Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Сястра́ ’дачка ў адносінах да іншых дзяцей гэтых жа бацькоў’, перан. ’асоба сярэдняга медыцынскага персаналу ў лячэбнай установе і ласкавы зварот да яе’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ); сестра́ ’тс’ (ТС), сюды ж сястро́нка, сястру́ха, сястру́хна ’стрыечная сястра’ (Сл. ПЗБ), сястру́нка ’тс’ (Янк. 1). Укр., рус. сестра́, стараж.-рус. сестра, польск. siostra, в.-луж. sotra, н.-луж. sotša, палаб. sestră, чэш., славац. sestra, серб.-харв. сѐстра, славен. séstra, балг. сестра́, макед. сестра, ст.-слав. сестра. Прасл. *sestra, першапачаткова аснова на ‑r‑, потым перайшло да асноў на ‑a, роднаснае літ. sesuõ, Р. скл. seser̃s, ст.-прус. swestro, ст.-інд. svásar‑, гоц. swistar, лац. soror, ст.-ірл. siur, тахар. A ṣar ’тс’ < і.-е. *su̯esor, якое з’яўляецца, як мяркуюць, складаным словам ад і.-е. *su̯e‑ ’свой’ і *sor‑ ’жанчына’; гл. Фасмер, 3, 612 з ранейшай літ-рай; Махэк₂, 541–542; Шустар-Шэўц, 1335–1336; Скок, 3, 226; Сной, 564; ЕСУМ, 5, 223; Борысь, 549; Трубачоў (История терм., 63 і наст.) адзначае неаднастайнасць тлумачэння другой часткі кампазіта; напрыклад, аспрэчваецца рэальнасць і.-е. *sor ’жанчына’ і прапаноўваецца кампазіт *su‑esor ’сваёй крыві’, г. зн. ’адзінакроўная’, дзе *esor: *esr ’кроў’, параўн. санскр. ásrk, грэч. έαρ ’тс’. Адносна слав.-герм. str < і.-е. *sr параўн. струга, струя і пад. Агляд версій гл. ESJSt, 13, 800–801.

Свой1 займ. ‘які належыць сабе, уласцівы сабе, мае адносіны да сябе, уласны’, ‘які знаходзіцца ў сваяцкіх, сяброўскіх або іншых блізкіх адносінах’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Стан., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. свій, рус. свой, польск. swój, в.-луж., н.-луж. swój, чэш. svůj, славац. svoj, серб.-харв. сво̑ј, славен. svoj, балг. свой, макед. свој, ст.-слав. свои. Прасл. *svojь ‘свой’. Бліжэйшыя і.-е. адпаведнікі: ст.-прус. swais, swaia ‘свой’, літ. sãvas, лат. savs ‘тс’, ст.-в.-ням. swîo, geswîo ‘брат жонкі, цесць, сваяк’ < *svei̯o‑, ст.-інд. svás ‘уласны’, авест. xva‑, hva‑, ст.-перс. uva‑ ‘тс’, грэч. ‘сябе’, гоц. swes ‘уласны’, ст.-лац. sovos, лац. suus ‘тс’; гл. Траўтман, 251 і наст.; Мюленбах-Эндзелін, 3, 792; Майргофер, 3, 566. Да і.-е. *su̯o‑ ‘свой’; гл. Борысь, 590; Сной₁, 625; агляд літ-ры гл. Фасмер, 3, 583; Шаўр, Etymologie, 38–39. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1392–1393; БЕР, 6, 562–563. Параўн. таксама формы без ‑в‑: ст.-слав. себе (гл. сябе).

Свой2 ‘скрутак, трубка выбеленага палатна’ (Сцяшк., Жд. 2, Сержп., З нар. сл.; браг., Нар. сл., ТС, Ян., Мат. Гом., Скарбы), сво́ец ‘тс’ (гарад., Сл. ПЗБ), ‘мера самаробнай тканіны’ (Інстр. 3), свуй ‘трубка палатна’ (стол., Нар. лекс.). Ад *свіць ‘звіць’ < віць; відаць, паходзіць з гаворак, дзе прыстаўка с‑ не пераходзіць у з‑. Параўн. сувой.

