Сту́дзька ‘чалавек, які баіцца холаду, мярзляк’ (Нас.), ‘зяблік, берасцянка’ (Байк. і Некр.). Вытворнае ад студзіць з суф. ‑к(а). У апошнім значэнні, відаць, штучнае ўтварэнне, калька рус. зяблик.
Сту́дня ‘калодзеж’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Шат., Байк. і Некр., Бяльк., Гарэц., Сцяшк., Федар. 4, Сл. ПЗБ), сту́ння ‘тс’ (навагр., ДАБМ, камент., 807), сту́льня, сту́лня ‘тс’ (Сцяшк.; ваўк., ДАБМ, камент., 806). Заходне- і часткова ўсходнеславянскае: укр. дыял. сту́дня, польск. studnia ‘калодзеж’, ст.-польск. ‘крыніца’, в.-луж. studnja, н.-луж. studńa, чэш. studna, славац. studňa. Прасл. дыял. *studьńa, дэрыват ад прасл. *studъ, параўн. чэш. stud, рус. дыял. студ, ц.-слав. стоудъ ‘холад; сцюжа’, ст.-слав. стоудень ‘халодны’, гл. Борысь, 585; Махэк₂, 589–590. Шустар-Шэўц (1369) лічыць вытворным ад дзеяслова *studiti ‘студзіць’. У беларускай і ўкраінскай, хутчэй за ўсё, запазычанне з польскай, паводле суфіксацыі, лінгвагеаграфіі (абмежаваны паўночна-заходні арэал, гл. ДАБМ, к. 241) і з-за адсутнасці ў беларускага слова значэння ‘крыніца’, параўн. студзень 3.
Студэ́нт ‘навучэнец вышэйшай навучальнай установы’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.; ашм., Стан.), ‘вучань, навучэнец’ (Нас.). Ужо ст.-бел. студэнтъ (1597 г.) з ст.-польск. student (Булыка, Лекс. запазыч., 159), якое з лац. studēns, ‑ntis ‘той, які стараецца’; гл. Фасмер, 3, 787.
Сту́жа ‘холад, халадэча; сцюжа’ (Нас., Бяльк., ТС; маз., Яшк. Мясц.). Гл. сцюжа.
Стужа́ць 1 ‘зрабіцца цвёрдым, тугім’ (ТС, Сцяцко Сл., Скарбы), сту́гнуты ‘зацвердзяваць, чарсцвець’ (Вярэн.), стужі́ты ‘трошкі зацвярдзець, падшэрхнуць’ (Сл. Брэс.). Да тугі (гл.).
Стужа́ць 2 ‘турбаваць частымі напамінкамі або просьбамі’ (Нас.), ст.-бел. стужати ‘прыгнятаць, уціскаць’ (Альтбаўэр). Параўн. укр. стужа́ти ‘турбаваць, мучыць’. Да туга (гл.).
Сту́жка ‘палоска матэрыі’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, Бяльк., Сцяшк., Мядзв.), ‘абрэзак тканіны’ (Ян.), сту́жкі ‘завязкі фартуха’ (Жд. 1), ‘вузкая палоска лазы, лыка’ (навагр., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. дыял. сту́жка ‘істужка, тасёмка’, стараж.-рус. сътуга ‘звязка, скрэпа’, польск. wstęga, wstąžka, чэш. stužka, славац. stuha, stužka, славен. stogla ‘шнурок для чаравікаў’. Прасл. *vъs‑tǫga ‘падвязка для абуўкі’, да *tegnǫti ‘цягнуць’ (Брукнер, 635). Карскі (Белорусы, 146) меркаваў, што слова занеслі ў Беларусь славакі (т. зв. каробачнікі), якіх называлі венграмі, што цяжка давесці.
Сту́жні, сту́дні, сту́зні, адз. л. сту́зэнь ‘перамычка, што ідзе ад загнутага канца полаза саней да першага капыла’ (Маслен.), усту́жына ‘вязок у санях на першых капылах’ (віц., Нар. лекс.). Параўн. рус. дыял. сту́женm ‘вяз, што злучае галоўку полаза з першым капылом’, сани са стуженем ‘від усходнееўрапейскіх саней’. Вытворныя ад *sъtǫga, параўн. рус. сту́га ‘палоска, сувязь, мацаванне’ (да тугі, цяга, цягнуць, параўн. Фасмер, 3, 786; гл. стужка) і іншыя назвы дэталей саней: сця́гі, усця́глі ‘планкі, што ідуць ад галовак да першых капылоў’ (Маслен.), першапачаткова ‘тое, што сцягвае, звязвае галоўку полаза з капылом’, параўн. вязы ‘тс’, параўн. таксама стуз ‘звязка’ (гл.). Гл. Цыхун, SOr, 39, 280.
Сту́жны ‘халодны, дажджлівы’ (ТС). Да стужа.
Стуз ‘звязка’: стуз кніжак (слонім., ЖНС), ‘бярвенні, сашчэпленыя, звязаныя чым-небудзь’ (Нар. Гом.). Гл. стус, а таксама наступнае слова.
Сту́зак, стуза́н ‘грымак’ (ТС). Аналагічна да стусак, стусан з набліжэннем да тузаць, параўн. туза́н, туса́н. Гл. таксама наступнае слова.