Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Струг1 ‘інструмент для стругання’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Бяльк., ТС, Пятк. 1, Сл. Брэс.; дзятл., лід., шальч., в.-дзв., брасл., Сл. ПЗБ), ‘бандарны нож’ (Байк. і Некр.), ‘скобля’ (Сл. Брэс.), струга́ч ‘тс’ (Стан.), ст.-бел. стругъ ‘цяслярскі інструмент’ (Ст.-бел. лексікон). Укр., рус. струг, ст.-рус. стругъ, ст.-польск. strug, чэш. struh, серб.-харв. стру̑г, славен. strȗg, балг., макед. струг ‘такарны станок’, макед. дыял. struk ‘гэбель . Прасл. *strugъ ‘від вострай прылады для згладжвання і канчатковага фармавання вырабаў з дрэва’, суадноснае з *strъgati, гл. стругаць. Паводле Трубачова (Ремесл. терм., 154–155), адносіны назоўніка і дзеяслова ўзыходзяць да больш старажытнага *streug‑:*strug‑, а пасля зняцця славяна-германскай інавацыі sr > str да і.-е. *sreug‑/*srug‑; звязана чаргаваннем галосных з стругаць (гл.) (Фасмер, 3, 782).

Струг2 ‘драўлянае рачное судна’ (ТСБМ), ‘баржа’ (Ласт., Байк. і Некр.), ст.-бел. стругъ ‘вялікая лодка, карабель’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. струг ‘тс’, дыял. струга́ ‘від чоўна’, рус. струг, стру́га ‘від рачнога судна, лёгкая лодка з вострымі канцамі’, польск. strug, struga ‘пласкадоннае судна’. Этымалагічна тое ж, што і струг1; гл. Сабалеўскі, ЖМНП, 1886, верас., 155. Праабражэнскі (2, 402), Міклашыч (Lex. palaeosl., 891) прапаноўваюць вытворнасць ад і.-е. *sreu‑ ‘цячы’ (гл. струга, струя), супраць чаго Фасмер (3, 782–783); гл. яшчэ ЕСУМ (5, 450), у якім рэканструюецца прасл. *strugъ, *struga.

Стра́ус ‘буйная афрыканская птушка’ (ТСБМ), стра́вус ‘птушка Strucio camelus’ (Некр. і Байк.). Новае запазычанне праз рус. стра́ус ‘тс’ з нов.-в.-ням. Strauss ‘тс’; іншая форма струсь ‘тс’ (Ласт.) праз польск. struś ‘тс’, сяр.-н.-ням. strûs < ст.-лац. strūtiō, strūthiō ад грэч. στρονθίων, στροῡθς ‘птушка’ (Брукнер, 521; Фасмер, 3, 771). Ст.-бел. струсъ ‘страус’ (XVII ст.) < ст.-польск. strus (Булыка, Лекс. запазыч., 145); ст.-бел. строуць ‘тс’ (XVI ст., Альтбаўэр), магчыма, непасрэдна з лацінскай, насуперак Віткоўскаму (Зб. Лімінгу, 179), які лічыць, што замена s (ś) на ц адбылася на ўсходнеславянскай глебе. Ст.-бел. пструсъ, пъструсъ (XVI ст., Скарына) з чэш. pštros ‘тс’.

Стыка́цца ‘зачыняцца’, ‘сутыкацца’ (Нас.), ‘бываць, знаходзіцца’ (Сцяшк.; навагр., З нар. сл.; ТС; віл., Жыв. сл.; Юрч., Варл.; бялын.; Янк. 3.), звычайна ў спалучэннях з не: не стыкацца дома (у хаце) ‘затрымлівацца, пабыць; вандраваць, бадзяцца, блукаць’, ‘паказвацца, мала бываць’ (Барад., Ян.): дома не стыкаецца (Нар. Гом.), ‘межаваць, судакранацца’ (Ласт., ТС), ‘злучацца’ (Варл.). Гл. тыкаць. Значэнне ‘зачыняцца’ Мяркулава (Этимология–1979, 12) тлумачыць у сувязі з дзеясловам ткаць, параўн. заткала ‘затычка’ (Нас.), рус. пск., цвяр. заткать ‘заткнуць, схаваць’, заткаться ‘знікнуць’; значэнне ‘быць, знаходзіцца’ узнікла, магчыма, у выніку эліпсіса слова-злучэння стыкацца з кім‑небудзь ‘сустракацца’. Да значэння ‘з’яўляцца, паказвацца’ параўн. ст.-слав. сътъкати, стъкати ‘абвясціць, паведаміць’.