Слабы́ ‘які мае невялікую фізічную сілу, недастаткова дужы’, ‘нямоцны, нетрывалы’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Гарэц., Касп.; гродз., брэсц., ЛА, 5), ‘мізэрны, слабасільны, хілы, кволы’ (Ласт.), сла́бы(й) ‘тс’ (Бяльк., ЛА, 5). Укр. слаби́й, рус. сла́бый, ст.-рус. слабъ, польск., в.-луж., н.-луж. słaby, чэш. slabý, серб.-харв. сла̏б, славен. slàb, балг. слаб ‘слабы, худы, хілы’, макед. слаб ‘тс’, ст.-слав. слабъ. Прасл. *slabъ. Роднасныя: літ. slõbti, slobstù, slabaũ ‘слабець, траціць прытомнасць’, лат. slãbt ‘абмякнуць, панікнуць’, ст.-в.-ням. slaf ‘слабы, вялы’, с.-в.-ням., н.-ням. slap ‘тс’, гоц. slēpan ‘спаць’, магчыма, лац. labor, labi ‘падаю, кульгаю’, laborāre ‘цяжка працую, падаю ад стомленасці’; гл. Младэнаў, 588; Праабражэнскі, 2, 316–317; Фасмер, 3, 664; Траўтман, 270; Вальдэ-Гофман, 1, 739; Махэк₂, 551. Скок, 3, 277; ЕСУМ, 5, 294; Брукнер, 499 лічаць слова славяна-германскім, а балцкія формы разглядаюць як запазычанні з польскага. Райхельт (KZ, 39, 25), Праабражэнскі (там жа), Скок (там жа) і інш. рэканструююць і.-е. аснову *(s)lab‑, *(s)lōb‑ > лац. lābor, labi ‘слізгаць, праслізгваць’; гэту лацінскую паралель прымае і Фасмер (там жа). Махэк₂ (551) даўгату а ў славянскім слове, параўнальна, напрыклад, з ст.-в.-ням. формай, лічыць экспрэсіўным падаўжэннем. Борысь (537) узводзіць да і.-е. *(s)lē̆b‑/*(s)lō̆b‑/*(s)lā̆b‑ ‘быць абвіслым, слабым’. Гл. яшчэ БЕР (6, 824–827) з аглядам іншых версій.

Смо́ква ‘плод смакоўніцы; інжыр, вінная ягада’, ‘смакоўніца’ (ТСБМ, Ласт.), смо́квы ‘ірга, ягады іргі’ (капыл., люб., Трухан, вусн. паведамі), ст.-бел. смоква ‘інжыр, вінная ягада’: смоква созрѣла (Альтбаўэр). Укр., рус. смо́ква, серб.-харв. смо̏ква, славен. smókva, балг. смо́ква, макед. смоква, ст.-слав. смокы, смокъва. У заходнеславянскіх мовах слова лічыцца запазычаннем з іншых славянскіх моў, параўн. Варш. сл., 6, 243; Махэк₂, 561; Шустар-Шэўц, 1321. Слова спрэчнага паходжання. Паводле традыцыйнага погляду, які ўзыходзіць да Капітара (гл. Машынскі, Этимология–1997–1999, 120; гл. таксама Фасмер, 3, 689), прасл. *smoky запазычана з гоц. smakka ‘смоква, фіга’ або *smakko ‘смачны плод’, менавіта з балкана-германскага; яно роднаснае нова-в.-ням. schmecken ‘прыходзіцца да смаку’, літ. smaguriai мн. л ‘прысмакі’ або, як мяркуе Скок (3, 293–294), запазычана з даіндаеўрапейскай міжземнаморскай мовы. Па іншай версіі, гэта спрадвечнаславянскае слова, якое параўноўваюць з славац. smokva ‘чырвоная ягада’, smokvica ‘суніцы’, чэш. smok ‘сок раслін’, славен. smȏk ‘прыправа да хлеба’, ‘ялавічына’, серб. смо́к ‘прыправа; масла, сыр; ператопленыя сала і тлушч, якімі запраўляюць ежу’, балг. смок ‘пасоленае мяса’. Ілліч–Світыч (ЭИРЯ, 1962, 2, 73 і наст.) узнаўляе прасл. *smokъ ‘сакавітае вільготнае рэчыва, галоўным чынам расліннага паходжання’ (гл. смактаць), пры гэтым гоцкае слова лічыцца запазычаннем з славянскіх моў або незалежным запазычаннем з трэцяй крыніцы, гл. Бязлай, 3, 272–273; Скок, 3, 294. Аналагічна Сной₁, 585; Рэйзак, 585; Шустар-Шэўц, 1321–1322. Агляд версій гл. Глухак, 566.

