Таўку́нчыкі ’камары’ (Сцяшк.), ’камары, што мітусяцца ў паветры клубком, таўкуць мак’ (Скарбы), ’від камароў’ (шчуч. Жыв. св.). Параўн. рус. дыял. толку́н ’камарыны рой (у цёплы летні вечар)’. Да таўчы́ся ’рухацца, таптацца на адным месцы’, гл. таўхаць, таўчы, адносна рускага слова гл. Фасмер, 4, 72 (параўноўвае з рус. толку́чка, гл. наступнае слова).
Таўку́чка ’бойкае месца, дзе прадаюць рэчы з рук’ (ТСБМ), ’кірмаш’ (Мат. Маг. 2), товку́чка ’тс’ (Вруб.). З рус. толку́чка ’тс’.
Таўкці́ ’таўчы’ (Нас., Некр. і Байк., Мат. Гом., Сержп. Прымхі; рагач., Сл. ПЗБ), ’ціснуць алей’ (ельск., ЛА, 4), ’таўчы; біць’ (Ян.), тоўкці́ ’таўчы; біць, штурхаць’ (ТС), товкты́ ’штурхаць’ (пін., ЛА, 2), ’таўчы’ (Сл. Брэс.), товкчи́ ’абтоўкваць (проса, ячмень)’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), таўкці́ся ’таўчыся’ (Ян.), ’біцца, знаходзіцца ў стане цечкі (пра кабылу)’ (воран., Жыв. св.), тоўкці́са ’тоўпіцца’ (ТС), товкты́са ’штурхацца’ (пін., ЛА, 2). Параўн. укр. товкти́, рус. толкти́. Прасл. *tolkti/*telkti ’біць, таўчы’, роднаснае да літ. tèlkti ’стаць мірным, рахманым’, telkti ’склікаць талаку’ (Фасмер, 4, 73; ЕСУМ, 5, 588). Гл. таксама таўчы, талака.
Таўле́тка ’вялікае люстра, якое ставіцца на падлогу’ (гродз., ЖНС). Няясна; параўн. укр. дыял. тавле́тка ’грыфельная дошка’, рус. та́вель ’дошка, табліца’. Гл. табліца.
Таўлі́нка ’берасцяная табакерка’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.). Параўн. укр., рус. тавли́нка ’тс’ з не да канца высветленым паходжаннем; звязваюць з тавалга (гл.; Фасмер, 4, 8), параўн. польск. tawulina ’расліна з сям’і тавалгавых’.
Таўлу́й ’гультай’ (Байк. і Некр., Сл. рэг. лекс., Сержп. Прык., Мілк.). Ад то́ўла ’няўмелы, непаваротлівы’ (гл.) з суф. ‑уй, аналагічна да талалуй ’дурнаваты’, адносна словаўтварэння гл. Сцяцко, Афікс. наз., 195.
Таўма́к 1 ’старчковы (галоўны) корань дрэва’ (воран., чэрв., ЛА, 1), ’галоўны корань дрэва, старчак’ (слуц., Расл. св.). З *стаўма́к ’тс’, якое з стаўмава́ты (корань) (асіп., ЛА, 1) < стаўма́ ’вертыкальна’ (ад стаяць, ставіць, гл.), як тарча́к, тарчма́к ’тс’ (там жа) з тарчма́, торчма, гл.
*Таўма́к 2, тоўма́к ’кулак; кухталь’ (Мат. Гом.). Фармальна блізкае польск. tłumok ’клунак, цюк’, дыял. tłomok ’валляк’, чэш. tlumok ’ранец’, для якіх Борысь (636) выводзіць першаснае значэнне ’нешта сціснутае ці набітае нечым’; суфіксальныя ўтварэнні ад tłumić ’сціскаць, здушваць’, роднаснага укр. то́вмити ’хаваць у сабе’, чэш. tlumiti ’прыглушаць’ (з польскай, Махэк₂, 646), славац. tlmiť ’тс’, што ўзыходзіць да прасл. *tъlmiti/*tl̥miti, магчыма, роднасных літ. stel̃bti ’зацяняць, душыць, гнясці’ (Махэк₂, там жа). Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 588.
Таўма́чка ’пюрэ (з бульбы)’ (Мат. Гом.), товмачі́ ’звараная тоўчаная бульба’ (кобр., Нар. лекс.), сюды ж томачі́, тумачі́, токмачі́, тукмачі́ ’страва з патоўчанай варанай бульбы’ (Лекс. Бел. Палесся). Параўн. укр. дыял. товкма́ч ’тс’, товкма́чити ’запіхваць; біць’ (разглядаюцца як вынік кантамінацыі товкти́ і токма́чити ’ўтоптваць, прыціскаць’, гл. ЕСУМ, 5, 587), рус. смален. талмата́ ’шум, таўкатня’ (< *тълмота, што да *tъlmъ, гл. Фасмер, 4, 15). Хутчэй за ўсё, да папярэдняга слова, некаторыя формы змяніліся ў выніку збліжэння з таўкці (гл. таўчы) і дээтымалагізацыі ў сувязі са стратай зыходнага дзеяслова, што ўзыходзіць да *tъlmiti ’душыць, сціскаць’.
Таўмо́рыць ’мясіць; запіхваць’ (Юрч. Вытв.), таўмо́рыцца ’тоўпіцца, вазіцца, кешкацца’ (Юрч. Фраз. 1). Дзеяслоў, утвораны ад незахаванага *tъlmiti (гл. папярэднія словы) з экспрэсіўным суф. ‑ori‑, аналагічным да ‑oli‑ (чаргаванне гэтых суфіксаў характэрна для гукапераймальных і экспрэсіўных дзеясловаў, параўн. Борысь, Leksyka słów., 30). Параўн. таўпіць, таўпорыць, гл.
*Таўмы́га, тоўму́га ’бязрогая карова’, ’неахайны чалавек’ (ТС). Аналагічнае да ўкр. товпи́га ’тоўстая асоба’, рус. толпы́га (гл. таўпека), назоўнік з суф. ‑ыг‑а (з дыялектнай зменай ы > у) ад незахаванага дзеяслова, што ўзыходзіць да *tъlmiti ’сціскаць, душыць’. Да семантыкі параўн. таўка́ч ’бязрогая карова’ (ельск., Жыв. сл.).