Сту́льцы ‘бульбяныя перапечкі’ (шуміл., ігн., Сл. ПЗБ), ‘густая каша з гарохавай мукі, халодная, парэзаная на шматкі’ (Анім. дад.), ‘стоўчаная ў ступе халодная каша з бульбы’ (Гіл.). Рус. пск. сту́льцы ‘пячэнне з гарохавай мукі, слупкі; слупкі квашаніны’. Відаць, ад стульцы ‘брускі’, памянш. да стулы (гл.), параўн. яшчэ рус. стул ‘рэч, тавар, прыпас у выглядзе абрубка або кола’. Арэальнае ўтварэнне, гл. таксама рус. пск. стульца́, сту́льчик, стуле́чек ‘цвёрды, застылы кусочак’, гл. Лутавінава, Псковские говоры, Ленинград, 1979, 35–38, дзе дапускаецца роднасць з літ. stýgti ‘тырчаць, рабіцца цвёрдым’. У сувязі з гэтым нельга выключыць утварэнне ад стуліць (гл.), параўн. сту́льны ‘сціснуты, збіты, густы’ (Ласт.). Параўн. стыльцы, гл.

Стыль1 ‘драўляны калок, якім замацоўваюць бярвенні ў сцяне зруба’ (Сцяшк.), стыль, штыль ‘шост, пры дапамозе якога кіруюць паромам; багор для сартыроўкі бярвенняў пры сплаве’ (Маслен.). З ням. Stil ‘ручка, дзяржанне’ праз польск. styl ‘тс’; параўн. Брукнер, 524.

Стыль2 ‘холад’ (Барад., Юрч. Фраз. 1, Мат. Гом., Растарг.), сты́ліца ‘халадэча’ (Яўс., Мат. Маг.), стыле́ча экспр. ‘холад’ (Мат. Гом.). Да стыць, параўн. стылы, гл.

Стыль3 ‘спосаб, характар пісьма, творчасці і інш.’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.). Запазычанне з франц. style ‘тс’ праз польск. styl ‘тс’ ці рус. стиль ‘тс’; паходзіць ад лац. stilus ‘завостраны калок; кіёчак для пісання на васковай дошчачцы; спосаб выкладання, пісьма’. Гл. Брукнер, 524; Фасмер, 3, 760.

Сто́ль1 ‘пакрыццё памяшкання, процілеглае падлозе’, ‘паверхня гэтага пакрыцця з боку гарышча’ (Нас., Шымк. Собр., Касп., ТСБМ, Ласт., Шат., Нік. Очерки, Бяльк., Сл. ПЗБ, Ян., Варл.), ‘гарышча’ (Жд. 3), сто́ля ‘столь’ (Касп.), ‘столь; гарышча’ (ТС, ПСл, Мат. Гом., Сл. Брэс.), сюды ж сталява́нне ‘насціланне столі’, ‘столь’ (Нас.), сталява́ць ‘насцілаць столь’ (Нас., Касп.), сталі́ць сто́лю ‘тс’ (гарад., Хрэст. дыял.). Укр. сте́ля, стіль, сто́ля, рус. дыял. сте́ль ‘тс’. Да сцяліць, з чаргаваннем у беларускім слове. Гл. Фасмер, 3, 753; ЕСУМ, 5, 407. Краўчук (Бел.-укр. ізал., 38) формы з ‑о‑ лічыць больш архаічнымі, захаванымі таксама ў в.- і н.-луж. postola, postoła ‘пасцель, ложак’ пры больш новых *postelь, *postelʼа (гл. пастель).

Столь2, сто́ля ‘столка’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Гл. столка.

Страшы́ць ‘палохаць, выклікаць страх’ (Нас., ТСБМ, Байк. і Некр., Ласт., ТС, Сл. ПЗБ). Укр. страши́ти, рус. страши́ть, стараж.-рус. страшити, польск. straszyć, в.-луж. trašić, чэш. strašit, славац. strašiť, серб.-харв. стра̏шити, славен. strášiti, балг. страша́, макед. страши, ст.-слав. страшити. Прасл. *strašiti ад *straxъ, гл. страх (Фасмер, 3, 772; Борысь, 579). Сюды ж страшы́дла ‘той, хто (або што) мае страшны выгляд, выклікае страх’, ‘вырадак’, ‘пудзіла’ (Нас., ТСБМ, Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ), страшы́дло ‘тс’ (ТС). Запазычанае з польск. straszydło ‘тс’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 83), параўн. формы з аднаўленнем этымона: страхі́дло, страхові́дло ‘тс’ (ТС) і зыходнага страхові́ло ‘тс’ (там жа), што суадносіцца з сваім страшы́ла ‘тс’, параўн. славен. strašilo ‘пудзіла’, укр. страши́ло ‘страшылішча’ і пад.