Сто́раж ‘вартаўнік’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Пятк. 2, Варл., Сл. ПЗБ, Бяльк.), перан. ‘колас, які застаўся на полі’ (віл., Сл. ПЗБ), сто́рож ‘вартаўнік’, ‘стаўная вуда на шчупакоў’, ‘першы колас у жыце’ (ТС), ‘пчала, якая належыць да «стражы»’ (Анох.), ‘нацягнуты шнурок у рыбалоўнай прыладзе, які сігналізуе аб наяўнасці рыбы’ (Нас., ТС), ‘першы або апошні колас у жыце’ (ТСБМ), сто́рож ‘шнурок, якім прывязана цэўка да сукала’, ‘пруток у сукале, на які натыкаецца цэўка’, ‘пруток, які падтрымоўвае нічальніцу ў час вязання’ (Бел.-польск. ізал.). Укр., рус. сто́рож, стараж.-рус. сторожь, польск. stróž, славен. stȓašəc, балг. страж, ст.-слав. стражь ‘ахоўнік’. Прасл. *storžь утворана з суф. ‑jь ад прасл. *stergti, *stergǫ ‘сцерагчы’, з якім яно звязана чаргаваннем галосных; гл. Слаўскі, SP, 1, 81; Фасмер, 3, 768. Параўноўваюць з літ. sárgas ‘стораж, вартаўнік’, sérgti ‘пільнаваць, быць пільным’, лат. sar̂gs ‘вартаўнік’, прус. absergisnan ‘абарона’ (Глухак, 587). Сюды ж старо́жа ‘ахова, варта’ (Нас., Байк. і Некр., Нар. Гом., Юрч.), ст.-бел. сторожа ‘тс’ (Карскі 2–3, 428). Параўн. укр., рус. сторо́жа, стараж.-рус. сторо́жа, польск. stróža, в.-луж. stróža, н.-луж. stroža, чэш., славац. stráž, серб.-харв. стра̑жа, славен. strȃža, балг. стра́жа, макед. стража, ст.-слав. стража. Прасл. *storža. Гл. яшчэ Махэк , 587; Борысь, 581–582; Шустар-Шэўц, 1366; Бязлай, 3, 324. Борысь (Etymologie, 492) для значэння ‘нацягнуць, наставіць, напнуць’ рэканструюе прасл. *storžiti — каўзатыў ад *sterkti. Гл. сцерагчы.

