Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Скура́т1 ‘акравак скуры’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Касп., Гарэц., Др.-Падб., Янк., Сл. ПЗБ). Польск. skurat, рус. шкура́т ‘тс’. Да скура (гл.) з суф. ‑ат; гл. Карскі 2–3, 30; Фасмер, 4, 45.

Скура́т2 ‘кажан’ (слонім., лід., Арх. Федар.; воран., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.; гродз., докш., івян., воран., ЛА, 1), скура́ч ‘тс’ (свісл., Шатал.), шкура́т ‘тс’ (ганц., глус., мазыр., ЛА, 1). Да папярэдняга слова; відаць, арэальная інавацыя, параўн. літ. šikšnys ‘кажан’ < šikšna ‘скура’, аналагічна да кажан < кожа ‘скура’.

Слу́шны ‘разумны, абгрунтаваны; практычна карысны’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Варл., Байк. і Некр., Барад., Сл. ПЗБ), сюды ж ст.-бел. слушне ‘справядліва’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. слу́шний ‘належны, адпаведны, прыстойны’, польск. słuszny, в.-луж. słušny ‘справядлівы, уласцівы, належны’, н.-луж. słušny ‘належны’, чэш. slušný ‘прыстойны, добры’. Паўночнапрасл. *slušьnъ прыметнік ад прасл. *slušati ‘чуць’ (гл. слухаць), дыял. паўн. ‘быць прыналежным, належаць, служыць; стасавацца’; гл. яшчэ Махэк₂, 558 і наст.; Брукнер, 501 і наст. У беларускай і ва ўкраінскай з польскай; гл. ЕСУМ, 5, 311.

Смыза́ ‘імжа’ (ашм., Сл. ПЗБ), ‘мноства, цьма машкары’ (ашм., ЛА, 5). Параўн. укр. смиз ‘увярэднік, Pedicularis L.’, што дазваляе суаднесці з хмыз (хміз) ‘сухія сцяблі хмелю’, хмыза́ (хмуза́) ‘гушчар, хмызняк’ (ТС), якія ўзводзяцца да *smyzъ < і.-е. *smū‑gʼ/*smeu‑gʼ, параўн. ням. Schmauch ‘густы дым’, англ. smoke ‘дым’. Пра суадноснасць значэнняў ‘дым, туман’ — ‘зараслі’ гл. ЭССЯ, 8, 46. Значэнне ‘машкара’ развілося, магчыма, пад уплывам *gъmyzъ, параўн. гмыз ‘насякомыя’ (Ласт.), падрабязней пра яго гл. Пацюпа, Arche, 2007, 3, 207–208.

Сталь ‘цвёрды метал серабрыста-шэрага колеру’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Пятк. 2). Укр. сталь, рус. сталь ‘тс’. Запазычанне з польск. stal, дзе адзначала з XV ст. і ўзыходзіць да с.-в.-ням. stahl ‘тс’ (гл. Брукнер, 512; Карскі, Белорусы, 180; Фасмер, 3, 744; Нававейскі, Zapożyczenia, 262). З польскай таксама сталёвы (Нас., ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ) < stalowy, пры народных утварэннях сталяны́ (Рам., 1–2; Шэйн. 1, Растарг.), ста́ліць ‘загартоўваць’ (Нас., Сержп. Прык.). Стальны́ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ), магчыма, з рус. стальной.

Сфе́ра ’шар ці яго паверхня знутры’, ’прастора дзеяння; межы распаўсюджвання’ (ТСБМ), сфэ́ра ’абшар, на які сягаюць сілы, уплывы нябеснага цела; круг уплыву’ (Ласт.), ’абсяг’ (Некр. і Байк.). Ст.-бел. спе́ра (сфе́ра) ’сфера, арбіта планет’, XV ст. < ст.-польск. sfera, spera < лац. sphaera ад грэч. σφατρα ’шар, мяч, ядро’ (Булыка, Лекс. запазыч., 139). Сучаснае слова можа быць паўторным запазычаннем з рус. сфе́ра, дзе з XVII ст. праз польск. sfera або ням. Sphaere, якія, далей, да той жа крыніцы; гл. Фасмер, 3, 815.