Стэп ‘бязлесная раўніна, пусташ’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., ТС), сцеп (сьцеп, степ) ‘тс’ (ТС, Бяльк., Косіч). Параўн. укр. степ, рус. степь. Мяркуецца, што з’яўляецца метафарычным пераносам у геаграфічную тэрміналогію анатамічнага тэрміна прасл. *stьpь ‘хрыбет, спіна (у жывёл)’, параўн. рус. степь ‘хрыбет, спіна (у быка, каровы, каня, сабакі)’, гл. Мяркулава, Этимология–1968, 86–91), харв. stȃpi ‘свіныя лапаткі’, stȇpi ‘кавалак свінога мяса з лапаткамі’ (Борысь, Etymologie, 407–408), утворанага з дапамогай суф. ‑ь (< ‑ĭ‑) ад асновы, засведчанай у літ. stìpti ‘затрымлівацца, марудзіць; цапянець’, stiprùs ‘моцны, цвёрды’, лат. stipt ‘рабіцца цвёрдым’, лац. stipes ‘пень, калода’ (< і.-е. ste̯ip‑, stip‑). Іншыя версіі гл. Фасмер, 3, 755–756; ЕСУМ, 5, 409. Беларускае слова, відаць, з украінскай і/ці рускай моў.

Стаўбу́р ‘высокі конусападобны прадмет з круглым верхам; ствол дрэва, слуп дыму і пад.’ (ТСБМ), ‘кветаноснае сцябло’, ‘зламанае бурай дрэва’ (Ласт.; віл., паст., шальч., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. стовбу́р ‘ствол, стрыжань расліны’. Відаць, таго ж паходжання, што і стаўбун (гл.), але з суф. ‑ур, аб якім гл. Слаўскі, SP, 2, 26; суадноснае з славен. stebër ‘калона’, харв. stàbar ‘дрэва, сцябло’, на аснове якіх ўзнаўляецца прасл. *stъbъrъ з галоснымі ў ступені рэдукцыі, гл. Бязлай, 3, 314. Роднаснае літ. stuobrỹs, stũbures, stùburas ‘сцябло; шасток’, лат. stubure ‘пень; сцябло’; апошнія хутчэй садзейнічалі захаванню слова, чым былі крыніцай для яго запазычання. Німчук (Давньорус., 244) мяркуе пра кантамінацыю стараж.-рус. стоборъ < зборн. стобориѥ ‘шэраг слупоў’ (< *stъbъrъ або *stoborъ) з стовп (< *stъlъpъ, гл. стоўб). Гл. яшчэ Фасмер, 3, 762; ЕСУМ, 5, 422.

Сту́дня ‘калодзеж’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Шат., Байк. і Некр., Бяльк., Гарэц., Сцяшк., Федар. 4, Сл. ПЗБ), сту́ння ‘тс’ (навагр., ДАБМ, камент., 807), сту́льня, сту́лня ‘тс’ (Сцяшк.; ваўк., ДАБМ, камент., 806). Заходне- і часткова ўсходнеславянскае: укр. дыял. сту́дня, польск. studnia ‘калодзеж’, ст.-польск. ‘крыніца’, в.-луж. studnja, н.-луж. studńa, чэш. studna, славац. studňa. Прасл. дыял. *studьńa, дэрыват ад прасл. *studъ, параўн. чэш. stud, рус. дыял. студ, ц.-слав. стоудъ ‘холад; сцюжа’, ст.-слав. стоудень ‘халодны’, гл. Борысь, 585; Махэк₂, 589–590. Шустар-Шэўц (1369) лічыць вытворным ад дзеяслова *studiti ‘студзіць’. У беларускай і ўкраінскай, хутчэй за ўсё, запазычанне з польскай, паводле суфіксацыі, лінгвагеаграфіі (абмежаваны паўночна-заходні арэал, гл. ДАБМ, к. 241) і з-за адсутнасці ў беларускага слова значэння ‘крыніца’, параўн. студзень3.