Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Рабі́ннік1 ’вялікі шэры дрозд’ (ТСБМ). Рус. дыял. ряби́нник ’тс’. Ад рабі́на (гл.). Назва адсутнічае ў народнай мове, хутчэй за ўсё з рус. рябинник, параўн. бел. народныя назвы птушкі дрозд‑піскун, лепік (Ласт.). Назва ўзнікла ў выніку метанімічнага пераносу назвы месца пражывання дразда (зараснікі рабіны) на птушку.

Рабі́ннік2 ’піжма’ (ашм., мядз., шчуч., клім., ЛА, 1; Сцяшк. Сл.), Утворана ад рабі́на (гл.) у выніку метафарычнага пераносу назвы дрэва паводле знешняга падабенства лістоў і суквеццяў раслін да лістоў і гронак рабіны, параўн. рус. ряби́нка ’піжма’.

Раплю́к ’птушка пеначка, Phylloscopus’ (Ласт.). Экспрэснае ўтварэнне на базе кораня pan‑ (< panm‑, гл. рапт, раптам), аформленага частотным у назвах птушак суфіксам (гл. Антропаў, Назв. птиц, 85–86 і інш.), г. зн. птушка атрымала назву па ўласцівасцях руху, прычым адзінкавая фіксацыя сведчыць, хутчэй, на карысць уласнай словатворчасці аўтара. Не выключана, аднак, утварэнне на базе гукапераймання, параўн. н.-луж. wrona rapa, чэш. дыял. straka rapoce і найменні тыпу ўкр. рапа́к, рапа́ч, рапча́к ’птушка драч. Crex crex L.’, в.-луж. rapak ’птушка крумкач, груган, Corvus corax L.’, гл. Шустар-Шэўц, 2, 1207.

Рухо ст.-бел. ’вопратка’ (Ст.-бел. лексікон). Стараж.-рус. рухо ’скарб, манаткі’, рус. ру́хо ’адзенне’, польск. rucho ’тс’, кашуб. rëxë ’старое адзенне’, чэш. roucho ’святочнае адзенне, строй’, славац. rúcho ’тс’, серб.-харв. ру̏хо ’вопратка’, славен. rúho ’палатно, прасціна’, балг. ру́хо ’адзенне, вопратка’, макед. руво ’тс’. Прасл. *ruxo ’рухомая маёмасць, у прыватнасці, адзенне’, утворана ад *rušiti (гл. рушыцца, рухаць), звязана таксама з *rъvati (гл. рваць), гл. Брукнер, 467; Фасмер, 3, 524; Скок, 3, 167; Шустар-Шэўц, 2, 1254; SEK, 4, 190. Сюды ж рухамоцце, рухмаццё ’рухомая маёмасць, манаткі’, рухматло́ ’тс’ (Ласт.).

Руі́на1 ’рэшткі разбуранага збудавання, паселішча’; перан. ’слабы, хворы ад старасці чалавек’ (ТСБМ), ’вайна’ (Шымк. Собр.), ’сумяціца’ (Ласт.). Укр. руїна, руїни ’разваліны’, рус. руи́на, руи́ны ’тс’, польск. ruina ’разарэнне, заняпад’, ruiny ’разваліны’, чэш. ruina, ruiny ’тс’. Ст.-бел. руина ’руіна’ са ст.-польск. ruina < лац. ruina (Булыка, Запазыч., 288). Магчыма, паўторнае запазычанне з заходнееўрапейскіх моў: ням. Ruine, франц. ruine ’падзенне; распад; заняпад; разваліны’ < лац. ruīna ’падзенне; абвал; бедства’ < ruō ’абвальваюся; разбураюся’ (Чарных, 2, 126–127).

Руі́на2 ’зграя ваўкоў у час цечкі, руя, гайня’ (шчуч., З нар. сл.; ТС). Гл. руйка, руя.

Рата́р ’земляроб, араты’ (Ласт.). Параўн. славац. дыял. ratár ’араты’, в.-луж. ratar ’селянін; араты’, славен. rátar, arátar ’араты’, серб.-харв. ра̏та̑р, балг. ратар (< серб., гл. БЕР, 6, 190), рус. фальк. ратарь ’араты, земляроб’ (СРНГ). Прасл. *ortarь лічыцца другаснай формай, узнікшай шляхам замены суф. *‑ajь больш жывым суф. *‑arь з першаснага *ortajь (гл. ратай) (Шустар-Шэўц, 2, 1208), параўн. аднак паралельныя грэч. αροτήρ, лац. arator ’араты’, для якіх рэканструюецца і.-е. *arH‑ter/tor‑ як nomen agentis да *arH‑ ’араць’ (Сной, гл. Бязлай, 3, 155). Адзінкавасць фіксацыі не дае ўпэўненасці ў народным характары слова, гл. таксама з іншай суфіксацыяй аратні́к, аратня́к ’араты’ (Лексика Пол.).

