнікі гэтай версіі, прапанаванай яшчэ Рэйфам, бачаць у гэтым слове цюрк. корань каб ’футляр, абалонка’ і ‑лык/‑лукцюрк. афікс, гл. Аракин, Цюркізмы., 136, параўн. рус. том. каблык ’абцас’. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 9, 107. Паводле гэтай этымалогіі, каблук ’абцас’ нельга аддзяляць ад каблук ’выгіб, паўкружжа і г. д.’ Гл. каблук2.

Каблу́к2 ’вертыкальны абруч у кошыку; ручка’ (Жд. 3), ’ручка ў кошыку’, ’аснова, круг для кошыка’ (З нар. сл.), ’кальцо з лазы, частка кашолкі, каша’ (Сіг.), ’маленькая дужка ў цэпе’ (Выг.), ’жалезны прэнт з боку бараны, за які чапляюцца пастронкі; аснова бараны’ (Выг., Жыв. сл., Сержп. Земл.), ’ручка касы’ (ДАБМ), ’дэталь касы: дуга з нацягнутым палатном, замацаваным на кассі’ (Сіг.), ’крук на канцы аглоблі’ (Нар. словатв.), ’доўгая сагнутая дошчачка, абодва канцы якой адначасова з’яўляюцца клёпкамі ў цэбры’ (Малч.), ’круглае рабро ў рыбалоўных пастках’ (Крыв.), каблукы ’прыстасаванне насіць сена жывёле’ (Клім.). Укр. каблук ’дуга, частка акружнасці’, ’дуга ў прыстасаванні для лоўлі рыбы’, ’верх шляпы’, ’абечак’, ’дугападобна выгнуты прут, прыстасаванне па ручцы касы пры касьбе збожжавых’, рус. каблук ’уступ, рубец карніза’, ’рыбалоўная снасць’, ’каўпер’, польск. kabląk ’выгіб, дуга, паўкружжа, арка’, kablęk ’ручка ў кошыку’, у спецыяльнай тэрміналогіі і ва ўсходніх гаворках (гістарычна не польскіх) слова ўжываецца ў значэннях ’дэталі розных прыстасаванняў у ярме, касе, рыбалоўнай снасці’. Паводле лінгвагеаграфічнага крытэрыю — паўн.-слав. утварэнне, безумоўна, звязанае са слав. lǫkъ, lęktʼi, параўн. сінанімічныя каблук, самалук, лук, рус. облук, серб.-харв. о̀блук і інш., аднак структура слова не зусім ясная. Многія аўтары сыходзяцца на тым, што ў даным выпадку мела месца або двайная прэфіксацыя ка‑ + ‑ов‑, або толькі кa + oblǫkъ. Паводле Слаўскага, 2, 10, ka‑błąk, засведчанага толькі аднойчы ў дыялектах, — вынік перараскладання слова obląk, аднак з гэтай думкай не пагаджаецца Трубачоў, Эт. сл., 9, 107, які лічыць, што шырокая распаўсюджанасць слова на ўсх.-слав. тэрыторыі і наяўнасць яго ў ст.-рус. помніках не дазваляюць згадзіцца з познім характарам утварэння. Але аргумент Трубачова не з’яўляецца сур’ёзным, паколькі да XVI ст. Адносяцца толькі дзве фіксацыі — 1521 і 1587 гг. Думка Слаўскага, такім чынам, выглядае цалкам мажлівай, аднак сумненне выклікае паралелізм значэнняў ка‑ і о‑. Гл. Фасмер, 2, 151.