Сце́рва ’падла’, ’лаянкавае слова’ (Нас.), ’труп здохлай жывёлы’ (Ласт.), ’лаянкавае слова на жанчыну’ (Маш., Пятк. 2), стэ́рва (stérwa) ’тс’ (Федар. 4), сце́рва ’подлы чалавек’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), сце́рво ’падла’ (ТС, ПСл). Укр. сте́рво, рус. сте́рва ’падла; лаянкавае слова’, ст.-рус. стьрва, стьрвь ’труп’, польск. ścierw, ścierwo ’падла’, каш. sciř, в.-луж., н.-луж. śćerb ’тс’, серб.-харв. стр̑в ’тс’, балг. стръв ’падла; прынада, мяса на прынаду’, макед. стрв ’жарсць, корць, азвярэнне’. Прасл. *stŕ̥vь, *stŕ̥vi ’падла; труп жывёліны, які гніе’ < і.-е. (s)ter‑ ’нячыстая вадкасць, гной; гніць’ з суф. *‑vь < *u̯‑ī‑; гл. Борысь, 612–613; параўноўваецца з лат. *stḕrdêt ’сохнуць, гнісці’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1063), нарв. дыял. stor ’гніенне, тленне’, лац. stercus ’гной, памёт’, ст.-пярс. strav‑ ’апаганьваць сябе’; гл. Фасмер, 3, 756–757 з іншай літ-рай. Паводле іншай версіі, слова роднаснае рус. сте́рбнуть ’рабіцца жорсткім, дранцвець’, с.-в.-ням. sterben ’паміраць’, грэч. στερεός ’нерухомы’; гл. Патабня, РФВ, 4, 212; Праабражэнскі, 2, 383. Гл. яшчэ SEK, 4, 254–255; Шустар-Шэўц, 1273; Глухак, 591; ЕСУМ, 5, 410. Спробы, грунтуючыся на серб.-харв. дыял. стр̑в ’смецце’, параўн. таксама стр́вим ’раскідаць, рассыпаць, разарваць на часткі’, звязаць з *terti, гл. церці (Пятлёва, Этимология–1994–1996, 57–64), або, абапіраючыся на балтыйскія адпаведнікі, вярнуцца да сувязі з *sterti, гл. сцерці, ці рус. стербнуть (Тапароў, Зб. Варбат, 394–396), не пераконваюць.

Сядзе́ць ’займаць сядзячае становішча’, ’знаходзіцца, праводзіць час’, ’быць у зняволенні’, ’размяшчацца дзе-небудзь’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Сцяшк., Ласт., Стан., Бяльк., Сл. ПЗБ), ’кватараваць’ (узд., Жд. 1), седе́ті ’сяліцца, жыць’ (пін., З нар. сл.), ст.-бел. сѣдѣти, седѣти, седети ’тс’ (Альтбаўэр), сѣдѣти, седети ’пасяляцца, жыць, пражываць’, ’валодаць выдзеленым надзелам зямлі’ (Статут 1529 г., гл. Мацкевіч, Грынавецкене, ЖНС, 206 і наст.). Укр. сиді́ти, рус. сиде́ть, польск. siedzieć, в.-луж. sedźeć, н.-луж. sejźeś, чэш. sedět, славац. sedieť, серб.-харв. дыял. сјѐдити, славен. sẹdéti, балг. седя́, макед. седи. Прасл. *sěděti, *sědi̯ǫ адпавядае літ. sėdė́t, лат. sêdêr, гоц. sitan, ст.-ісл. sitja ’сядзець; жыць’; балта-славянскія формы з доўгім галосным у корані адпавядаюць гоц. прош. часу sētun < і.-е. *sēd‑, параўн. яшчэ ст.-інд. sídati ’ён сядзіць’, лац. sīdō ’саджуся’, якія ўзыходзяць да рэдуплікаванага *sizd‑ (Вальдэ-Гофман, 2, 509). Чэшскія і лужыцкія формы (без даўгаты) адпавядаюць лац. sedēre ’сядзець’ (Шустар-Шэўц, 1280). Фартунатаў (KZ, 36, 50) рускае і ўкраінскае *сидѣти < *sěděti тлумачыць як вынік асіміляцыі ў 2‑й і 3‑й ас. адз. л.: *sědiši, *sěditъ; у беларускіх формах Карскі (1, 226) бачыць захаванне старога стану. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 618; Бязлай, 3, 222; Махэк₂, 539; Борысь, 545–546; ЕСУМ, 5, 226–227; Шаўр, Studia Etym. Brun., 3, 367 (скарачэнне праславянскай даўгаты лічыць другаснай з’явай з мэтай пазбыцца аманіміі з адпрыметнікавым дзеясловам ад *sěd‑ ’сівы’). Гл. сесці.