Стан1 ‘фігура, постаць чалавека’, ‘месца стаянкі, часовага пасялення’, ‘войска, адзін з ваюючых бакоў’, ‘саслоў’е, сацыяльны слой’, ‘машына ці сістэма машын’, ‘прыстасаванне’, ‘поўны камплект, набор чаго-небудзь (стан калёс)’, ‘становішча’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Касп., Сл. ПЗБ, Варл.), ‘талія’ (Ласт., Байк. і Некр., Касп., ТС), ‘вымераны кавалак палатна на сарочку’ (Касп.), ‘верхняя частка кашулі, сукенкі’ (Ян.), ‘фігура, постаць’ (Федар. 4), ‘сямейнае або грамадскае становішча’ (Варл.), ‘такарны станок’ (Нік., Оч.), ‘стаянка, шалаш’ (ТС), ст.-бел. станъ ‘фігура’ (Альтбаўэр), ‘адміністрацыйная адзінка’, ‘саслоўе’, ‘становішча’, ‘шлюб’, ‘ваенны лагер’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 71–72). Параўн. укр. стан ‘тулава; становішча, стан’, рус. стан ‘лагер, месца стаянкі’, ‘тулава, постаць чалавека’, рус.-ц.-слав. станъ ‘лагер, стаянка’, польск. stan ‘становішча, знаходжанне; чын; штат; талія’, в.-луж., н.-луж. stan ‘палатка’, чэш., славац. stan ‘шацёр, палатка’, серб.-харв. ста̑н ‘жыллё; стаў (ткацкі)’, ‘стаўка (у войску)’, славен. stȃn ‘жыллё; будова; загон; тулава; становішча’, балг., макед. стан ‘лагер; загон; постаць’, ст.-слав. станъ ‘лагер, стан’. Прасл. *stanъ ‘стан, становішча; месца знаходжання, стаянка’ — дэрыват з суф. ‑nъ ад прасл. *stati ‘стаць’ (Слаўскі, SP, 1, 115; Махэк₂, 574; Шустар-Шэўц, 1354; Борысь, 574). Роднасныя: літ. stónas ‘становішча’ (Фасмер, 3, 745: ставіць пытанне аб запазычанні з славянскага), ст.-інд. sthā́nam ‘месца; месца знаходжання’, грэч. δύστηνος; ‘той, хто знаходзіцца ў благім становішчы’, ст.-в.-ням. stân, stèn ‘стаяць’. Параўн. яшчэ асец. astœw ‘паясніца, талія’. Гл. Фасмер, 3, 745, з літ-рай; гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1354; ЕСУМ, 5, 394–395.

Стан2 ‘сузор’е Млечны шлях’ (Ласт., Стан.). Да стан1 са значэннем ‘войска, вайсковы лагер’, параўн. “Млечную дарогу называюць Вайсковым Станам” (Спадчына, 1990, 4, 41).

Стан3 ‘стан (дзеяслова)’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр.). Відаць, самастойнае ўтварэнне на базе стан1 ‘становішча’, параўн. рус. залог ‘тс’, польск. strona ‘тс’.

