Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Сква́па ‘прагнасць, зайздрасць, хцівасць’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Бяльк.), сквап ‘тс’ (Нас.), сква́пны ‘прагны’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Др.-Падб., Шат., Бяльк., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), сква́пін ‘тс’ (Мат. Маг.), сква́піцца ‘зайздросціць’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Жыв. сл., Інстр. 3). Укр. сква́пний, сквапли́вий ‘паспешлівы, таропкі’, польск. skwapliwy ‘паспешны, ахвотны’. Да квапіць, квапны (гл.). Збліжэнне Насовіча (там жа) з літ. skaugeti ‘зайздросціць’ і меркаванне Карскага (Белорусы, 163) пра запазычанне з польск. skwapa нельга прызнаць аргументаванымі.

Скелз ‘адхон, скос’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.). Метатэза е і л у склез (гл.) або вычляненне назоўніка з прыслоўя польск. skiełzem ‘крыва, у бок’, якое ад ст.-польск. skiełznąć się ‘выслізнуцца, саслізнуцца’, параўн. Карскі, Белорусы, 149; Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 71. Сюды ж ске́лзы ‘цуглі’ (Ласт.), ске́лзаць ‘зацугляць’ (Сцяшк. Сл.), вытворныя ад ке́лзаць (гл.), для якіх Карскі (Белорусы, 145) дапускаў вывядзенне з польск. kieł ‘кол’, што вельмі сумніўна. Польск. kiełzać ‘слізгацца’ роднаснае коўзацца, гл.

Склон1 грам. ‘склон’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Гарэц., Др.-Падб., Стан.). Утварэнне на ўласнай глебе ад запазычаных граматычных тэрмінаў склане́нне (гл.), скланя́ць, параўн. рус. склоне́ние, склоня́ть. Крукоўскі (Уплыў, 42) лічыць беларускае слова запазычаннем з рускай мовы.

Склон2 ‘схіл’ (Гарэц., Ласт., Сл. ПЗБ, Др.-Падб., Яшк.), ‘нахіл’ (ТС). У сучаснай літаратурнай мове, хутчэй за ўсё, з рус. склон ‘схіл’, аднак у народнай мове можа быць самастойным утварэннем, параўн. кланіць (гл.) і наступнае слова.

Скупянда́ (скупінда́) ‘скупы, сквапны чалавек, скнара’ (ТСБМ, Барад.), скупе́нда ‘тс’ (ТСБМ, ТС, Марц.), скупе́ндра ‘тс’ (саліг., Сл. нар. фраз.), скупенджа́, скупя́нджа ‘тс’ (ТС, Пятк. 2, Мат. Гом.), скупяндзя́ (скупіндзя́) ‘тс’ (Ласт., Байк. і Некр., Сцяшк., Касп., Варл., Сл. ПЗБ), скупындя́ ‘тс’ (Сл. Брэс.), скупэ́ндзя ‘тс’ (Гіл.), скупяндзе́й, скупендзя́й ‘тс’ (Ласт., Растарг.); скупярда́ (скупірда́) ‘тс’ (Бяльк.), скупярдзя́ (Байк. і Некр.), скупірдзя́га ‘тс’ (Бяльк., Сержп.), скупярдзя́ка (скупірдзя́ка) ‘тс’ (Байк. і Некр., Касп., Ян., Бяльк., Мат. Гом.), скупердзя́й ‘тс’ (ТС). Параўн. укр. скупе́нда, скупе́ндра, скупи́ндя, скупердя́, скупердя́га, скупердя́ка, скупердя́й ‘тс’, рус. скупиндя́, скупендзя́й, скупердя́й ‘тс’. Утварэнні ад скупы (гл.) з рознымі экспрэсіўнымі суфіксамі ад асноў на ‑н‑ і ‑р‑, якія ўвайшлі ў склад суфіксаў, параўн. балг. дыял. скъ́пен ‘дарагі’ і скъпе́рник ‘хто дорага прадае’, ‘скупердзяй’, скъпинджо́свам се ‘скупіцца і пад. Карскі (2–3, 30) гук д узводзіў да кораня dē‑ ў суфіксе ‑ендзе́й (скупяндзей), а суфікс ‑ірдзя́й (скупірдзяй) лічыў другасным, а яшчэ раней (2–3, 27) выводзіў першы з іх з польскай мовы, што не мае падстаў, перш за ўсё, па лінгвагеаграфічных прычынах.

Сказ1 ‘фраза, выказванне, выраз’ (ТСБМ, Ласт., Гарэц., Байк. і Некр.), ‘аповяд пра падзеі мінулага або сучаснасці’, ‘расказ, апавяданне’ (ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб.), ‘вымаўленне, гаворка’ (ТС). Нулявы дэрыват ад сказаць (гл. казаць); параўн. рус. сказ ‘паданне, апавяданне’. Як граматычны тэрмін лічыцца арыгінальным утварэннем без семантычных паралеляў у іншых мовах (Бідэр, Зб. Мальдзісу, 331), калі не лічыць семантычнай паралеллю чэш. věta ‘сказ’ ад старога кораня ‑větiti ‘гаварыць’ (Голуб-Ліер, 506).

Сказ2, сказік ‘бяльмо на воку’ (навагр., Жыв. сл.). Гл. каз.