Со́кал ‘драпежная птушка сямейства сакаліных, Falco’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), часцей сако́л ‘тс’ (Гарэц., Федар., Ласт., Стан.). Укр. со́кіл, рус. со́кол, дыял. соко́л, польск. sokół, в.-луж., н.-луж. sokoł, чэш., славац. sokol, серб.-харв. со̀ко̑, славен. sókol, балг. соко́л, макед. сокол ‘тс’. Прасл. *sokolъ ‘птушка Falco’. Лічаць роднасным ст.-інд. çakunas, çakúnis ‘нейкая птушка; вялікая птушка’ (гл. Фасмер, 3, 708–709 з літ-рай). Міклашыч (313), Брукнер (506), Шустар-Шэўц (1332) звязваюць з гукапераймальным сакатаць, а Борысь (566) мяркуе, што *sokolъ — дэрыват ад прасл. *sočiti (гл. сачыць), таму што гэта драпежнік высочвае і даганяе птушку. Паводле Пятлёвай (Этимология–2000–2002, 21–22), першасным значэннем магло быць ‘рассякаючы, раздзіраючы’, што ўзыходзіць да дзеяслова з семантыкай ‘рэзаць, сячы, рваць’, якая захавалася ў соколі́ць ‘мярэжыць’ (ТС); пра корань сок‑ са значэннем ‘рэзаць’ гл. Куркіна, ОЛА, Исследов., 1994–1996, 202. Ускосным пацверджаннем такога развіцця можа служыць дэрыват сакольнік у цытаце: “… жыў гэты дзед больш за сто гадоў. Так усе і клікалі — сакольнік. <…> калі пасавалі найлепшыя хірургі, звярталіся да сакольніка” (Я. Колас), — які, відаць, быў амонімам да сако́льнік ‘той, хто даглядае лоўчых птушак, трэніруе і палюе з імі’, першасна звязаным з дзеясловамі тыпу славен. sókati, sókniti ‘ўкалоць (напр., нажом)’ і рус. дыял. соко́лик, соколе́ц, сокола́к ‘чорная жыла вялікага пальца рукі, vena pollicis; у коней жыла на назе, з якой пускаюць кроў’. Тады да *sěkti (гл. сячы), параўн. варыянтнасць галоснага ў сякера/сакера. Іншыя версіі гл. Пятлёва, там жа.

Стано́вішча ‘месца знаходжання’, ‘пастава; поза’, ‘абставіны’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.), ‘пазіцыя, пункт погляду’ (Стан.), ‘стан, месца, дзе жывуць рыбакі ў час лоўлі рыбы’ (дзісн., Яшк. Мясц.), ‘месца на пашы, дзе апоўдні стаіць быдла’ (Касп.), станаві́шча ‘месца, дзе стаяць каровы ўдзень’ (Сл. ПЗБ), станові́шчэ ‘стаянка’ (ТС). Укр. стано́вище ‘месца знаходжання, размяшчэнне’, ‘лагер, стан’, ‘месца прыпынку скаціны, якая пасецца’, рус. станови́ще ‘стан, табар, стаянка’, чэш. stanoviště ‘месца прыпынку, станцыя’, серб.-харв. ста̀новиште ‘пункт гледжання, пазіцыя’, балг. стано́вище ‘тс; месца знаходжання’, макед. становиште ‘пазіцыя, пункт погляду’. Дэрыват з суф. ‑ішч(а) ад прыметніка станавы (гл. стан), што прадстаўляе прасл. *stanovъ, *stanovati, параўн. стано́ўны ‘пастаянны’, станаві́ты ‘станоўчы’ (Нас.), станаўкі́ ‘ўстойлівы, рашучы’, станаві́ць ‘ставіць’ (Стан.), ст.-рус. становый, рус. дыял. становать, укр. станови́ти, польск. stanovíc, дыял. stanovny, чэш. stanovati, stanový, славен. stanovati, stanovit, серб.-харв. становати, сталован, балг. стану́вам, стано́вен, макед. станува. Магчыма, ужо прасл. *stanoviště ‘стан, стаянка’, паводле Гарачавай (ЭИРЯ, 9, 63–64), утворанага ад зыходных ‑асноў або ŏ‑асноў, якія перад галоснымі атрымалі канцавое ‑ou̯: *stanou̯‑išče > stanov‑išče > *stan‑ovišče. Бярнар (Бълг. изсл., 98) выводзіць аснову *stanov‑ з іменных форм, параўн. ст.-слав. Р. скл. адз. л. станоу — Н. скл. мн. л. станове, пры старой форме станище < станъ ‘stadium’. Ён жа звяртае ўвагу на семантычную тоеснасць балг. стано́вище ‘пункт погляду’ і чэш. stanovisko ‘тс’ (там жа, 104). У сучаснай беларускай мове супрацьпастаўленне семантыкі ‘месца’ і ‘дзеянне’ рэалізуецца праз ужыванне назоўніка ста́ўленне ‘пазіцыя, адносіны’, гл. Пацюпа ў Станкевіч, Язык, 1182.

