Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Тэ́зіс ‘палажэнне’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ‘навуковы вывад’ (Ласт.). З лацінскага навуковага тэрміна thesis ‘тс’, які, у сваю чаргу, са ст.-грэч. θωσις; шлях пранікнення позні, хутчэй за ўсё, праз рус. тезис, параўн. Арол, 4, 54; ЕСУМ, 5, 535. Гл. тэза.

Тэмперату́ра ‘цеплавая характарыстыка’ (ТСБМ), ‘гарачка, павышаная тэмпература’ (смарг., Сл. ПЗБ), тэмпэрату́ра ‘тс’ (Некр. і Байк., Ласт.). З рус. температу́ра ‘тс’ ці польск. temperatura ‘тс’, што, у сваю чаргу, з лац. temperatura ‘стан’. Сюды ж тэмперату́рыць ‘мець павышаную тэмпературу’ (віл., Сл. ПЗБ).

Тэо́рыя ‘навука, абагульненыя палажэнні, сістэма ідэй’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Пятр.). Запазычана з заходнееўрапейскіх моў праз польск. teoria ‘тс’, якое з лац. theoria, што, у сваю чаргу, з грэч. θεοριᾶ ‘назіранне, меркаванне, вучэнне’ (Фасмер, 4, 43; ЕСУМ, 5, 43).

Ту́шчма ‘дармо, дарма, марна’ (Ласт.). Відаць, прыслоўе па ўзоры лежма (ляжаць), бегма (бегчы) ад дзеяслова тушчэць (гл. тушчы). На аснове прыслоўя ўтвораны прыметнік тушчы́мны ‘посны’ (Сцяшк. Сл.), які паслужыў, магчыма, узорам для нішчы́мны ‘посны, пусты’ (ад спалучэння ні з чым ‘без нічога’, гл.).

Тэ́хніка ‘сукупнасць прыёмаў і машын; навыкі дзейнасці’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Пятр.). Еўрапеізм, што распаўсюдзіўся з ням. Technik ‘тс’ у сярэдзіне XIX ст. Праз новалац. technika выводзіцца з грэч. τέχνη ‘майстэрства, уменне’ (Фасмер, 4, 54; ЕСУМ, 5, 563; Арол, 4, 69).

Таке́ля ’толькі’ (Сцяшк.), ’не; яшчэ; усяго толькі’ (іўеў., Яшк. Мясц.). Да тыкеле (гл.), мена пад уплывам так, таквеле, гл. Не звязана, відаць, са штучна ўтвораным та́кель (Ласт.), да такаць1 (гл.) з рэдкім суф. ‑ель, па тыпу вярзель, круцель (параўн. Сцяцко, Афікс. наз., 38).

Талера́нтны ’цярпімы’ (ТСБМ); сюды ж толера́нтнасьць ’верацярпімасць’ (Ласт.). Т. зв. еўрапеізм, шляхі пранікнення няясныя, магчыма, ад польск. tolerant ’памяркоўны чалавек’ (Варш. сл.). З заходнееўрапейскіх моў, дзе ням., англ. tolerant, франц. tolérant ’талерантны’ ад лац. tolerans, ‑ntis ’які церпіць’ (ЕСУМ, 5, 593; Голуб-Ліер, 484).

То́мны ’стомлены’ (калінк., Сл. ПЗБ, Ласт., Пятк. 2), то́мный ’хворы, нездаровы (пра жывот, цела і пад.)’ (Бяльк.). Вытворныя ад тамі́ць, гл. Сюды ж то́мна ’цяжка (ад душэўных перажыванняў’) (Бяльк.), ’кепска, дрэнна’ (Касп.), ’кепска, млосна’ (Стан.), то́мнасьць ’стомленасць’ (Мат. Гом.), ’томнасць, знямога ад душэўных перажыванняў’ (Бяльк.).

Тру́снуць ‘хруснуць, храснуць, надламацца’ (Нас., Некр. і Байк., Ласт., Сл. ПЗБ), сюды ж трусці́ць, патрусі́ць ‘паламаць, здрабіць на кавалкі’ (Нас., Байк. і Некр., Гарэц.), тру́снік ‘друз, трэскі’ (Сцяшк. Сл.). Да прасл. *trǫs‑t‑/*trus‑t‑, якія суіснуюць з варыянтамі: *xrǫst‑/*xrust‑, *drozg‑/*dryzg‑. Гл. трушчыць.

Тлума́ч старое ’перакладчык у час афіцыйных перагавораў’, ’тлумачальнік’ (ТСБМ, Ласт.), ’перакладчык’ (Нас., Гарэц. 1, Байк. і Некр.; ашм., беласт., Сл. ПЗБ), тулма́ч ’тс’ (Бяльк.). Запазычанне з польск. tłumacz ’перакладчык’, старое ’інтэпрэтатар, каментатар’, адносна паходжання гл. талмач. Для часткі значэнняў не выключана самастойнае ўтварэнне ад тлумачыць, гл.