Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ты́шчыцца разм. ‘пралазіць, прабірацца з цяжкасцю; лезці куды-небудзь’ (ТСБМ, Шат.; лаг., Гіл.), ‘хавацца, залазіць у шчыліну, у дзірку; зашывацца’ (маладз., Янк. Мат., Варл.), ты́шчыць ‘соваць’ (Шат.), ‘рыць, успорваць зямлю’: svińnia tyščuć łoh (Варл.). Няясна. Мажліва, адзіны захаваны ў сучасных славянскіх мовах адпаведнік ст.-слав. тъщати сѧ ‘спяшацца, імкнуцца, старацца, сіліцца’, паколькі старое рус. тщи́ться ‘тс’, ст.-серб. таштати се ‘тс’ лічацца запазычаннямі праз царкоўнаславянскую мову (ESJSt, 17, 1007), як і ст.-бел. тщитися ‘старацца’, адзначанае выключна ў рэлігійных тэкстах (ГСБМ). Магчыма, што захаванню архаізма ў абмежаваным арэале садзейнічалі фармальна і семантычна блізкія літ. kýščioti ‘соваць, усоўваць, запіхваць’, зваротнае kìštis ‘умешвацца’ няяснага паходжання (Смачынскі, 292).

Ты́яка ‘тыя’ (Сцяшк. Сл.). Форма 3‑й ас. мн. л. ад той. Да тойты́я (ТСБМ, Нас.), параўн. ты́ ‘тс’ (Вруб.), пашыраная лакальным суфіксам ‑ка (Карскі 2-3, 55–56).

Тыя́ра ‘галаўны ўбор старажытных усходніх цароў; мітра Рымскага Папы’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.). Праз ст.-рус., царк.-слав. тиара (з XI ст.) запазычана са ст.-грэч. τιάρα ‘галаўны ўбор персідскіх цароў, чалма’, куды трапіла з персідскай мовы (Фасмер, 4, 55; ЕСУМ, 5, 577; Голуб-Ліер, 462). Для беларускай назвы магчыма пасрэдніцтва лац. tiāra ‘мітра’.

Ты́яць ‘тлусцець, таўсцець’ (Сцяшк. Сл.). Да тыць (гл.), другасны інфінітыў, утвораны пад уплывам асабовых форм цяп. часу.

Ты́-бачко ‘ты’: як ты‑бачко паздатнела, ты‑бачко дзе робіш? (Сцяшк. Сл.). Да ты (гл.). Другая частка ‑бачко, відаць, ласкальны суфікс, утвораны адсячэннем канцовай часткі слоў, як у драг. лю́бочко ‘любка, мілая, харошая, зязюлька і г. д.’ у клічным склоне, параўн. лю́бачка ‘мілая, дарагая’ (гл. любка1), або, што больш верагодна, аформленая суф. ко‑ выклічнікавая форма бач (гл. бачыць), што выражае здзіўленне (ТСБМ).

Ты-ты-ты — пра гук, тупат, стук (мсцісл., Нар. лекс.): і качачка казала: ты‑ты‑ты (Вушац. сл.). Гукаперайманне, параўн. та-та, гл.

Тьме́ны ‘бардовы’ (драг., Сл. Брэс.). Да цьмя́ны (га), параўн. ст.-бел. тьмяность ‘цьмянасць, зацемненасць’ (1489 г., ГСБМ).

Тэ1 ‘тое’: возьмі тэ корыто (Руб.). Параўн. укр. те, польск. te, дыял. toje, в.-луж. дыял. te ‘тс’. Арэальна абмежаваная форма н. р. указальнага прасл. займ. *to (ESJSt, 17, 1004), суадносная з тэ́е (гл. тэй), параўн. то1 і тое1, гл.

Тэ2 ‘ты’ (кам., драг., Сл. ПЗБ). Да ты (гл.) з мясцовай заходнепалескай фанетыкай.

Тэало́гія ‘багаслоўе’ (ТСБМ), тэолёгія ‘тс’ (Пятр.), ст.-бел. теология, феология ‘тс’ (1595 г., ГСБМ). Запазычаны са ст.-польск. teologia ‘тс’, якое з лац. theologia, а апошняе са ст.-грэч. θεολογίᾱ ‘навука пра багоў’ ад θεός ‘бог’ і ‑λογία < λόγος ‘слова’ (Булыка, Лекс. запазыч., 162; ЕСУМ, 5, 546–7). Параўн. таксама ст.-бел. теологъ, што са ст.-польск. teolog ‘тс’; другасныя варыянты, фанетычна набліжаныя да грэчаскіх формаў феологъ, феолокгъ. Таго ж паходжання народнае тэлялёг ‘багаслоў’; студэнт-багаслоў; чалавек, што чытае ў царкве святыя кнігі’ (Нас.), магчыма, іранічна і фармальна набліжанае да гукапераймальных слоў таляхаць, талялёхаць і інш., гл.

Тэарэ́ма ‘матэматычнае палажэнне, правільнасць якога ўстанаўліваецца доказам’ (ТСБМ). Праз рускую мову (теорема) з франц. théorème, якое з лац. theorema ‘палажэнне, якое падлягае доказу’ < ст.-грэч. θεωρέω ‘гляджу на відовішча’, ‘разглядваю, абмяркоўваю, ацэньваю’, θεώρημα ‘відовішча’ (Фасмер, 4, 43; ЕСУМ, 5, 547).