Строй1 ‘рад, шарэнга’, ‘лад’, ‘пабудова, структура’ (ТСБМ), ‘строй, парадак’ (Байк. і Некр., Ян.), ‘выгляд, стройнасць, фігура’ (Варл.), ‘лад, парадак; наведзенасць’ (ТС), ‘узор, малюнак’ (Песні сямі вёсак), строй (на кросна) ‘прыстасаванне для ткання’ (Уладз., ТС), строе́ ‘ставы’ (лельч., Нар. лекс.). Укр. стрій ‘касцюм, адзенне’, рус. строй ‘строй; парадак’, польск. strój ‘строй; адзенне’, чэш. stroj ‘станок, машына’, славац. stroj ‘тс’, серб.-харв. стро̑й ‘фарба; шчолак; вайсковы строй’, славен. strȏj ‘машина, лакаматыў’, балг. строй ‘рад, сістэма, лад’, макед. строј ‘будова’, ‘рад’, ‘сватаўство’, ст.-слав. строи ‘кіраванне; лад, парадак; фармацыя’. Прасл. *strojь роднаснае лат. strãja ‘стойла, якое выслана саломай’, авест. urvarō‑straya ‘абразанне расліны’, лац. struō ‘дапасоўваць, састаўляць, будаваць, ладзіць’, constrūctiō ‘структура, кампазіцыя’, stria ‘баразна, складка’ (Фасмер, 3, 780; Глухак, 589). Далей этымалогія не вельмі ясная. Борысь (581) мяркуе, што слова роднаснае таксама слав. *strěxa ‘страха’ і распасціраць (гл. распасцерціся), да і.-е. кораня *(s)ter‑ ‘распасцерці’, адкуль таксама гоц. straujan ‘сыпаць, рассыпаць’, ням. Streu ‘салома на падсцілку’. Бязлай (3, 332), Сной₁ (615), апрача гэтай версіі, дапускаюць магчымасць паходжання ад і.-е. *kʼroi̯‑o, роднаснага з *kʼrei̯‑on у авес. srayan ‘прыгожы; прыгажосць’, ст.-інд. śrī‑ ‘прыгожасць’ і г. д. з першасным значэннем прасл. *strojь ‘парадак; прыгажосць’, параўн. стройны (гл.).

Строй2 ‘будоўля; драўніна для будоўлі’ (Ян., Мат. Гом.). Рус. паўн. строй ‘будаўнічы матэрыял’. Аддзеяслоўны дэрыват ад строіць (гл.) у адпаведным значэнні.

Строй3 ‘убор’ (Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Сцяц. Сл.). Гл. строі1.