Страх ‘адчуванне небяспекі; боязь’, выкл. ‘страшна, жах’, прысл. ‘вельмі, надзвычайна’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Стан., Сл. ПЗБ, ТС), ‘вельмі, моцна’ (Нас.), ‘пудзіла’ (гродз., драг., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.; воран., Шатал.; Сл. Брэс., Клім.), страх, страшо́к ‘страшыдла, злы дух, д’ябал’ (Скарбы). Сюды ж страхата́ (Нас., Касп., Сл. ПЗБ), страхо́цце, страхаццё (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Ласт.) ‘нешта страшнае’, страха́цца ‘пужацца’ (Ласт.). Параўн. укр., рус. страх, стараж.-рус. страхъ, польск. strach, в.-луж. strach, н.-луж. tšach, чэш., славац. strach, серб.-харв. стра̑х, славен. strȃh, балг. страх, макед. страв, ст.-слав. страхъ. Прасл. *straxъ ‘страх, боязь, трывога’ не мае надзейнай этымалогіі. Па адной з версій, праславянскае слова мела першаснае значэнне ‘здранцвелы, анямелы’ і параўноўвалася з літ. stregti, stregiu ‘здранцвець; пераўтварыцца ў лёд’, лат. strēǵele ‘лядзяш’, с.-в.-ням. strac ‘тугі’, нова-в.-ням. strecken ‘расцягваць’; гл. Фасмер, 3, 772, з літ-рай; Глухак, 586. На іншую думку, *straxъ з ранейшага *strog‑so з рэгулярным змяненнем gs > ks > ch і звязаны з прасл. *strogъ (гл. строгі) ад і.-е. кораня *(s)terg‑/*(s)treg‑ (Борысь, 579). У выпадку развіцця *straksъ < *straskъ дапускаецца той жа корань, што і ў рус. стращать ‘палохаць’, острастка ‘пагроза, грозьба’ з чаргаваннем st/sk аналагічна пусціць/пушчаць/пускаць (Младэнава, Новое в рус. этим., 221–222). Дапушчэнне рухомага s дазваляе звязваць з трасці, параўн. страхану́цца ‘страсянуцца’ (Сл. ПЗБ). Прасл. *straxъ разглядаецца таксама як славянскае новаўтварэнне ад *strastь (гл. страсць) (Брукнер, KZ, 43, 309). Славянскае слова — дэвербатыў ад *straxati, параўн. н.-луж. tšachaś, польск. дыял. strachać, славац. prestrachaný, якія з *strōksati, роднаснага ням. schrecken ‘страшыць’, што з *srek‑ з “інтэнсіўным” суф. ‑sa (Махэк₂, 581); сувязь з лат. struõstêt, struõstit ‘пагражаць, сурова папярэджваць’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1699). Гл. яшчэ агляд версій у ЕСУМ, 5, 435.

Селязёнка ‘каса, кроватворны орган жывёл і чалавека’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Пятк. 1), дыял. сало́зіца, сало́заўка ‘тс’: салозаўка грае (пра гук у жываце каня) (Ласт.). Укр. селезі́нка, рус. селезёнка, серб.-ц.-слав. слѣзена, польск. śledziona, в.-луж., н.-луж. słozyna, чэш., славац. slezina, серб.-харв. слезѝна, славен. slezȇn, slezȇna, балг. слез, сле́зен, макед. слезенка, слезина, ст.-слав. слѣзена ‘тс’. Праславянская форма ўзнаўляецца па-рознаму: *selezenь, *selzenь (Фасмер, 3, 594), *selzena (Брукнер, 531; Махэк₂, 554), *s(p)elzen‑ (Голуб-Копечны, 337). Ваян (ВЯ, 1960, 6, 66–67) прапаноўвае *sьlezena, паколькі *selzena ва ўсходнеславянскіх мовах дало б *солоз‑, што якраз і мае месца ў беларускіх дыялектных формах. Роднасныя ст.-ірл. sela ‘селязёнка’, авест. spərəzan‑, лац. lien, ст.-інд. plīhán‑, грэч. σπλήν, Р. скл. σπληνός ‘селязёнка’, літ. blužnìs, ст.-прус. blusne ‘тс’ (Траўтман, 256; Мее, 169 і наст.; Фасмер, там жа). Адзіная індаеўрапейская праформа не аднаўляецца з прычыны вялікага разыходжання паміж формамі ў розных мовах. Мяркуецца і.-е. *sp(h)elĝh‑ (en, ā), *splenĝh‑, *splēgh‑ (Покарны, 987); Борысь (615) праславянскую форму выводзіць з і.-е. *spelģh‑en‑ā. Прычына разыходжанняў — моўнае табу, або марфалагічнае спрашчэнне. Параўн. селязень. Падрабязны агляд праблематыкі гл. Бязлай, 3, 260; БЕР, 6, 615.

