Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сла́лам ‘скарасны спуск на лыжах з гары па спецыяльнай трасе’ (ТСБМ). Новае запазычанне з рус. сла́лом ‘тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 80), якое з нарв. slalom ‘лыжня з невялікім ухілам’ (Трубачоў-Фасмер, 3, 666; ЕСУМ, 5, 295).

Сла́нец1 ‘лён, які сцелюць у процілегласць мочанаму’ (ТСБМ, Жд. 2; дзісн., Яшк. Мясц.), слане́ц ‘тс’ (Нас., Касп., Байк. і Некр.), сланцы́ ‘маніцы’ (мядз., Нар. сл.). Да слаць2. Аналагічна рус. стла́нец, сла́нец, сла́нцы ‘лён і маніцы, якія сцелюць пад дождж і расу’.

Сла́нец2 ‘горная парода, якая мае слаістую будову’ (ТСБМ). Запазычанне з рус. сла́нец ‘тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 73). Рус. слова з *стьланъ: стелю, стлать (Фасмер, 3, 666), таму што гэта парода ляжыць пластом (Праабражэнскі, 2, 387).

Слане́ц ‘слонка, вальдшнэп’ (Гарэц., Байк. і Некр.). Утварэнне ад запазычанага слонка (гл.), відавочна, ужо на беларускай глебе з суф. ‑ец.

Слане́чнік ‘расліна Heliantus L.’, ‘насенне гэтай расліны, якое ядуць як ласунак’, дыял. сланэ́чнік, сланэ́шнік, слано́шнік, сло́мачнік ‘тс’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Кіс., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС, Інстр. 1, Жыв. сл.), ‘дзевясіл, Inula helenium L.’ (Касп.). З польск. słonecznik, słoniecznik < słonce ‘сонца’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 59), таму што расліна паварочвае галоўкі за сонцам; калька лац. навуковай назвы, якая ад грэч. ἥλιος ‘сонца’; гл. Махэк, Jména, 243.

Слані́на ‘саланіна’ (Касп.), ‘свіное сала’ (Сцяшк., Скарбы, Сл. ПЗБ), ‘сала; тоўстае сала’ (Сл. Брэс.), ‘доўгі тоўсты кусок сала’ (Сл. ПЗБ). З польск. słonina ‘свіное сала’ (Арашонкава, Бел.-польск. ізал., 10), што да соль (гл.), г. зн. ‘салёнае верхняе свіное сала’, параўн. саланіна ‘тс’ (< прасл. *solnina), гл.

Слані́ць ‘хіліць; прыстаўляць’ (Нас., Ласт.), слані́цца ‘хіліцца, прыхіляцца, адхіляцца’ (Нас., Ласт.), часцей з прыстаўкай: заслані́ць, прыслані́ць, сланя́ць ‘хістаць, вадзіць у бакі’ (ТСБМ), сланя́цца ‘хадзіць туды-сюды (звычайна без мэты)’, ‘злёгку хістацца’ (ТСБМ, Сержп.), ‘хістацца’ (воран., Сл. ПЗБ, Варл.) — ітэратыў да зваротнай формы, як і рус. слоня́ться (КЭСРЯ, 415). Укр. слони́ти ‘сшываць дзве паловы штаноў у хаду’, слоня́тися ‘сланяцца; ісці няцвёрдай хадой, пакачвацца’, рус. дыял. слонить ‘прыстаўляць’, ‘сшываць кускі тканіны буйнымі шыўкамі’, заслони́ть, прислони́ть, польск. słonić, słaniać się, в.-луж. zasłonić, чэш. sloniti, cloniti ‘засланяць’, славац. sloniť, cloniť, серб.-харв. засло́нити, славен. slonéti ‘абапірацца, прыхіляцца’, балг. заслоня́. Прасл. *sloniti параўноўваюць з лат. slenêt ‘біць, калаціць’, slànît ‘накідваць; біць’, ст.-інд. śráyatē ‘прыхіляецца’, śráyati ‘прыстаўляе, накладвае’, далей з літ. šliẽti, šliejù ‘прыхіляць’, лац. clīno, ‑āre ‘нахіляць, гнуць’ і інш., якія да і.-е. кораня *k̂lei‑, *k̂loi‑, *k̂li‑ ‘хіліцца, прыхіляцца’. Гл. Брукнер, 500; Фасмер, 3, 675; Махэк₂, 556; Фрэнкель, 1004; Шустар-Шэўц, 1306, 1737; ЕСУМ, 5, 308. Варбат (Этимология–1972, 44) разглядае *sloniti як каузатыў да *slęnǫti ‘дасягнуць, прыстаць’.

Сланы́ ‘козлы (для пілавання бервяна на дошкі)’ (ашм., Яшк. Мясц.). Хутчэй за ўсё, да папярэдняга слова (гл.) або да слон ‘лава’ (гл.).

Сланя́цца. Гл. сланіць.

Слапо́к ‘пастка, мышалоўка’: мыш прынадзіць у слапок (Маладосць, 1973, 9, 73). Параўн. укр. слоп, сліп, слопе́ць ‘тс’, рус. слопе́ц ‘тс’, польск. słop, słap, słopiec, słopki, чэш., славац. slopec, в.-луж. slapać ‘лавіць, хапаць’, н.-луж. słapaś ‘тс’. Прасл. *slopъ ‘пастка’, анаматапеічнага паходжання, параўн. шлапаць (гл.), роднаснае англ. slap ‘лёгкі ўдар, пляскач’, н.-в.-ням. schlapp ‘хлоп’, тахар. B släpp‑ ‘упасці (на зямлю)’ (Шустар-Шэўц, 1302; Фасмер, 3, 675; Бязлай, 3, 255; ЕСУМ, 5, 303).

Сла́сты ‘прылада для адціскання сыру’ (Сцяшк. Сл.), ‘пастка’, ‘ціскі’, ‘прыстасаванне для сушкі травы’ (Сл. ПЗБ). З літ. slãstai ‘тс’ (Сл. ПЗБ, 4, 478).

Сласць ‘задавальненне’ (Нас.), сласно́та ‘сладастраснасць’ (Гарэц.), сла́сны ‘смашны’, сласные рэчы ‘ласункі’ (Нас., Арх. Федар., Растарг.), сюды ж сласцёны ‘аладкі, ляпёшкі’ (Нас., Шымк. Собр.). Таксама як і ўкр., рус. сласть запазычана з ц.-слав. сласть < ст.-слав. сласть ‘салодкая ежа, смак, асалода’ (гл. Фасмер, 3, 667). Прасл. *solstь ‘прыемны смак, слодыч’ < *sold‑tь ад *sold‑ъkъ (гл. салодкі) з адпаведнікам у літ. sãlsti (sãlsta, sãldo) ‘стаць салодкім’, гл. Слаўскі, SP, 2, 47. Параўн. ст.-бел. слодость ‘саладосць; прыемнасць’ (Альтбаўэр) — запазычанае з польск. słodość ‘тс’.