Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Талачня́ ’цісканіна, таўкатня’ (Ласт.). Гл. наступнае слова.

Талачы́ць ’выконваць талакою працу (вывозіць гной, вазіць бярвенне і пад.)’, ’святкаваць заканчэнне працы’, ’таптаць, мясіць, есці на корані (пра пасевы, траву)’ (ТСБМ), ’таптаць пасевы, траву’ (Некр. і Байк., Шат., Растарг.), ’збіваць, таптаць, мяць, ламаць нагамі (пасевы хлеба, гародніну, сенакос)’ (Нас.), талачы́ць, тало́чыць ’удзельнічаць у супольнай працы’ (Сл. ПЗБ), талачы́цца ’важдацца’ (Жд. 2); сюды ж талачня́ ’цісканіна, таўкатня’ (Ласт.), тало́ча ’тс’ (Сцяшк. Сл.), талачэ́ча ’таўкатня, бязладдзе’ (Адм.). Параўн. укр. толо́чити ’мяць, таптаць (пасевы, расліны); цягнуць, валачы’, рус. толочи́ть ’вытоптваць траву, пасевы’, польск. tłoczyć ’ціснуць; прыгнятаць, гнясці; таптаць’, ’пакідаць адлогам (поле)’, славац. tlačiť ’набіваць, напіхваць’, чэш. tlačiti ’ціснуць, піхаць, прыгнятаць’, в.-луж. tłóčič ’ціснуць, гнясці’, н.-луж. tłocyś ’таптаць, ціснуць’, серб.-харв. тла̏чити ’ціснуць; таптаць; прыціскаць, гнясці’, славен. tlačiti ’тс’, ст.-слав. тлачити ’біць, таўчы, прыгнятаць’. Прасл. *tolčiti ’ціснуць, гнясці, прыціскаць’ — шматкратны дзеяслоў ад прасл. *telkti ’біць, таўчы, гнясці’ або ўтварэнне ад назоўніка *tolkъ (гл. толак), гл. Борысь, 634; паводак Шустара–Шэўца (1509), каўзатыў ад *telkti (гл. таўчы).

Талдо́ніць ’балбатаць’ (жлоб., Жыв. сл.), ’настойліва павучаць, паўтараючы адно і тое ж’ (Юрч. Вытв.), талдо́ненне ’балбатня’ (Юрч. СНС). Рус. толдо́нить ’паўтараць адно і тое ж’. Экспрэсіўнае ўтварэнне, аналагічнае тал(а)тоніць (гл.), пачатак слова можа быць зменены пад уплывам рус. талды́чить ’тс’.

*Тале́віць, тэле́выты ’кеміць, разумець’ (пін., ЖНС), тэлэ́выты/тэлэ́мыты ’тс’ (Арх. Вяр.). Няясна.

Та́лент ’надзвычайныя здольнасці’; ’чалавек з надзвычайнымі здольнасцямі’ (ТСБМ), ’прыродны дар, здольнасць’, ’пакліканне’ (Ласт., Сл. ПЗБ), тале́нт ’тс’ (Байк. і Некр.), та́лінт ’здольнасць да нейкага майстэрства ці мастацтва’ (Варл.). Праз польск. talent, з франц. talent ’здольнасць, прыродны дар’, што да лац. talentum ’грэчаская мера вагі і грашовая адзінка’ < грэч. ταλαντον ’тс’, гл. талант. Развіццё значэння ад ’каштоўная манета’, ’каштоўны дар’ да ’прыродны дар’, ’выключныя здольнасці’ (Брукнер, 564; Длугаш-Курчабова, 493).

Та́лер1 ’старажытная нямецкая манета’ (ТСБМ), ’манета ў 90 кап. серабром, што ўжываецца ў Літве’ (Нас.), ’манета’ (Касп., Бяльк.), та́лер, та́ляр ’тс’ (Сл. ПЗБ), та́ляр ’тс’ (Кольб.): try talàry (Федар. 6). Ст.-бел. талеръ, таляръ ’сярэбраная манета; вагавая адзінка для вырабаў са срэбра, што адпавядае масе талера’ (Ст.-бел. лексікон) згадваецца ў пісьмовых дакументах з 1555 г. і запазычана са ст.-польск. taler, talar ’тс’ (Булыка, Запазыч., 316), куды трапіла з ням. Táler ’старажытная нямецкая срэбная манета’, вынік скарачэння першаснага Joachimstaler ’тс’ ад Joachimstal — горада ў Чэхіі, дзе здабывалі срэбра і ўпершыню вырабілі гэту манету (ЕСУМ, 5, 510; Голуб-Ліер, 484; Брукнер, 564).

Та́лер2 ’вялікая, ёмістая талерка’ (капыл., Жыв. сл.). Ст.-бел. талеръ, тарелъ (Ст.-бел. лексікон), талеръ, таліръ, тарель ’талерка’ (фіксуецца з 1506 г., Булыка, Лекс. запазыч., 102) запазычанне са ст.-польск. talerz ’тс’, якое трапіла ў польскую са ст.-в.-ням. talier, што з іт. tagliere ’дошка для рэзання мяса’. Параўн. пазнейшае запазычанне та́леж (іван., Жыв. сл.; Сл. Брэс.). Магчыма, другаснае ўтварэнне ад талерка (гл.), успрынятага як памяншальнае па тыпу буталь і бутэлька, гл.

Талера́нтны ’цярпімы’ (ТСБМ); сюды ж толера́нтнасьць ’верацярпімасць’ (Ласт.). Т. зв. еўрапеізм, шляхі пранікнення няясныя, магчыма, ад польск. tolerant ’памяркоўны чалавек’ (Варш. сл.). З заходнееўрапейскіх моў, дзе ням., англ. tolerant, франц. tolérant ’талерантны’ ад лац. tolerans, ‑ntis ’які церпіць’ (ЕСУМ, 5, 593; Голуб-Ліер, 484).

Тале́рка ’плоская сталовая пасуда круглай формы, міска’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Байк. і Некр., Нік. Очерки, Касп., Шат., Бяльк., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.; ЛА, 4), тарэ́лка ’тс’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 4), талі́рка ’тс’ (Сл. ПЗБ), талі́рок ’тс’ (Сл. Брэс.), тале́рка ’металічны кружок над вісячай лямпай’ (Сцяшк. Сл.), тале́ркі ’дыскі’ (Кал.). Паводле Карскага (1, 315), з ням. Teller ’талерка’ (гл. талер2) з захаваннем характэрнага для беларускай мовы спалучэння л–р (без метатэзы, параўн. укр. тарілка, рус. тарелка ’тс’), магчыма, пад уплывам польск. talerzyk, дыял. talerka ’тс’, асабліва talarek ’малы кружок’. Параўн. адаптаванае ў народнай мове тэро́лка ’талерка’ (бяроз., Шатал.).

Талет, ст.-бел. талетъ ’гатунак шаўковай тканіны, затканай золатам’ (Ст.-бел. лексікон). Фіксуецца з 1592 г. і запазычана са ст.-польск. talet ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 110). Далейшыя сувязі няясныя.

Тале́хаць (тале́хаты) ’абгаворваць’ (Сл. Брэс.). Відаць, скарочанае ад талалахаць, гл. талала.