Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Дэграда́цыя ’дэградацыя’ (БРС). Рус. деграда́ция, укр. деграда́ція. У сучасным значэнні слова ўжываецца з XX ст. Раней яно азначала ’паніжэнне ў пасадзе’ (параўн. ст.-бел. декградовати; гл. Булыка, Запазыч.: < польск. degradować < франц. dégrader). Непасрэднай крыніцай з’яўляецца польск. degradacja < лац. degradatio. Падрабязна Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 42–43.

Дэгуста́цыя ’дэгустацыя’ (БРС). Відаць, з рус. дегуста́ция ’тс’ (< франц. dégustation < déguster ’дэгуставаць’). Дэгуста́тар ’дэгустатар’ < рус. дегуста́тор ’тс’ (а гэта запазычанне ў канцы XIX ст. з франц. dégustateur). Падрабязна Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 43.

Дэ́ґель ’птушка з доўгімі нагамі’ (Сл. паўн.-зах.). Паводле Сл. паўн.-зах., звязана з літ. dẽglas ’стракаты, пярэсты’, dẽglis ’той, хто плямісты’.

Дэду́кцыя ’дэдукцыя’ (БРС). Рус. деду́кция, укр. деду́кція. Здаецца, запазычанне з польск. dedukcja (< лац. deductio). Параўн. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 45.

Дэзерці́р ’дэзерцір’ (БРС). Рус. дезерти́р, укр. дезерти́р. Першакрыніцай з’яўляецца франц. déserteur, якое, магчыма, пры пасрэдніцтве ням. Deserteur было запазычана рус. мовай ужо ў XVII ст. Таксама з франц. déserter (пры пасрэдніцтве ням. desertieren) узяты бел. дэзерці́раваць, рус. дезерти́ровать, укр. дезерти́рувати.

Дэзінфе́кцыя ’дэзінфекцыя’ (БРС). Рус. дезинфе́кция, укр. дезинфе́кція. З ням. Desinfektion ’тс’ (падрабязна Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 48).

Дэ́ка, дэ́ко ’дэкаграм’ (Сцяц.). Запазычанне з польск. deka ’тс’ (а гэта размоўная форма, скарачэнне з dekagram ’тс’).

Дэка́да ’дэкада’ (БРС). Рус. дека́да, укр. дека́да. Запазычанне з франц. décade ’тс’ (< лац. < грэч.). Падрабязна Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 53.

Дэкада́нс ’дэкаданс’ (БРС). Як і дэкадэ́нт ’дэкадэнт’ (БРС), запазычанне (у XIX ст., як і рус. декада́нс, декаде́нт, укр. декада́нс, декаде́нт) з франц. décadente, décadence. Падрабязна Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 53–54 (з літ-рай).

Дэкальтэ́ ’дэкальтэ’ (БРС). Рус. декольте́, укр. декольте. Запазычанне ў XIX ст. з франц. мовы (décolleté ’дэкальтаваны’). Параўн. Фасмер, 1, 495; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 57.