Скло́ннасць ‘схільнасць, дар, талент’, ‘прыхільнасць’ (Ласт.), сюды ж скланяць ‘схіляць у карысць каго-небудзь ці чаго-небудзь’, скло́нны ‘прыхільны’ (там жа), ст.-бел. склонити ‘схіліць’ (Альтбаўэр), параўн. рус. скло́нность, склоня́ть, скло́нный ‘тс’. Паводле Кохмана (Stosunki, 125–126), насуперак Фасмеру (3, 642: калька франц. inclination ‘схільнасць’), з польск. skłonność — калька з лац. inclinatio ‘тс’, што трапіла ў рускую мову праз старабеларускую, гл. таксама Віткоўскі, Słownik, 173. У сучаснай літаратурнай мове калькуюцца ўтварэннямі з коранем ‑хіл‑, што не выключае захавання народных форм ад кланіць (гл.).

Скура́т1 ‘акравак скуры’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Касп., Гарэц., Др.-Падб., Янк., Сл. ПЗБ). Польск. skurat, рус. шкура́т ‘тс’. Да скура (гл.) з суф. ‑ат; гл. Карскі 2–3, 30; Фасмер, 4, 45.

Скура́т2 ‘кажан’ (слонім., лід., Арх. Федар.; воран., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.; гродз., докш., івян., воран., ЛА, 1), скура́ч ‘тс’ (свісл., Шатал.), шкура́т ‘тс’ (ганц., глус., мазыр., ЛА, 1). Да папярэдняга слова; відаць, арэальная інавацыя, параўн. літ. šikšnys ‘кажан’ < šikšna ‘скура’, аналагічна да кажан < кожа ‘скура’.

Скары́нка ‘цвёрды вонкавы слой хлеба, пірага і пад.’, ‘верхні зацвярдзелы слой чаго-небудзь’ (ТСБМ, Ласт., Шат., Гарэц., Касп., Стан., Бяльк., Мядзв., Варл., Пятк. 2, Др.-Падб., Байк. і Некр., Шн. 2, Сл. ПЗБ), скоры́нка ‘тс’ (пруж., Сл. ПЗБ), скары́на ‘тс’ (Нас.), сюды ж уласнае імя Скары́на (Стан.), ст.-бел. скорина ‘тс’ (XVII ст., Козыраў, Очерки, 155). Укр. скори́на, рус. смал., пск. скори́нка ‘тс’. Дэрыват з суф. ‑ін(к)а ад скора (гл. скорка) < *(s)kora ‘кара, скура’, якое потым, відаць, было выціснута паланізмам скура. Суадносіцца з прасл. *korina, гл. ЭССЯ, 11, 70.

Ску́ра ‘верхняе покрыва цела чалавека і жывёлы’, ‘вырабленая шкура жывёлы’ (Нас., ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Касп., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 3). Ва ўсходнеславянскіх помніках скура з’яўляецца пасля XVI ст., да XV ст. — ст.-бел. скора (Ст.-бел. лексікон). З прычыны наяўнасці ‑у‑ лічыцца запазычаннем з польск. skóra (Карскі, Белорусы, 146; Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 56), таксама як чэш. дыял. skura і рус. шкура (Махэк₂, 547; Фасмер, 4, 451). Польскае слова, як і формы з каранёвым ‑о‑ (гл. скорка) працягваюць прасл. *skora, вытворнае ад і.-е. *(s)ker‑ ‘рэзаць’.

Скару́па ‘шкарупа, струп’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘шкарупіна’ (Ласт.), скору́па ‘шарпак’ (беласт., Сл. ПЗБ), скару́ба ‘тс’ (там жа), скару́пка (Нас.), ‘скурка, шкарлупка’ (Ласт.), ‘струпок’ (Байк. і Некр.), скару́пнуць ‘пакрывацца струпам; засыхаць, пакрывацца як бы карою (гаворыцца аб нечым мяккім)’ (Нас., Байк. і Некр.), ст.-бел. скорупа, шкорупа ‘чарапок’ (Ст.-бел. лексікон). Гл. шкарупа, шкарлупіна. Ст.-бел. скорупа, шкорупа з ст.-польск. skorupa, гл. Булыка, Лекс. запазыч., 103; яшчэ раней такую думку выказаў Карскі (Белорусы, 149). Пытанне аб паходжанні слоў з ‑б‑ і ‑п‑ застаецца да канца не высветленым. Яны несумненна суадносяцца з прасл. *koruba/*korupъ. Трубачоў (ЭССЯ, 11, 105) на падставе ко́руп ‘скінутая гадзюкай ці вужом скура ў час лінькі’ (шальч., Сл. ПЗБ) узнаўляе прасл. *korupъ, на фоне якога формы з ‑b‑ разглядаюцца як другасныя, узнікшыя ў выніку азванчэння (“аслаблення”) першапачатковага ‑p‑, параўн. серб. кору̀пина ‘кара, кажура, шалупінне’, макед. корупка ‘скурка, кажура, шкарлупа’ і інш. У сувязі з гэтым пытанне аб запазычанні з польскай уяўляецца спрэчным, паколькі гэтыя словы ўзаемадзейнічаюць з блізкімі па семантыцы кантынуантамі прасл. *skorolupa (гл. шкарлупа). Адсутнасць паўнагалосся Карскі (1, 255) тлумачыў недастаткова высветленымі акцэнтнымі прычынамі або пропускам ненаціскнога галоснага. Прасл. *skorupa (побач з *skorupъ, *skorъpa) узнаўляецца на падставе ўкр. шкору́па ‘цвёрдая скарынка на зямлі’, польск. skorupa ‘шкарлупіна, панцыр, чарапок, цвёрдая абалонка зямлі, шарпак’, чэш. дыял. škorupa, škorapa ‘тс’, славац. дыял. skorupa, škorupa, в.-луж. skorpawa, škorpawa ‘шалупіна, скурка, кара’, н.-луж. škórpina ‘тс’, серб.-харв. ско̏руп ‘плёнка на гарачым малацэ’ (гл. Сной у Бязлай, 3, 246–247).