Станаўні́к ‘талакнянка’ (Сл. ПЗБ, Сержп. Прымхі), станаўнік бабскі ‘грушанка зеленаватая, Pyrola virescens Schweig.’ (брэсц., Кіс.), станоўнік бабскі ‘рамішыя аднабочная, Ramichia opiz secunda (L.) Garcke’ (Ласт.; маг., Кіс.), стано́ўнік ‘крываўнік’ (ПСл), станаві́к ‘лекавая расліна’ (Скарбы). Параўн. укр. стано́вник, стоно́вник ‘расліна Pyrola L.’. Утвораны ад станавіць ‘ставіць; ставіць на месца’ < ставіць (гл.), параўн. як зрушан жывот, та пʼюць… станаўнік (Сержп. Прымхі, 226).
Ста́чыць ‘задавальняць’ (Ласт.), ‘быць дастатковым’ (ТС), ста́ча ‘дастатак’ (Сл. рэг. лекс.). Рус. зах., паўд. ста́чить ‘хапаць, быць дастатковым’, польск. starczyć (з XV ст.), ст.-польск. staczyć, чэш. stačit, славац. stačiť ‘тс’. Паўн.-прасл. *statъčiti ‘быць дастатковым’ утворана ад прасл. *statъkъ ‘статак’ (Брукнер, 514; Фасмер, 3, 749; Голуб-Копечны, 348; Борысь, 575).
Стачы́ць ‘сцэджваць, зліваць рэшткі’, сто́чваць ‘тс’ (Нас.). Гл. тачыць 3 ‘ліць’.
Супо́лка ’аб’яднанне людзей, злучаных агульнымі мэтамі, умовамі, задачамі; арганізацыя, таварыства’ (ТСБМ, Ласт., Варл.), ’сумесная работа’ (Сцяшк.), ’група людзей за супольнай работай’ (ваўк., Сл. ПЗБ), су́палка ’тс’ (Гарэц.). У іншых славянскіх мовах з прыст. с‑/s‑: укр. спі́лка, польск. spółka, в.-луж. społk, чэш. spolek, славац. spolok. Борысь (570) выводзіць з прыслоўя społu, якое да прасл. *sъ polu ’з (сумесна) паловай’ (гл. палова, супольны).
Сы́равадка ’вадкая частка кіслага ці адтопленага малака’ (Нас., Шымк. Собр.), сы́раватка ’тс’ (Касп.; докш., Гіл.; Сл. ПЗБ), сыра́вадка ’тс’ (Растарг.), сы́рва́тка ’тс’ (Ласт., Сл. ПЗБ), сы́ўрадка ’тс’ (Юрч. Вытв.), сы́ўрытка ’тс’ (Бяльк.). Апошнія формы, паводле Дабрадомава (Бел.-рус. ізал., 41), блізкія да рэканструяванага булг. *surat > *śu͡arat > *śuvarat, якое адпавядае цюркскім назвам кіслага малака: кірг. джуурат, якуц. суорат і інш., што малаверагодна. Гл. сыроватка.
Та́каць 1 ’часта ўжываць слова так, падтакваць’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.). Укр. та́кати ’згаджацца; падтакваць’, рус. та́кать ’тс’. Да так, гл. Паводле Фасмера (4, 12), стараж.-рус. такати ’згаджацца’ ўтворана ад тако ’гэтак’; сюды ж аналагічнае рус. да́кать.
Та́каць 2 ’рытмічна тахкаць, стукаць’ (ТСБМ). Укр. та́кати ’тс’, дыял. ’кракаць, кахкаць (пра гусей)’, дзіц. так‑так ’качка’ (Горбач, Дитяч.), рус. та́кать ’тахкаць’. Гукаперайманне.
Танта́цыя (танта́ція) ’цяга, прыхільнасць’: Янук мае тантацыю да маей Анэткі (Ласт.). Відаць, мясцовае ўтварэнне на базе польск. tantonić się ’палаць’, магчыма, звязанага з польск. tantny ’які многа можа, здолее; ганарысты, непакорны’, што з лац. tantus ’такі вялікі’ (Брукнер, 565). Параўн. таксама чэш. tantovat ’льсцівымі словамі прывабліваць’ ад ст.-чэш. tant ’балбатня; драбніца’ з ням. Tand ’пустая балбатня, жарты’ (Махэк₂, 636).
То́лаг ’падонкі, буза’ (Ласт.). Няясна; відаць, звязана са славац. talug ’гной у ране’, н.-луж. taług, tałog ’гной, гнойная маса’, серб.-харв. та́лог, tolȏg ’асадак, падонкі’, балг. та́лог ’асадак, ціна, іл’, макед. талог ’тс’. Прасл. *talogъ ’асадак’, якое звязваюць з *talъ ’талы, бясснежны’ (Шустар-Шэўц, 1496, гл. талы) і, магчыма, з *toliti ’паміраць; супакойваць’ (Бязлай, 4, 151), параўн. таліць 1, гл.
Трады́цыя ’перадача ад пакалення да пакалення нормаў, звычаяў, поглядаў і інш.’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), трады́ція ’тс’ (Ласт.), ст.-бел. традиция, традыция ’тс’ (XVII ст.), якое праз ст.-польск. tradycyja (XVI ст.) з лац. trāditio (Булыка, Лекс. запазыч., 192) < trādĕre ’аддаваць’, ’перадаваць вусным шляхам’ < trans ’пера-’ і dare ’даць, даваць’ (Длугаш-Курчабова, 501–503; Голуб-Ліер, 485; ЕСУМ, 5, 615).
Трохкра́тны ‘трохразовы, патроены’ (ТСБМ). Запазычана з рус. трёхкратный ‘тс’, што ўзыходзіць да ст.-слав. три краты ‘тры разы, тройчы’, параўн. ст.-бел. трикраты ‘тс’ (ГСБМ). Формы трыкро́тна ‘ўтрая’ (Ласт.), ст.-бел. трыкротный ‘трохразовы’, як і трыкроть ‘тройчы’, запазычаны з польск. trzykrotnie, trzykrotny, trzykroć, гл. Фасмер, 2, 368. Формы з трох- (гл.) з’яўляюцца наватворамі на фоне складаных слоў з тры‑ (гл.).
Тру́хнуць ‘трухлець, парахнець, трупехнуць’ (Некр. і Байк., ТС), трухну́ць ‘гніць’ (Яруш.), сюды ж тру́хнуць ‘баяцца, падаць духам’ (Ласт.), ‘многа і позна спаць’ (полац., Нар. лекс.). Параўн. укр. трю́хнути ‘гніць, трухлець’, рус. тру́хнуть ‘тс’, серб. тру̏нути ‘трухлець, раскладацца’, харв. truhnuti ‘спаць, ленавацца’, славен. trohnẹ́ti ‘гніць’. Прасл. *truxъnǫti, магчыма, і *trǫx(ъ)nǫti з другаснай назалізацыяй (Сной у Бязлай, 4, 231), параўн. труха́ (гл.).