Слых ‘успрыманне гукаў’, ‘вестка’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Шат., Варл., Нар. словатв., Сл. ПЗБ), слух ‘тс’ (Ласт., Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ), ст.-бел. слухъ ‘тс’ (Альтбаўэр), слых ‘пагроза’ (ашм., Стан.), ‘рэха’ (навагр., Жыв. сл.), слух ‘паслухмянасць, пакорлівасць’ (Барад.), слыха́ць безас. ‘чуваць, чутна’ (БРС, Нас., Ласт.), слы́хі ‘пагалоскі’ (в.-дзв., бяроз., Сл. ПЗБ). Сюды ж фразеалагізмы слыхом не слыхаць (Рам. 6), ні слыху, ні дыху (Пятк. 2). Аддзеяслоўнае ўтварэнне, прасл. *sluxъ; параўн. укр., рус. слух, польск. słych, słuch, чэш., славац. sluch, серб.-харв. слу̑х, славен. slúh, балг., макед. слух, ст.-слав. слоухъ, што да прасл. *sluxati, *slyšati. Параўн. укр. слиха́ти, рус. слыха́ть, слы́шать, ст.-слав. слышати, польск. słyszeć, в.-луж. słyšeć, н.-луж. słyšaś, чэш. slyšeti, славац. slyšať, серб.-харв. сли̏шати ‘выслухоўваць, распытваць аб зададзеным’, славен. slišati. Паводле Махэка₂ (559), прасл. *slyšati з’яўляецца ітэратывам да прасл. *slušeti (гл. слухаць). Роднаснае літ. klausýti ‘слухаць’, paklýsti ‘слухацца’, ст.-в.-ням. hlosēn ‘слухаць, слухацца’, нов.-в.-ням. дыял. losen ‘слухаць’, авест. a‑srušti‑ ‘непаслухмянасць’, ст.-інд. śróṣati ‘ён чуе’. Гл. Траўтман, 308; Мюленбах-Эндзелін, 3, 920; Вальдэ-Гофман, 1, 238; Майргофер, 3, 394; Фасмер, 3, 680; Сной₁, 583; Борысь, 560–561; ЕСУМ, 5, 301.

Судо́сіць1 ’сустрэць’ (Ласт., Кольб., Сцяшк.; івац., ЛА, 2), судасі́ць ’спаткаць’ (Арх. Федар.), судасі́ці ’сустрэць’ (пруж., ЛА, 2), судосы́ты ’тс’ (драг., Сл. ПЗБ; кобр., Нар. лекс.), судосы́ты, судосэ́тэ ’тс’ (Сл. Брэс.), судаша́ць ’сустракаць’ (Ласт.), судоша́ты ’сустракаць’ (бяроз., Сл. ПЗБ), судоша́ці, судоша́ты ’тс’ (Сл. Брэс.). Бел.-укр. ізалекса: укр. дыял. судо́сити ’сустрэць’, судоща́ти ’сустракаць’; гл. Цыхун, Бел.-укр. ізал., 82. Прэфіксальны дэрыват (*су‑ < *sǫ‑) ад прасл. *dositi ’знайсці’, які ў ст.-слав. досити ’тс’, ст.-рус. досити ’знаходзіць’ (гл. ЭССЯ, 5, 82), звязанага чаргаваннем галосных з прасл. *desiti: ст.-слав. десити ’знайсці, сустрэць’, балг. дыял. де́сим ’стаяць прама доўгі час’, серб.-харв. дѐсити ’сустрэць’ (гл. ЭССЯ, 4, 217–218); Махэк₂ (115) адносіць сюды ж і чэш. poděsiti ’знайсці, застаць’. Роднаснымі лічацца грэч. δέκομαι ’прыймаю’, лац. decet ’падыходзіць’, авест. dāšta ’той, які атрыманы’; гл. Бернекер, 1, 188; Скок, 1, 395; ЕСУМ, 5, 468; аднак Фасмер (1, 505–506) заўважае, што розніца ў значэннях пазаславянскіх адпаведнікаў выклікае цяжкасці. Сюды ж судошʼа́ймацця ’сустракацца’ (Клім.), з судашаць і мець.

Судо́сіць2 ’гудзіць; пляткарыць’ (Некр. і Байк.), прыводзіцца як адпаведнік рус. судачить (там жа). Няясна; магчыма, да судзіць (гл.) з экспрэсіўна?! суфіксацыяй.