Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Прэць ’гнісці, псавацца ад сырасці і цеплыні’; ’пацець, пакрывацца потам’, ’гатавацца’ (Ласт., Байк. і Некр., ТСБМ; брасл., шальч., даўг., гродз., астрав., Сл. ПЗБ; ТС), ’адмакаць’ (мядз., Сл. ПЗБ). Рус. преть ’пацець, прэць’, укр. прі́ти ’тлець, гніць, пацець, прэць’, польск. przeć ’пацець, буцьвець, прэць’, н.-луж. prěś ’засыхаць, вянуць’, параўн. таксама серб. *прети ’псавацца пад уплывам вільгаці і цеплыні’, рэканструяванае на падставе дзеепрыметнікаў испрѐл ’засушаны, завялы (пра садавіну, гародніну)’, пре̏лав ’падгарэлы’ (Огледна св., 65). Прасл. *preti, звязанае з *para, гл. пар (Фасмер, 3, 362; Шустар-Шэўц, 2, 1156; ЕСУМ, 4, 588; Бязлай, 3, 25). Роднасныя грэч. πρήυω, πίμπρημι ’палю, спальваю’. Персан (875; гл. Коген, Запіскі, 9, 84–85), Брукнер (442), Банькоўскі (2, 825) не аддзяляюць ад *perti (гл. пе́рці ’пхаць, папіхаць, моцна націскаць’), разглядаючы *pьrěti ’прэць’ як інхаатыўны дзеяслоў ад яго.

Прэч ’далоў’ (Нас., Мік., Бяльк., ТСБМ; паст., стаўб., Сл. ПЗБ), ’усюды; спрэс’: на полі прэч повно осёту (беласт., Сл. ПЗБ). Адносна позняе запазычанне з польск. precz ’прэч, далоў’, пра паходжанне якога гл. Банькоўскі, 2, 770.

Прэ́чыць ’пярэчыць, не згаджацца’ (Нас.), прачка ’пярэчанне, спрэчка’; ’сварка’ (Нас.; Бяльк.). Паланізм, параўн. przeczyć, przeczka ’тс’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 63).

Прэ́шлы, прэйшлы ’былы, ранейшы; мінулы’ (Нас.; шчуч., З нар. сл.). З польск. przeszły ’тс’.

Прэшчы ’прыгаршчы’ (шчуч., лід., Сл. ПЗБ). Сцягнутая форма ад прыгаршчы (гл.).

Псава́ць ’рабіць непрыгодным, непрыдатным; глуміць’, псава́ць кроў ’злаваць, раздражняць’ (ТСБМ, Мал., Нік. Очерки, Бес., Булг., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Касп., Шат., Сл. ПЗБ), псова́ць, псува́ць ’псаваць’ (Мядзв., Нас., Байк. і Некр., Бяльк., ТС), псуць ’псаваць’ (Нас., ТСБМ). Укр. псува́ти ’тс’, рус. дыял. псова́ть, псувать, псить ’тс’, польск. psować (XVI–XVII стст.), psuć ’тс’, ст.-чэш. psouti ’лаяць, сварыцца’, славен. psováti ’тс’, серб.-харв. псо̀вати ’тс’, балг. псу́вам ’гаварыць непрыстойныя і крыўдныя словы’, макед. пцуе ’лаяць, ганьбіць, сварыцца’. Прасл. *pьsovati, адназоўнікавае ўтварэнне ад *pьsъ (гл. пёс), параўн. БЕР, 5, 842. Аднак праславянскасць сумнеўная, звычайна разглядаюцца як самастойна ўзнікшыя словы ў асобных славянскіх мовах па тыпалагічнай мадэлі ’сабака’ → ’лаяць, абражаць; глуміць, псаваць’, параўн. літ. šunióti ’лаяць, абражаць’ ад šũo ’сабака’, ням. hunzen ’ганьбіць, параўноўваючы з сабакам; глуміць, псаваць’ пры Hund ’сабака’ (Сной₂, 591; ЕСУМ, 4, 359, 623). Банькоўскі (2, 958) псаваць, укр. псувати і славац. дыял. psuť выводзіць з польскай мовы, што можна прыняць, відаць, толькі для значэння ’глуміць, псаваць’. Гл. таксама Запрудскі, дыс., 82.

Пса́йка (psai̯ka) ’страказа’, бча́йка ’тс’. Дзендзялеўскі (Зб. Нахцігалу, 102) выводзіць з *pьs‑aj‑bk‑a, спасылаючыся на іншыя назвы насякомых з коранем *pьs‑ (гл. пёс): укр. песюха, песяча муха, песя муха ’Hippobosca equina L.’, славац. psota, psotka ’невялікі вячэрні ці начны матылёк’. Няпэўна, параўн. пчайка (гл.). Магчыма, памылкова прачытанае pšaika (пшайка).

Псець ’старэць (аб сабаку, а пагардліва і аб чалавеку)’ (Нас., Шат.). Паланізм. Параўн. польск. psieć ’рабіцца штораз горшым, як сабака’, ад pies (Банькоўскі, 2, 957), гл. сапсе́ць.

Псе-псе-псе, псе́йко‑псе́йко ’падзыўныя словы для каровы’ (Янк. 2; ст.-дар., Жыв. НС), ласк. псе́йка ’кароўка’ (парыц., Некр.; Янк. 2; петрык., Жыв. сл.), псё‑псё ’падзыўныя словы для каня’ (Нас.), псёйка, псе‑псе! ’падзыўныя словы для каровы’ (парыц., Некр.; ганц., ДАБМ; ТС), псе́йкаць ’падзываць карову’ (Янк. 2), сюды ж псюх‑псюх‑псюх ’падзыўныя словы для кароў’ (паст., ДАБМ). Гукапераймальныя словы няяснага паходжання. Звяртае на сябе ўвагу падабенства да “яцвяжскага” pesi ’быдла’, якое Зінкявічус (Балто-слав. этнояз. отнош., 20) параўноўвае з літ. pẽkus, ст.-прус. pecku ’жывёла’ ст.-інд. páśu і пад.

Псёлька, псёлечка ’ласкавы зварот да каня’ (Нас.), псёлька ’маленькае жарабя’ (Шат.), псёль‑псёль! ’падзыўныя для жарабяці’ (Шат.). Рус. смал. псёлька ласк. ’падзыўное слова для каня’, псёля ’тс’, псель, псёль ’падзыўныя словы для коней’. Гл. псе-псе-псе.