Рапт ’парыванне, імпэт’ (Нас., Байк. і Некр.), ра́птам ’знянацку, нечакана, імкліва’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Бяльк., Варл., Растарг., Сл. ПЗБ), ра́птом ’нечакана, адразу; усяго толькі’ (ТС), параўн. укр. ра́птом ’ураз, неспадзеўна’, рус. смал. рапт ’парыў, імгненне’, раптом ’нечакана, адразу’. Запазычана з польск. rapt ’крадзеж, захоп’ з лац. raptus ’рабунак’ шляхам адсячэння назоўнікавага канчатка ‑us, raptem ’знянацку’ з лац. raptim ’спешна’, што выводзяцца з лац. raptō ’хапаць, красці’, гл. Брукнер, 454; Фасмер, 3, 443. Сюды ж рапто́ўна, рапто́ва ’знянацку, нечакана, неспадзявана’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ), рапто́ўно, рапто́во ’тс’ (Сл. ПЗБ, ТС, Сл. Брэс.), раптэ́я ’тс’ (чэрв., Сл. ПЗБ), ранта́мі ’тс’ (ТС), раптаві́цай ’знянацку’, раптэ́чня ’нечакана’, рапто́ўе ’нечаканасць’ (Сцяшк. Сл.).

Раўні́на ’роўная, без гор, пагоркаў і паніжэнняў зямная паверхня’, ’роўнае месца, роўнядзь, роўнае поле’ (ТСБМ, Ласт., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), раўніна́ ’тс’ (ваўкав., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.), роўніна́ ’нешта выключна роўнае; роўная мясцовасць, роўнядзь’ (ТС); ст.-бел. ровнина (1616 г., Карскі, 1, 415). Параўн. укр. рівнина́ ’тс’, рус. равни́нац.-слав.) ’тс’, польск. równina ’тс’, серб.-харв. равнѝна ’тс’, славен. ravnína ’тс’, балг. равнина́, ц.-слав. равьнина ’тс’. Дэрыват ад прасл. *orvьnъ са значэннем ’роўны’ (гл. роўны) з далейшым утварэннем пры дапамозе суф. ‑in(a) са значэннем ’месца, прастора’, падобна як цесныцясніна і інш. (БЕР, 6, 140). Меркаванні пра запазычанне гл. Кохман, Зб. Бархудараву, 160.

Румя́ны1 ’з румянцам на твары’, ’ярка-чырвоны, ружовы’, ’чырванаваты, з залаціста-карычневым адценнем (пра выпечку)’ (ТСБМ, Ласт., Сл. ПЗБ), румʼя́ны ’румяны, чырвоны’ (ТС), ст.-бел. румѧнъ ’тс’ (Альтбаўэр). Укр. румʼя́ний ’румяны’, рус. румя́ный ’тс’, польск. rumiany ’тс’, чэш. ruměný ’тс’, славен. rumèn ’жоўты, чырвоны’, серб.-харв. ру̀мен ’чырвоны’, балг. ру́мен ’тс’, макед. румен ’тс’, ст.-слав. роумѣнъ. Прасл. *ruměnъ < *rudměnъ < *ruda, *rudъ, *rudъjь (гл. руда, руды). Індаеўрапейскія адпаведнікі — літ. raumuõ, род. ‑eñs, Він. адз. л. raũmenį ’мышца’, лат. raũmins ’вэнджаныя мышачныя часткі’ (Фасмер, 3, 517; ESJSt, 13, 783 з літ-рай).

Румя́ны2 ’ружовая ці чырвоная касметычная фарба для твару’ (ТСБМ). З рус. румяна ’тс’.

Руча́цца1 ’запэўніваць, гарантаваць, прымаць на сябе адказнасць’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), руча́ць ’запэўніваць у чым-небудзь, як бы даючы руку ў знак вернасці’ (Нас., Бяльк.), параўн. народны выраз гарантыі або праўдзівасці: даю руку на адсячэнне. Да рука (гл.), параўн. даручы́ць, заручы́цца і іншыя вытворныя, літаральна ’падаючы руку, пацвердзіць праўдзівасць (дамову, заданне і пад.)’, гл. Шустар-Шэўц, 2, 1251; Бязлай, 3, 189. Паводле іншай версіі (параўн. Глухак, 532), для паўднёваславянскага арэала рэканструюецца прасл. дыял. *ručati, запазычанае з прагерманскага *rōkjan ’забяспечыць, даставіць’ (> ст.-в.-ням. ruohhjan, ruochen ’тс’), што на фоне шматлікіх фактаў, якія тлумачаць першую версію, падаецца малаверагодным.

Руча́цца2 ’вітацца за руку’ (Касп. Віц.). Гл. рукацца.

Расто́ка ’рытвіна, размытая веснавой вадой’ (Ласт.), ’паводка’ (Сцяшк. Сл.), ’месца, у якім шырыня ракі значна павялічваецца’ (Ластоўскі, Выбр. тв., 422), ’адліга’ (Сл. ПЗБ). Параўн. польск. roztoka ’вузкая даліна; ручай’, старое таксама ’адліга, разводдзе’, чэш., славац. ráztoka ’зліццё малых ручайкоў у большую плынь’, в.-луж. rostoka (roztoka) ’роў, па якім вада збіраецца ў плынь ці азярцо’, макед. растока ’разгалінаванне ракі’, расток ’разліў’. Прасл. *orztoka, што з *orz‑ (гл. рас-) і *tekti (гл. цячы, ток), гл. Шустар-Шэўц, 2, 1243. Махэк₂ (510) бачыць у чэшскай і славачкай назвах адлюстраванне погляду знізу, што прысутнічае ў славен. ráztoka ’кол з развілкай у плоце’, славац. ráztok ’развілістая галіна’, паводле Фурлан (Бязлай, 3, 160), у выніку змены nomen actionis > nomen acti з *(orz)točiti ’раздзяліць, развесці’.