Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Скі́гаць, скігата́ць ‘плакаць, быць; вішчаць (аб дзіцяці або парасяці)’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Бяльк.), скігата́ць ‘тс’ (Гарэц., Сл. рэг. лекс.), скі́гліць ‘тс’ (пін., Нар. лекс.), скі́гліці ‘тс’ (Сл. Брэс.). Гукаперайманне. Параўн. скагатаць, скуголіць (гл.).

Скід ‘узараны загон з двайной баразной пасярэдзіне, склад’ (лёзн., Яшк.; полац., Нар. лекс.). Да скідваць, аналагічна склад3 (гл.) < складваць.

Скі́дак ‘неданошанае дзіця’ (Ласт., Байк. і Некр.), скі́дыш ‘тс’ (Касп.). Рус. ски́док, ски́дыш ‘тс’, укр. ски́дка ‘неданошанае ягня’. Да скідаць, скінуць ‘дачасна пазбаўляцца цяжарнасці’ (гл. кідаць у адпаведным значэнні) з суф. ‑ок, ‑ыш.

Скі́дзель ‘той, хто скідае, напрыклад, гной з возу’ (Нік. Очерки). Да скідаць, кідаць (гл.).

Скі́дзень ‘пярэварацень’ (Нас., Байк. і Некр.). Польск. дыял. skidzień ‘ваўкалака’. Ад скіда́цца ‘прымаць іншы выгляд’, ‘ператварацца, пераварочвацца ў ведзьму’ (Нас., Байк. і Некр., ТС), да кідаць (гл.). Параўн. скі́нуцца (гл.).

Скі́дзіны ‘амецце’ (пін., Шатал.), скы́дыны толькі мн. л. ‘адходы пры прасяванні зерня, якія застаюцца зверху’ (драг., Выг.). Да скідваць з суф. ‑ін‑, параўн. скі́дываць ‘часаць лён’. Гл. кідаць.

Скік ‘скок’ (Ян., ПСл; смарг., Сл. ПЗБ), сюды ж скіка́ць ‘скакаць’ (Ян., ПСл, Сцяшк. Сл.; паст., шальч., швянч., Сл. ПЗБ), скі́кнуць ‘скокнуць’ (ПСл, Сцяшк.), скіга́ць ‘скакаць’ (Сцяшк. Сл.), ске́чыць ‘скочыць, скокнуць’ (Сцяшк.), скіку́н ‘конік (насякомае)’ (ПСл), параўн. укр. дыял. скік, скі́кну́ти ‘тс’, польск. дыял. skik, skikać, skiknąć. Арэальная інавацыя, суадносная з скок, скакаць (гл.). Аўтары Варш. сл. мяркуюць пра кантамінацыю з kicać ‘скакаць (пра зайца)’. Сюды ж, магчыма, польск. дыял. skikść! ‘скок’, якое Лаўчутэ (Балтизмы, 132) адносіць да балтызмаў паводле спалучэння ‑kść < літ. ‑kšt і арэала распаўсюджання выклічніка. Няясна.

Скікануць. Гл. скакаць.

Скікаць. Гл. скакаць.

Скілу́ндзі ‘скручаны здор у форме рулета’ (ігн., Сл. ПЗБ). Параўноўваецца з літ. дыял. skelúndzis, літар. skilándis ‘страўнік, напханы мясам’ (там жа), запазычана ў старабеларускую мову з літоўскай (1506 г., Булыка, Лекс. запазыч., 119); меркаванні пра польскае пасрэдніцтва (Анікін, Опыт, 280) цяжка давесці. Гл. таксама шкілундзя.