Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Та́пці ’лёгкі хатні абутак’ (ваўк., ЛА, 4), ’тапкі’ (чэрв., Сл. ПЗБ), адз. л. та́паць ’лапаць; сандаля’ (Яўс.), то́пці ’тапачкі’ (ТС), тэ́пці ’тапкі’ (чэрв., Сл. ПЗБ). Відаць, утварэнне ад тапкі (гл.), змененае пад уплывам лапці, топаць, тэпаць, гл. Непразрыстыя адносіны да семантычна блізкіх польск. kapcie ’хатні абутак’ (з XVI ст.), дыял. papcie ’тс’, славац. kapce ’суконны абутак з халяўкамі’ няяснага паходжання (Слаўскі, 2, 52).

Тапчагі́ ’нары’ (Ласт.). Няясна; у сувязі з адзінкавай фіксацыяй, магчыма, аўтарскае ўтварэнне Ластоўскага на базе тапчан (гл.), мн. л. пад уплывам нары.

Тапча́к ’род коннага прывода’, ’малатарня, што рухалася ад таптання валоў’ (Варл.), ’крупадзёрка’ (Мат. Гом.), тапта́к ’прымітыўны рухавік для рэзання сечкі’ (Скарбы), топчаны́ ’прылада для памолу зерня, што прыводзіцца ў рух коньмі’ (ПСл). Ад тапта́ць1 (гл.), параўн. таптальная малатарня ’малатарня з драўляным колам, якое прыводзілася ў рух валамі ці коньмі, якія рухаліся на адным месцы’ (вілен., віц., Народная сельскагаспадарчая тэхніка беларусаў. Мінск, 1974, 69).

Тапча́н ’нізкі ложак з дошак на козлах’, ’пакаёвая шырокая лаўка са спінкай’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Ласт.), ’шырокая лава’ (Касп., Гарэц., Сержп. Прымхі), ’простая шырокая лава для качання бялізны’ (Нас., Байк. і Некр.), ’канапа’ (Сцяшк., Вруб., Сл. ПЗБ), топча́н ’тс’ (ТС). Укр. тапча́н, топча́н, рус. топча́н, польск. tapczan ’тс’. Цюркізм, з тат. tapčan ’узвышэнне, трон; ляжанка’. Анікін (554) мяркуе, што значэнне ’канапа’ сведчыць пра польскае пасрэдніцтва. Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 517.

Тапчані́ ’тоўчаная бульба’ (Ян.). Гл. тапчо́нікі, топчанка.

Тапча́нка. Гл. таптуха1.

Тапчэ́й зневаж. ’пра таго, хто паволі, марудна ходзіць’ (рагач., Сл. ПЗБ). Утварэнне ад таптаць1 (гл.) з суф. ‑эй, што абазначае асобу па схільнасці да пэўнага дзеяння з экспрэсіяй асуджэння (Сцяцко, Афікс. наз., Зб).

Тапы́ршчыць ’тапырыць’ (ТСБМ). Параўн. тапарашчыць (гл.), да наступнага слова.

Тапы́рыць ’паднімаць, ставіць тарчма, настаўляць (валасы, шэрсць і пад.)’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Гарэц.), тапы́рыць ’апранаць з шыкам’ (Нас.), тапы́рыць ву́шы ’стрыгчы вушамі (пра каня)’ (Жыв. св.), тапы́рыцца ’стаяць тарчма, напружвацца, супраціўляцца’ (ТСБМ), ’распускаць пер’е, настыбурчвацца’ (Шат., Гарэц., Нас.), ’гневацца, злавацца’, ’апранацца з шыкам’ (Нас.), ’задавацца, фанабэрыцца’ (Некр. і Байк.), сюды ж тапы́ря ’капрызнік, капрызніца’ (Юрч. Фраз. 2), тапы́рны ’горды, напышлівы, вычварны’ (Шпіл.). Укр. дыял. топи́рити ’натапырваць’, рус. топы́ритъ ’падымаць дыбка, натапырваць’. Да пы́рыць (гл.), якое, як мяркуюць, роднаснае да пяро́, пе́р’е (ЕСУМ, 5, 598; Фасмер, 4, 81; Махэк₂, 98), што неабавязкова. Пачатак слова ідэнтыфікуюць з экспрэсіўным ‑то‑ ў рус. растопы́ритъ ’развесці, расставіць’ (Фасмер, 3, 446; сумненні гл. Пятлёва, Этимология–1978, 66), або выводзяць з прыстаўкі ото‑ ў рус. отопы́риться ’надуцца, наставіцца, распушыць пер’е’, гл. Тадораў, Зб. Варбат, 361: тут адмаўляецца агульнае паходжанне з рус. топо́рщить ’тс’ (гл. тапоргичыць, тапыршчыць). Несумненна збліжэнне некалькіх этымалагічна розных, але блізкіх па значэнні слоў, параўн. яшчэ тапарашчыць, тапурыць, гл.

Тапэ́та ’шпалера’ (Сцяшк. Сл.). З польск. tapeta ’тс’ праз ням. Tapete ’тс’, іт. tappeto ’кілім’, лац. tapēs ’тс’, грэч. τάπης (Р. скл. τάπητος) ’тс’, іранскага паходжання (гл. Брукнер, 565; ЕСУМ, 5, 516).